Раздзел кнігі "Медыяадукацыя ў школе: фарміраванне медыяграматнасці вучняў"
1.1.6. Як медыя маніпулююць нашай свядомасцю і паводзінамі?
Маніпуляцыя — спосаб камунікацыі, мэта якога ў змене ўспрымання або паводзін кагосьці. Маніпулятары выкарыстоўваюць розныя лагічныя памылкі ў разважаннях, апускаюць частку інфармацыі, выбіраюць толькі патрэбную (як разынкі з булкі), параўноўваюць непараўнальнае або адцягваюць увагу нечым іншым. Маніпуляцыя заўсёды дзейнічае на падсвядомасць. Калі вы разумееце, што вамі маніпулююць, гэта не маніпуляцыя.
У свеце не знойдзецца чалавека, які хоць аднойчы не стаў бы ахвярай маніпулявання. Якімі разумнымі і адукаванымі мы сябе ні лічылі б, кожны ўспомніць, як не раз, не два ён набыў непатрэбны тавар, паддаўся на ўгаворы махляра, варажбіткі ці экстрасэнса, паверыў рэкламе, прапагандзе. І добра, калі можна проста забыцца на непрыемны эпізод, але часам ён даволі сур’ёзна 20 ўплывае на нашае жыццё. А каб супрацьстаяць гэтаму, паспрабуем разабрацца, як дзейнічае механізм «прамывання мазгоў»*.
Пры маніпуляванні масавай свядомасцю фізічных метадаў не выкарыстоўваюць, але найчасцей у ход ідзе псіхалагічны «трохкрокавы» механізм: адключыць логіку (знізіць крытычнасць мыслення); выклікаць страх (стварыць пагрозу); падчапіць чалавека на кручок выратавальніка (прапанаваць выхад).
Адключыць логіку. Звычайна чалавек досыць крытычна ўспрымае інфармацыю. Людзі інстынктыўна працівяцца новаму, нічога не прымаюць на веру. Мы старанна разглядаем чаравікі, якія збіраемся набыць, нюхаем ежу, перш чым пакласці яе ў рот, з падазрэннем ставімся да навін («Ды нічога такога не бывае!»). Але пры адключэнні логікі наша ratio не працуе, і мы гатовыя паверыць у што заўгодна. Чаму? Рэалістычна «наладжанага» «дарослага» ператвараюць у «даверлівае дзіця» ці зомбі. У нас «адключаюць» крытычнасць і ўсе іншыя сродкі псіхалагічнай абароны асобы. І мы пачынаем выкарыстоўваць штучна створаныя вобразы і «факты» навязанай нам сацыяльнай міфалогіі. Каб адключыць логіку, чалавека трэба або спалохаць, або здзівіць, або ўвесці ў стрэс, або зрабіць так, каб ён адчуваў сябе вінаватым, або, наадварот, увайсці ў давер, «расслабіць яму мазгі» жоўтай прэсай ці прымусіць смяяцца. Даследаванні паказалі, што спажыўцы таблоідаў, напрыклад, цікавяцца палітыкай нашмат менш, чым тыя, хто зусім не чытае прэсу. Да таго ж эфект адключэння розуму можа адбыцца ад рэзкай экспрэсіўнай прамовы без дыялогу (узгадайце токшоу ды іх «экспертаў»), ад яскравай эмацыйнай асацыяцыі (гісторыя «распятага хлопчыка»), шматразовых паўтораў (рэкламныя ролікі), падачы інфармацыі такім чынам, каб яна выклікала шмат эмоцый — ад жаху да захаплення.
Выклікаць страх. Як ператварыць рацыянальнага чалавека ў даверлівае дзіця? Стварыць пагрозу яго базавым патрэбам. Галоўнае — любым спосабам прымусіць нас баяцца. Чаго заўгодна: бяссонніцы, голаду, фашызму, пагроз дзецям. Страх гэты абсалютна ірацыянальны, але запалоханыя людзі пойдуць на ўсё. Напрыклад, дастаткова проста вымавіць «міжнародны тэрарызм» — і мы ўжо не пратэстуем, калі ў аэрапорце нас абшукваюць, прымушаюць разувацца і выварочваць кішэні; ёсць нешта, на што можна націснуць, за што зачапіць.
