Тамара Мацкевіч, ТБШ
28.12.2018
Таварыства беларускай школы было адной з 46 арганізацый, якую запрасілі на форум “Мedialiteracy360º”. Гэтае двухдзённае мерапрыемства сабрала ў Братыславе 150 журналістаў, настаўнікаў, прадпрымальнікаў, актывістаў грамадзянскай супольнасці, а таксама прадстаўнікоў міжнародных арганізацый з 22 краін.
На працягу двух дзён мы дзяліліся сваім досведам у фармаванні медыяпісьменнасці, абмяркоўвалі выклікі, якія стаяць перад кожнай з краінаў і намі ўсімі, разбуралі стэрэатыпы і наладжвалі кантакты.
5 ключавых пытанняў для дэкадавання медыятэкстаў
Тут я апішу толькі некалькі ідэй, якімі можна скарыстацца.
Будзем рабіць печу-кучу?
Печа-куча – гэта адзін з фарматаў не-канферэнцыі, які прыдумалі японцы. Удзельнікі рыхтуюць па 20 слайдаў, кожны з якіх паказваецца на экране 20 секунд. Такім чынам, выступоўца мае толькі 6 хвілін 40 секунд, каб данесці сваю ідэю да аўдыторыі. Пасля печы-кучы даецца час на пытанні і адказы і абмеркаванне ў кулуарах за кавай і гарбатай.
Арганізатары і ўдзельнікі EdCamp Belarus ужо пераканаліся, што не-канферэнцыя – гэта найлепшы фармат для абмену досведам. Магчыма, наступны EdCamp варта паспрабаваць аздобіць і печа-кучай. Прынамсі пасля печы-кучы 150 удзельнікаў ведалі ў твар тых, з кім хацелі б пазнаёміцца бліжэй і навязаць кантакты.
ТБШ пяты год працуе з настаўнікамі-медыяадукатарамі. Але нашая канчатковая мэта – адукаваная моладзь і адукаванае грамадства. Таму падчас Форуму беларускія ўдзельнікі збіралі ўсе ідэі, якімі можна скарыстацца.
Ідэі для медыяадукацыі падлеткаў
- Навучанне праз фан (забаву).
Украінка Марына Дораш, вядомая беларусам як стваральніца MOOC "Медыядрайвер", распавяла гісторыю, як яна вучыла свайго сябра адказным паводзінам у інтэрнэце. Спачатку яна яму тлумачыла пра фэйкі, прапаганду і небяспеку перапостаў неправеранай інфармацыі. Але сябар, не звязаны са СМІ і адукацыяй, расцэньваў гэта як прафесійныя “забабоны” і паводзіў сябе па-ранейшаму: выкладаў прыватныя дадзеныя ў сеткі, перапошчваў фэйкі і распаўсюджваў інфармацыйнае смецце. Не далі вынікаў і лісты, індывідуальныя міні-трэнінгі пры сяброўскіх сустрэчах, адсылка да анлайн-навучання.
Потым Марына выпадкова натрапіла на песню Майкла Джэксана "Tabloid Junkie", дзе той спяваў, як ён пакутуе ад залішняй увагі і розных прыдуманых жоўтай прэсай “фактаў” ягонага жыцця. І аказалася, што для сябра Марыны (фаната спевака) Майкл Джэксан - найлепшы медыяпедагог!
Просты мэсадж, прыцягальная форма, публічнасць і персанальная вядомасць, эмоцыі, рэфрэн, шырокі распаўсюд робяць Майкла Джэксана найлепшым медыяпедагогам.
“У 90-х гадах, калі жоўтая прэса актыўна распаўсюджвала пра Майкла розную хлусню - у прыватнасці аб педафіліі - тэрміна "фэйк ньюз" яшчэ не было, аднак сама з'ява, вядома, была, - распавядае Марына Дораш, - таму спявак выказваў сваё стаўленне да такой прэсы праз творчасць. У яго ёсць некалькі песень пра медыя, напрыклад, Tabloid Junkie (1995), Privacy (2001). Прыпеў песні Tabloid Junkie - гэта проста гатовы мэсыдж для медыяпісьменнасці:
"Just because you read it in a magazine
Or see it on the TV screen
Do not make it factual"
і, уласна, добры прыклад таго, як адукацыйны мэсадж можна загарнуць у забаўляльны фармат, каб ён дасягнуў шырокай аўдыторыі і мог матываваць на далейшае ўдасканаленне. Таму, на маю думку, супрацоўніцтва педагогаў і забаўляльнай індустрыі можа даць добры плён!”
Магчыма, што edutainment – навучанне праз забаву – тое, што нам трэба!
2. Навучанне праз сацыяльныя сеткі.
Моладзь, асабліва новае лічбавае пакаленне, вельмі прагматычная, яна не будзе марнаваць шмат часу на непатрэбныя рэчы.
