4 клас. Беларуская мова. Урок па тэме "Назоўнік як часціна мовы"

Урок беларускай мовы ў 4 класе па тэме "Назоўнік як часціна мовы"

Аўтар Басак Вольга Аляксандраўна, настаўнік I ступені агульнай сярэдняй адукацыі сярэдняй школы №9 г.Мазыра

Тэма : “Назоўнік як часціна мовы”

Тып урока: інтэграваны ўрок замацавання ведаў 

Мэта: абагульненне ведаў пра лексіка-граматычныя прыметы назоўніка праз работу над удасканальваннем умення працаваць з тэкстам; развіццё ўменняў вызначаць лексіка-граматычныя катэгорыі назоўніка, мовы вучняў і іх слоўнікавага запасу, садзейнічаць выхаванню  ў вучняў пачуцця патрыятызму, цікавасці да прыроды роднага краю.

Абсталяванне: 3 шклянкі,  карткі для работы ў групах, 23 льняныя мяшэчкі, насенне льну,  ільняны алей, прылады працы для апрацоўкі льну, 23 кветкі льну, лісты з надпісамі назваў груп, відэаматэрыял (мультфільм), слоўнікавыя словы (запісаны на стужках  паперы), лён, валокны льну, карта Беларусі, контурныя карты.

Ход урока

 

I. Арганізацыйны момант

-Сёння у нас будзе незвычайны урок, урок-кактэйль. Што гэта значыць? Мы возьмем урок беларускай мовы (першая шклянка з вадой) і змяшаем яго з урокам літаратурнага чытання (другая шклянка з вадой). Атрымаецца кактэйль, а  на мове педагогікі- інтэграваны ўрок (трэцяя шклянка). Я спадзяюся, што наш кактэйль будзе смачным. Давайце яго “пакаштуем ”? 

 

II. Этап праверкі дамашняга задання. Адказаўшы на пытанні да апавядання Э. Шыма “Цяжкая праца” правільна, вы прачытаеце  пазнавальную тэму  нашага ўрока.  (“Лён—золата Беларусі”-запіс на дошцы і маніторы).

-Да якой часціны мовы адносяцца гэтыя тры словы і чаму? (Да назоўніка, таму што…)

 

 III. Тэма і мэты ўрока

- Зараз мы разам можам прачытаць пазнавальную тэму ўрока “Лён- золата Беларусі”. Таксама на ўроку літаратуры мы будзем удасканальваць уменне правільна і  асэнсавана  чытаць уголас, узбагачаць слоўнікавы запас, развіваць цікавасць да прыроды і людзей нашай краіны. На ўроку мовы абагульнім веды пра лексіка- граматычныя прыметы назоўніка.

 

IV. Этап вывучэння новага матэрыялу

 

1. Слоўнікавая работа

-На нашай зямлі лён быў калісьці адной з самых шанаваных раслін, бо і апранаў, і карміў. Паглядзіце  слайды і ўспомніце, што вы ведаеце пра лён? (Прагляд слайдаў,  адказы вучняў)

-Лён – гэта золата, таму што ён мае шмат уласцівасцяў, якіх не маюць іншыя рэчы. Гэта: (чытаем на дошцы)

-натуральнасць (без хімікатаў);  -экалагічнасць (не прыносіць шкоды здароўю); -зносаўстойлівасць (ільняныя рэчы не маюць часу даўнасці);

-паветрапранікальнасць (дае магчымасць скуры дыхаць);  -трываласць (прочность)-( нават  праз 1 000 год лён не страчвае сваёй трываласці і гэта даказана раскопкамі);  -гладкасць;  -гіграскапічнасць (не толькі ўбірае вільгаць, але і адводзіць цяпло);  -белы (тканіна з цягам часу жаўцее, а лён наадварот - бялее).

-Прачытаем галоўныя ўласцівасці лёну.

- Якое слова можа быць лішнім? Чаму? 

 

2. Работа з кластарам “Назоўнік”

-Узнавіце кластар “Назоўнік” (Назоўнік-прадмет- хто?, што?; род- м. ж., н.; лік-адз., мн.;  -склон...)

Марфалагічны разбор назоўніка “лён”.

 

3. Чыстапісанне

  • Каб атрымаць рэчы з ільну, яго зярняткі  трэба пасадзіць у добра апрацаваную  глебу, што мы зараз  і зробім (падрыхтоўка рукі да пісьма). Спачатку падрыхтуем “глебу”, потым закінем “зерне” ў яе, прарасце яно і зацвіце прыгожымі  кветкамі  з пяццю пялёсткамі (дзеці замалёўваюць). Напісанне звязных элементаў, якія падобны на кветкі льну.

