Фармуем кампетэнцыі: уменне рабіць выбар

Магічны выбар для беларускіх настаўнікаў
 
Данута СТЭРНА
 
Як настаўнікі, мы шукаем розныя спосабы эфектыўнага навучання, чакаем, што нехта дасць нам рашэнні, якія заўсёды апраўдваюцца. Мне ўдалося знайсці адзін такі спосаб. Гэта прапанова выбару для вучняў. Выбар -- гэта «чароўная палачка» ў навучанні, на якую часта забываюцца, а ён можа быць карысны ў кожны момант працэсу навучання.
Па-першае, мы можам даць вучням магчымасць выбраць заданні. Заплануйма некалькі заданняў на адну і тую самую тэму, каб яны адрозніваліся паміж сабой не толькі дадзенымі, але і відам – так, каб дазволілі пры выкананні выкарыстоўваць розныя навыкі. Важна, каб менавіта вучань выбіраў заданне, якім хоча заняцца, а не настаўнік яму навязваў. Калі вучань выбірае заданне, мы маем дзве карысці: па-першае, вучань мусіць пазнаёміцца з рознымі магчымасцямі, па-другое, самастойна выбраць заданне, якое ў выніку дапамагае яму ўзяць на сябе адказнасць за працэс уласнага навучання.
Калі вы яшчэ не ўпэўненыя, ці даваць вучням такую самастойнасць выбару, то я прапаную задаць ім дамашняе заданне на выбар (заданні павінны істотна адрознівацца між сабой) і праверыць, ці вучні выканаюць заданне, якое выбралі, больш ахвотна.
 
Насуперак чаканням, гэта не так проста. Настаўнік павінен падабраць некалькі заданняў на адну тэму так, каб вучні маглі выбраць для сябе адпаведнае. Заданні павінны ахопліваць адну і тую самую тэматыку, але адрознівацца прынамсі навыкамі, неабходнымі для іх выканання. Найлепшыя вынікі дае дыферэнцыяцыя, якая паказвае, што вучні могуць выкарыстаць розныя здольнасці. Напрыклад, у адным заданні патрабуецца апісаць нешта, а ў другім намаляваць; у адным знайсці адрозненні, а ў другім зрабіць высновы, і г. д.
 
Возьмем просты прыклад з пачатковага навучання. Няхай тэмаю будзе „Вывучэнне відаў ландшафтаў Польшчы“.
Заданні на выбар:
1. Запішы ў вызначаных палях карты назвы відаў ландшафтаў. 
2. Расфарбуй карту Польшчы так, каб было відаць, дзе розныя ландшафты.
3. Назаві па тры характэрныя элементы кожнага ландшафту.
4. Складзі песеньку ці верш, звязаўшы від ландшафту з пэўным колерам.
 
Вядома, мы зыходзім з таго, што дзеці ўжо ведаюць віды ландшафтаў, адпаведныя ім колеры і карту Польшчы. Усе гэтыя заданні павінны замацаваць веды вучняў на тэму ландшафтаў.
 
Па-другое, выбраць можна спосаб выканання задання. Калі мы прапануем вучням выбар паміж індывідуальнай працай і працай у групе, то ўласнае рашэнне вучня можа матываваць яго да працы. Асабліва калі мы дазволім, напрыклад, выбраць групу, у якой праца будзе выконвацца супольна. Калі я вас не пераканала, то рызыкніце дазволіць вучням выбраць спосаб выканання задання і паназірайце, ці пасля выбару яны ўцягнуцца ў працу больш. Тут вучні маюць выбар: выканаць заданне індывідуальна або ў групе. Калі ў групе, вы можаце прапанаваць ім падабраць склад групы. 
Частка вучняў захоча рабіць працу самастойна, а некаторыя лепш пачуваюцца ў камандзе. Выбар „індывідуальна ці разам“ не павінен давацца ў кожнай сітуацыі. Вядома, што вучні павінны навучыцца працаваць у камандзе. У сваім дарослым жыцці яны часцей за ўсё будуць працаваць у групах, і добра, калі асвояць гэтае ўменне ўжо ў школе. Але часам, асабліва ў пачатку або з вучнямі з асаблівымі патрэбамі (напрыклад, з сіндромам Аспергера), прымус вучня да сумеснай працы можа скончыцца няўдачай. З часам вучні прывыкаюць да сумеснай працы, а затым часта аддаюць перавагу працы разам з іншымі.
Іншая рэч – падбор каманды. Калі мы пакінем яго на вучняў, то можа аказацца, што пэўныя групы „сцэментуюцца“, і некаторых вучняў будуць неахвотна прымаць у іх. Гэтак адбываецца, напрыклад, на занятках фізкультурай, калі два капітаны выбіраюць па чарзе гульцоў у свае каманды. Незайздроснае становішча вучня, які нецярпліва чакае, калі ж адзін з капітанаў яго выбера, але ўрэшце застаецца адзін. На мой погляд, такіх сітуацыяў варта пазбягаць. Калі пасля пэўнага досведу відаць, што каманды не збалансаваныя ці некага не выбіраюць ні ў якую каманду, то лепш не даваць вучням такога выбару. Тады лепш вызначыць склад групаў  латарэяй сярод вучняў, ахвочых працаваць у камандзе.
 
