Зваротная відэасувязь як інструмент самаразвіцця педагога

Дасведчаны педагог заўсёды ставіць перад сабой задачы прафесійнага росту і самаадукацыі і выкарыстоўвае пры гэтым розныя спосабы дасягнення выніку: выступае на сходах метадысцкіх аб’яднанняў, на семінарах, канферэнцыях, публікуе матэрыялы ў сродках масавай інфармацыі, бярэ ўдзел у конкурсах, вучыцца дыстанцыйна, праводзіць майстар-класы і адкрытыя ўрокі, прымяняе розныя адукацыйныя тэхналогіі і т.д. Аднак аб’ектыўная адзнака намаганняў, прыкладзеных настаўнікам часта застаецца для яго самога загадкай. Каб самаўдасканальвацца, недастаткова атрымліваць толькі ацэнку калег. Карысна яшчэ і ацаніць сваю дзейнасць уласным поглядам. Я ўпэўнена, што зваротная відэасувязь (ЗвС) можа адыграць значную ролю ў прафесійным развіцці педагога.

У анлайн-прасторы можна знайсці шмат цікавых артыкулаў пра розныя віды зваротнай сувязі, такіх як «настаўнік-вучань», «вучань-вучань», «настаўнік-настаўнік», «настаўнік-бацькі», але ямаль няма інфармацыі пра атрыманне зваротнай сувязі ад самога сябе, так званай «унутранай» сувязі. Аднак такая зваротная сувязь – гэта магчымасць самастойнага пошуку рашэння праблем, якія, на жаль, застаюцца па-за полем зроку ў штодзённым вучэбным працэсе. Яна дазваляе весці самааналіз, спрыяе фарміраванню самаацэнкі і самаарганізацыі дзейнасці настаўніка, дапамагае вызначыць педагагічную стратэгію настаўніка.

Падчас аднаго з выступаў, прысвечаных пытанням адукацыі, Біл Гейц падкрэсліваў важнасць зваротнай сувязі: «…без зваротнай сувязі з боку больш дасведчаных калег развіццё ў любой галіне стае немагчымым…». Пры гэтым ён патлумачыў, у якой форме яе атрымліваюць выкладчыкі ў Злучаных Штатах: «…часта ўсё абмяжоўваецца словам «здавальняюча» без ніякай канкрэтыкі». Гаворачы пра неінфарматыўнасць і неэфектыўнасць такой зваротнай сувязі, Б. Гейц адзначыў: «…У наш час заўсёды ёсць магчымасць узмацніць яе (ЗС), запісаўшы свой урок (альбо любую іншую дзейнасць) на камеру і прааналізаваўшы запіс пазней. Паназіраць за сабой падчас працы з боку вельмі карысна. Аднак некаторыя настаўнікі кажуць, што гэта «можа быць досыць балюча». Зрэшты, усё гэта сапраўды можа прывесці да значных зменаў у лепшы бок».

 

Мы не можам абысціся без зваротнай сувязі нават у штодзённым жыцці – патрэба ў ёй узнікае пры любым узаемадзеянні. Ацаніць і прааналізаваць работу мне дапамагае менавіта здыманне ўрока або яго этапа на відэа. На працягу сямі год я прымяняла ў сваёй працы элементы тэхналогіі актыўнай ацэнкі. Адзін з іх – зваротная сувязь (ядро тэхналогіі) – і абудзіў маё жаданне атрымліваць аб'ектыўную інфармацыю і ад самой сябе. Відэаматэрыялы ўласных ўрокаў і фрагментаў дапамаглі мне крытычна зірнуць на навучальная супрацоўніцтва з навучэнцамі і весці самааналіз праз атрыманне дакладнай інфармацыі пра:

