Новыя патрабаванні да сістэмы масавай адукацыі прыйшлі з боку бізнесу яшчэ ў канцы мінулага стагоддзя. Яны з'явіліся ў сувязі з змяненнем структуры рынку працы: доля руціннай працы памяншалася, а творчай (як фізічнай, так і разумовай) - істотна расла. У апошнія дзесяцігоддзі найбуйнейшыя сусветныя карпарацыі - перш за ўсё, высокатэхналагічныя - працягваюць даследаванні рынку працы і заяўляюць: працадаўцы зацікаўлены ў супрацоўніках, якія ўмеюць крытычна думаць і крэатыўна вырашаць задачы, адкрытых да новых ведаў і інавацыйных падыходаў, здольных эфектыўна камунікаваць і працаваць у камандзе (Partnership for 21st Century Skills, 2006; Assessment and Teaching of 21st Century Skills)
Менавіта асноўным навыкам ХХІ стагоддзя - КАМУНІКАЦЫІ, КААПЕРАЦЫІ, КРЫТЫЧНАМУ МЫСЛЕННЮ І КРЭАТЫЎНАСЦІ - быў прысвечаны Edcamp Belarus - 2018.
Глядзіце запіс майстар-класа «Інтэрпрэтацыя мастацкага тэксту як умова развіцця крэатыўнасці» Галіны Сухавай, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры 5-й гімназіі г. Віцебска, якая дзеліцца метадамі развіцця крэатыўнасці вучняў.
Галіна СУХАВА:
— Пад крэатыўнасцю я разумею здольнасць асобы да творчасці, нестандартнага мыслення, генерыравання вялікай колькасці арыгінальных і карысных ідэй. Я ўпэўнена, што ўрок літаратуры не можа быць падобны на ўрок матэматыкі. Калі ты не ведаеш, як рашаць матэматычную задачу, то можаш падгледзець правільны адказ у канцы падручніка і падагнаць пад яго сваё рашэнне. А ў літаратуры правільных адказаў няма. Мастацкі твор можна чытаць зноў і зноў і кожны раз адкрываць для сябе новы сэнс. Мы літаральна на кожным кроку сутыкаемся з неабходнасцю інтэрпрэтацыі нейкай інфармацыі, перакладу яе на зразумелую нам мову. А што датычыцца мастацкіх твораў, то іх даводзіцца «перакладаць» на мову, зразумелую вучню, асабліва калі размова ідзе пра лірыку. Усе настаўнікі ведаюць, як складана ідзе знаёмства з вершам Янкі Купалы «Спадчына». Гэта восьмы клас. Праграма па гісторыі адстае ад праграмы па літаратуры. Я пачынаю ўрок з вывучэння юрыдычнай тэрміналогіі. Хто такія спадчыннікі? Што можна атрымаць у спадчыну? Ці можа мець слова «спадчына» пераноснае значэнне? Ці можна яго пісаць з вялікай літары? Так мы паступова выходзім на грамадзянскую ідэю.
Тады я пытаюся: «Каб захаваць дзяржаўнасць, што трэба перадаць у спадчыну будучым пакаленням?» і прашу назваць тры пазіцыі. Абавязкова трэба даць дзецям падумаць — гэта вельмі важна, бо раней я задавала пытанне, ганарылася тым, якое яно класнае, і практычна адразу сама давала на яго адказ. Вучні адказваюць: мова, гісторыя, традыцыі (іх мы аб'ядноўваем пад агульным паняццем «культура»), тэрыторыя і народ. Ідэі прасцей генерыраваць у групе, бо там не так страшна памыліцца: адказнасць размяркоўваецца на ўсіх. Далей спрабуем прачытаць тое, што ў творы было завуалявана аўтарам. Вы не знойдзеце гэта ў падручніках па крытыцы. «І тое нуднае ягнят бляянне-зоў на пасьбішчы. І крык вароніных грамад на могілкавым кладбішчы». Вобраз ягняці — нявінныя ахвяры імперыялістычнай вайны. «Крык на могілкавым кладбішчы» — забітыя беларусы і гэтак далей. І ўпершыню дзеці вучаць гэты верш на памяць ужо ўсвядомлена, хоць лексіка для васьмікласнікаў вельмі складаная...
Сёння настаўнік літаратуры не можа звярнуцца да культурнай памяці вучня. Іншасказанні, метафары, эпітэты не заўсёды можа зразумець сучасны падлетак. Звыклыя пытанні традыцыйнай методыкі «Якія пачуцці выклікаў твор?», «Пра што верш?» — не працуюць. Той жа Янка Купала, п'еса «Паўлінка». Самы папулярны вучнёўскі адказ на пытанне «Каго ці што хацеў паказаць аўтар у вобразе Паўлінкі?» наступны: «Дзяўчыну, якая ніяк не можа вызначыцца з выбарам». Ці не занадта дробна для класіка? А можа быць, Паўлінка — гэта маладая Беларусь, якая стаіць перад выбарам? Як вам такое трактаванне твора? Мне вельмі падабаецца, калі ўрокі літаратуры ператвараюцца ў маральна-этычныя гутаркі. Верш Максіма Танка «Шчасце»: «Простае шчасце людское...» Разважаем, а што такое шчасце для кожнага з нас? Літаратура дае магчымасць аргументаваць сваю пазіцыю, і пасля вывучэння твора дзеці могуць яе або памяняць, або знайсці падтрымку ў асобе аўтарытэтнага пісьменніка. Вывучаем апавяданне Янкі Брыля «Галя». Шукаем адказ на пытанне, чаму мужчына бярэ на сябе смеласць весці аповед ад імя жанчыны?
Галіна Сухава ўпэўнена, што літаратурная і моўная адукацыя на сучасным этапе развіцця грамадства лепш за матэматычную фарміруе гнуткасць мыслення, уменне суперажываць, перавучвацца і апрацоўваць новую інфармацыю.
— Мы разам з вучнямі стараемся разгадаць таемны сэнс паслання пісьменніка чытачу. Часам вельмі цяжка прадбачыць, як дзеці «прачытаюць» той ці іншы вобраз твора, але ад гэтага ўрок становіцца цікавы і складаны адначасова, ён страчвае першапачатковую зададзенасць, прадвызначанасць, пакідае месца для манеўру думкі, прачытання вобраза, — падкрэслівае настаўніца. — Калі на літаратуры мы будзем вучыць адназначнаму ўспрыманню твора, то не трэба дзівіцца таму, што ў пошуках інфармацыі нашы дзеці пойдуць па «першай спасылцы». Вельмі карыснымі становяцца ў гэтым сэнсе літаратурныя парталы, якія даюць магчымасць вучням пераканацца, што нават успрыманне класічнай літаратуры ў сучасным свеце неадназначнае. Не трэба баяцца шматзначнасці меркаванняў, а вось уменню адшукаць сярод іх праўдзівыя і памылковыя трэба вучыцца. Без развіцця крытычнага мыслення не абысціся...