Кожны народ чагосьці баіцца. Народы Еўропы, напрыклад, — фашыстаў. За гэтым словам — мільёны загінулых, нянавісць да ворагаў, якія «сожгли родную хату, сгубили всю его семью», нешта страшнае. І кантэкст ужо не мае значэння. Гэты ключык адчыняе дзверы падсвядомага, актуалізуе страхі, націскае на болевыя кропкі. Асабліва гэта дзейнічае на жанчын, дзяцей, малаадукаваных людзей. Трапляюць у цэль і «мёртвыя словы». У прапагандзе гэта: «фашысты», «бамбёжкі», «хунта», «вайна», «пятая калона»; у рэкламе — «бяссонніца», «боль», «смага». У варажбіткі іншы набор: «замова на смерць», «вянок бясшлюбнасці», «радавы праклён». Чалавека нібы заганяюць у вузкую прастору, у якой няма месца аргументацыі, дзе ў ход ідуць «ярлыкі», інфантыльныя звароты, дзе рэчаіснасць тлумачаць простымі «дзіцячымі» формуламі. «Мёртвыя словы» не разлічаныя на крытычнае ўспрыманне. Яны павінны запусціць пэўныя эмацыйныя рэакцыі: страх, адчуванне пагрозы. Не трэба думаць, што ў адной краіне такое магчыма, а ў іншай — не. Зразумела, дзесьці людзі ў цэлым больш «дарослыя», яны рацыянальныя, лепш разумеюць свае правы, а дзесьці — больш інфантыльныя, зазнаюць уздзеянне, жывуць міфамі, эмоцыямі, маюць «дзіцячую» свядомасць. Наш народ у большай ступені адносіцца да «дзіцячага» тыпу. Да таго ж мы шматкроць «параненая» нацыя: у нас існуе шмат страхаў, якія маюць рэальны падмурак: голад, рэпрэсіі, акупацыя, войны.
Кручок выратавальніка. Чалавека напалохалі, пазбавілі здольнасці крытычна мысліць. І, калі ён ужо адчувае сябе ахвярай і шукае выратавання, з’яўляецца «выратавальнік». І чалавек гатовы падпарадкоўвацца, выконваць любыя загады. Гэтая тэхніка добра распрацаваная ў «варажбітак». Іх ахвяры аддаюць ім усё добраахвотна. «Як жа так? Мне пагражалі нажом або пісталетам?» — пасля дзівіліся разумныя людзі. Фокус просты. Спачатку «варажбітка» прыцягвае да сябе ахвяру. Потым раптам «заўважае» «псаванне», «вянок бясшлюбнасці», «сурокі» і «страшную хваробу». Любы спалохаецца, а ў стане афекту мы лёгка паддаёмся ўгаворам. У гэты момант «варажбітка» ператвараецца ў «выратавальніка»: «Твайму гору дапамагчы няцяжка. Пазалаці ручку». І далей яна можа рабіць з чалавекам усё што заўгодна.
Сутыкнуўшыся з цяжкасцямі, мы шукаем простых адказаў і імкнёмся выправіць сітуацыю простымі дзеяннямі, у тым ліку зусім неабгрунтаванымі. У рэкламе «выратаванне» таксама заўсёды прапануюць праз псеўдалогіку, выбудоўванне прычынна-выніковай сувязі паміж з’явамі, якія не маюць нічога агульнага: будзеш піць гэтую каву — станеш багатым, жаваць гэтую жуйку — спадабаешся дзяўчатам, мыць бялізну гэтым парашком — і муж ніколі не пойдзе з сям’і.
Прапаганда «працуе» гэтак жа.