  • змены мімікі і жэстаў;
  • паводзіны не толькі настаўніка, але і навучэнца;
  • манеру падачы матэрыялу: ужыванне паўтораў і т.д.;
  • звароты да суразмоўцаў;
  • парады, ігнараванне;
  • дарэчнасць і апраўданасць пахвалы і заўваг;
  • карэктнасць фармулёвак;
  • кіраванне каменціраваннем;
  • тэхніку задавання пытанняў: час на роздум, выбар вучня, які будзе адказваць, тыпы пытанняў, прыярытэт адказаў вучняў, карэкцыю пытанняў-адказаў, дубляванне настаўнікам адказаў вучняў і т.д.;
  • эфектыўнае карыстанне рознымі інструментамі зваротнай сувязі на ўроку;
  • апраўданасць выкарыстання нагляднасці;
  • аб'ектыўнасць ацэнкі;
  • вытрыманасць этапаў урока;
  • мэтазгоднасць прымянення навучальных формаў, прыёмаў і метадаў;
  • ацэнку вучэбнай атмасферы ў класе;
  • месца і рацыянальнасць выкарыстання выхаваўча-развіццёвага асяроддзя ў прасторы навучальнага працэсу і многае іншае.

Перавагі такога падыходу ў тым, што я магу разглядаць атрыманы відэаматэрыял шмат разоў і з мноства пазіцый у залежнасці ад таго, якую метадычную мэту пры гэтым стаўлю: аналіз моцных і слабых бакоў выкладчыцкай дзейнасці або вучнёўскага ўзаемадзеяння, знаходжанне і карэкцыя тых памылак, якія немагчыма заўважыць і ацаніць, праводзячы ўрок у звычайным рэжыме і інш.

Да прыкладу змадэлюем вучэбную сітуацыю для відэаназірання за дзейнасцю навучэнцаў з пазіцыі эфектыўнасці ўжытага прыёму: упершыню на ўроку літаратурнага чытання мы збіраемся выкарыстаць прыём «праца з тэстам ў парах» па тэме «Абагульняючы ўрок. Паўтараю і ствараю. Раздзел «Золата, золата - слова народнае» ў чацвёртым класе.

 

 

Аналагічны прыклад з прыёмам «парная работа з табліцай множання»:

 

Задачы назірання за эфектыўнасцю прыёму:

  • арганізаваць пачатак працы кожнай пары;
  • вызначыць час актыўнай працы кожнага з вучняў у пары;
  • прасачыць актыўнасць (дамінаванне або прыняцце пасіўнай ролі) кожнага вучня ў пары;
  • ацаніць уменне выбудоўваць дыялог (узгадненне і прыняцце сумеснага рашэння);
  • абагульніць думкі наконт убачанага і зрабіць вывад пра эфектыўнасць прыёму і метады яго выкарыстання.

Пасля праведзенага назірання і самааналізу я абавязкова дзялюся сваімі высновамі з навучэнцамі, а калі неабходна, мы ладзім сумесны прагляд відэа і аналізуем яго на класнай гадзіне. Так, і вучні маюць магчымасць рэфлексаваць і аб'ектыўна ацэньваць сваю дзейнасць. Варта адзначыць, што такая праца нясе і выхаваўчую функцыю. Акрамя таго, яна спрыяе фарміраванню класнага калектыву, засваенню нормаў паводзінаў у класе, развіццю ўмення выбудоўваць гарманічныя камунікацыйныя зносіны.

Разам з калегамі мы часта абмяркоўваем выпадкі, калі часовыя рамкі ўрока здаюцца недастатковымі, разважаем, які з этапаў або прыёмаў варта скараціць або замяніць, каб арганічна ўпісацца ў рамкі вучэбнага часу, захаваўшы пры гэтым дыдактычную каштоўнасць занятку. І ў такіх выпадках відэаназіранне ўрока з наступным яго аналізам і карэкцыяй мадэлі наступных заняткаў цалкам апраўдвае сябе.

Прыклад:

Для пачатку вызначаем мэту прагляду, дэталізуем вобласць назірання. Паглядзеўшы ўсё адразу, можна не заўважыць найбольш важных дэталяў. Мэта назірання і прагляду – захаванне часавага рэгламенту (чаму я не паспяваю за ўрок выканаць усё, што запланавана).

