З першымі промнямі лютаўскага сонца сапраўдных настаўнікаў пачынае цягнуць у Альхоўку. Зусім хутка будзе абвешчаны набор у 30-ты юбілейны метадычны летнік Альхоўка-2019. Яго лідар і натхняльнік Мікалай Іванавіч Запрудскі ўжо прыдумаў тэму, настаўніцкая моладзь пачала рыхаваць купальскія строі, а Анатоль Аўсейчык прыгледзеў, дзе ўзяць генератар, каб на лясной паляне было светла, працаваў кінатэатр і інтэрнэт, а дзяўчаты пасля купання ў Страчы маглі пасушыць валасы фенам. А пакуль патэнцыйныя ўдзельнікі рыхтуюць свае ідэі і гадаюць, ці ўдасца сёлета выйграць тэндар, прапануем прачытаць артыкул Таццяны Афанасік і акунуцца ў атмасферу мінулагодняй Альхоўкі.
Летнік вачамі першагодкі
Наўрад ці сярод чытачоў часопіса (і сайта) знойдуцца людзі, якія ніколі не чулі пра Альхоўку, вёску ў Астравецкім раёне. Цікавае гэта месца тым, што кожны год у пачатку ліпеня на маляўнічую паляну на беразе ракі Страча з усёй Беларусі з’язджаюцца настаўнікі. Менавіта тут праводзіць свае аўтарскія курсы Мікалай Іванавіч Запрудскі, прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. У гэтым годзе летнік быў арганізаваны ў 29-ы раз і сабраў пад сваім дахам больш за 50 настаўнікаў розных прадметаў.
Тэма курсаў «Дыдактычныя заданні як асноўны сродак арганізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў» прыцягнула ўвагу не толькі педагогаў са стажам, але і зусім маладых настаўнікаў. Хоць варта адзначыць, што стаць удзельнікам курсаў можна было, толькі прайшоўшы пэўныя выпрабаванні. Але пра ўсё па парадку...
Пра курсы М. І. Запрудскага я ўпершыню даведалася каля 10 гадоў таму, калі толькі пачынала свой педагагічны шлях. Ішло жыццё, і ў гэтым годзе я рэальна ўсвядоміла неабходнасць пабываць у Альхоўцы. Таму, калі ўбачыла аб’яву ў часопісе «Фізіка», не раздумваючы, напісала заяўку. Гэта, на мой погляд, першая асаблівасць дадзеных курсаў: трэба паслаць асабістую заяўку. Праз тыдзень я атрымала інфармацыйны ліст, у якім паведамлялася, што першы іспыт мною вытрыманы. З 4 чэрвеня пачалося дыстанцыйнае навучанне па тэме курсаў. Дыстанцыйная частка складалася з двух модуляў, кожны з якіх заканчваўся выкананнем тэсту і кантрольнай работы. Першы модуль быў тэарэтычным і дазволіў разабрацца з паняццямі падыход, кампетэнцыя, кампетэнтнасць, уменні, кампетэнтнасны падыход. У другім модулі ўдзельнікі курса разбіраліся з класіфікацыяй дыдактычных заданняў і спрабавалі скласці свае заданні. Акрамя гэтага, у кожнай кантрольнай рабоце трэба было сфармуляваць 2—3 пытанні выкладчыку па тэме модуля. Выкананне двух кантрольных работ і было другім выпрабаваннем на шляху ў Альхоўку. Калі і гэты этап быў паспяхова пройдзены, мне прыйшоў другі інфармацыйны ліст з падрабязным апісаннем арганізацыі жыцця і працы ў летніку, пра тое, як даехаць у Альхоўку. І толькі тады я зразумела, што еду!
