Спецыялісты вылучаюць чатыры кампетэнцыі, найбольш запатрабаваныя ў сучасным свеце: камунікацыя, кааперацыя, крытычнае мысленне і крэатыўнасць. Менавіта навыкам ХХІ стагоддзя была прысвечана Edcamp Belarus — 2018 — другая педагагічная неканферэнцыя, дзе кожны можа прапанаваць сваю педагагічную ідэю, агучыць праблему, правесці майстар-клас ці проста «прагаласаваць нагамі» за тое, што хоча пачуць. Мерапрыемства падпарадкоўваецца закону «аб дзвюх нагах»: яго ўдзельнікі далучаюцца да той дыскусіі, якая цікавая менавіта ім. Шчыра кажучы, бывае вельмі праблематычна вызначыцца з тым, каго ты хочаш пачуць, асабліва калі абмеркаванне праходзіць адначасова на некалькіх пляцоўках.
Выбар Паўлінкі
Галіна СУХАВА: “А, можа быць, Паўлінка — гэта маладая Беларусь, якая стаіць перад выбарам?”
Міжнародныя даследаванні самых розных узроўняў, у тым ліку PІRLS і PІSA, сведчаць пра тое, што сучасныя дзеці чытаюць не толькі менш, але і значна горш, чым іх равеснікі 20—30 гадоў назад. Але праблема заключаецца не ў хуткасці чытання, хоць і ў гэтым плане ўжо гучаць трывожныя сігналы. Галоўная праблема — у асэнсаванні і разуменні прачытанага, уменні ўсвядоміць і пачуць тое, што хацеў сказаць аўтар. Цікавы вопыт заходніх краін, дзе творы класікаў «перакладаюць» на сучасную мову. Гэтым займаюцца таленавітыя майстры слова, якія робяць класічную літаратуру даступнай для новага пакалення чытачоў, адаптуюць яе пад нашы рэаліі, прапануюць сучаснае наватарскае асэнсаванне твора. Мала шанцаў, што падлеткі асіляць вялікі твор. Безумоўна, нават самы таленавіты пераказ рамана Купера «Апошні з магікан» не заменіць чытанне арыгінала, затое ёсць шанц, што творчасць цікавага пісьменніка не застанецца ўвогуле незаўважанай падлеткамі, а кагосьці, можа, падштурхне і да пошуку першакрыніцы.
«Інтэрпрэтацыя мастацкага тэксту як умова развіцця крэатыўнасці» — менавіта так гучала на Edcamp Belarus — тэма майстар-класа настаўніцы беларускай мовы і літаратуры віцебскай гімназіі № 5 Галіны СУХАВАЙ.
— Пад крэатыўнасцю я разумею здольнасць асобы да творчасці, нестандартнага мыслення, генерыравання вялікай колькасці арыгінальных і карысных ідэй. Я ўпэўнена, што ўрок літаратуры не можа быць падобны на ўрок матэматыкі. Калі ты не ведаеш, як рашаць матэматычную задачу, то можаш падгледзець правільны адказ у канцы падручніка і падагнаць пад яго сваё рашэнне. А ў літаратуры правільных адказаў няма, — разважае педагог. — Мастацкі твор можна чытаць зноў і зноў і кожны раз адкрываць для сябе новы сэнс. Мы літаральна на кожным кроку сутыкаемся з неабходнасцю інтэрпрэтацыі нейкай інфармацыі, перакладу яе на зразумелую нам мову. А што датычыцца мастацкіх твораў, то іх даводзіцца «перакладаць» на мову, зразумелую вучню, асабліва калі размова ідзе пра лірыку. Усе настаўнікі ведаюць, як складана ідзе знаёмства з вершам Янкі Купалы «Спадчына». Гэта восьмы клас. Праграма па гісторыі адстае ад праграмы па літаратуры. Я пачынаю ўрок з вывучэння юрыдычнай тэрміналогіі. Хто такія спадчыннікі? Што можна атрымаць у спадчыну? Ці можа мець слова «спадчына» пераноснае значэнне? Ці можна яго пісаць з вялікай літары? Так мы паступова выходзім на грамадзянскую ідэю.
