Пётра Садоўскі "Дзве душы: "Рускій мір" і Беларускі свет у слове", Частка ІІ

Мы працягваем цыкл артыкулаў "Дзве душы: "Рускій мір" і Беларускі свет у слове" Пётры Садоўскага - славутага беларускага мовазнаўцы, палітыка і дыпламата. У другой частцы аўтар разважае пра суадносіны катэгорый "свае-чужыя" ў рускім і беларускім культурным асяроддзі.

 

Чытаць І частку>>

 

Дзве душы: Русскій мір і Беларускі свет у слове

Частка ІI. Свае – чужыя
 

Панятак свой-чужы ўзнік даўно, калі людзі яшчэ хадзілі ў звярыных скурах, біліся за ваду, за лепшую лясную дзялку на паляванні, за жанчын і да т. п. І ў час цывілізацыі, усталёўваючы межы, ствараючы не без гвалту свае дзяржавы, прадстаўнікі розных этнасаў давалі суседзям не самыя лепшыя найменні, якія ў лінгвістыцы называюцца пеяратывамі (ад лац. pējōrāreпагаршаць). З мастацкай літаратуры і СМІ вядомыя слоўцы кшталту грынга, бош, жыд, пшэк і г. д. У Заходняй Еўропе і ЗША, дзе нацыянальныя канфлікты на сённяшні дзень зведзены да мінімуму, падобныя прыніжальныя назвы народаў пазначыныя ў слоўніках як састарэлыя. Яно і не дзіва. Напрыклад, колішнія спрадвечныя ворагі – Нямеччына і Францыя – пішуць зараз сумесныя падручнікі па гісторыі для школьнікаў. Там словы бош ці жабаед сапраўды састарэлі.

Наша ўсходняя суседка, якая публічна заявіла, што вяртаецца ў геапалітыку XVIII стагоддзя, зноў дала імпульс для рэанімацыі здзеклівых мянушак сваім слабейшым і бяднейшым на прыродныя рэсурсы суседзям, сярод якіх жыве шмат расейцаў, якія паводле дактрыны “Русского міра” ёсць носьбітамі асобнай цывілізацыі. І зноў ажылі некалі пазначаныя архаізмамі словы  жиды, пшеки, ляхи, кержаки, рагули, тиблы, чухонцы (узгадайце ў А. Пушкіна ў «Медным вершніку»: “приют убогого чухонца…”), раски, хачики, абреки, азерики, душманы, чурки, хохлы, лабусы, бульбаши и г. д.

Так, у сучасным расейскім слоўніку беларус ужо не “літвін”, які “слізкі, як лінь” і “нават мёртвы будзе дзекаць” (гл. эпіграф да 1-й часткі тэксту), а бульбаш, з якога можна беспакарана кпіць: “Бульба е, балота радам, дров нарубими парадак...” Гэта – слоўнікавы артыкул. Назва выдання – «Словарь народной фразеологии “Жгучий глагол”». Складальнік – Б. В. Кузьміч, ілюстрацыі А. Більжо, г. Люберцы, 2000 г., тыраж 5000 экз., с. 20. Тлумачэнні: “Передразнивание белорусской речи, характерного говора “бульбашей”, “О гастрономических пристрастиях и говоре белорусов”. Некаторым смешна. Мне – не. Я яшчэ не перакрочыў у постнацыянальную эпоху. І чаму гэта ўсе павінны гаварыць на расейскай мове без акцэнту?

У нас мала хто ведае, што апелятыў жыд набыў адмоўнае значэнне на нашых землях толькі праз расейскі антысэмітызм. Да ІІ і ІІІ падзелаў Рэчы Паспалітай (Поўная назва Rzeczpospolita Obojga Narodów, ці Рэспубліка абодвух народаў), калі “нашыя” часткі ВКЛ і “Рэспублікі абодвух народаў” не належалі да Расіі, на іх тэрыторыі ўжываўся апелятыў жыды ў нейтральным значэнні, як ва ўсёй Еўропе: Żydzi (польск.), Juden (ням.), juifs (фр.), jews (англ.) і г. д. Пасля падзелаў гэтае слова пачало паступова ўспрымацца праз моўныя паводзіны прышлых расійскіх грамадзян і ў нас як абразлівае. У першыя гады існавання БССР рабілася спроба вярнуцца да еўрапейскай традыцыйнай назвы жыды, аднак савецкая ўлада не захацела развітацца з традыцыямі расійскага антысэмітызму.

Наколькі я памятаю з маленства, у нас у вёсцы з суседзяў-небеларусаў маглі толькі пакпіць, зрэдку з лёгкім негатыўным падтэкстам. Мая маці, асудзіўшы маё сяброўства з хлопчыкам, які лазіў у чужыя гароды, курыў ці яшчэ рабіў што дурное, магла сказаць: “Ну ты і драўгу сабе знайшоў!”. Хлопец неабавязкова павінны быў мець літоўскае паходжанне. Карла Бруквін, наш недалёкі сусед, зрэдку гаварыў са сваімі сямейнікамі на людзях па-латыску. Сусед, усміхнуўшыся, мог сказаць: “Па-вашаму лёгка гаварыць: вазьмі гарачую бульбіну ў рот і загялдэчыш па-латыску!”. “Твой сачас – як Хаймаў зараз” – ты не спяшаешся абяцанае зрабіць, усе нешта маракуеш-маракуеш, каб важнасці напусціць.

