Да пачатку 2018/19 навучальнага года ў выдавецтве Сэр-Віт выйшла кніга "Дыялогі пра актыўную ацэнку". Аўтары-укладальнікі М.І. Запрудскі і Г.А. Сухава.
У аснову кнігі ляглі матэрыялы і напрацоўкі студэнтаў і ментараў шостага дыстанцыйнага курса "Стратэгіі актыўнай ацэнкі", які праводзіць Таварыства беларускай школы, пачынаючы з 2011 года.
Кнігу можна набыць у кніжных крамах.
В кнізе ў дыялогавай форме абмяркоўваюцца актуальныя аспекты сутнасці і практыкі прымянення на ўроках актыўнай ацэнкі, якая ўяўляе сабой сучасную і эфектыўную адукацыйную тэхналогію. Прыведзены прыклады ўрокаў, якія пабудованы па правілах актыўнай ацэнкі. Гэта ўрокі, на якіх выкарыстоўваюцца і тыповыя, і спецыфічныя для дадзенай тэхналогіі сродкі навучання.
Кніга будзе цікавай і карыснай настаўнікам, якія вырашылі ўнесці змены ў адукацыйны працэс, каб павысіць адказнасць і матывацыю вучяў; абагульніць ўласны вопыт педагагічнай дзейнасці; кіраўнікам школ -- для арганізацыі метадычнай работы ва ўстановах адукацыі; метадыстам і выкладчыкам ІРА -- для правядзення заняткаў метадычных аб'яднанняў і на павышэнні кваліфікацыі. Дапаможнік можа быць выкарыстана студэнтамі педагагічных спецыяльнасцяў падчас практыкі ў школе, пры падрыхтоўцы курсавых і дыпломных работ.
Змест
Ад аўтараў
Коратка пра актыўную ацэнку
Глава 1. Актыўная ацэнка праз прызму вопыту яе прыхільнікаў
1.1. Уражанні Веранікі Арловай, настаўніцы англійскай мовы
1.2. Водгук Наталлі Базар, настаўніцы пачатковых класаў
1.3. Нататкі Ірыны Балакшынай, настаўніцы інфарматыкі
1.4. Нататкі Наталлі Бачун, настаўніцы хіміі
1.5. Эсэ Святланы Бразоўскай, настаўніцы англійскай мовы
1.6. Нататкі Ірыны Лазоўскай, настаўніцы англійскай мовы
1.7. Нататкі Вольгі Лысевіч, настаўніцы абслугоўваючай працы
1.8. Думкі Яніны Рабкевіч, настаўніцы французскай мовы
1.9. Эсэ Самсоненкі Марыі, настаўніцы матэматыкі
1.10. Нататкі Алы Сіпаковай, настаўніцы матэматыкі
1.11. Эсэ Алены Ступчык, настаўніцы фізікі
1.12. Эсэ Веры Сячковай, метадыста
1.13. Разважанні Марыны Цішчанкі, настаўніцы матэматыкі
Глава 2. Актыўная ацэнка ў пытаннях і адказах
2.1. Мэтавы кампанент урока
2.2. Крытэрыі ацэнкі
2.3. Актыўная і падсумоўваючая ацэнкі. Праца з бацькамі
2.4. Зваротная сувязь
2.5. Самаацэнка і ўзаемная ацэнка
2.6. Тэхніка працы з пытаннямі. Ключавыя пытання
2.7. Урок, пабудованы па правілах актыўнай ацэнкі
Глава 3. Распрацоўкі ўрокаў і іх абмеркаванне
3.1. Паэма “Бандароўна”. Урок Галіны Сухавай
3.2. Сельская гаспадарка Беларусі ў другой палове XVI
– першай палове XVII ст. Урок Наталлі Мурынай
3.3. Назоўнікі, якія маюць адну форму ліку. Урок Алены Можаравай
3.4. Паралельныя і перпендыкулярныя прамыя. Урок Марыны Варабей
3.5. Прыродныя зоны Паўднёвай Амерыкі. Ахова прыроды. Урок Алены Тарасёнак
Заключэнне
Прадмова
Актыўная ацэнка (АА), як ужо ведаюць многія настаўнікі, кіраўнікі ўстаноў адукацыі і метадысты, -- гэта эфектыўная тэхналогія навучання, якая мае сістэмны характар і ўключае мэтавы, зместавы, працэсуальны і кантрольна-ацэначны кампаненты.