Дзень Х настаў. Я ўпершыню ў Альхоўцы! Надвор’е бушавала, дождж ішоў безупынна, але, як аказалася пазней, гэта была добрая прыкмета. Сустрэча ўдзельнікаў уразіла: усе абдымаюцца, незалежна ад таго, знаёмыя адзiн з адным ці не. Гэта традыцыя. Душэўна і вельмі па-сяброўску. Курсы пачаліся з традыцыйнага першага круга, які ў гэтым годзе праходзіў не на паляне, а — з-за дажджу — пад шатром. Кожны ўдзельнік летніка прадстаўляўся, расказваў пра свае прафесійныя і асабістыя дасягненні за мінулы год, дзяліўся сваімі чаканнямі ад курсаў. Таксама гучалі пажаданні калегам. Менавіта на першым крузе Святлана Дзюбенка, намеснік дырэктара 19-й мінскай школы, пажадала ўсім «падзапрудзіцца», гэта значыць, падзарадзіцца энергіяй, ведамі і навучыцца чамусьці новаму ў аўтара курсаў М. І. Запрудскага.
Нягледзячы на непагадзь, спрыяльная атмасфера была створана цёплымі словамі ўдзельнікаў і смачнай вячэрай на беразе ракі. Нейкім неверагодным чынам практычна з першых хвілін знаходжання ў летніку завязваліся знаёмствы. У першы вечар мы вывучылі расклад заняткаў, запісаліся на дзяжурства па сталовай і на ўдзел у мерапрыемствах, якія прапаноўваліся для правядзення ў другой палове дня.
Традыцыйна настаўнікіпершагодкі паднялі сцяг летніка і ўсе ўдзельнікі праспявалі гімн. Раніца наступнага дня парадавала сонечным надвор’ем. Заняткі пачаліся з абмеркавання першага модуля дыстанцыйнага курса. Удзельнікі мелі магчымасць абмеркаваць найбольш актуальныя і цікавыя пытанні, якія з’явіліся пры вывучэнні тэарэтычнай часткі курса, агучыць свае меркаванні і пазнаёміцца з адказамі выкладчыка. У гэты дзень мы сталі ўдзельнікамі інтэрактыўных лекцый «Кампетэнтнасны падыход і практыка яго рэалізацыі на ўроку» і «Пазнавальная дзейнасць вучняў». Гаворка ішла пра тое, што прымяненне кампетэнтнаснага падыходу — гэта адначасова і неабходнасць, і выклік для беларускай школы. Сёння вучань не павінен быць «скрыначкай для ведаў», важна каб ён умеў працаваць з гэтымі ведамі, валодаў ключавымі кампетэнцыямі, што дазволіць яму стаць канкурэнтаздольным у сучасным свеце. Лекцыя была карысная тым, што мы ўбачылі канкрэтныя шляхі ўкаранення кампетэнтнаснага падыходу ў навучанне. Гэта стварэнне кампетэнтнаснай мадэлі выпускніка (КМВ), у якую ўваходзяць не толькі маральныя і грамадзянскія якасці вучняў, але і актуальныя ключавыя кампетэнцыі; стварэнне ў школе спрыяльнай атмасферы для ўзаемадзеяння настаўнікаў і навучэнцаў; забеспячэнне якаснага павышэння кваліфікацыі настаўнікаў і скіраванасць іх дзейнасці да КМВ. Акрамя гэтага, літаральна па кроках быў апісаны алгарытм падрыхтоўкі настаўніка да кампетэнтнасна-арыентаванага ўрока. Здзівіла і парадавала: мы гаварылі пра складанасці ў прафесійнай дзейнасці, але настаўнікі, якія прыехалі ў Альхоўку, не шукаюць прычын, каб не рабіць, яны шукаюць магчымасці, каб задуманае атрымалася! Менавіта, пошуку магчымасцей было прысвечана другое заданне гэтага дня.
Мы разгледзелі характарыстыкі пакалення Z, тых дзяцей, з якімі прыходзіцца працаваць сёння. У групах абмеркавалі, як арганізаваць іх пазнавальную дзейнасць, улічваючы асаблівасці сучасных школьнікаў. І я ўмацавалася ў думцы, што змяненне школы пачынаецца са змены сябе ў першую чаргу.
