Ужо 40 гадоў на базе раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці дзейнічае літаратурнае аб`яднанне «Верасок», удзельнікамі якога з`яўляюцца юныя паэты Ганцаўшчыны.
А бярэ свой пачатак гэтае аб`яднанне ў далёкім 1978 годзе. Першым кіраўніком аб`яднання была Паляшчук Вера Уладзіміраўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Востраўскай сярэдняй школы, выдатнік народнай адукацыі БССР, заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь,чалавек, прасякнуты любоўю да сваёй Радзімы, Бацькаўшчыны, якая пісала вершы і аб`яднала вакол сябе прыхільнікаў паэзіі. Дзякуючы Веры Уладзіміраўне Паляшчук літаратурнае аб`яднанне «Верасок» Ганцавіцкага раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці ў 1996 годзе атрымала ганаровае званне «Узорны». На жаль, Веры Уладзіміраўны ў 2006 годзе не стала, але яе «Верасок» жыве і сёння. Фото: Анатоль Ціхан Пэўна, няма чалавека, у сэрцы якога хтосьці не пакінуў бы добры след. Мне ў жыцці пашчасціла сустрэцца з Верай Уладзіміраўнай Паляшчук у той далёкі 1986 год на раённым пасяджэнні настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры. І з гэтага года мы сустракаліся вельмі часта. Чым уразіла пры першай сустрэчы Вера Уладзіміраўна? А тым, што пасля заканчэння пасяджэння яна адразу склала цудоўны верш пра нашу сустрэчу. Пасля Вера Уладзіміраўна прысвяціла верш нам, сваім калегам, настаўнікам роднай мовы. Радкі якога я помню і зараз:
Даверам Вашым даражу,
Спагадай Вашай і пяшчотай.
Я з гэтым усім даўно жыву,
Дзялюся радасцю і самотай.
Жыццё маё на існаванне
Без Вас падобнае было б.
Нібы агеньчык у тумане,
Я бачу Вашае святло
Ёсць людзі, пра якіх кажуць: «Таленавіты чалавек». Дык вось пра Веру Уладзіміраўну так сказаць мала. Яна не проста таленавіты чалавек. Гэта настаўнік-прафесіянал, які свой талент і любоў да роднай мовы перадавала сваім вучням і выгадавала не адно пакаленне настаўнікаў роднай мовы і літаратуры. А сваім паэтычным словам Вера Уладзіміраўна захапіла юных паэтаў, стварыўшы ў тым далёкім 1978 годзе літаратурнае аб`яднанне «Верасок», якое жыве і сёння. Таму пратаптанай ёю ў паэзію сцяжынкай ёсць каму ісці і сёння. Насенне, якое яна пасеяла, прарастае. Дык якая ж яна, Вера Уладзіміраўна Паляшчук? Настаўнік ад бога, паэтка-рамантык, вершы якой, акрыленыя чысцінёй і мудрасцю, жывуць і будуць жыць у сэрцах яе вучняў і людзей, у якіх Вера Уладзіміраўна пакінула добры след. Работа літаратурнага аб`яднання не абмяжоўваецца толькі напісаннем вершаў. Яны ўдзельнічаюць у розных паэтычных конкурсах раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў, сустракаюцца з пісьменнікамі, прымаюць удзел у мерапрыемствах, што ладзяцца ў раёне. Вераскоўцамі сабраны багаты матэрыял аб Веры Уладзіміраўне Паляшчук і жыццёвым і творчым шляху літаратараў Ганцаўшчыны. Акрамя гэтага, удзельнікі літаратурнага аб`яднання «Верасок» двойчы былі героямі Брэсцкай абласной праграмы «Край» з Міколам Пракаповічам. Штогод вераскоўцы выдаюць зборнік сваіх вершаў, тэматыка якіх разнастайная. Кожны радок вершаў прасякнуты чыстымі пачуццямі. Чытаючы вершы «вераскоўцаў», захапляешся іх мілагучнасцю. Таму што рабяты ўкладваюць у верш часцінку сябе, сваёй душы. Многія вершы вераскоўцаў пакладзены на музыку і гэтыя цудоўныя песні ўжо неаднойчы гучалі на раённых святах і вечарынах. Яны перыядычна друкуюцца ў раённай i абласной газетах, часопісах «Вясёлка» і «Маладосць». Вераскоўцы, здавалася б, нічым не адрозніваюцца ад іншых школьнікаў, але праз свае вершы яны адлюстроўваюць любоў да малой радзімы.
І зусім не важна, што сярод некалькіх пакаленняў гурткоўцаў няма прафесійных паэтаў. Затое ёсць настаўнікі і проста добрыя людзі, якія любяць сваю радзіму, свой родны дом, сваіх родных і школу. І гэта самае галоўнае.