З кожным годам у АА усё больш прыхільнікаў, усё больш настаўнікаў далучаецца да нашай АА-супольнасці. Поспех у распаўсюджанні тэхналогіі абумоўлены і яе вялікім адукацыйным, матывуючым патэнцыялам, і мэтанакіраванай, актыўнай працай многіх педагогаў, якія працуюць і ў грамадскім сектары (Таварыства Беларускай Школы), і ў дзяражаўных установах адукацыі. Ужо праведзена шэсць дыстанцыйных курсаў па АА, мноства семінараў, трэнінгаў, майстар-класаў, адкрытых урокаў, кансультацый; вельмі дапамагае спецыяльны сайт www.aacenka.by; выдадзена некалькі кніг, надрукована мноства артыкулаў, шмат настаўнікаў прайшлі стажыроўку ў школах Варшавы.
Але да гэтага часу многія мабільныя і актыўныя педагогі школ і гімназій мала што ведаюць пра актыўную ацэнку. Як жа далучыць іх да дадзенай тэхналогіі? З дапамогай курсаў, семінараў, канферэнцый? Гэтыя формы работы, канешне, могуць дапамагчы ім у авалоданні АА. Але «Усе дадзеныя сведчаць аб тым, што чытаць настаўнікам лекцыі і пасылаць іх на семінары -- гэта недастаткова, таму што гэта не прыводзіць да зменаў у класе. Уяўленне, што прыўнесеныя звонку ідэі аўтаматычна прывядуць да зменаў у школе, глыбока памылковыя з пункту гледжання тэорыі дзейнасці. Тым не менш, нягледзячы на ўвесь вопыт няўдач і той факт, што пры падрыхтоўцы людзей да любой іншай прафесіі практычныя заняткі праводзяцца ў асноўным у рэальнай абстаноўцы (лекары і медсёстры праходзяць практыку ў шпіталях, святары - у цэрквах, юрысты - у зале суда, кансультанты -- на прадпрыемствах кліентаў), пры падрыхтоўцы да настаўніцкай прафесіі практычныя заняткі вельмі рэдка праходзяць у рэальным класе. Але менавіта там можна дамагчыся максімальнай эфектыўнасці падрыхтоўкі”[1]
Вынікі многіх іншых даследаванняў таксама сведчаць, што самай эфектыўнай формай павышэння прафесійнага майстэрства настаўнікаў з’яўляецца ўзаемнае навучанне, якое адбываецца ў працэсе сумеснай распрацоўкі урокаў, правядзення іх, а потым -- абмеркавання. Прадуктыўнае навучанне адбываецца ў працэсе дыялогаў настаўнікаў паміж сабой, з кіраўнікамі ўстановы адукацыі!
Дарэчы, апошнім часам на пытанне настаўнікам, якая форма метадычнай работы прыносіць ім найбольшую карысць у авалоданні новым вопытам, усё часцей мы чуем адказ: прагляд і абмеркаванне ўрокаў. На такіх занятках ставяцца пытанні адносна таго, што і як адбываецца на занятках, і абмяркоўваюцца адказы. На дадзеным падыходзе пабудованы і наш дыстанцыйны курс па АА, які вось ужо шосты раз праведзены Таварыствам беларускай школы. Менавіта на платформе гэтага навучання адбываецца ўзбагачэнне вопыту педагогаў праз дыялогі. Мяркуйце самі:
- нашы студэнты (настаўнікі, якія вучацца) фармуліруюць адносна вывучаемых дыдактычных матэрыялаў пытанні, на якія адказваюць іх ментары (настаўнікі, якія вучаць);
- студэнты атрымліваюць ад ментараў зваротную сувязь (каментары) адносна іх справаздач; іх думкі (згоду або нязгоду), як і каментары, размяшчаюцца на платформе. Яны адкрытыя для чытання, рэагавання іншымі студэнтамі і ментарамі дыстанцыйнага курса;
- фактычна на платформе дзейнічае столькі форумаў, колькі вучыцца студэнтаў. На гэтых форумах адбываецца жывое абмеркаванне пытанняў, ідэй, знаходах, абмен вопытам;
- дзякуючы, дыялогам адбываецца палілог – ствараецца супольнасць неабыякавых педагогаў, якія імкнуцца да паляпшэння адукацыйнага працэсу ў класах, а праз гэта – у сістэме адукацыі краіны.
