Дапамагчы, а не нашкодзіць
— Мабыць, кожны педагог хацеў бы прымяняць у школе тыя метады і тэхналогіі, якія прыносілі б максімальны вынік пры разумных намаганнях. Але што ў найбольшай ступені ўплывае на поспехі вучняў? — разважае Кацярына КУКСО, кіраўнік праекта «Акадэмія Дырэкторыі», аўтар кнігі «Місія выканальная: як павысіць якасць адукацыі ў школе». — Чым кіруюцца настаўнікі і адміністрацыя навучальных устаноў? Толькі сваёй інтуіцыяй?
Кацярына КУКСО: «У вучняў трэба верыць...»
Прыкладна ў 60—70-х гадах ХХ стагоддзя даследчыкі назіралі за дзеяннямі вялікай колькасці тэрапеўтаў: глядзелі, якое лячэнне прызначаецца хворым і як урач прымае тое ці іншае рашэнне. Высветлілася, што велізарная колькасць дактароў ставяць дыягназ практычна адвольна, таму што ім «так здаецца». А часам іх прадпісанні ўвогуле супярэчылі таму, што патрабавалася ў канкрэтнай сітуацыі. Тады ўрачоў вырашылі ўзброіць дакладнымі інструкцыямі (пратаколамі лячэння), якія абапіраліся на вопыт праведзеных у медыцыне даследаванняў. Самы просты прыклад: калі ўрач прызначае аспірын, ён павінен папярэдне пацікавіцца, ці ёсць у пацыента праблемы са страўнікам, інакш можна нашкодзіць яму, а не дапамагчы. Канешне, далёка не ўсе медыкі ўзрадаваліся таму, што іх інтуіцыя была прызнаная ненадзейным інструментам, аднак смяротнасць пацыентаў пасля ўвядзення пратаколаў лячэння істотна знізілася...
У адукацыі справы з кіраваннем на аснове даных ідуць пакуль горш, чым у медыцыне, бо гаворка пра смяротнасць не ідзе і адсачыць вынікі памылковых дзеянняў педагогаў значна складаней... Многія настаўнікі па-ранейшаму знаходзяцца ў палоне ў пэўных стэрэатыпаў, вучаць так, як іх саміх калісьці вучылі. Часта педагогу даволі складана выйсці за межы тыповых мадэляў паводзін, ён не заўсёды ведае, якія прыёмы і метады маглі б зрабіць яго ўрокі больш эфектыўным. Між іншым, часта зусім не трэба вынаходзіць веласіпед, дастаткова толькі звярнуцца да вынікаў педагагічных даследаванняў, якія даюць адказы на шматлікія пытанні...
Напрыклад, у шэрагу краін былі праведзены даследаванні, якія даказваюць, што вялікі ўплыў на вынікі школьнага навучання аказвае сацыяльна-эканамічнае становішча сям'і. Больш верагодна, што, калі бацькі цэняць веды, дзіця таксама будзе імкнуцца да атрымання прэстыжнай адукацыі. І выбар школы таксама ўплывае на вынікі вучобы. А няроўнасць, у якую дзеці трапляюць з-за размяшчэння свайго дома, свайго квартала, свайго асяроддзя, суправаджае іх і ў дарослым жыцці, ужо пасля заканчэння школы.
Інтэлектуальныя здольнасці настаўніка, хутчэй за ўсё, маюць большае значэнне, чым яго адукацыя. Зразумела, прадметныя веды настаўніку неабходныя, але яны павышаюць паспяховасць школьнікаў толькі ў комплексе з шэрагам іншых характарыстык педагога, а не самі па сабе. Адной з іх можна лічыць імкненне настаўніка аказаць падтрымку вучню, павага да яго асобы. Аказалася, што такі падыход асабліва моцна ўплывае на развіццё крытычнага і творчага мыслення вучняў, а таксама на іх эмацыянальнае развіццё.
Яшчэ адной характарыстыкай настаўніка, якая істотна ўплывае на поспехі вучняў, з'яўляюцца яго чаканні ў адносінах да іх. Было праведзена даволі шмат даследаванняў на гэту тэму. Практычна ўсе яны паказваюць на высокі памер эфекту гэтага фактару. Асабліва ярка выяўляецца негатыўны ўплыў чаканняў педагога ў тых школах, дзе практыкуецца дыферэнцыяцыя дзяцей па іх здольнасцях.