Малдаване стварылі для падлеткаў адмысловы навучальны YouTube канал “Акадэмія Рокіт” – акадэмія лічбавых навыкаў. Там яны рэгулярна змяшчаюць карысныя відэа. Вось некаторыя з іх: "Як зарабіць грошы на SMM", "Як лепш вывучыць англійскую мову", "Як шукаць інфармацыю праз Google", "Як зрабіць брэндынг свайго відэаблога", "Якое абсталяванне лепш набыць для вядзення блога", "Як хутка зрабіць застаўку для YouTube", "Х прычын, чаму трэба мець акаунт у тэлеграм" і т.п.
Падобных ролікаў у інтэрнэце шмат. “Акадэмію Рокіт” адрознівае румынская мова, да якой у падлеткаў большы давер, і дадаванне медыяадукацыйных “фішак” у лайфхакі.
Некаторыя настаўнікі выкарыстоўваюць інстаграм: вучні выконваюць праекты - ствараюць медыяадукацыйныя “сторыз”.
3. Далучаем да адукацыі куміраў
Цікавы спосаб дастукацца да цінэйджэраў вынайшлі славакі. Для гэтага да медыяадукацыі былі далучаны моладзевыя куміры. Медыяпедагогі дамовіліся з двума самымі папулярнымі ў краіне відэаблогерамі, якія мелі сотні тысяч падпісчыкаў. Блогеры прыдумалі, што яны распавядуць сваім аўдыторыям фэйкавую навіну, нібыта яны паміж сабой пасварыліся.
Цэлы тыдзень доўжыўся спектакль: блогеры палівалі адзін аднаго брудам, распавядалі ўсякія небыліцы. Жарсці кіпелі, шмат прыхільнікаў паверылі фэйкам пра сваіх куміраў (хаця іх лёгка было праверыць), пачалі адпісвацца ад іх каналаў, паднялі хайп у сетках. Нарэшце, блогеры зрабілі агульную перадачу, дзе распавялі пра свой эксперымент і далі рэкамендацыі, як пазбегнуць такой сітуацыі надалей.
4. Навучанне праз гульню
Гейміфікацыя – вядомы спосаб навучання. Шмат навучальных квізаў, трэнажораў зрабілі беларускія настаўнікі. Нам паказалі гульню The News Hero, запушчаную як вірусны кантэнт у сацыяльныя медыя.
https://apps.facebook.com/thenewshero
Гульня мае 3 узроўні факт-чэкінгу. Прычым правяраюцца як тэксты, так і фота. Шкада, мова толькі англійская.
5. Майстар-клас
Цікавы майстар-клас правялі ўніверсітэцкія выкладчыкі з Амерыкі і Грэцыі. З дапамогай сайту http://clonezone.link/ref?=producthunt групы стваралі па некалькі фэйкавых і некалькі праўдзівых навінаў. А потым усе астатнія павінны былі здагадацца, дзе праўда, а дзе фэйк. Атрымалася вельмі цікава, калі беларускую навіну пра падатак на дармаедаў усе палічылі за фэйк.
Ніводная краіна не магла ўявіць, што дзяржава, якая не можа забяспечыць стварэнне працоўных месцаў, замест дапамогі беспрацоўным арганізуе на іх паляванне і фінансавы ціск.
Старыя галасуюць, але не ў нас.
У Маладове, Чэхіі, Украіне акцэнт робяць не толькі на моладзь, але і на старэйшых людзей. У гэтых краінах баяцца страціць тое добрае, што ўдалося адрадзіць пры дэмакратыі. Старэйшыя людзі яшчэ глядзяць тэлевізар, маюць савецкія стэрэатыпы, таму стаюць лёгкай здабычай прапагандыстаў. І пакуль медыяадукаваная моладзь стане выбаршчыкамі, старыя могуць прагаласаваць за папуліста з аўтакратычнымі замашкамі і выбары могуць стаць апошнімі, як гэта здарылася ў Беларусі. Таму для адукацыі пенсіянераў вынаходзяць розныя метады: арганізуюць заняткі па распазнаванні прапаганды ва ўніверсітэтах трэцяга веку, праводзяць лекцыі і трэнінгі проста ў паштовых аддзяленнях у дзень выплаты пенсій.
Напрыканцы вынік адной апытанкі.
Яна паказвае, што выклікі у інфармацыйным свеце – глабальныя. І ўсе краіны сутыкаюцца з падобнымі праблемамі.
Паўсюль праблемы недастатковай медыяпісьменнасці грамадства звязваюць з дзяржаўнымі органамі і адукацыяй. Дзяржава не цікавіцца ці не паспявае хутка рэагаваць на праблемы, а крызіс адукацыі назіраецца паўсюдна.