Заслужаны настаўнік Расійскай Федэрацыі, кандыдат гістарычных навук, намеснік дырэктара маскоўскай школы № 2116 Аляксандр ПІМЕНАЎ падзяліўся вынікамі праведзенага ў чатырох расійскіх рэгіёнах даследавання. Яно ахапіла каля 1,5 тысячы навучэнцаў з 4-га па 10-ы класы, каля 200 педагогаў і 62 дырэктары школ, а прадметам вывучэння сталі праблемы ацэньвання адукацыйных дасягненняў навучэнцаў у сучаснай школе.
Высветлілася, у прыватнасці, што вучні і настаўнікі маюць розныя ўяўленні адносна існуючай сістэмы ацэньвання на ўроку і яе аб'ектыўнасці, уключаючы разуменне крытэрыяў. Так, толькі 45 % апытаных школьнікаў заявілі, што яны разам з настаўнікам вызначаюць мэты ўрока. А настаўнікі ў гэтым упэўнены, як кажуць, на ўсе сто! Не сумняваюцца ў аб'ектыўнасці ацэньвання толькі 43 працэнты школьнікаў, прычым з пятага па дзясяты клас упэўненасць у аб'ектыўнасці ацэньвання зніжаецца. Між іншым, крытэрыі ацэньвання разумеюць усяго 49 працэнтаў школьнікаў. Затое 99 (!) працэнтаў педагогаў абсалютна ўпэўнены ва ўласнай аб'ектыўнасці!
«Што ў ацэньванні вучэбных дасягненняў навучэнцаў з'яўляецца для вас найбольш важным?» — пацікавіліся ў педагогаў. 71 % з іх адказалі: «Наяўнасць свайго пункту погляду». 69 % указалі на важнасць умення прымяніць вывучанае на практыцы, 52 % — на веданне вучэбнага матэрыялу, 47 % — на ўзаемадзеянне з іншымі навучэнцамі... Прычым усім гэтым заявам не знайшлося пацвярджэння пры апытанні школьнікаў.
Навучэнцы больш крытычна ставяцца да адзнакі. 88 працэнтаў настаўнікаў лічаць адзнаку ў балах матывавальным фактарам. Сярод школьнікаў такое меркаванне падзяляюць толькі 35 % ад агульнай колькасці апытаных, а сярод дырэктараў — 40 %. Кіраўнікам задалі яшчэ адно важнае пытанне: «Хто, з вашага пункту погляду, з'яўляецца галоўным зацікаўленым бокам у ацэньванні якасці адукацыі і акадэмічных поспехаў навучэнцаў з выкарыстаннем бальнай сістэмы?» На першым месцы аказаліся бацькі (65 %), затым навучэнцы (54 працэнты), настаўнікі (46 %), органы кіравання адукацыяй (24 %) і адміністрацыя (8 %).
Аляксандр ПІМЕНАЎ: «Бацькам уласцівая вельмі моцная звычка — ацэньваць усё ў балах».
— На жаль, бацькам уласцівая вельмі моцная звычка — ацэньваць усё ў балах. І гэта сур'ёзная праблема, — падкрэслівае Аляксандр Піменаў. — Яны не разумеюць, навошта штосьці змяняць, баяцца зніжэння паспяховасці ў дзіцяці. А дзеці намнога больш адкрытыя да перамен. І нават кіраўнікі школ больш адкрытыя, чаго не скажаш пра настаўнікаў. Апошнія ведаюць пра новыя падыходы ў ацэньванні, але рэалізуюць іх толькі эпізадычна.
Аляксандр Піменаў лічыць, што менавіта на дзяцей трэба абапірацца пры ўкараненні фарміруючага ацэньвання. Дырэктараў школ таксама можна зрабіць сваімі саюзнікамі. Ён упэўнены ў тым, што рашэнні ў адукацыі трэба прымаць на падставе фактаў і даных. А ўсе міжнародныя даследаванні сведчаць, што фарміруючае ацэньванне (у Беларусі — актыўная ацэнка. — Аўт.) — ключавая пазіцыя для паляпшэння адукацыйных вынікаў школьнікаў.
Надзея НІКАЛАЕВА, газета Звязда