Тады я пытаюся: «Каб захаваць дзяржаўнасць, што трэба перадаць у спадчыну будучым пакаленням?» і прашу назваць тры пазіцыі. Абавязкова трэба даць дзецям падумаць — гэта вельмі важна, бо раней я задавала пытанне, ганарылася тым, якое яно класнае, і практычна адразу сама давала на яго адказ. Вучні адказваюць: мова, гісторыя, традыцыі (іх мы аб'ядноўваем пад агульным паняццем «культура»), тэрыторыя і народ. Ідэі прасцей генерыраваць у групе, бо там не так страшна памыліцца: адказнасць размяркоўваецца на ўсіх. Далей спрабуем прачытаць тое, што ў творы было завуалявана аўтарам. Вы не знойдзеце гэта ў падручніках па крытыцы. «І тое нуднае ягнят бляянне-зоў на пасьбішчы. І крык вароніных грамад на могілкавым кладбішчы». Вобраз ягняці — нявінныя ахвяры імперыялістычнай вайны. «Крык на могілкавым кладбішчы» — забітыя беларусы і гэтак далей. І ўпершыню дзеці вучаць гэты верш на памяць ужо ўсвядомлена, хоць лексіка для васьмікласнікаў вельмі складаная...
Сёння настаўнік літаратуры не можа звярнуцца да культурнай памяці вучня. Іншасказанні, метафары, эпітэты не заўсёды можа зразумець сучасны падлетак. Звыклыя пытанні традыцыйнай методыкі «Якія пачуцці выклікаў твор?», «Пра што верш?» — не працуюць. Той жа Янка Купала, п'еса «Паўлінка». Самы папулярны вучнёўскі адказ на пытанне «Каго ці што хацеў паказаць аўтар у вобразе Паўлінкі?» наступны: «Дзяўчыну, якая ніяк не можа вызначыцца з выбарам». Ці не занадта дробна для класіка? А можа быць, Паўлінка — гэта маладая Беларусь, якая стаіць перад выбарам? Як вам такое трактаванне твора? Мне вельмі падабаецца, калі ўрокі літаратуры ператвараюцца ў маральна-этычныя гутаркі. Верш Максіма Танка «Шчасце»: «Простае шчасце людское...» Разважаем, а што такое шчасце для кожнага з нас? Літаратура дае магчымасць аргументаваць сваю пазіцыю, і пасля вывучэння твора дзеці могуць яе або памяняць, або знайсці падтрымку ў асобе аўтарытэтнага пісьменніка. Вывучаем апавяданне Янкі Брыля «Галя». Шукаем адказ на пытанне, чаму мужчына бярэ на сябе смеласць весці аповед ад імя жанчыны?
Галіна Сухава ўпэўнена, што літаратурная і моўная адукацыя на сучасным этапе развіцця грамадства лепш за матэматычную фарміруе гнуткасць мыслення, уменне суперажываць, перавучвацца і апрацоўваць новую інфармацыю.
— Мы разам з вучнямі стараемся разгадаць таемны сэнс паслання пісьменніка чытачу. Часам вельмі цяжка прадбачыць, як дзеці «прачытаюць» той ці іншы вобраз твора, але ад гэтага ўрок становіцца цікавы і складаны адначасова, ён страчвае першапачатковую зададзенасць, прадвызначанасць, пакідае месца для манеўру думкі, прачытання вобраза, — падкрэслівае настаўніца. — Калі на літаратуры мы будзем вучыць адназначнаму ўспрыманню твора, то не трэба дзівіцца таму, што ў пошуках інфармацыі нашы дзеці пойдуць па «першай спасылцы». Вельмі карыснымі становяцца ў гэтым сэнсе літаратурныя парталы, якія даюць магчымасць вучням пераканацца, што нават успрыманне класічнай літаратуры ў сучасным свеце неадназначнае. Не трэба баяцца шматзначнасці меркаванняў, а вось уменню адшукаць сярод іх праўдзівыя і памылковыя трэба вучыцца. Без развіцця крытычнага мыслення не абысціся...