- Вось перад намі расліна- лён. -А якога колеру кветкі лёну? (блакітнага).   -На якім дзяржаўным сімвале сустракалі кветкі льну? (Герб Рэспублікі Беларусь). –Што гэта азначае?

 

4. Лексіка-граматычная работа з назоўнікам.

а) -Паглядзіце мультфільм, з якога вы даведаецеся, чаму кветкі лёну маюць блакітны колер. (Мультфільм)

  • Замалюйце кветкі блакітным колерам.

б) -Запішыце слова лён на другім радку, падбярыце да яго роднасныя назоўнікі, вызначце корань (лянок, ляночак, лянішча- поле, дзе рос  лён; знайдзіце адно слова ў слоўніку).

в) У гэты час 1 вучань  зробіць фанетычны разбор слова лён пры дапамозе табліцы-апоры.

-Адгадайце  загадку (чытае вучань)

Білі мяне, білі,                                  А тады круцілі,

Білі-калацілі,                                   Ды яшчэ маталі,

I ў расе мачылі,                                А затым бялілі,

I ў цяпле сушылі,                             Ды яшчэ качалі,                                               

На кавалкі рвалі,                            А нарэшце сшылі

А пасля сушылі,                               Ды на стол паклалі. (Лён, абрус)

-Чаму  спатрэбілася так шмат часу каб атрымалася рэч?

- Лён называюць золатам, бо, каб яго вырасціць, трэба затраціць шмат здароўя і намаганняў. Даўно  гэта рабілі залатыя рукі людзей. У асноўным жанчын. (Слайды)

 

5. Лексічная работа

- Вось вы бачыце лён на сцябліне. Спачатку абівалі ільняныя галоўкі, з якіх потым рабілі льняное масла. Рабілі гэта пранікам (Слоўнік). Для атрымання валакна саломку льну расцілалі на лузе, звычайна ў канцы жніўня ў час вялікіх рос. Потым салому льну звязвалі ў снапы і высушвалі. У кастрычніку лён мялі церніцай (мялкай) (Слоўнік),  трапалі траплом (Слоўнік), лёгка здагадацца, чаму гэты месяц называецца кастрычнікам.

 -А вось і грэбень  - прылада для часання валакна (Слоўнік).

 -Вось як выглядае вычасанае валакно (яно называецца кужаль, або кудзеля) (Слоўнік). У лістападзе людзі  пачыналі прасці.  Пралі на працягу ўсяго тыдня за выключэннем святочных дзён і нядзелі. Кудзелю ўмацоўвалі на прасніцу. Ніткі рабілі на самапрадцы. У працэсе прадзення ніткі скручвалі на верацяно (Слоўнік).  Затым пражу рыхтавалі для ткання: бялілі або фарбавалі. Потым выраблялі тканіну на ткацкім станку. А з яе шылі ўсе неабходныя для жыцця рэчы.  (Паказ слайдаў і прылад працы для апрацоўкі льну).

 

6.Работа ў групах (вучні называюць правілы  работы ў групах)

-1 група складзе і запіша ланцужок са слоў  у правільнай паслядоўнасці  этапы апрацоўкі льну, вызначыць часціны мовы запісаных слоў і іх лік.

Насенне-расліна-кудзеля-ніткі-палатно-вопратка.

- 2 група  вучняў дапоўніць сказы  словамі са слоўніка, вызначыць часціны мовы.

Льняныя галоўкі абівалі…(пранік). Лён трапалі…(трапло). Пры прадзенні ніткі скручвалі на…(верацяно).

-Праверка работы груп

 –Да якой часціны мовы адносяцца запісаныя словы?

 

7. Фізкультхвілінка. Адпачнём разам з сялянкай Ульяніцай, якая сама вырошчвае лён. Хлопчык іграе на скрыпцы “Ох, і сеяла Ульяніца лянок”, а астатнія вучні танцуюць.

-Прачытаем тэкст “Сінявокі прыгажун”. Дапамогуць мне ў гэтым дзве нашы  вучаніцы. Заданнне класу: адзначыць назвы відаў ільну.

(Лён-кудраш, лён-даўгунец (слоўнік) . Паказваю малюнак ільна-кудраша.

-Зараз прачытайце гэты тэкст самастойна і алоўкам адзначце самыя  цікавыя і невядомыя вам звесткі пра лён. Назавіце факты, якія вас уразілі.

