Магчымасці, якія і не сніліся
— Аўтарства школьнай тэхналогіі перакуленага навучання прыпісваецца розным людзям. Напрыклад, ёсць інфармацыя, што ў 2008 годзе амерыканскія настаўнікі хіміі Аарон Самс і Джонатан Бергман, каб не стаяць штодня каля дошкі, тлумачачы новы матэрыял, сталі выкладваць відэаролікі сваіх навучальных заняткаў у інтэрнэт. Гэты фармат спадабаўся школьнікам, і настаўнікі ўсяго свету, натхніўшыся прыкладам калег, таксама сталі запісваць на відэа свае заняткі. Але бясспрэчным лідарам у прасоўванні перакуленага навучання з'яўляецца Салман Хан. А ўсё пачалося з аднаго роліка, з дапамогай якога ён спрабаваў дапамагчы сваёй пляменніцы разабрацца з алгебрай. Затым ён дапамагаў такім жа чынам сваім кузенам. Вопыт аказаўся паспяховым, і ён запісаў і выклаў у інтэрнэт некалькі тысяч відэаролікаў па розных прадметах. Бясплатнасць і даступнасць яго відэаўрокаў прынеслі яму сусветную вядомасць. Салман Хан кінуў паспяховую кар'еру бізнес-аналітыка дзеля развіцця сваёй інтэрнэт-акадэміі, якую ўсе ведаюць сёння як Акадэмію Хана.
Але практыка апераджальнага навучання, якое мае шмат агульнага з перакуленым, была і раней, што вельмі добра вядома філолагам. Навучэнцы атрымлівалі напрыканцы ўрока заданне прачытаць тэкст і адказаць на прапанаваныя пытанні, а на наступных занятках у класе арганізоўвалася часцей за ўсё франтальная работа, звязаная з прачытаным дома тэкстам.
Адзін з нашых настаўнікаў паказаў мне знойдзены ім у савецкім часопісе «Камуніст» артыкул акадэміка Акадэміі навук СССР і Акадэміі педагагічных навук СССР Міліцы Нечкінай. Заўважу, што размова ідзе пра часопіс, выдадзены ў 1986 годзе. Акадэмік піша: «Веды, якія актыўна набываюцца, больш трывалыя і глыбокія, чым веды, якія пасіўна ўкладваюцца ў галаву школьніка. Добра вядома, што ў большасці выпадкаў выкладанне выглядае так: першая частка ўрока, найбольш каштоўная (вучні яшчэ не стаміліся, чакаюць новага), аддаецца «кантрольным мерапрыемствам» — на апытанне вучня... А «горшая» — другая частка, калі клас ужо стаміўся ад нецікавай для большасці першай часткі ўрока, прысвячаецца настаўніцкаму выкладанню новага матэрыялу, які ўспрымецца стомленым вучнем горш, чым першая частка. Гэта страта часу дорага каштуе і школе, і вучню, і настаўніку. Здзейсніўшы перабудову ўрока, замяніўшы пасіўнае ўспрыманне актыўным, мы можам амаль удвая выграць час для развіцця актыўнага ўспрымання». І далей яна дзеліцца сваімі меркаваннямі, як павінен выглядаць такі ўрок, фактычна апісваючы тое, што мы сёння называем перакуленым урокам. Прычым гэта было яшчэ ў эпоху да масавага распаўсюджвання інтэрнэту, камп'ютараў, гаджэтаў, бясплатных адукацыйных інтэрнэт-платформаў і гэтак далей. Цяпер для навучання з'явіліся новыя магчымасці, якія раней і не сніліся, але мы па-ранейшаму працягваем трымацца за традыцыйнае навучанне.
Свет настолькі змяніўся, дзеці настолькі змяніліся, што старыя варыянты работы з імі не заўсёды спрацоўваюць. У 2014 годзе брытанскія эксперты ў сваім дакладзе назвалі дзесяць ужо існуючых новаўвядзенняў, якія ў найбліжэйшы час акажуць самы вялікі ўплыў на адукацыю ў свеце. І адно з іх — перакуленае навучанне, якое яшчэ называюць змешаным.
Не пасіўныя слухачы
— Мікалай Іванавіч, дык што мы ўсё ж такі перакульваем?
— Перакуленым навучаннем называюць метад, пры якім уся тэарэтычная і лекцыйная праграма вывучаецца дома, а ў класе з настаўнікам падрабязна разбіраюцца заданні і практыкаванні па тэме. Гэта значыць, што ўсё адбываецца наадварот: лекцыі — дома, а «дамашка» — у класе. На звычайным уроку ў вучняў амаль не застаецца часу на адпрацоўку практычных уменняў. Прыкладна 20 хвілін патрабуе праверка дамашняга задання, затым ідзе тлумачэнне новага матэрыялу, вось, уласна кажучы, і ўсё — урок скончыўся. Няма часу ў настаўніка і на індывідуальны падыход. Многім навучэнцам сумна на занятках з-за аднастайнага стылю навучання, што часта правакуе парушэнне дысцыпліны. Да мінусаў традыцыйнага ўрока я аднёс бы і рэпрадуктыўны характар дамашніх заданняў — вучні нярэдка проста завучваюць тэкст школьных параграфаў на памяць. Да таго ж і настаўнік не можа праверыць выкананне дамашняга задання ўсімі вучнямі.