Узяўшы нататнік і ручку для пазнак, канспектуем усё: лішнія жэсты і дзеянні, якія затрымалі пераход да наступных этапаў, лішнюю інфармацыю, нястачу або надмернасць нагляднага матэрыялу і многае іншае. Атрымліваюцца прыкладна такія нататкі ў графе «прычыны страты часу», і на іх аснове прапрацоўваюцца «спосабы змены сітуацыі»:

Прычыны страты часу

Спосабы змянення сітуацыі
Лішнія жэсты і дзеянні Ператварыць лішнія рухі ў прадуктыўную дзейнасць: дэманстрацыю нагляднасці, індывідуальную дапамогу вучню і інш

Залішняя інфармацыя

  • На этапе планавання максімальна скараціць тую інфармацыю, якую вучні атрымліваюць у гатовым выглядзе.
  • Змяніць форму падачы інфармацыі, ператварыўшы яе ў самастойны вучнёўскі пошук (мэта - зэканоміць час на запамінанне і адпрацоўку).
  • Замест тэкставай інфармацыі прапанаваць схему, табліцу, мнемакарту (гатовую або створаную вучнямі).
Страта часу і нагляднасць
  • Прапісаць у плане ўсе дэталі, якія неабходна прадставіць вучням візуальна, падрыхтаваць наглядныя матэрыялы загадзя і, па магчымасці, адразу замацаваць (на закрытым крыле дошкі, закрыўшы лістом паперы). Мэта – зэканоміць час на падрыхтоўку наглядных матэрыялаў.
  • Перанесці выявы на прэзентацыю, зэканоміўшы час на дэманстрацыі.
  • Падрыхтаваць раздатачны матэрыял для кожнага вучня (групы, пары).
Узровень шуму
  • Карыстацца званочам або спецыяльным сігналам (паднятая далонь) у выпадку, калі ўзровень шуму павышаецца.
  • Патрэніравацца (на перапынку, класным гадзіне) з навучэнцамі спыняць шум і размовы па пэўнай камандзе.
Тэхніка задавання пытанняў
  • Прапісаць усе адкрытыя пытанні ў планаванні, каб пазбегнуць пытанняў, на якія настаўнік адказвае сам, ці тых, якія патрабуюць аднаслоўных адказаў (калі гэта не спрыяе засваенню матэрыялу).
  • Рэгламентаваць час абмеркавання (разважання) пасля зададзенага пытання, выкарыстоўваючы секундамер, пясочны гадзіннік ці ўмоўны знак «паднятая рука».
  • Выкарыстоўваць прыём «непаднятая рука*».

Зацягнутасць этапаў

  • Карыстацца таймерам, каб завяршаць працу на зацягнутым этапе, або скарачаць наступны.
  • Прадумваць заданні, якія будуць «запаснымі» і лёгка апускаюцца ў выпадку страты часу.

*Тэхніка «непаднятая рука» ўяўляе сабой наступнае: настаўнік паведамляе навучэнцам пра ўжыванне прыёму (або паказвае адпаведны знак прыёму - перакрэсленая паднятая для адказу далонь рукі), агучвае пытанне, абавязкова дае час для абдумвання і толькі пасля гэтага выбірае вучня для адказу.

Дзякуючы гэтаму прынцыпу працы я больш свядома падыходжу да напісання сцэнараў вучэбных заняткаў, падрыхтоўкі і правядзення адкрытых урокаў і мерапрыемстваў.

Я ўпэўнена, што немагчыма развівацца ў прафесійным плане без разумення, ў якім кірунку ты рухаешся. Без канструктыўнага водгуку магчымасці ўдасканальвацца проста няма. І наша прафесійная задача – скарыстацца патэнцыялам своечасовай, аб'ектыўнай і разгорнутай зваротнай сувязі, не толькі знешняй, але і ўнутранай. Зваротная сувяз спрыяе самапазнанню, развіццю самакантролю і рэфлексіі, даючы магчымасць аператыўна рэагаваць на цяжкасці і карэктаваць ход навучання.

 

СВЯТЛАНА ЛОКІС

Настаўніца пачатковых класаў  Сярэдняй школы № 17 г. Барысава