«Казачная» медыяадукацыя
Настаўнікі з гродзенскай сярэдняй школы № 26 Таццяна і Сяргей ФАДЗІНЫ некалькі гадоў таму захапіліся медыяадукацыяй. Таццяна выкладае англійскую мову. Сяргей — фізіку. На Edcamp Belarus яны паспрабавалі захапіць аналізам медыятэкстаў і сваіх калег. І ў іх гэта выдатна атрымалася. «Па вушах цякло, а ў мозг не трапіла» — менавіта так гучала тэма іх «сямейнага» майстар-класа. Крытычнае мысленне, уменне распазнаць перадузятасць, дэзынфармацыю і хлусню, заўважыць, што месцамі гісторыя наўмысна пазбаўлена важных падрабязнасцяў, — вельмі карысныя навыкі для сучаснага чалавека. Дарэчы, падчас міжнароднага даследавання РІSА-2018, у якім упершыню прыняла ўдзел і наша краіна, правяралася як чытацкая, так і медыяадукаванасць. Усе цяпер з нецярплівасцю чакаюць яго вынікаў...
“Па вушах цякло, а ў мозг не трапіла” – менавіта так гучала тэма ”сямейнага” майстар-класа Таццяны і Сяргея ФАДЗІНЫХ.
Таццяна ФАДЗІНА:“Казкі – цудоўная глеба для развіцця медыякампетэнцый. Калабок — станоўчы ці адмоўны герой?”
А пакуль «інфармацыя для роздуму»... «Гэты казачны герой з'явіўся ў цяжкія і крызісныя, асабліва для немаладых людзей, часы. Кінуўшы родных, ён пачаў вандраваць, ладзячы свае выступленні. Аднак чацвёртае скончылася трагічна — смерцю героя. Пра каго ідзе размова?» Прызнайцеся, ці адразу вы пазналі Калабка? «Казкі — цудоўная глеба для развіцця медыякампетэнцый», — упэўнены Таццяна і Сяргей. Якія эмоцыі выклікае ў вас Калабок? Гэта станоўчы ці адмоўны герой?
«Уявіце сабе, што вам трэба тры дні і тры ночы ехаць у карэце на баль да караля. Выберыце са спіса трох чалавек, якіх бы вы ўзялі з сабой у карэту, а каму б катэгарычна адмовілі, — прапануе Таццяна і агучвае спіс «кандыдатаў»: цыганка, скінхэд, малады чалавек, хворы на СНІД, неакуратна апранутая жанчына з малым дзіцем, каўказец-мусульманін, селянін з вялікім мехам, афрыканскі студэнт, падлетак, падобны на наркамана, былы зняволены, таджык у нацыянальным адзенні, міліцыянер, інвалід са складным вазком, кітаец, які спажывае пахучую ежу, чалавек, які размаўляе на незразумелай мове. Гэта практыкаванне — цудоўная дэманстрацыя таго, як нам навязваюцца сацыяльныя стэрэатыпы. Ці змаглі б вы знайсці для сябе траіх спадарожнікаў? А можа, хто-небудзь з іх не захацеў бы ехаць з вамі? Ці дапускаеце вы такую думку?
— У школе трэба абавязкова працаваць са стэрэатыпамі. Сацыяльныя стэрэатыпы фарміруюцца вельмі рана, яшчэ да таго, як дзіця ўсвядоміць, да якой групы яно належыць, — папярэджвае Сяргей Фадзін. — Людзі з лёгкасцю гатовы даваць сацыяльным групам грубыя і прадузятыя ацэнкі. Прычым гэтыя характарыстыкі вылучаюцца стабільнасцю цягам доўгага часу. Яны могуць змяняцца ў залежнасці ад сацыяльных і палітычных працэсаў у грамадстве, але адбываецца гэта вельмі марудна. А вось сацыяльныя сеткі вельмі спрыяюць іх распаўсюджванню, як і распаўсюджванню мовы варожасці...
А раскажу я вам гісторыю...
«Настаўнік у школе вёў урокі кожны дзень. Ён быў упэўнены, што робіць усё правільна, але дзецям чамусьці было сумна. Іх цікавілі выключна гаджэты, а ўрок яны лічылі пустым марнаваннем часу. І педагог засумняваўся, а ці можна вучыць дзяцей так, як гэта рабілі сто гадоў таму? Калегі па школе яго заспакоілі, маўляў, не хвалюйся, усё ў нас у парадку. З інтэрнэту ён даведаўся пра Edcamp Belarus. Далей... Мінск, сустрэча з аднадумцамі, выступленні экспертаў з розных краін, і ён, нарэшце, зразумеў, як трэба вучыць дзяцей у інфармацыйным грамадстве». Гэту гісторыю прыдумалі самі педагогі на майстар-класе настаўніцы гісторыі з сярэдняй школы № 5 горада Смаргоні Ларысы ВАЛЫНЕЦ. Тэма — сторытэлінг (storytellіng) на школьных уроках.