Ад вучняў, ацэненых як няздольныя, настаўнікі не чакаюць паспяховай вучобы. І наадварот, пазітыўны эфект назіраецца тады, калі настаўнік верыць у магчымасць развіцця вучня і дасягнення ім больш высокіх вынікаў.
Не маскіраваць праблемы
Адной з самых аўтарытэтных крыніц з'яўляецца фундаментальная кніга новазеландскага прафесара Джона Хэці «Бачнае навучанне». Гэта самае маштабнае ў свеце даследаванне ў галіне доказнай педагогікі, якое змяшчае адказы на крытычна важныя пытанні сучаснай адукацыі. Як палепшыць вынікі школьнага навучання? Што і ў якой ступені ўплывае на навучальныя поспехі вучняў? Як зрабіць навучальны працэс найбольш дзейсным і прывесці вучняў да высокіх вынікаў? Які ўплыў на вынікі навучання аказваюць асоба вучня, яго сям'я, настаўнік, вучэбная праграма і метады выкладання?
Джон Хэці адзначае: «...праблемы, якія выклікаюць самыя гарачыя спрэчкі ў грамадстве, маюць найменшы памер эфекту. Цікава, чаму такія пытанні, як колькасць і склад школьнікаў у класе, неабходнасць пакідаць вучняў-няўдачнікаў на паўторнае навучанне, магчымасць выбару школы, заняткі ў летніх школах і ўвядзенне школьнай формы, спараджаюць такія гарачыя дэбаты. Падобныя касметычныя пераўтварэнні праводзяцца занадта часта і толькі маскіруюць праблемы».
Прааналізаваўшы за 15 гадоў вынікі больш як 50 000 даследаванняў ва ўсім свеце з сумарным ахопам больш за 86 мільёнаў школьнікаў, Джон Хэці распрацаваў своеасаблівы «барометр», які паказвае ўплыў канкрэтных фактараў на навучанне. Чым вышэйшае значэнне паказчыка, тым большы ўплыў на якасць навучання аказвае гэтая прычына. Напрыклад, найбольш высока ім ацэньваецца існаванне зваротнай сувязі паміж настаўнікам і вучнем (толькі разгорнутая зваротная сувязь істотна карэлюе з высокімі дасягненнямі), ну і, канешне, настаўніцкія чаканні. Педагог павінен верыць, што ўсе дзеці могуць вучыцца і развівацца, што навучальныя вынікі любога з іх могуць змяніцца да лепшага, паколькі не з'яўляюцца раз і назаўсёды зададзенай велічынёй.
Разам з тым ні фінансаванне школ, ні напаўняльнасць класаў, ні іх дзяленне на падгрупы, ні фарміраванне груп па здольнасцях не аказваюць істотнага ўплыву на акадэмічныя вынікі.
«Бачнае навучанне» — выдатны арыенцір для настаўнікаў і бацькоў, які дазваляе параўноўваць шматлікія інавацыі, якія сёння ўкараняюцца ў сучасных школах. Кацярына Куксо ўпэўненая, што педагогіка на аснове даных патрэбная як для кіравання школай, так і для кіравання ўрокам. Рашэнні трэба прымаць, абапіраючыся на правераныя вынікі даследаванняў...
Папрацуем над матывацыяй
Між іншым, Джон Хэці таксама пацвердзіў моцнае ўздзеянне на паспяховасць школьніка сацыяльна-эканамічнага статусу сям'і, дамашняга асяроддзя і ўцягнутасці бацькоў у вучобу дзяцей. На думку даследчыка, уплыў сям'і мог быць нашмат большы, калі б бацькі ўмелі размаўляць з дзецьмі «на мове педагогікі». Вопыт самога Хэці паказвае, што засваенне мовы педагогікі і ўключэнне бацькоў у школьнае жыццё прыносяць плён.
Да гэтай жа думкі прыйшоў і настаўнік беларускай мовы і літаратуры Ліцэя БДУ Зміцер МАКАРЧУК. Але як знайсці з бацькамі агульную мову? Асабліва калі ты малады педагог і, не маючы ўласных дзяцей, яшчэ не можаш быць аўтарытэтам у пытаннях выхавання?
Зміцер МАКАРЧУК: «Дзякуючы кінаклубу мы навучыліся давяраць адно аднаму і ўсё абмяркоўваць».
