Да ўвагі настаўнікаў грамадазнаўства і класных кіраўнікоў прапануем план трэнінгавага занятку "Формы праўлення ці што такое дэмакратыя?". Мэты: Вучні засвояць базавыя веды пра дэмакратыю, атрымаюць досвед выпрацоўкі дэмакратычных нормаў. Занятак накіраваны на стварэнне ўмоў для фармавання наступных кампетэнцый: умець дамаўляцца, працаваць у камандзе, улічваць меркаванне іншых, вырашаць канфлікты, адстойваць сваю пазіцыю.
Семінар разлічаны на чатыры акадэмічныя гадзіны, аднак практыкаванні можна выкарыстоўваць паасобку падчас урокаў грамадазнаўства, класных (інфармацыйных) гадзін або іншых выхываўчых мерапрыемстваў.
Ход семінара
Частка 1
Уступ (уводзіны ў тэму)
Пачаць семінар прапануецца з невялікай дыскусіі. Для яе правядзення добра пасуе метад «4 куты».
Удзельнікам прапануецца адказаць на пытанні паводле вызначанага алгарытму. Вядоўца задае пытанне, якое мае 4 варыянты адказаў. Прычым кожны з варыянтаў адпавядае таблічцы, якая ёсць у адным з 4-х кутоў памяшкання. Для ўводзінаў у тэму пытанне можа быць наступным:
«Самай эфектыўнай формай кіравання ёсць: манархія, дэмакратыя, анархія, аўтакратыя?»
Удзельнікі выбіраюць адзін з 4-х адказаў на пытанне і перамяшчаюцца ў адпаведны кут. Далей у кожнай групе ідзе абмеркаванне адказаў на пытанне: «Чаму я выбраў гэты варыянт адказу?» і прэзентацыя адказу. Астатнія групы могуць задаваць пытанні пасля кожнай прэзентацыі.
Заўвага: задача педагога – вытрымліваць фармат «пытанне – адказ», каб не ператварыць дыскусію ў спрэчку.
Частка 2
Ролевая гульня
Удзельнікі дзеляцца на 2 групы. 1-я група атрымлівае каляровыя наклейкі «аўтсайдары» і выдаляецца ў іншы пакой. Другая група – «інсайдары». Яны павінныя прыдумаць правілы паводзінаў для сваёй групы і «аўтсайдараў». Такіх правілаў можа быць каля пяці. Прыкладам могуць быць наступныя правілы:
1. Аўтсайдарам нельга выходзіць за межы кола, абведзенага крэйдай на падлозе, пакуль ім дазволяць.
2. Аўтсайдарам нельга сядзець, калі інсайдары стаяць.
3. Аўтсайдарам нельга размаўляць, пакуль да іх ня завернуцца інсайдары.
4. Аўтсайдарам нельга глядзець на інсайдараў, толькі ў падлогу.
5. Аўтсайдары павінны выконваць усе загады інсайдараў.
Прыдуманыя правілы запісваюцца на вялікім аркушы паперы і вывешваюцца на дошцы.
Затым запрашаюцца інсайдары, якім паведамляецца, што яны павінны выконваць прынятыя правілы. Праз 5–7 хвілін гульня спыняецца. Групы мяняюцца месцамі.
Пасля заканчэння гульні педагог абмяркоўвае гульню з вучнямі. Пытанні для абмеркавання могуць быць наступныя:
1. Што вы адчувалі, калі былі аўтсайдарамі? Што было самым непрыемным?
2. Якія прывілеі мелі інсайдары? А абмежаванні?
3. Ці былі правілы гульні справядлівыя? Чаму?
4. Якім чынам можна было выправіць сітуацыю? (Ці былі б правілы такімі, каб у іх выпрацоўцы бралі ўдзел дзве групы?)
5. Як вы лічыце, што можа адбыцца ў краіне, дзе ёсць падобныя аўтсайдары?
Вядоўца (педагог) падводзіць вучняў да высновы, што дэмакратыя – гэта і ёсць такі спосаб кіравання краінай, калі выпрацоўка агульных нормаў адбываецца з улікам меркавання ўсіх групаў грамадства.
Частка 3
Распрацоўка законаў. Практыкаванне «Востраў».
Уступнае слова вядоўцы:
Уявіце, што свеціць сонца, навокал цёплыя марскія хвалі. Мы плывем на караблі. Карабель вельмі вялікі. На караблі плывуць людзі розных рас, рэлігій і нацыянальнасцяў. Сярод пасажыраў ёсць бедныя і багатыя, дарослыя і дзеці, мужчыны і жанчыны.
Раптам наляцела бура, падняла вялікія хвалі, і наш карабель патануў. Але ўсе пасажыры выратаваліся, бо побач быў востраў. На ім была пітная вада і ежа. Але ён ляжыць далёка ад марскіх шляхоў, таму невядома, колькі нам на ім давядзецца жыць: некалькі дзён або ўсё жыццё.
Зараз за 15 хвілінаў кожная група павінна выпрацаваць 5 законаў свайго вострава.
Падчас прэзентацыі законаў да кожнай групы вядоўца задае пытанні:
– Як можна назваць форму кіравання вашым востравам?
– Ці лёгка было выпрацаваць законы?
Частка 4
Што такое дэмакратыя? Практыкаванне «5 з 25».
Вядоўца раздае матэрыялы «25 рысаў сапраўднай дэмакратыі» (Гл. дадатак 1).
Кожны ўдзельнік індывідуальна павінен выбраць 5 рысаў з 25, якія ён (яна) лічыць найважнейшымі.
