Сёння мы пачынаем цыкл артыкулаў славутага беларускага мовазнаўцы, палітыка і дыпламата Пётры Садоўскага "Дзве душы: Рускій мір і Беларускі свет у слове". У іх аўтар разважае пра суадносіны беларускага і расейскага светапогляду праз прызму аналізу моўных асаблівасцяў.
Дзве душы: Русскій мір і Беларускі свет у слове
Частка І. Асобнае слова (ілюстрацыі-прыклады). Дабро і зло.
“Литвин и мертвый дзекнет.”
“Литвин не доспавши сено косит.”
“Литвин, как линь.”
“Биться, как с Литвой (зло и упорно).”
Владимир Даль. Пословицы русского народа, в 2-х томах
“Бульба дробная, як у маскаля.”
“Маскаль зачаў ляды, ды ня даў рады.”
“Гуляй, пакуль маскаль не прыйшоў.”
“Татка, чорт у хату лезе! – Дармо, сынку, абы не маскаль.”
“І на чужы Святы не кідай у ніты.”
Беларускія прыгаворкі
Прадмова
Гэты тэкст – вельмі персанальны, таму аўтар у сваіх назіраннях пазбягае формы pluralis auctoris з дзейнікам “мы” ды іншых безасабова-абагульняльных прыёмаў кшталту “традыцыйна лічыцца, што...”. Форма выкладу ад 1-й асобы падкрэслівае і магчымасць таго, што некаму напісанае падасца некарэктным ці нават недарэчным. Гэта заўвага для тых, хто жыве ў каардынатах “рускага сьвету”.
Я збіраюся паразважаць пра тое, як у мове, у семантыцы асобных словаў, у словазлучэннях, сказах (прымаўках, прыбабуньках), песнях, гімнах, ваярскіх маршах, тэкстах (у мадэрным разуменьні) можа адлюстравацца культурная антрапалогія народу, што можна прыблізна назваць нацыянальным кодам.
Дабро і зло
Расейскае “преступнік” і наша “злачынец”. У цяперашнім расейскім афіцыйным тэрміне “преступление” праглядаецца празрыста больш фармальны сэнс – перакрочванне лініі, літары закону, нешта блізкае да нямецкага “Verbrechen”. Актар гэтага дзеяньня і ёсьць “преступник”. У нас такога чалавека называюць “злачынец” – той, хто чыніць зло. У нашым тэрміне акрамя фармальна-юрыдычнай даецца і маральная ацэнка, нешта блізкае да двучлена Ф. М. Дастаеўскага.
“Лихой парень”. У сучасных расейскіх “тэкстах” панятак дабра і зла набывае выразна рэлятывісцкі характар: праўда, дабро, зло, парушэнне закону, мэтазгоднасць, канцавы вынік ператвараюцца ў кантыніум без берагоў. У папулярным серыяле «Брыгада» “лихой парень”, сімпатычны герой Саша Белы, у мінулым – круты без сэнтымэнтаў бізнэсмэн, “по-русскі” справядлівы, з уласным разуменьнем дабра і зла (як, дарэчы, і галоўны герой фільма «Брат»). Герой балатуецца ў Дзярждуму і ў рэклямным роліку фармулюе крэда новага “рускага міру”: “Да, я нарушал закон, нарушал его крепко, я не щадил своих конкурентов, но я построил два храма от фундамента до купола...”. З гэтага ж клану і “станоўчы”, галоўны герой «Брата» і «Брата 2». Каб адпомсціць за падманутага земляка-хакеіста, якога абакраў амерыканскі мэнэджэр, расейскі рэмба-праведнік з самаробнай бярданкі косіць шараговых амерыканцаў і кажа: “Мы рускія, за намі праўда”.
Расейскія публічныя асобы, прааналізаваўшы крымінальныя эканамічныя рэформы пачатку 90-х гадоў, гавораць: “В лихие девяностые...”.
Прэзенаваўшы Статут 1588 г., наш Леў Сапега падкрэсліваў: “Мы напісалі гэты статут, каб не было ліхасці”.
“Иван Грозный” – “Іван Жахлівы”. Расейскае “Іван Грозны” знаходзіцца ў “цярпімым” полі – суворы, але справядлівы, мэтазгодны. У мастацкім асацыятыўным полі “грозны” – гэта нешта зусім белае і пушыстае: “Уж больно ты грозен, как я погляжу!” (М. А. Некрасаў, «Мужичок с ноготок») або: “Не ругай меня, мамаша, не ругай так грозно / Ты была сама такая, приходила поздно” (з юрлівай песні). Гадоў 30 таму мы яшчэ не ўжывалі выраз “Іван Жахлівы”, як гэта рабілі еўрапэйцы увесь час: Iwan der Schreckliche (ням.), Ivan the Terrible (англ.), Ivan le Terrible (фр.) і т.д. Мне здаецца, што я быў першы, хто ўвёў у зварот выраз “Іван Жахлівы”, калі напісаў адмысловы нарыс пра Івана Грознага для часопіса “Беларусь” у 80-х гадах. Там я, разглядаючы выпадкі еўрапэйскіх “перакладаў” уласных імёнаў, разважаў і пра норавы. Часопіс той у мяне згубіўся. Помніцца, я разважаў, што калі б з беларускім шляхціцам эпохі ВКЛ абышліся так, як Іван Жахлівы/Грозны катаваў сваіх баяраў, то шляхціц-літвін пэўна б застрэліўся ці засіліўся б якім іншым чынам.
Першы раз я сустрэў выраз “Iwan der Screckliche” ў 1956 годзе ў нямецкім размоўніку, калі вычыўся ў 8-м класе МнСВУ. Здзівіла і штурханула да роздуму. Вось вам і ўплыў замежных моваў на фармаванне асобы.
Далей яшчэ будзе гаворка пра семантыку асобных слоў і іх сувязь з навакольным асяроддзем.
Прымаўкі з “Русскага міру”, якія не маюць беларускіх адпаведнікаў. Сваё-чужое–казённае
У расейскіх і нашых прымаўках шмат агульных выпадкаў, у якіх асуджаецца хцівасць, кража, лянота, хітрасць і іншыя людскія заганы. Аднак у расейскім моўным свеце захавалася нямала такіх прымавак, якіх у нашай мове няма. Знайшоў толькі адну агульную пра злодзеяў, дзе пра іх гаворыцца станоўча. Яна, магчыма, узнікла ў адносна новы час, пэўна, як вынік “сацыяльна-пагранічнай інтэрфэрэнцыі”. У расейскай: “Кто в лесу не крадет, тот дома не хозяин”. У беларускай двучлен больш сіметрычны (параўноўваюцца два назоўнікі): “Хто ў лесе не злодзей, той дома не гаспадар”.
Ніжэй пададзеныя расейскія прымаўкі даюцца без камэнтару.
“Казённое страшно: подержал да и за пазуху!”
“Казна – што корова. Не доит только ленивый.”
“Тащи из казны, что с пожару.”
“Дай на прокорм казённую корову, прокормлю и своё стадо.”
“Дай на прокорм казённого воробья, без своего гуся и за стол не сядем.”
“Темно взял да ушел – лучше чем нашел.”
“Плох тот вор, который около себя сгребает.”
“Виноватого чем судить, лучше опить (пусть выставит ведро водки, да и делу конец)”.
"Артель думой не владеет: сто голов, сто умов. Придёт барин да рассудит."
"Вали на мир. Мир всё снесёт."
"Голдеть так всем голдеть. А одному голдеть, так пропадешь."
Пётра САДОЎСКІ
(Працяг будзе)