Вялікі мінус і ў тым, што новая інфармацыя на ўроку перадаецца навучэнцам у гатовым выглядзе: не трэба прыкладаць намаганняў для яе здабывання, не трэба напружвацца, каб авалодаць нечым новым, што прыводзіць да выхавання спажывецкага стаўлення да жыцця.
А калі яны вырастаюць, то не могуць разабрацца з інструкцыяй да кухоннага камбайна, ім незразумела, як гэта тэхніка працуе. Увогуле ў дарослым жыцці даводзіцца пастаянна мець справу з самымі рознымі тэкстамі — ад картаў і графікаў да кантрактаў і дагавораў, але чытацкая пісьменнасць часта "кульгае".
Настаўнік звычайна нацэлены на ўроку на тое, што правяраецца, — гэта веды, уменні і навыкі. І па-за ўвагай застаецца фарміраванне такіх запатрабаваных у ХХІ стагоддзі кампетэнцый, як мабільнасць, гнуткасць і здольнасць да адаптацыі, ініцыятыўнасць і самастойнасць, уцягнутасць у справу, лідарства, уменне адстойваць свой пункт погляду, канструктыўнасць, уменне працаваць у камандзе, патрэба ў самаадукацыі праз усё жыццё. Але ці заўсёды мы, настаўнікі, выбудоўваючы ўрок па звыклых канонах, улічваем, што ў вучняў павінны быць сфарміраваныя пералічаныя вышэй кампетэнцыі?
Пры перакуленым навучанні змяняецца як дзейнасць педагога, так і дзейнасць навучэнцаў. Пазіцыя «галава, якая гаворыць», — на пазіцыю арганізатара дзейнасці і пазнавальнай камунікацыі навучэнцаў. Прадметныя вынікі — не адзіная мэта: важна сфарміраваць у дзяцей жаданне, патрэбу, звычку і ўменне вучыцца, а таксама сацыяльныя кампетэнцыі. Вучням дэлегуецца адказнасць за адукацыйныя вынікі, ствараюцца ўмовы для іх самарэалізацыі. Урок ператвараецца з месца, дзе даюць веды, у месца, дзе веды прымяняюцца для іх замацавання і паглыблення, дзе ў навучэнцаў выпрацоўваюцца актуальныя сацыяльныя і пазнавальныя кампетэнцыі. І сутнасць дамашняй работы вучняў не зводзіцца да паўтору і прымянення раней вывучанага, а забяспечвае падрыхтоўку да наступнай пазнавальнай дзейнасці і атрымання практычнага вопыту. Перакуленае навучанне будуецца на некалькіх ідэях: гэта гульня на «тэрыторыі навучэнцаў», выкарыстанне размешчанага ў інтэрнэце вялізнага аб'ёму інфармацыі, актыўнасць у навучанні, уцягнутасць у сумесную работу ў групе.
Пры традыцыйным навучанні настаўнік перадае гатовыя веды, а вучні выступаюць збольшага пасіўнымі слухачамі і гледачамі, пры перакуленым — лідарская пазіцыя на ўроку належыць не педагогу, а дзецям. У навучэнцаў ёсць шырокія магчымасці для пошуку ісціны, выказвання сваіх меркаванняў і ідэй.
Эфект «салёнага агурка»
— А як гэта выглядае на практыцы?
— Напрыклад, перад урокам навучэнцы глядзяць ролік працягласцю ад 5 да 15 хвілін, у якім выкладаецца змест будучага ўрока (відэа можна замяніць параграфам з падручніка ці іншым рэсурсам). Дома, сеўшы ў зручнае крэсла, вучань уключае відэа на планшэце на YоuTubе, якое настаўнік запісаў для сваіх вучняў або даў спасылку на адпаведны рэсурс. Атрымлівае веды з дапамогай любімых тэхнічных сродкаў. Але гэта можа быць не толькі відэазапіс тлумачэння настаўніка, а відэарэпартажы «з месца падзей», урыўкі з тэлеперадач, інтэрв'ю, слайд-шоу, інтэрактыўны матэрыял — выбар у настаўніка шырокі. Далей ён выконвае заданне: скласці план, параўнальную табліцу, логіка-сэнсавую мадэль, схему, коміксы, інфаграфіку, можа сфармуляваць пытанні, якія ўзніклі ў працэсе самастойнага вывучэння матэрыялу.
Дарэчы, заўважана, што чым больш дзеці вучацца ў школе, тым радзей яны задаюць пытанні, бо настаўнік ставіць адзнакі не за пытанні, а за адказы. А людзі, якія не ўмеюць фармуляваць пытанні, поспеху ў жыцці не даб'юцца, нельга, напрыклад, стаць прадпрымальнікам, калі ты не можаш паставіць правільнае пытанне.