У другой палове дня ў гэты дзень праводзілася спаборніцтва на інтэлектуальнаспартыўнай паласе перашкод. У ім бралі ўдзел тры каманды. Яны павінны былі максімальна хутка выканаць заданні, якія прапаноўваліся на кантрольных «станцыях» (заданні ў гэтым годзе былі па розных прадметах). Варта адзначыць, што беглі ад станцыі да станцыі не толькі ўдзельнікі каманд, але і заўзятары. Камандам патрэбна было наведаць 8 станцый з прапанаваных 10, там выбіраць заданні, якія «каштуюць» больш або менш. Яшчэ адна цікавая асаблівасць жыцця ў летніку: ніхто не прымушае цябе штонебудзь рабіць, але, як заўважыў адзін з удзельнікаў курсаў, «абы хто ў Альхоўку не ездзіць», таму жыццё на паляне кіпела і віравала.
Пасля вячэры ішоў праліўны дождж, але ён не стаў перашкодай для правядзення дыскатэкі на паляне. Дзякуй вялікі Марыі Дудойць і Святлане Здаранковай, якія папярэдне самі вывучылі, а затым навучылі нас двум запальным танцам! Але і на гэтым дзень не скончыўся. Тым, хто ўпершыню прыехаў у Альхоўку, трэба было падрыхтаваць адказнае мерапрыемства — канцэрт першагодак, таму, нягледзячы на стомленасць, да позняй ночы мы пісалі яго сцэнарый. Наступны вучэбны дзень датычыўся непасрэдна дыдактычных заданняў як асноўнага сродку арганізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў. Мы разбіраліся з класіфікацыяй дыдактычных заданняў, гаварылі пра тое, што настаўнік выбірае заданні ў адпаведнасці з мэтай, зместам адукацыі, абапіраючыся на ключавыя кампетэнцыі, фарміраванне якіх ён запланаваў. М. І. Запрудскі прапанаваў выбіраць дыдактычныя заданні, улічваючы кампетэнцыі, якія будуць запатрабаваныя на рынку працы ў 2020 годзе (такі спіс быў складены на сусветным эканамічным форуме ў Давосе):
1) вырашэнне складаных праблем,
2) крытычнае мысленне,
3) творчасць,
4) кіраванне людзьмі,
5) узаемадзеянне з іншымі,
6) эмацыянальны інтэлект,
7) ацэнка і прыняцце рашэнняў,
8) арыентацыя на сэрвіс,
9) вядзенне перамоў,
10) кагнітыўная гнуткасць.
У групах удзельнікі курса распрацоўвалі дыдактычныя заданні, накіраваныя на фарміраванне пералічаных кампетэнцый. У 2018 годзе Беларусь упершыню стала ўдзельнікам міжнароднай праграмы ацэнкі адукацыйных дасягненняў вучняў PISA. Заданні, якія выконваюць навучэнцы, накіраваныя на праверку міжпрадметных кампетэнцый і прымяненне ведаў у жыццёвых сітуацыях. Нам быў прапанаваны практыкум па выкананні заданняў PISA.
Такім чынам мы рыхтаваліся да наступнага навучальнага дня. Па выніках заняткаў былі сфармуляваны наступныя высновы: фарміраванне кампетэнцый у вучняў магчыма з прымяненнем такіх тэхналогій навучання, як праектнае (але не толькі падрыхтоўка да навукова-практычных канферэнцый, бо яна ахоплівае толькі асобных вучняў), перавернутае навучанне, развіццё крытычнага мыслення, актыўная ацэнка.
Пасля абеду Аляксандр Плятнёў, Аляксандр Саковіч і Аляксандр Сугакевіч правялі факультатыў па рашэнні задач па фізіцы. Трэба адзначыць, што падрыхтоўка да правядзення факультатыву была арганізавана загадзя. Настаўнікі фізікі мелі магчымасць адправіць складаныя для рашэння задачы арганізатарам. І я была вельмі рада, што нарэшце разабралася з рашэннем некаторых «непадатлівых» задач. На паляне ў гэты вечар дзякуючы Анатолю Аўсейчыку быў арганізаваны відэаклуб.