Нас палохаюць тым, ад чаго нам па-сапраўднаму страшна: войнамі, фашызмам, хунтай, забітымі, параненымі. І на фоне ўсяго гэтага жаху паказваюць: вось ён, шлях выратавання — напрыклад, стварыць моцную дзяржаву, якая абароніць, якой усе астатнія баяцца, ці прагаласаваць «за стабільнасць». Людзей у масе лягчэй падмануць, чым кожнага паасобку. Людзі ў зносінах уплываюць, заражаюць адно аднаго эмоцыямі. Асабліва заразлівая паніка. Менавіта таму ўплыў на аднаго чалавека патрабуе асаблівага прафесіяналізму, а ў масах заражэнне адбываецца імгненна — цяжка выстаяць, калі ўсе вакол паводзяць сябе пэўным чынам. Эфект натоўпу спрацоўвае, нават калі кожны сядзіць перад сваім тэлевізарам. Як ні парадаксальна, але тыя ж метады выкарыстоўваюцца ў рэкламе. Зразумела, нас не пазбаўляюць ежы, вады ці сну, але «заводзяць» ва ўяўны свет голаду, смагі, недахопу неабходнага. Чым больш таленавітая рэклама, праўдзівыя вобразы людзей, змучаных недасыпам, сексуальнай незадаволенасцю, голадам, смагай, тым хутчэй мы ператвараемся ў «перапуджанае дзіця» і падпарадкоўваемся ўладзе таго, хто пазбавіць нас ад пакут з дапамогай, напрыклад, бульбяных чыпсаў, жавальнай гумкі з новым смакам, газаванай вады.
Ёсць тры асноўныя стратэгіі маніпуляцыйных метадаў:
1. гульня слоў (моўныя маніпуляцыі);
2. зварот да эмоцый;
3. адцягванне ўвагі ад істотнага.
1. Моўныя маніпуляцыі
У СМІ шырока распаўсюджаныя моўныя маніпуляцыі — гульня слоў: неадназначныя словы, перадузятая рыторыка, выкарыстанне эўфемізмаў*, мовы варожасці...
Прыклад. Я пазычыў грошы.
Тлумачэнне. Гэта неадназначны выраз. Я даў грошы камусьці ў часовае карыстанне з умовай вяртання. Або сам узяў грошы ў кагосьці і пазней вымушаны буду вярнуць.
Прыклад. Заява міністра: «Мае падначаленыя сочаць за сітуацыяй вельмі ўважліва, і я магу заявіць, што мой абавязак — рабіць усё магчымае, каб праблема была справядліва вырашана для ўсіх».
Тлумачэнне. Пустыя словы. Нягледзячы на тое, што аўтар выказвання кажа пра свой абавязак рабіць нейкія захады, ён не кажа, што будзе рабіць, у якія тэрміны і ці напраўду зробіць.
Прыклад. Яна добра кіруе машынай, хоць і жанчына.
Тлумачэнне. Перадузятасць, заснаваная на гендарных стэрэатыпах.
У табліцы змешчаны прыклады падманлівых эўфемізмаў і іх «пераклад».
Табліца 1.1. Што хаваецца за эўфемізмамі
Прыклад |
Тлумачэнне |
МЯЦЕЖ |
Супраціў |
АБАРОНА НАЦЫЯНАЛЬНАЙ МЕНШАСЦІ |
Напад на іншую краіну, каб усталяваць там урад, прыхільны нападнікам |
ПАПЕРАДЖАЛЬНЫ ЎДАР |
Несправакаваны напад |
СПАДАРОЖНЫЯ СТРАТЫ |
Цывільныя асобы забітыя падчас вайсковых аперацый |
ПРЫХОД СТРАТЭГІЧНАГА ІНВЕСТАРА |
Прыватызацыя |
У ЯГО ШЫРОКІЯ КОСТКІ |
Ён тоўсты |
САНКЦЫІ СУПРАЦЬ КРАІНЫ |
Санкцыі супраць кіраўніка дзяржавы і блізкіх да яго алігархаў |
Прыклад практыкавання для інфармацыйнай гадзіны: Моўныя маніпуляцыі
Практыкаванне «Моўныя маніпуляцыі»
Мэта: вучні будуць ведаць метады, якія ўжываюць медыя пры спробе навязаць думку, знойдуць у тэксце прыклады моўных маніпуляцый.
1. Настаўнік знаёміць вучняў з прыкладамі моўных маніпуляцый**.
2. Вучні выконваюць заданне.
Заданне. Знайдзіце моўныя маніпуляцыі ў тэксце, тэлеперадачы ці выпуску навін, патлумачце іх і запішыце.
3. Вучні адказваюць на пытанні:
Ці можаце ўзгадаць, калі вы сутыкнуліся з перадузятасцю ў мове медыя?