Ларыса ВАЛЫНЕЦ: “У дзяцей проста выдатна атрымліваецца прыдумляць гісторыі: страшныя, вясёлыя, трагічныя ці шчаслівыя…”
— Размова ідзе пра спосаб данясення да аўдыторыі інфармацыі праз апавяданне гісторый з рэальным ці выдуманым персанажам. Мы ўсе любім расказваць і слухаць гісторыі і любім, калі пра складанае расказваюць проста. Але як гэта зрабіць? З дапамогай канкрэтнага прыкладу, займальнай гісторыі, — тлумачыць педагог. — Наймальнікі скардзяцца на дэфіцыт эмацыянальнага інтэлекту ў моладзі. А сторытэлінг якраз дапамагае яго развіваць. Сторытэлінг — гэта стварэнне эмацыянальных сувязяў, з дапамогай якіх можна кіраваць увагай і пачуццямі вучняў, расстаўляць патрэбныя акцэнты, засяроджваць увагу на важных рэчах. Выдатны спосаб зрабіць навучанне больш цікавым і інтэрактыўным, дабіцца зваротнай сувязі з вучнямі. Гісторыі павінны перасякацца з жыццёвым вопытам. Любая з іх павінна мець завязку, кульмінацыю, развязку і лагічнае завяршэнне, якое падштурхне дзяцей да высновы. Расказаныя гісторыі матывуюць і падахвочваюць да дзеяння.
Чаму інфармацыя, пададзеная ў выглядзе гісторыі, найлепш успрымаецца? За сваё жыццё чалавек асвойвае вялізную яе колькасць: нейкую ён адкідае, а нейкую прымае. Але ёсць такі від інфармацыі, які ён абавязаны прыняць, каб выжыць, — яго называюць асабістым вопытам. І калі герой для вашай гісторыі падабраны правільна, то чалавек, які яе слухае, ставіць сябе на яго месца і пераймае чужы вопыт як свой асабісты. Такім чынам інфармацыя, пададзеная праз сторытэлінг, не сустракае непрымання і засвойваецца лепш.
Ларыса ВАЛЫНЕЦ: “Мы ўсе любім расказваць і слухаць гісторыі, і любім, калі пра складанае расказваюць проста. Але як гэта зрабіць?
У класічным сторытэлінгу рэальную сітуацыю з жыцця (ці выдуманую гісторыю) расказвае сам педагог. Дзеці толькі слухаюць і ўспрымаюць інфармацыю. У актыўным — педагог агучвае толькі аснову падзеі, фармулюе праблемы, мэты і задачы. А вучні імкліва ўключаюцца ў працэс складання і пераказвання гісторыі. Ёсць яшчэ і лічбавы сторытэлінг — фармат, калі апавяданне гісторыі дапаўняецца візуальнымі кампанентамі (відэа, скрайбінгам, інфаграфікай, буктрэлерамі, коміксамі і гэтай далей).
«Галоўная праблема для настаўніка — прыдумаць добрую гісторыю, якая захопіць вучняў. Гэта не проста. І такая падрыхтоўка адбірае шмат часу, — канстатуе Ларыса Валынец. — Таму я асабіста аддаю перавагу актыўнаму сторытэлінгу: у дзяцей проста выдатна атрымліваецца прыдумляць гісторыі (страшныя, вясёлыя, трагічныя ці шчаслівыя), яны з гэтым спраўляюцца лепш за мяне. Можна змяшаць падзеі і даты. А дзеці будуць шукаць адказ на пытанне, магло такое быць ці не?»
Несумненна, што ўрокі гісторыі — выдатная глеба для прымянення сторытэлінгу. Але, як запэўнівае настаўніца, гэта тэхналогія цудоўна падыходзіць і для ўрокаў матэматыкі, фізікі, хіміі, біялогіі, геаграфіі і іншых. Вы толькі згадалі плашч-невідзімку, а аўдыторыя ўжо ўяўляе сябе на месцы героя і ўважліва слухае пра складаныя законы фізікі...
Надзея НІКАЛАЕВА, газета ЗВЯЗДА
Фота атрыманы ад арганізатараў ЕdСаmр Bеlаrus — 2018