Для прагляду нам былі прапанаваны ролікі «Альхоўка-2017», летапіс папярэдніх летнікаў і некалькі сацыяльных сюжэтаў. Гледзячы на экран праектара, я разумела, што для многіх Альхоўка — гэта неад’емная частка жыцця і што мне вельмі пашанцавала быць тут. Сацыяльныя ролікі расчулілі да слёз.
Затым мы адправіліся на начное арыентаванне. Для мяне гэта быў першы вопыт. Удзельнічалі тры каманды. Па альхоўскім лесе было расстаўлена 5 пікетаў. Іх трэба было знайсці і выканаць заданні, звязаныя з тэмай курсаў. Нават ноччу ў лесе я мела магчымасць убачыць прыклады кампетэнтнасна-арыентаваных заданняў! Наша каманда першагодкаў стала пераможцай! Задаволеныя і шчаслівыя, мы адправіліся рэпеціраваць свой канцэрт. Трэці вучэбны дзень. Мне трэба было дзяжурыць па сталовай, таму прыйшлося ўстаць крыху раней. Што такое дзяжурства? Гэта значыць, трэба ўсіх накарміць: раскласці порцыі, сервіраваць стол, пажадаць усім «смачна есці», сачыць за тым, каб усе засталіся задаволеныя, памыць посуд і прыбраць на кухні. Але гэта было нескладана і прыемна, таму што ў адказ я 200 разоў пачула «дзякуй». Дзяжурства настолькі цесна пераплялося з заняткамі, што храналогію падзей складана аднавіць, але дакладна памятаю — прысесці часу не было! Пасля кароткай інтэрактыўнай лекцыі выкладчыка, прысвечанай сучаснаму разуменню эфектыўнага ўрока, мы, аб’яднаўшыся ў групы, выконвалі вельмі цікавае метадычнае заданне. Яно складалася з трох частак:
1) выбраць пяць рэпрадуктыўных заданняў з падручніка па любой тэме і перарабіць іх у прадуктыўныя,
2) выбраць два закрытыя пытанні і ператварыць іх у ключавыя,
3) спраектаваць урок згодна са сфармуляванымі крытэрыямі.
Прычым урок павінен быць накіраваны на фарміраванне ключавых кампетэнцый праз выкананне кампетэнтнасна-арыентаваных заданняў.
Праца кіпела ў кожнай групе, ідэй было шмат, сфармуляваць і запісаць іх усе было складана, але на дапамогу прыходзілі кансультанты — М. Запрудскі, А. Ананчыкава, Э. Якубоўская. Заняткі чацвёртага дня пацвердзілі той факт, што мала расказаць, трэба зрабіць самому. Складанне кампетэнтнасна-арыентаваных заданняў яшчэ ў пачатку чэрвеня здавалася чымсьці неверагодным, а аказалася, што варта вывучыць тэорыю, быць актыўным, задаваць пытанні дасведчаным людзям, спрабаваць прыдумаць такія заданні і ўсё пачынае атрымлівацца. Сітуацыя поспеху была створана для кожнай групы педагогаў. Гэты дзень меў вельмі чуллівае заканчэнне — вечар песні ля вогнішча.
Спявалі ўсе! А першагодкі? Спачатку спявалі, потым дараблялі метадычнае заданне і, вядома ж, рэпеціравалі канцэрт. Вынікі працы груп у пятніцу падаваліся ў выглядзе прэзентацый. Было распрацавана 12 урокаў па розных прадметах. Ацэньванне іх ажыццяўлялася па вядомых крытэрыях.
Ці:
• улічылі вы сітуацыю, у якой будзеце праводзіць урок?
