Прафесар Марыя Палінскі пра перавагі білінгвізму для кагнітыўнага развіцця

Публікуем пераклад лекцыі Марыі Палінскі, прафесара лінгвістыкі з Гарвардскага ўніверстітэта, прысвечанай пытанням дзвюхмоўнага навучання і перавагам людзей-білінгваў.

 

 

Перавагі білінгвізму для кагнітыўнага развіцця

 

Чытаць арыгінал тут>>

Што добрага ў тым, каб быць білінгвам? Чым валоданне трыма мовамі лепш за валоданне дзвюма? Якія негатыўныя наступствы чакаюць тых, хто расце ў дзвюхмоўным асяроддзі? Прафесар лінгвістыкі з Гарвардскага ўніверстітэта Марыя Палінскі тлумачыць, што чакае дзяцей-білінгваў.

Агульнапрынята лічыць, што кожны чалавек добра валодае адной мовай. Такое меркаванне паходзіць з вялікіх краін з іх “вялікімі” даміноўнымі мовамі: ангельская ў ЗША, руская ў Расіі, кітайская або мандарынская (рэд. - паўночнакитайская) ў Кітаі. У такой дзяржаве кожны павінен авалодаць вялікай мовай, каб не выпасці з навакольнага жыцця. Але прыгледзеўшыся да гісторыі чалавецтва, мы бачым, што людзі найчасцей карысталіся дзвюма і больш мовамі. Ведаючы гэта, можна прыйсці да думкі, што выпадкі маналінгвізму – калі чалавек валодае толькі адной мовай і паўсюдна карыстаецца ёй – ёсць хутчэй выключэннем, чым нормай. Адпаведна, сацыялогія і лінгвістыка з іх сучаснымі падыходамі разглядаюць выключныя сітуацыі моналінгвізму і прымаюць іх за норму.

Даследаванні апошніх гадоў паказалі, што білінгвы часта перасягаюць маналінгваў у кагнітыўным плане. Прывядзем два прыклады. Адзін з іх звязаны з нядаўнім даследаваннем, праведзеным у штаце Флорыда, ЗША. Флорыда вядомая ўсім як штат, дзе 70 год – выдатны ўзрост і людзей сталага веку сапраўды шмат. Многія з іх жывуць у дамах-інтэрнатах для састарэлых ці карыстаюцца дапамогай сядзелак. Даследаванне праходзіла у адным з дамоў састарэлых, дзе амаль 800 яго жыхароў прайшлі абследаванні і адказалі, хто з іх вырас у шматмоўным асяроддзі. Даследчыкі прыйшлі да высновы, што верагоднасць узнікнення хваробы Альцгеймера ў тых, хто з дзяцінства валодаў некалькімі мовамі, у пяць разоў меншая ў параўнанні з маналінгвамі. Такім чынам, білінгвам быць зусім няблага, асабліва цяпер, калі людзі сталі жыць даўжэй.

Другі прыклад звяртае нас да іншай сферы жыцця і звязаны з вывучэннем надзвычай адораных дзяцей. Даследаванне, пра якое пойдзе гаворка, праводзілася некалькі год таму ў Трыесце – італьянскім горадзе на мяжы са Славеніяй. Вядома, у Трыесце жыве шмат італьянцаў і шмат славенцаў і ёсць шмат змешаных сямей. Вучоныя ацэньвалі ўплыў білінгвізму на прыкладзе мясцовых дзяцей сямімесячнага ўзросту. Для гэтага яны вылучылі тры групы дзяцей: італамоўныя дзеці, славенамоўныя дзеці і дзеці змешаных сем’яў. Падчас эксперыментаў дзецям паказвалі нумар з марыянеткай, і ў пэўны момант мянялі месца дзеяння, перасунуўшы яе ў бок. Звычайна калі сямімесячныя дзеці ўстойліва назіраюць за дзеяннем і яго месца раптам змяняецца, яны не заўважаюць змены адразу – толькі праз нейкі час. Эксперымент паказаў, што італьянскія і славенскія дзеці прызвычайваліся да таго, што дзеянне адбываецца справа, а калі лялька ўзнікала ў левай частцы сцэны, яны па-ранейшаму глядзелі ўправа, быццам нічога не змянілася. Пры гэтым дзеці-білінгвы са змешаных сем’яў хутка паварочвалі галоўкі і заўважалі, што лялька ў іншым баку. Зноў жа, пры роўнасці іншых фактараў відавочна, што апошнія дзеці мелі пэўную перавагу. Гэта толькі пара прыкладаў, якія сведчаць аб тым, што людзі-носьбіты дзвюх і больш моў сапраўды паказваюць лепшыя здольнасці, асабліва калі яны засвойваюць мовы з нараджэння або ў першыя пяць гадоў жыцця. Гэта не значыць, што калі вы пачалі вывучаць новую мову ў 51, карысць будзе мінімальнай. Аднак калі вы нарадзіліся і раслі ў асяроддзі, дзе размаўляюць на некалькіх мовах, можаце разлічваць на пэўныя бонусы.

