Памятка бацькам

 

Днямі мне выпадкова трапіў на вочы цікавы французскі дакумент 50-х гадоў мінулага стагоддзя. Гэта памятка бацькам першакласнікаў, якая распаўсюджвалася міністэрстам адукацыі Францыі па школах краіны.

  • Гэта дома дзіця павінна вывучыць чароўныя словы:

добры дзень,

добры вечар,

калі ласка,

а ці можна?

прабачце,

вялікі дзякуй…

  • Гэта таксама дома дзіця павінна навучыцца:

быць сумленным,

не хлусіць,

паводзіць сябе карэктна,

быць пунктуальным,

не казаць брудныя і грубыя словы,

быць чулым,

паважаць сяброў, людзей сталага веку, настаўнікаў.

  • Гэта ізноў жа дома дзіця павінна навучыцца:

быць чыстым,

не казаць з поўным ротам,

не кідаць смецце на падлогу

  • Гэта дома дзіця павінна навучыцца:

быць арганізаваным,

берагчы свае рэчы і не чапаць чужыя,

  • А тут, у школе мы яго навучым:

Матэматыцы, фізіцы, геаграфіі, гісторыі, мовам, фізкультуры, і толькі замацуем тое выхаванне, якое дзіця атрымала дома.

 

  Што тут можна дадаць? Падпішуся пад кожным словам і не буду губляць час на параўнальны аналіз гэтай памяткі з тымі, якія пад рукой у кожнага нашага настаўніка.

  Але ва ўмовах Беларусі я б дадаў сюды яшчэ адзін пункт, які не ёсць актуальным для Францыі – а дзе павінна выхоўвацца любоў і адданасць да Радзімы? Дзе і як маленькі беларус павінен усведаміць, што ён беларус? У рускамоўнай сям’і, ці ў рускамоўнай школе? Пытанне, загнанае ў тупік за апошнія 20 гадоў ад гэтага не знікла і некалі выбухне. Калі беларуская  дзяржава нарэшце ўсведаміць, што толькі беларуская нацыя, а не рускамоўнае насельніцтва, у якое яна паспела ператварыць беларускі народ, можа быць апорай сапраўднай незалежнасці і суверэнітэту, то міністэрству адукацыі і беларускай школе тут будзе адведзена не апошняя роля. Бо сам факт навучання на беларускай мове зробіць з дзіцяці “свядомага” беларуса, то бок чалавека, які ўсведамляе сябе беларусам, і якому краіна гэтая дарагая.

 

Аляксандр Сядзяка

настаўнік фізікі