Валянціна Мурашка, педагог дадатковай адукацыi ДУА «Ганцавцкi раённы цэнтр дзiцячай i юнацкай творчасцi»
Вашай увазе падборка вершаў юных паэтаў Ганцаўшчыны:
Ганцавічы
Прыгожы горад у Беларусі,
Люблю яго, ім ганаруся.
Тут школа родная, сям`я,
Матуля, бацька, сябры, я.
Тут светла сэрцу і чароўна.
Любоў узнікла не раптоўна.
Тут нарадзіліся бацькі.
Праходзяць тут мае дзянькі.
Тут можна бегаць і смяяцца,
Прыгожай прыродай захапляцца.
Мне даражэй няма на свеце
Усяго, што звязана з табой,
Горад Ганцавічы мой!
Анастасія Шапялевіч,
ДУА «Гімназія г. Ганцавічы»
Мой горад
Мой горад – душа мая.
Мой горад – сляза мая.
Мой горад – любоў мая.
Ганцавічы – калыска мая.
Мой горад невялічкі і прыгожы,
А па ўзросце надта ж малады.
Шумяць на вуліцах бярозы,
Варкуюць дружна галубы.
Мой горад ціхі і гасцінны,
Тут добра і ўтульна жыць,
Праводзіць вольныя часіны,
З сябрамі пець і гаманіць.
Мой горад заўжды цябе прыме,
Пяшчотай, цяплом ахіне.
Ты ў горадзе будзеш шчаслівы,
Тут поспех цябе не міне.
Мой горад любіць толькі трэба
Усім сэрцам і шчырай душой.
Тут блакітнейшым бачыцца неба
І раніцы пахнуць расой.
Канановіч Паліна,
ДУА”Сярэдняя школа № 2 г. Ганцавічы”
Мой родны куток
Там, дзе над горадам бусел лятае,
Там, дзе шуміць паўнаводная Цна,
Раніцай сонейка ўсіх нас вітае,
Тут мае дзяды жылі здаўна.
Ганцавічы – куточак родны мой,
Мясціны лепш няма другой!
Шапялевіч Лізавета,
ДУА «Гімназія г. Ганцавічы»
***
Мая маленькая радзіма
Ты ў сэрцы будзеш назаўжды,
Ганцаўшчына мая любіма,
Жыві, жыві, жыві…
Жыві, квітней і маладзей
І з кожным годам прыгажэй.
Хай свеціць сонца над табой,
Мой родны горад — мой герой!
Наумік Лізавета,
ДУА «Хатыніцкая СШ»
Мой горад
Я ад дзядоў сваіх пачуў,
Якія тут жылі здаўна,
Што ў Беларусі шмат рачулак,
А ў нас цячэ сястра іх – Цна.
Вакол яе былі балоты,
Па ўскрайку іх раслі лясы.
Жылося добра тут чароту,
Вусатаму, бы каласы.
Аднойчы ранняю вясною
Ляцелі з выраю буслы.
Яны размову між сабою
Аб тым, дзе жыць, даўно вялі.
Паспалі крыху, усталі зранку
І прыняліся разважаць,
Што можна тут зрабіць буслянку,
Каб сваіх дзетак гадаваць.
Пазней жыць сталі ля іх людзі,
Дзяцей люляючы ўначы.
І з таго часу сонца будзіць
Наш любы горад–Ганцавічы.
Зажэка Мацвей,
ДУА «Сярэдняя школа №1 г.Ганцавічы»
Герб города Ганцевичи
Два серебристых журавля,
Парящие в высоком небе, —
Чудесный символ. Для меня –
в нём весь наш край в раздольном беге.
По воле русского царя
Лёг путь железный сквозь болота.
И город встал. Взошла заря,
Распахивая в мир ворота.
Бросая в будущее взгляд,
В дали туманной вижу я
Зелёный царственный наряд
Лесов твоих, моя земля.
Пусть птичьи голоса звенят,
Родная милая земля!
Пусть вечно над тобой летят
Два серебристых журавля!
Черняева Анна,
ГУО «Средняя школа № 2 г. Ганцевичи»
***
Свой горад я вельмі люблю,
Даражэй яго няма на свеце.
Няхай квітнее і расце
Самы лепшы горад на планеце!
Сенюковіч Марына,
ДУА «Сярэдняя школа №3 г. Ганцавічы»
***
Кожнага з нас вядзе дарога
У нязведаны далёкі край.
Ды не забудзь свайго парога,
Хоць на чужыне будзе рай.
Сенюковіч Марына,
ДУА «Сярэдняя школа №3 г. Ганцавічы»
Фота: Анатоль Ціхан