Пры падсумаванні вядоўца распавядае, што існуюць розныя мадэлі дэмакратыі, і прапануе 5 рысаў, прысутныя ў кожнай з гэтых мадэляў.
У коле разам абмяркоўваюцца гэтыя рысы.
№ 1. Суверэннасць асобы і чалавечых супольнасцяў (сям’я, мясцовае насельніцтва, народ). (Крыніца ўлады – асоба. Адрозна ад манархіі, дзе ўлада ад нараджэння («ад Бога»).)
№ 4. Улада базуецца на падтрымцы грамадзянаў (свабодныя, усеагульныя і роўныя выбары). (Механізм дэлегавання ўлады – выбары.)
№ 7. Улада бальшыні, якая шануе правы меншыні. (Гэтая рыса вельмі важная. Калі не захоўваецца павага да меншыні, дэмакратыя перастае існаваць.)
№ 16. Канстытуцыйнае абмежаванне кантраляванай улады, падзел улады. (Незалежнасць заканадаўчай, выканаўчай і судовай уладаў.)
№ 22. Арганізацыя грамадства і скіраванасць людзей на супрацоўніцтва ды пошук магчымасцяў паразумення і кампрамісу.( Гэта каштоўнасная устаноўка вельмі важная, аднак пра яе часта забываюцца)
Частка 5
Абараняем дэмакратыю
Вядоўца прапануе 4 выказванні не на карысць дэмакратыі, якія трэба аспрэчыць або пацвердзіць. Удзельнікі выказваюць аргументы, пакуль ня знойдуць вельмі моцны, які аспрэчвае прапанаванае выказванне.
А) Дэмакратыя – вельмі кепская форма праўлення, бо ў выніку выбараў можа прыйсці да ўлады некампетэнтны, не адпаведны пасадзе чалавек. (Напрыклад, гэтае выказванне можна аспрэчыць наступным аргументам: «Некампетэнтны чалавек можа прыйсці да ўлады, але толькі дэмакратыя мае механізм яго пераабрання».)
Б) Пры дэмакратыі голас бадзягі ці прыбіральшчыцы мае такую ж вагу, як і голас прафесара.
В) Дэмакратыя прадугледжвае абмежаваны тэрмін кіравання – можна не паспець зрабіць нічога важнага.
Г) Дэмакратычныя працэдуры займаюць вельмі шмат часу для абмеркавання і прыняцця рашэнняў.
Як лагічнае падсумаванне, можна абмеркаваць выказванне Уінстана Чэрчыля: «Дэмакратыя – не ідэальная форма праўлення, але найлепшая з усіх формаў, знойдзеных чалавекам».
Дадатак 1
Асноўныя рысы сапраўднай дэмакратыі*
1. Суверэннасць асобы і чалавечых супольнасцяў (сям’я, мясцовае насельніцтва, народ).
2. Кожны грамадзянін мае шанец рэальна ўплываць на ўрад сваёй краіны.
3. Кантраляванне чыноўнікаў, якія прымаюць рашэнні ў справах людзей, асаблівы грамадкі кантроль над сілавымі інстытутамі (войска, паліцыя).
4. Улада базуецца на падтрымцы грамадзян (свабодныя, усеагульныя і роўныя выбары).
5. Галоснасць, празрыстаць публічных справаў, асабліва фінансавай палітыкі дзяржавы і дзейнасці дэмакратычна створаных структур.
6. Грамадская салідарнасць з убогімі і пакрыўджанымі лёсам.
7. Улада бальшыні, якая шануе правы меншыні.
8. Свабода сродкаў масавай інфармацыі, дасягальнасць медыя для ўсіх грамадскіх супольнасцяў.
9. Існаванне на кожным узроўні ўлады, неабходнай для агульнай карысці.
10. Высокі ўзровень ведаў грамадзян пра палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя праблемы, жаданне і ўменне браць удзел у грамадскім жыцці.
11. Гарантыя правоў чалавека і сям’і.
12. Дзейнасць палітычных партый для рэалізацыі волі грамадзян.
13. Роўнасць перад законам, справядлівы судовы працэс у незалежным судзе.
14. Існаванне грамадскіх аўтарытэтаў на узроўні дзяржавы, народу, рэгіёну і сям’і, і разам з тым свабода шырокай дыскусіі на любую тэму.
15. Шанаванне чалавечага жыцця і здароўя, якое праяўляецца ў заканадаўстве і рашэннях уладаў усіх роўняў.
16. Канстытуцыйнае абмежаванне кантраляванай улады, падзел улады.
17. Доступ грамадзян да прадстаўнікоў улады кожнага узроўню.
18. Свабоднае функцыянаванне недзяржаўных арганізацый.
19. Сістэма каштоўнасцяў, угрунтаваная на талерантнасці: чалавек важнейшы за ягоныя погляды.
20. Магчымасць у межах закона супрацьстаяць існуючай уладзе.
21. Абмежаванне дзяржаўных структур да неабходнага мінімуму.
22. Арганізацыя грамадства і ўстаноўка людзей на супрацоўніцтва і пошук магчымасцяў паразумення і кампрамісу.
23. Абавязак жыхароў клапаціцца пра сваё асяроддзе і арганізоўваць яго для агульнага дабра.
24. Непрыняцце любых формаў расізму і дыскрымінацыі.
25. Дзяржава гарантуе грамадзянам свабоду дзеяння і пачуццё бяспекі ў сферы індывідуальнай свабоды і права на ўласнасць.