Настаўнікі часам лічаць, што праца ў групе займае каштоўны час урока. Тым не менш з досведу вядома, што вучні, звыклыя да такой працы, хутчэй і спраўней выконваюць заданні, бо сярод іншага вучацца адно ў аднаго.
 
Іншая засцярога настаўнікаў звязаная з магчымасцю спісвання або выкарыстання працы іншых. Калі заданне выконваюць падчас працэсу навучання, то спісванне рэкамендуецца, бо вучні ўзаемна вучацца адно ў аднаго. Дадаткова могуць у ходзе працы тлумачыць незразумелыя рэчы. Запабягаць нераўнамернаму ўцягванню вучняў у працу каманды можна праз ужыванне самаацэнкі працы ўдзельнікаў або ацэнкі ўдзелу паасобных чальцоў групы іхнімі калегамі. Як правіла, нізкая ацэнка з боку калегаў спрыяе большаму ўдзелу вучня наступным разам.
 
Па-трэцяе, варта памятаць пра выбар шляху (алгарытму) выканання задання. Не навязваць вучням схемы рашэння або спосабу, які настаўнік лічыць найлепшым. Вучні павінны бачыць, што існуюць розныя шляхі, якія вядуць да адной мэты. Дзякуючы гэтаму ў будучыні яны будуць смялейшыя, прымаючы выклікі. Калі вы лічыце, што абавязкова мусіце скіраваць вучняў да адзіна правільнага варыянту рашэння, то рызыкніце і паглядзіце, як вучні могуць творча падысці да развязання праблемы. Жадаю вам прыемных сюрпрызаў.
Самастойнасць вучняў у рашэнні задач ключавая для працэсу іх навучання. Паказ вучням схемаў і алгарытмаў рашэння і патрабаванне толькі іх паўтараць забіваюць крэатыўнасць і цікаўнасць, неабходныя для эфектыўнага навучання. Часам можна заўважыць, што вучань выбірае доўгі і працаёмісты шлях рашэння, які не дасць добрага выніку. Аднак самастойнасць у пошуку рашэння прыносіць велізарную карысць. Настаўніку карціць выпростваць сцежку мыслення вучняў, але калі ён гэта зробіць, то вучань не зразумее, чаму ягоны спосаб быў нядобрым, і прызвычаіцца атрымліваць указанні на адзіна добры спосаб рашэння. Працэдуры часта дапамагаюць набірацца ўменняў, але лепш, калі гэта будуць працэдуры, якія вучань прыдумае сам.
 
Паглядзім, напрыклад, на навучанне табліцы множання. Мы не можам зыходзіць з таго, што вучні яе бяздумна вывучаць на памяць. Як правіла, дазваляем ім дасягаць выніку ўласным спосабам. А калі паглядзім на спосабы, якімі вучні прыходзяць да таго, колькі будзе, напр., сем на восем, то пабачым, што кожны вучань мае свой уласны спосаб. Нехта дадае адну да адной 7 васьмёрак, іншы множыць 5 на 8 і дадае 16, яшчэ іншы множыць 8 на 8 і адымае 8. Ці мае сэнс навязваць вучням спосаб, якому аддае перавагу настаўнік?
 
Па-чацвёртае, можна даць вучням магчымасць выбраць спосаб прадстаўлення працы, якую яны выканалі. Самі вучні тут маюць шмат ідэяў, дастаткова толькі ім дазволіць уласны выбар. Прагляд розных прэзентацыяў павышае зацікаўленасць вучняў. Калі вы і надалей думаеце, што выбар вучнем спосабу прадстаўлення вынікаў сваёй працы -- марнаванне каштоўнага часу ўрока, то рызыкніце раз і паназірайце, як творча вашыя вучні паставяцца да такой прэзентацыі. 
З усім гэтым мы як настаўнікі можам мець праблему. Мы прывыклі да аднаго спосабу прэзентацыі вынікаў: настаўнік выклікае вучня да дошкі, і той прадстаўляе рашэнне. Усякае іншае прадстаўленне займае шмат урочнага часу і, на думку многіх настаўнікаў, нічога не дадае. Аднак прадстаўленне нават толькі розных спосабаў рашэння задачы паказвае вучням, што ёсць розныя магчымасці, пашырае і паглыбляе іх мысленне. Калі мы вырашаем, што вучні могуць выбраць спосаб апрацоўкі вынікаў сваёй працы, то тым самым спрыяем іх крэатыўнасці  і зацікаўленасці. Вучні ў стане вынайсці такія метады прэзентацыі, пра якія мы і не снілі. Гэта можа быць, напрыклад, плакат, віктарына, скетч, верш і шмат чаго іншага.
 
Я паказала чатыры сферы выбару. Можна было б пашырыць дыяпазон, напрыклад, і на выбар вучнямі таго, чаму яны хочуць вучыцца. Аднак найперш я прапаную вам запусціць «магічны выбар» у вызначаным настаўнікам працэсе навучання. У маёй настаўніцкай практыцы гэта дало вынік. Заахвочваю вас шукаць таксама іншыя сферы, дзе можна даць вучню выбар.
 
Спампаваць прэзентацыю PPTX
 
Глядзіце майстар-клас "Магічны выбар для настаўнікаў" , які правяла Агнешка Свечка (СEO, Варшава) падчас Edcamp Belarus - 2018.