Пра яўрэяў расказвалі вясёлыя нязлыя гісторыі, дзе яны нібыта праз сваю хітрасць – заўсёды аказваліся ў незайздросным становішчы. Адна з такіх гісторый называлася «Як мужык з яўрэем мяхамі біліся». Я асабіста чуў, як гэтую гісторыю расказваў “наш жыд” – гандляр з Шандзялоў. Яна такая:

Хайм з мужыком дзялілі, каму які мех несці. Хайм схапіў лягчэйшы. Па дарозе пасварыліся і пачалі мяхамі біцца. У мужыка ў мяху быў цяжкі прас і яшчэ нешта, а ў Хаймавым мяху – трошкі хмелю. Вось Хайм і будзе гаварыць: “А ў маім мяшку было трохі хмелю ў ражку. Дык я па мужыку як упяру! – дык ён і пабег, як сабака. А ён па мне бац! – дык я і ляжу, як той пан”.

І на чужы Святы́ не кідай у ніты́
 

У гэты падзагаловак я вынес нашу мясцовую прымаўку, якую вымаўлялі як рыфмаванку з націскамі на апошніх складах у словах Святы і ніты. Святы значыла тут святая асоба. На Святы́ значыла: на Мікола, на Юр’я, на Язэп. Менавіта так, не скланяючы. З нітамі складаней. Гэта – народнае тэрміналагічнае словазлучэнне. Калі навівалі кросны, то частка працэсу называлася кідаць у ніты – злучаць ніткі петляў у кроснах для падымання асновы – па чатыры, па 12, а то і па 16. Тады казалі: ткаць у 4, у 12, у 16 нітоў. У 16 нітоў магла ткаць не кожная ткалля. Гэта ўжо было нешта накшталт стварэння шэдэўру, які рабіў вучань у сярэдневечным цэху рамеснікаў, каб атрымаць тытул майстра.

Кіданне ў ніты было самай складанай і карпатлівай справай, і рабіць гэта не было прынята на крывыя вечары (рэд. калядныя вечары – з 8 па 13 студзеня) і святы – дзіця народзіцца з крывой шыяй, пры ацёле цяля можа легчы папярок, трутні з'ядуць матку ці яшчэ што горшае. Думалі не толькі пра свае святы, але і пра суседскія. Тут да звычак, перанятых яшчэ з паганства, прымешвалася вельмі прыгожая этыка суседства. Такое стаўленне склалася ў нашай здаўна шматэтнічнай і шматканфесійнай мясцовасці, якая знаходзілася ў полі “полацкага прыцягнення”. Цяпер гэта назвалі б канфесійнай талерантнасцю.

Суседзі дакладна ведалі, хто што і калі святкуе. Каталік Жахоўскі мог прынесці на свой Вялікдзень праваслаўнаму Марозу на пачастунак кавалак свайго “свянцонага” пірага, а невядома якога вызнання Фрыдрых не грэбаваў пачаставацца мацой ад Шмэркі Шандзялоўскага. На вялікае суседава свята стараліся не рабіць надта шумную працу, стукаць, грукаць, распачынаць вялікае мыццё, развешваць сушыць бялізну, паліць дымныя кастры.

Калі хто-небудзь з праваслаўных, каталікоў ці яўрэяў у свой пост весела бавіў час, тутэшыя без асаблівага здзеку маглі заўважыць, што ён “яшчэ спраўляе нямецкую масленіцу” (на нямецкіх карнавалах гудзе ўся ваколіца). Да напісання гэтых нататкаў я не задумваўся, адкуль мае землякі, якія жылі кіламетраў за 30 ад Полацку, ведалі нешта пра карнавал у якім-небудзь нямецкім Кёльне. Калі ж узгадаю, што акрамя праваслаўных Марозаў, Любчыкаў, Рэўтаў, каталікоў Жахоўскіх, Шпілецкіх, Барманскіх, Садоўскіх, яўрэяў Шэндэльсаў, Шандзялоўскіх і Бахарэвічаў у нашай Будзькаўшчыне і навакольных хутарах жылі Адольф Падзява, Карл Бруквін, Якаў Фрыдрых (родны брат маёй маці), Альфрэд Шнітка, то ўсё нібыта становіцца на свае месцы. Больш за ўсё мяне ўражвае, што ўсе буцькаўцы – ў тым ліку і з “нянаскімі” прозвішчамі – размаўлялі чысцюсенька на нашай гаворцы, пэўна на 99 адсоткаў такой, як, напрыклад, у Рыгора Барадуліна.

Поўнае даўнае пагружэнне Фрыдрыхаў, Бруквінаў, Падзяваў і Шніткаў з іншага этнасу ў беларускі моўны свет – для мяне асабіста вельмі выразнае сведчанне стану культурна-антрапалагічных і сацыяльна-палітычных працэсаў, якія працякалі ў нашым краі ў часы Полацкага княства, дамоваў з Ганзай і Гоцкім берагам, ВКЛ, вялікіх маскоўскіх руінаў, шведскіх і напалеонаўскіх прыходаў.

 

Пётра САДОЎСКІ

Чытаць Частку ІІІ>>