Маналог школьнага псіхолага

09.01.2019

«Самае страшнае, калі ў сетках ствараюцца «анормальныя» групы, тыпу «сіняга кіта». Усачыць і зберагчы ўсіх не атрымліваецца».

Ганна (імя зменена па просьбе гераіні) па мэтавым размеркаванні трапіла на пяцігадовую адпрацоўку псіхолагам ў сярэдняй школе невялікага гарадка гродзенскай вобласці. Яна распавяла, як выглядае прафесія правінцыйнага школьнага псіхолага, чым цяперашнія дзеці адрозніваюцца ад усіх папярэдніх пакаленняў і чаму ў школе забаронена казаць пра псіхасэксуальнае развіццё.

 

Калі я сканчала 11 клас, паняцця не мела, кім хачу быць. У сёмым класе ўбачыла працу нашага школьнага псіхолага і падумала, што ніколі не выберу гэтую прафесію. Яна праводзіла з намі незразумелыя тэсты, аб выніках якіх потым ніхто не паведамляў. Псіхалагічных гутарак і кансультацый наогул не было. Але ў 11 класе аддзел адукацыі прапанаваў мне мэтавае накіраванне на псіхолага, што было гарантыяй паступлення на бюджэт, ды яшчэ і ў БДУ. Я пагадзілася. Калі вучылася ва ўніверсітэце, не задумвалася, хачу працаваць з дзецьмі ці не. Але хутка зразумела: выбару няма. Выпускнікі псіхфака патрэбныя, па сутнасці, толькі ў школе. Ужо каторы год запар запыты на выпускнікоў прыходзяць толькі са школ, каледжаў, ліцэяў. І ўсё. Больш яны нікому не патрэбныя.

 

Першы тыдзень і бюракратыя

Ўвядзення ў пасаду не было. Проста завялі ў кабінет і сказалі: «Вось твой кабінет, тэчкі, разбірайся па ходзе працы». Усё сама. Ні пра якую адаптацыі і гаворкі не было. Калі гэты артыкул чытаюць кіраўнікі школ - ніколі так не рабіце. Гэта адбіваецца на эфектыўнасці працы, таму што спачатку нічога не патлумачылі, не паказалі, як след. Парадаксальна, але нават псіхолагам на новым месцы патрэбна дапамога.

У ВНУ мяне навучылі, як праводзіць псіхадыягностыкі асобы і трэнінгі, далі агульныя асновы па псіхалагічным кансультаванні. У школе гэта працуе. Але ў ВНУ не ўлічылі аднаго: у школьнага псіхолага гара папяровай працы. Я б сказала, што яна займае адсоткаў шэсцьдзесят майго часу. Мяне не вучылі працаваць з дакументамі, пісаць заключэння, асабліва для адміністрацыі. Я чакала, што завуч, калега ці хто-небудзь яшчэ пакажа, як гэта робіцца. Але не.

Зараз самая вялікая цяжкасць у працы школьнага псіхолага - як усё паспець. У школе 300 дзяцей, ад шасці да 16 гадоў. Я адна. Ёсць адмысловая група дзяцей, з якімі вядзецца праца па асобнай праграме: адораныя дзеці, дзеці алкаголікаў і наркаманаў, з высокай рызыкай суіцыду, прыёмныя, дзеці-ізгоі, з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця. Яны патрабуюць большай увагі і часу, знаходзяцца пад асаблівым наглядам. Літаральна з кожным трэба скласці план працы, даць рэкамендацыі бацькам, педагогам, вывучыць ўсіх гэтых дзяцей ўздоўж і папярок. І запоўніць гару папер: для дырэктара, для завуча, аддзела адукацыі раённага камітэта. Для мяне праблема не ў тым, што шмат спраў, а ў тым, што нерэальна ўсё паспець. Да таго ж палова працы проста нікому не патрэбна, а робіцца для галачкі.

 

Поўны тэкст чытайце па спасылцы