Калі нешта незразумела, вучань можа яшчэ раз праглядзець відэаматэрыял, звярнуцца праз сацыяльную сетку да настаўніка або да сваіх аднакласнікаў. Разам з дамашнім заданнем дзіця атрымлівае і крытэрыі ацэнкі, якія могуць стаць арыенцірам і для бацькоў. Крытэрыі могуць быць у настаўніцкім блогу, электронным журнале, на асобных лістах паперы або ў смартфонах вучняў (яны могуць іх проста сфатаграфаваць). А на самім уроку навучэнцы набываюць ужо вопыт практычнага прымянення атрыманых ведаў.
Напрыклад, падчас групавой работы яны абменьваюцца распрацаванымі дома схемамі, картамі, табліцамі, абмяркоўваюць іх і ацэньваюць па прапанаваных настаўнікам крытэрыях, выбіраюць тыя з іх, якія варта паказаць усяму класу, абмяркоўваюць пытанні па новым матэрыяле, на якія яны дома не знайшлі адказы. У працэсе абмеркавання адбываецца ўзаеманавучанне, і ў тэму пагружаюцца нават тыя вучні, якія не выканалі дамашняе заданне (назіраецца эфект «салёнага агурка»).
Самая вялікая частка ўрока — практычная: навучэнцы выконваюць і рэпрадуктыўныя, і кампетэнтасна-арыентаваныя заданні. Пераважна працуюць у групах. Каштоўнасць перакуленага ўрока заключаецца менавіта ў магчымасці выкарыстоўваць вучэбны час для групавых заняткаў, калі ідзе сумесны працэс абмеркавання зместу тэарэтычнага матэрыялу, яго прымянення на практыцы, прымянення ў новай сітуацыі і супрацоўніцтва, стварэнне новага вучэбнага прадукту. Настаўнік выконвае фактычна функцыі каардынатара і кансультанта, забяспечвае прадукцыйную групавую работу і аказвае дапамогу праблемным навучэнцам.
Бацькоў — у саюзнікі!
— Калі я правільна разумею, то педагог перастае быць цэнтральнай фігурай у навучальным працэсе. Ці гатовы яны змірыцца са стратай свайго статусу? І як да інавацыі ставяцца бацькі?
— Для таго каб прасякнуцца ідэяй перакуленага навучання, трэба як мінімум адчуваць сябе па-за зонай камфорту, разумець, што так, як ты вучыў раней, з сучаснымі дзецьмі ўжо не працуе. Трэба разумець сутнасць гэтай тэхналогіі, знаёміцца з паспяховымі прыкладамі і добра арыентавацца ў розных рэсурсах. А такіх рэсурсаў безліч: акрамя згаданых ролікаў Акадэміі Хана гэта электронныя бібліятэкі і энцыклапедыі, навукова-папулярныя артыкулы, сайты з інтэрактыўнай візуалізацыяй па ўсіх прадметах, ілюстрацыйныя відэа. Зусім неабавязкова самому запісваць свае відэаролікі.
Да таго ж усе ўрокі не могуць быць перакуленымі. З некаторым вучэбным матэрыялам проста немагчыма разабрацца без дапамогі настаўніка. Такіх урокаў можа быць тры, пяць ці пятнаццаць за год. Добра, канешне, калі перакуленыя ўрокі праводзяць настаўнікі на розных прадметах.
Бацькі могуць не прыняць інавацыю, таму што іх у школе вучылі па-іншаму. Таму асабліва важная тлумачальная работа з бацькамі і ўстанаўленне з імі партнёрскіх адносін. Важна даць зразумець, што вучэбная перагрузка адбываецца часцей за ўсё не з прычыны аб'ёму заданняў, а з прычыны іх непрыцягальнасці. А перакуленае навучанне робіць вучобу захапляльнай. Калі цікава, то гэта не стамляе... Педагогі з нашых інавацыйных пляцовак канстатуюць, што колькасць матываваных дзяцей павялічваецца, таму што ім вучыцца цікава.
Толькі ўявіце сабе: за 11 гадоў вучобы адбываецца некалькі тысяч урокаў. І калі ўсе яны праходзяць па адной схеме (апытванне, тлумачэнне новага матэрыялу, замацаванне і дамашняе заданне), такая аднастайнасць правакуе фарміраванне ў школьніка шаблоннага мыслення, цягне парушэнне дысцыпліны...
Вельмі важна, што Міністэрства адукацыі падтрымлівае інавацыйныя праекты, бо ў нас ёсць магчымасць апрабіраваць тое, чаго няма ў масавай практыцы. А калі ўсе будуць працаваць аднолькава, то адбудзецца «кансерваванне» сістэмы, і гэта будзе правакаваць наша адставанне ад паспяховых адукацыйных сістэм свету.
Спадзяюся, я пераканаў вас у тым, што існуе нямала прычын для перакульвання навучання. Можна сказаць, што перакуленае і ёсць нармальнае навучанне, а традыцыйнае — перакуленае, паколькі пры ім навучэнцы пазбаўлены магчымасці вучыцца самастойна. Напэўна, будучыня ўсё ж такі за перакуленым навучаннем...
Надзея НІКАЛАЕВА, газета ЗВЯЗДА
Фота Ганны ЗАНКАВІЧ