— Уявіце сабе сітуацыю: мне 23—24 гады і я кажу людзям, старэйшым за мяне: «Зараз я навучу вас, як выхоўваць вашых дзяцей!» У адказ можна было пачуць усё што заўгодна. Але я цудоўна разумею, што паводзіны, манеры і ўстаноўкі бацькоў перадаюцца дзецям. І перш чым працаваць над матывацыяй дзяцей, трэба працаваць над матывацыяй іх бацькоў. Таму я вырашыў наладжваць масты праз «Бацькоўскі кінаклуб». Патрабавалася пэўная доля нахабства і самаўпэўненасці (давайце назавём іх харызмай), каб увасобіць сваю задуму ў жыццё. Я пачынаў работу кінаклуба ў школе ў гарадскім пасёлку, а цяпер працягваю свой досвед у Ліцэі БДУ. Канешне, калі прызначыць у сельскай школе сустрэчу з бацькамі, скажам, у сераду ў верасні, то ў вас не будзе аніякіх шанцаў. Але адкуль гэта мог ведаць малады хлопец, які 24 гады пражыў у горадзе? — усміхаецца Зміцер. — У вёсцы час для пасяджэнняў кінаклуба — гэта канец лістапада — пачатак сакавіка. А вось у горадзе мы змаглі за навучальны год праглядзець і абмеркаваць прыблізна дзесяць фільмаў. Звычайна я прапаную разам з дзецьмі паглядзець дома пэўную кінастужку. Не чарговы бандыцкі серыял, а добры мастацкі фільм. Гэта зойме паўтары-дзве гадзіны і аб'яднае сям'ю.
Кіно — мастацтва, даступнае кожнаму, але яго таксама трэба ўмець «чытаць». Кнігу можна проста прагартаць, прапусціць тое, што табе нецікава. Калі мне дзеці кажуць: «А навошта мне чытаць «Вайну і мір», калі можна прачытаць кароткі пераказ рамана на чатырох старонках?», я ім адказваю: «Калі б Леў Мікалаевіч хацеў нам штосьці сказаць на чатырох старонках, то ён бы так і зрабіў, бо ў яго ёсць і аповесці, і невялікія апавяданні». Рэжысёр можа здымаць дзесяць гадзін, а на экране застануцца ўсяго паўтары хвілінкі ад знятага матэрыялу. І тут мае значэнне ўсё: кожны рух, кожны позірк. Мы разбіраемся, чаму адзін герой мае імя, а другі застаецца безыменным, чаму той ці іншы персанаж з'яўляецца менавіта ў гэты момант? Чаму толькі адзін раз? У мяне ёсць спіс пытанняў і нарэзка фрагментаў з гэтага фільма — урыўкі па 30—45 секундаў, на якія я хацеў бы звярнуць асаблівую ўвагу. І толькі напрыканцы мы разважаем, а пра што гэты фільм насамрэч?
Зміцер заўважыў, што незалежна ад таго, дзе размешчана школа (у невялікім пасёлку, у раённым цэнтры або ў сталіцы), колькасць зацікаўленых бацькоў у класе заўсёды аднолькавая — прыкладна 45—50 працэнтаў.
— Маёй першапачатковай мэтай было паўплываць на матывацыю дзяцей, але ўва што ўсё гэта выльецца, я не мог прадбачыць, — прызнаецца ён. — Матывацыя аказалася толькі маленечкай дробяззю... Усе прызвычаіліся, што ў школу трэба ісці, каб паслухаць пра сваіх дзяцей, здаць грошы ці выправіць адзнаку... А тут настаўнік хоча, каб мы з ім нешта абмяркоўвалі, як сябры. Няўжо настаўнік можа быць сябрам? Я не чакаў, што можна выйсці на такі ўзровень даверу паміж педагогам і бацькамі! Цяпер, калі ўзнікаюць пытанні з выхаваннем дзяцей, бацькі прыходзяць да мяне і мы разам разважаем, што з гэтым рабіць. І ў гэтым галоўная каштоўнасць кінаклуба. У мяне няма правільнага адказу, я не рэжысёр... Значыць, аўтаматычна ўсе адказы ў аўдыторыі становяцца правільнымі. А ў выхаванні хіба не так? Бацькі сталі маімі паплечнікамі...