Тут паўстае пытанне: Чаму? Я падкажу вам адну з гіпотэз, якую шырока распрацоўваюць даследчыкі з розных галін навукі. Паводле гэтай думкі, валоданне мовамі звязана з так званым кантролем выканаўчых функцый (англ. executive control) – той часткай пазнання, якая адказвае за ўвагу і сістэматызацыю задач.

Напрыклад, калі вы кіруеце аўтамабілем, шмат вашай энергіі і рэсурсаў памяці сыходзіць на задачы сачыць за дарогай і не зважаць на тое, што адбываецца навокал. Менавіта таму ў нас не ўзнікае жадання напісаць каму-небудзь паведамленне, калі мы за стырном – гэта адцягнула б нашу ўвагу ад дарогі. Арганізм выдаткоўвае шмат сіл, каб ігнараваць тое, што не звязана з задачамі кіроўцы. Таксама і з мовамі: калі ваш мозг засвоіў дзве ці больш моў, падчас карыстання адной з іх нямала энергіі і рэсурсаў вам неабходна траціць на “прыгнятанне” іншай мовы, заўжды прысутнай у вашай свядомасці. Адпаведна, менавіта таму што білінгвам найчасцей даводзіцца “ігнараваць” адну з моў, у іх найлепш развіваецца кантроль выканаўчых функцый.

Безумоўна, білінгвізм і маналінгвізм можна разглядаць з улікам самых розных аспектаў. Ведаючы пра некаторыя перавагі білінгваў у кагнітыўным плане, у нас узнікае безліч пытанняў. Адно з іх: ці не лепш авалодаць не дзвюма, а адразу трыма мовамі? На сённяшні дзень даследчыкі не знайшлі пераваг трохмоўнасці ў параўнанні з дзвюхмоўнасцю. Іншае пытанне ў тым, ці варта вывучаць дзве мовы паслядоўна ці паралельна. Акрамя таго, бацькоў, якія гадуюць дзяцей у змешаным моўным асяроддзі, звычайна непакоіць, што слоўнікавы запас білінгваў значна бяднейшы, чым у аднамоўных дзяцей. І гэта слушна, таму што ў сутках усяго 18 актыўных гадзін. Уявіце сабе, што першыя 9 з іх чалавек чуе адну мову, а другія 9 – другую. Вядома, на кожнай з моў ён засвойвае толькі палову таго аб’ёму інфармацыі, які атрымліваюць маналінгвы.

Да пяцігадовага ўзросту мы сапраўды адзначаем у дзяцей-білінгваў бяднейшы слоўнікавы запас на кожнай з моў, але паступова гэтая розніца кампенсуецца. Таму тут няма падстаў для хвалявання - гэта ўсяго толькі кароткатэрміновы эфект. Што датычыцца парадку асваення моў, даследчыкі не знаходзяць сур’ёзных аргументаў за паслядоўнае або адначасовае вывучэнне: у адных заданнях адны білінгвы саступаюць другім, у іншых – перасягаюць іх. Таму цяжка сказаць, ці лепш вучыць мовы паралельна або спачатку адну, потым другую.