Такім чынам, нашы студэнты ў працэсе навучання працуюць у наступным парадку: спачатку вывучаюць рэкамендаваныя тэксты; потым нешта апрабіруюць на сваіх уроках; затым выконваюць заданні і размяшчаюць іх на платформе (у справаздачах таксама фармуліруюць пытанні свайму ментару); атрымліваюць каментар на іх справаздачу, адказы на пытанні; удзельнічаюць у абмеркаванні і сваёй заліковай работы, і зваротнай сувязі ад ментара, а таксама справаздач і каментароў на работы іншых студэнтаў. Гэта вельмі карысны для прафесійнага самаразвіцця працэс прафесіных стасункаў настаўнікаў. Так на платформе мoodle адбываецца навучанне праз дыялогі – самы эффектыўны спосаб прафесійнага развіцця настаўнікаў.
Матэрыялы дыстанцыйнага курса сталі і зыходнай кропкай, і асновай для напісання гэтай кнігі – “Дыялогі пра актыўную ацэнку”. Менавіта “пытальна-адказная” ідэя закладзена ў дапаможік, які вы, калега, цяпер чытаеце.
У першай главе “Актыўная ацэнка праз прызму вопыту яе прыхільнікаў” прадстаўлены нататкі настаўнікаў—удзельнікаў дыстанцыйнага курса па актыўнай ацэнцы, які быў праведзены ў 2017/18 навучальным годзе. Чытачы ўбачаць і крыху адрознае разуменне імі філасофіі АА (не дзіўна, бо ўсе настаўнікі розныя); і пазнаёмяцца з адкрыццямі, знаходкамі, якія зрабілі настаўнікі, калі дыстанцыйна вучыліся ў больш вопытных калег і апрабіравалі новы вопыт ў сваіх школах.
Другая глава – гэта шэраг матэрыялаў аб асноўных сродках актыўнай ацэнкі: дыяганстычных мэтах, НаШтоБуЗУ (крытэрыях ацэнкі), развядзенні паняццяў актыўнай і падсумоўваючай ацэнак, працы з бацькамі, самаацэнцы і ўзаемнай ацэнцы, тэхніцы працы з пытаннямі і інш. Гэтыя тэксты пабудованы ў запытальна-адказнай форме: на пытанні настаўнікаў, якія дыстанцыйна вучыліся (студэнтаў), адказваюць настаўнікі, якія іх вучылі (ментары). Усе пытанні звязаны з практыкай прымянення актыўнай ацэнкі, адказы -- адлюстроўваюць той багаты вопыт працы па АА, які маюць нашы ментары.
Трэццяя глава – урокі, якія іх аўтары імкнуліся спланаваць і правесці па правілах актыўнай ацэнкі. Акрамя ўрокаў -- дыялогі настаўнікаў, якія стварылі ўрокі, з іх ментарамі, а таксама іх абмеркаванне настаўнікам-метадыстам, настаўніцай гімназіі № 5 г. Віцебска і выкладчыкам Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.
Такім чынам, кніга носіць цалкам дыялагічы характар: у першай главе настаўнікі—аўтары нататак вядуць дыялогі са сваім папярэднім вопытам, з новымі ведамі аб арганізацыі адукацыйнага працэсу; у другой главе – ставяць пытанні студэнты, адказваюць – іх ментары; трэццяя глава, акрамя ўрокаў, гутаркі паводле распрацаваных студэнтамі ўрокаў.
Дарагія калегі-ментары, паважаныя студэнты дыстацыйнага курса 2017/18 навучальнага года, прыміце шчырую падзяку за цікавыя і карысныя матэрыялы, якія вы размяшчалі на платформе moodle, за вашы эсэ, цікавыя пытанні і грунтоўныя адказы, за вашы ўрокі, якія ўяўляюць сабой першыя больш-менш удалыя спробы выйсці за межы традацыйных падыходаў ў вобласць новай эфектыўнай адукацыйнай практыкі. Без вашых матэрыялаў гэтай кнігі проста не было б. Так што можна лічыць, што ў дадзенага дапаможніка калектыўны аўтар – каля сотні ментараў і студэнтаў. Асаблівая падзяка Мацкевіч Тамары за інфармацыйна-метадычнае суправаджэнне дыстанцыйнага курса. У многім, дзякуючы Вам, паважаная Тамара Пятроўна, актыўная ацэнка знаходзіць усё больш прыхільнікаў – зацікаўленых, неабыякавых настаўнікаў.
Мы ўдзячныя рэцензентам кнігі: і за высокую ацэнку нашай працы, і за каштоўныя парады, якія мы па магчымасці ўлічылі пры дапрацоўцы рукапісу.
[1] Барбер, М., Муршэд, М. Как добиться стабильно высокого качества обучения в школах: Уроки анализа лучших систем образования мира. Режим доступа: https://vo.hse.ru/2008--3/26555157.html. Дата доступа: 18 августа 2016 года.