Пачуць адно аднаго
— Як часта здараецца? Бацькоў «загрузілі» ў школе, а тыя прыйшлі і выплюхнулі ўсё гэта на сваё дзіця. У нас жа не вучаць быць бацькамі... Для таго каб кіраваць аўтамабілем, я павінен здаць экзамен, а для бацькоўства нічога не трэба, — канстатуе Зміцер Макарчук. — Звычайная ўстаноўка — «Я нарадзіў, значыць, я маю права». Акрамя фізічнай бяспекі, ёсць яшчэ маральна-эмацыянальная бяспека, таму што ёсць маральна-эмацыянальны гвалт. Дык вось, некаторыя бацькі ідуць на бацькоўскія сходы і рыхтуюцца, што іх будуць «гвалціць»: не здалі грошы, дзе нам узяць мэблю, тэлевізар, як адрамантаваць кабінет і гэтак далей. А на кінаклубе пануе абсалютная бяспека. Яны ведаюць, што мы проста будзем абмяркоўваць творы мастацтва. Ці хочуць бацькі чаму-небудзь навучыцца? Паверце — хочуць!
Але калі мы абмяркоўваем з бацькамі фільмы, я вучу іх не аналізаваць, а менавіта абмяркоўваць. Калі павышаецца лаяльнасць да інстытута школы ўвогуле, павышаецца і лаяльнасць да прадмета, які я выкладаю. Беларуская мова — адзін з найважнейшых элементаў сістэмы. Яны чуюць яе ад мяне пастаянна і разумеюць, што яна зусім не вясковая і не няшчасная. На беларускую мову перакладзены кінашэдэўры.
Ці прапаноўвалі мне бацькі і дзеці штосьці паглядзець? Сапраўдным адкрыццём стаў для мяне індыйскі фільм 2016 года «Дангал» — дзве з паловай гадзіны абсалютна геніяльнага мастацтва. Дзеці прапанавалі фільм «Маленькая міс Шчасце». Дзеці ўвогуле выказваюць такія цікавыя думкі! Яны звяртаюць увагу на моманты, якія дарослыя не заўважаюць. Дзякуючы кінаклубу мы навучыліся давяраць адно аднаму, камунікаваць, збірацца разам. Гэта ўніверсальны камунікатыўны інструмент. Калі я хачу прыняць рашэнне, я магу прыняць яго сам, а магу вынесці на абмеркаванне. Так, гэта займае больш часу, але, калі мы хочам навучыць дзяцей абмяркоўваць, трэба ўвесь час з імі абмяркоўваць. Усё так проста і так складана адначасова.
Камунікацыя патрабуе шмат уменняў: не толькі гаварыць, але і слухаць. Я абавязкова звяртаю ўвагу на педагагічныя і псіхалагічныя моманты. Калі маці крычыць на сына, чаму яна гэта робіць? Звяртаю ўвагу на моманты, важныя для стасункаў бацькоў са сваімі дзецьмі. Ці чуюць яны адно аднаго? Увогуле, я ўпэўнены, што кожны чалавек, з якім мы сустрэліся, кожны фільм, які мы паглядзелі,
уплываюць на нас: так уладкавана жыццё. Як адгукнецца мой кінаклуб праз 5-10 гадоў, я пакуль не ведаю, але перакананы, што гэты час не страчаны для ўсіх дарэмна...
Спіс фільмаў, якія Зміцер Макарчук рэкамендуе для абмеркавання з бацькамі і вучнямі:
- Харысты
- Імператарскі клуб
- Таварыства Мёртвых Паэтаў
- Форэст Гамп
- Жудасна гучна і неймаверна блізка
- Дзіўнае жыццё Цімаці Грына
- Вучылка
- Перад класам
- Географ глобус прапіў
- Цацка
- Выкрадальніца кніг
- Галаваломка
- Дангал
- Маленькая Міс Шчасце
- Усмешка Мона Лізы (2003 год)
- Білі Эліёт
- Разумнік Уіл Ханцінг
- Пісьменнікі свабоды
- Гісторыя Рона Кларка
- Апантанасць (2014 год)
- Небяспечныя думкі
- Дажывем да панядзелка
- Пудзіла
Надзея НІКАЛАЕВА, газета ЗВЯЗДА
Фота прадастаўлены арганізатарамі ЕdСаmр Bеlаrus — 2018