Нарэшце, людзей хвалюе пытанне ролі пісьменнасці ў сітуацыях дзвюх- і шматмоўя: навошта вывучаць мову, якая не мае пісьма. Напрыклад, носьбіты мовы Хмонг, якія жывуць у ЗША (у штаце Мінесота жыве вялікая супольнасць хмонгаў) часта грэбуюць уласнай мовай, бо не бачаць перспектыў яе выкарыстання – на мове Хмонг не напісана вялікай літаратуры, у той час як на англійскай можна знайсці што заўгодна ад Шэкспіра да Таранціна. Аднак важна разумець, што пісьмо - гэта ўсяго толькі другасная функцыя мовы. Мільёны людзей з высокім узроўнем кагнітыўнага развіцця і багатымі ведамі размаўляюць на мовах з выключна вуснай традыцыяй.

Наяўнасць або адсутнасць пісьменнасці не павінны быць базавым аргументам за ці супраць таго, каб выхоўваць на ёй дзіця. Важней звярнуць увагу на іншы негатыўны фактар білінгвізму, а менавіта – непрапарцыянальнае выкарыстанне адной з моў. Калі носьбіт практыкуе адну з моў значна часцей за другую, паступова фарміруецца сітуацыя “прыпадабнення” слабейшай мовы да мацнейшай. Гэта і розніца ў лексічным запасе застаюцца асноўнымі фактарамі, якія трэба ўлічваць.

Яшчэ адно пытанне выхавання дзвюхмоўных дзяцей у тым, на якой мове гаворыць кожны з бацькоў. Напрыклад, калі дзіця расце ў змешанай сям’і, дзе маці гаворыць на мове X, а бацька на мове Y, ці варта ім абодвум карыстацца адной мовай або лепш жыць па прынцыпе “у кожнага з бацькоў свая мова”? Насамрэч абедзве мадэлі вельмі цяжка, бадай немагчыма ажыццявіць. Дакладна можна сказаць, што трэба імкнуцца як мага часцей практыкаваць мовы.

Але як быць у сітуацыях, калі адной з моў карыстаюцца ў сям’і, а іншай – у грамадскім жыцці. І зноў жа, адзіны сродак захавання дзвюхмоўя гэта паглыбленне. На сённяшні дзень існуе безліч дробных моў, якія паступова страчваюць носьбітаў і знікаюць. Прычына гэтага – устойлівы ціск з боку грамадства, значна мацнейшы за любы сямейны ўплыў. У такім выпадку адзінае выйсце для сям’і ў тым, каб яшчэ больш паглыбіцца ў роднае моўнае асяроддзе – напрыклад, часцей падарожнічаць ў краіну, дзе ваша мова базавая. Ёсць выдатнае даследаванне Х. Халмары, прысвечанае носьбітам фінскай мовы ў Злучаных Штатах. Х. Халмары адзначае, што фіны, якія выраслі ў ЗША і карысталіся роднай мовай дома, але бывалі ў Фінляндыі штогод, валодалі фінскай мовай значна лепш, чым тыя, для каго фінская была выключна хатняй мовай. Такім чынам, паглыбленне – гэта асноўны фактар падтрымання білінгвізму.

Мне даўно не трэба пераконваць сябе ў тым, наколькі каштоўны білінгвізм, але наша грамадства яшчэ толькі на шляху да таго, каб зразумець: дзвюхмоўе гэта нармальны лад жыцця. Забяспечваць яго не так проста. Узнікаюць эканамічныя праблемы – дзвюхмоўная адукацыя абыходзіцца даражэй. Шмат залежыць і ад краіны: параўнайце вялікую дзяржаву, дзе ўсе прызвычаіліся карыстацца ангельскай мовай і хочуць вывучаць толькі яе, з драбнейшымі краінамі, як Швейцарыя або Чэхія, дзе білінгвізм стаў абсалютнай нормай. Аднак я спадзяюся, што сучасная адукацыйная палітыка і моўныя даследаванні паспрыяюць таму, каб увесь свет паступова стаў адной вялізнай Швейцарыяй, а не суцэльнымі Злучанымі Штатамі або Расійскай Федэрацыяй.

Марыя Палінскі

Прафесар Факультэта лінгвістыкі Гарвардскага ўніверсітэта
Пераклад Nastaunik.info