 

V. Этап замацавання новага матэрыялу

 

1. Праца ў групах. -Кожная група будзе мець сваю назву: “Журналісты”, “Літаратары”, “Даследчыкі”, “Географы”. 

Заданні групам: “Журналісты” прыдумваюць пытанні і адказы на іх, карыстаючыся тэкстам, каб атрымылася інтэрв’ю з льноводам.

“Літаратары “ складаюць  сінквейн на тэму “Лён”.

“Даследчыкі”  знаходзяць і  расказваць нам цікавыя факты пра лён, карыстаючыся дапаўняльнай літаратурай.

“Географы” знаходзяць і паказваць на карце Беларусі  месцазнаходжанне  некаторых ільнозаводаў, адзначаюць іх на контурнай карце.

Праверка работы групы “Літаратары”.

 

2.Даведка настаўніка пра лекавыя ўласцівасці расліны.

 

3. Праверка работы групы “Даследчыкі” – настаўнік дапаўняе яшчэ адзін незвычайны факт пра лён: “Калі насіць з сабой ільняны мяшэчак  з насеннем ільну (меркавалі нашы продкі),  то ён будзе абараняць чалавека ад негатыўных уздзеянняў. Такі мяшэчак я хачу падараваць кожнаму з вас. Падстаўце мяшэчак, я пакладу ў яго насенне”.

Рубрыка “Гэта цікава ведаць” (Вучні расказваюць, што калі семя льну палажыць у абутак, то абутак будзе насіцца доўгі час. Аказваецца, што для вырабу купюры “еўра”  таксама неабходны лён. Вялікі воін Аляксандр Македонскі насіў абараняльны панцыр з ільну, які ахоўваў  яго у бітвах. З  1 кг  прадзіва атрымоўваецца 40 км ільняной ніткі).                                      Гульня “Інтэрв’ю на льнозаводзе” (група “Журналісты” задае пытанні , а вучні на аснове тэксту “Сінявокі прыгажун” даюць адказы. (Скажыце, калі ласка, як выкарыстоўвалі лён нашы продкі?  Якія віды льну вырошчваюць у Беларусі? Якой павінна быць глеба, каб ў яе пасадзіць лён? Чаму ў сухое надвор’е над полем, дзе расце лён, стаіць своеасаблівы звон? У які час лён адвозяць на пераапрацоўку?  Якія рэчы вырабляюць з тоненькіх валокнаў ільну? А што атрымоўваюць з насення льну?)

 

4. Гульня “Перакладчык”.                                                                                  

-Зараз вашай увазе мы прадставім паказ адзення  з ільну. (Пад музыку выходзяць дзеці з надпісамі на адзенні: платье, шорты, шляпа, блузка, брюки). Вы, напэўна, заўважылі, што назва адзення запісана на рускай мове. Прачытаем словы.  Перакладзіце словы   на беларускую мову пры дапамозе слоўніка, вызначце  іх род. Запішыце іх.                                                 -Што такое назоўнік?Пасля дзеці мацуюць словы на дошку ў рубрыку “Слоўнік” (подпісы адзення на беларускай мове на адваротным баку- сукенка, шорты, капялюш, блузка, штаны).                                                                 

-Што такое назоўнік?                                                                                      

 

VI. Этап падвядзення вынікаў  урока (мэта—атрыманне адваротнай сувязі аб засваенні тэмы).

 

1. Работа ў групах

1 група складае (з палосак з надпісамі) апору- памятку “Назоўнік-часціна мовы”....

2 група складае  (з палосак з надпісамі) маленькі тэкст “Лён”....

3 група складае сінквейн са словам лён.

 

VII. Рэфлексія дзейнасці

-З усімі заданнямі на нашым ўроку вы справіліся.

- Ці спадабаўся вам наш урок-кактэйль?  -Ён быў салодкі або кіслы?

- Я спадзяюся, што для кожнага з вас наш урок быў павучальным. Вы шмат чаго новага даведаліся аб ільне. Давайце ўпрыгожым наша льняное поле блакітнымі кветкамі.Зараз вазьміце кветку льну, перавярніце яе і напішыце слова-назоўнік, якое асэнсоўваецца ў вас са словам лён, замацуйце кветку на сцябліну. Калі на ўроку вам было цяжка- кветку пакіньце сабе. Калі цікава, то свае сцяблінкі замацуйце на  дошцы  (калаж “Ільняное поле”).