Ці ёсць у нашай краіне супольнасць, у дачыненні да якой яна часта ўжываецца?
Ці вы самі яе ўжываеце?
2. Зварот да эмоцый
Маніпулятары часта імкнуцца ўплываць на нашыя эмоцыі (ад пазітыўных да негатыўных), каб мы не заўважылі адсутнасці сэнсоўнай аргументацыі.
Прыклады звароту да эмоцый:
- Зварот да большасці: Зубную пасту маркі N рэкамендуюць большасць дантыстаў.
- Зварот да пачуццяў: страху, віны, шкадавання: З-за тваёй прынцыповасці наша школа не зойме першае месца!
- Зварот да перадузятасці і стэрэатыпаў, угрунтаваных на неадукаванасці, страху перад невядомым, якія не дазваляюць разглядаць рэчы рацыянальна: Хопіць рэформаў! Яны нічога добрага не прынясуць.
- Зварот да неадпаведных аўтарытэтаў, «псеўданавуковасці»: Рэкламны артыкул пра лекі падаецца як навуковы.
Тлумачэнне. Хоць Альбэрт Эйнштэйн быў геніяльным фізікам, лаўрэатам Нобелеўскай прэміі, ён не быў спецыялістам у галіне харчавання. Ягонае меркаванне аб вегетарыянстве нельга лічыць экспертным.
3. Метады адцягвання ўвагі
У гэтым наборы маніпуляцыйных метадаў можам знайсці чатыры асноўныя схемы: фальшывы троп, выбар з двух кепскіх варыянтаў (дзвюх бед), «напад на пудзіла» і замкнёнае кола. Усе яны маюць агульную мэту — адцягнуць увагу ад слабага аргумента.
Прыклад: Савецкая сістэма адукацыі была найлепшай у свеце, таму нам трэба яе захаваць, а не рабіць чарговую рэформу.
(Фальшывы троп. Аргумент, што выкарыстоўвае гэты маніпуляцыйны метад, мае просты сцэнар: (1) Абмяркоўваем тэму А — патрэбнасць зменаў у адукацыі. (2) Апанент не хоча прызнаваць, што існуе крызіс, таму імкнецца ўзняць тэму Б (якасць адукацыі савецкіх часоў) і пераканаць, што яна звязаная з А (хоць гэта не так). (3) Тэма А сыходзіць на другі план і замяшчаецца тэмаю Б. Замест вырашэння праблем усе пачынаюць абмяркоўваць, ці сапраўды савецкая адукацыя была добрай).
Прыклад: У рэкламе пральнага парашку часта паказваюць, як «звычайны» сродак нічога не робіць з плямамі, а рэкламаваны — усё і адразу адчышчае. (Напад на пудзіла: маніпулятар спачатку стварае так званае «пудзіла» — «звычайны парашок», а потым імкнецца разграміць яго, параўноўваючы з ім свой прадукт).
Прыклад. «Мы не идиоты, чтобы строить небезопасную АЭС» ***. (Замкнёнае кола: АЭС бяспечная, таму што мы — не ідыёты?)
Несвядомыя маніпуляцыі
Тое, што апісана вышэй, — гэта свядомыя маніпуляцыі. Аднак не заўсёды медыя намі маніпулююць свядома. Параўнайце, калі ласка, плошчы Расіі і Афрыкі, гледзячы на звыклую геаграфічную мапу.
Крыніца: https://yandex.ru/maps/.
Насамрэч, плошча Афрыканскага кантынента амаль удвая большая за тэрыторыю Расіі. Для працы па тэме несвядомых маніпуляцый СМІ мы падрыхтавалі практыкаванне «Як намі маніпулююць геаграфічныя мапы»:
------------
* Эўфемізм (ад грэч. euphmeo — кажу ветліва) — замена непрыемнага/непрыстойнага слова (словазлучэння) больш далікатным або прыгожым словам ці выразам.
** Пашыраны спіс прыкладаў маніпуляцый свядомасцю можна знайсці на https://businessviews.com.ua/ru/personal-life/id/infografika-dnja-polsotni-sposobov-manipuljacii-soznaniem-734/
***Заява міністра замежных спраў Уладзіміра Макея: http://news.tut.by/politics/498203.html