• прадумалі вы, як створыце на ўроку спрыяльнае для навучання асяроддзе?
• дыягнастычна сфармулявалі навучальную мэту ўрока?
• запісалі вы мэту на мове вучняў і ці вырашылі, як яе давядзеце да вучняў?
• зрабілі «НаШтоБуЗУ» на ўрок ці (і) на прадуктыўныя заданні, якія на ўроку будуць выконваць вучні?
• вызначылі змест выхаднога кантролю?
• сфармуліравалі задачы выхавання і развіцця вучняў і ці знайшлі сродкі для іх вырашэння?
• прыдумалі ключавое пытанне ўрока?
• вызначылі, якія прадуктыўныя заданні будуць выконваць вучні на розных этапах урока? Ці стварылі «НаШтоБуЗУ» да гэтых заданняў? • рацыянальна размеркавалі час урока?
• спрагназавалі дамашняе заданне і ці стварылі «НаШтоБуЗУ» да яго?
Некаторыя распрацоўкі былі адразу рэкамендаваны для публікацыі ў прадметных часопісах. Пасля абеду з фізікамі працаваў спецыяльны госць — намеснік начальніка ўпраўлення вучэбна-метадычнай работы АПА Канстанцін Пятроў, які расказаў нам аб асаблівасцях выкладання фізікі ў школах краіны ў 2018/19 навучальным годзе.
На курсах выступіла таксама Тамара Мацкевіч з паведамленнем пра еdCamp на Украіне, у якім яна прыняла удзел. Настаўніца з Казахстана Ала Трафімава расказала пра адметнасці казахскай сістэмы адукацыі. Важным мерапрыемствам гэтага дня стала «Акадэмія».
Дзве пары вядучых — Віктар Герцык і Вольга Званцова і ад пакалення Z Ганна Плятнёва і Мацвей Званцоў — стварылі непаўторную ўрачыстую атмасферу на паляне. «Акадэмія» — гэта традыцыйнае мерапрыемства, на якім ушаноўваюць юбіляраў Альхоўкі — тых удзельнікаў, хто прайшоў навучанне 15 разоў (Алена Гаўруковіч і Аляксандр Плятнёў) і 5 разоў (Вольга Жыткая). Як мне стала вядома, асабліва ўрачыста ганаруецца той, хто працаваў на курсах 10 разоў, — ён становіцца «акадэмікам». Але ў гэтым годзе такіх не было.
Урачыстай вячэрай, прысвечанай юбілярам, гэты дзень не закончыўся. Наперадзе яшчэ было Купалле, арганізаванае сіламі і талентам Юліі Паўлавай, Валянціны Колбік, Наталлі Літвіновіч і Святланы Жыгала. Былі інсцэніроўкі, святочныя беларускія ўборы, танцы, песні, скачкі праз вогнішча — свята ўдалося на славу.
І вось наступіла суботняя раніца. Гэты дзень меркавалася прысвяціць рэфлексіі. Кожны з нас думаў і гаварыў пра тое, што збіраецца рабіць з атрыманым багажом ведаў і ўменняў, як спланаваць сваю дзейнасць на новы навучальны год, шторасказаць у сваіх установах адукацыі пра аўтарскія курсы. У мяне адбылася сапраўдная перазагрузка пасля мінулага навучальнага года, я адчувала прыліў сіл і энергіі, хацелася працаваць далей, а самае галоўнае — я ведала, у якім напрамку рухацца.
У Альхоўцы звычайна так: калі мы не вучымся, то едзем на экскурсію. У гэтым годзе ўдзельнікі курсаў пабывалі ў Гервятах, дзе сталі сведкамі вянчання ў Траецкім касцёле; наведалі нацыянальны парк «Нарачанскі» — Блакітныя азёры. Падчас экскурсій жывыя зносіны сталі яшчэ больш простымі і сяброўскімі.
У апошні вечар летніка мы, першагодкі, давалі канцэрт. Падрыхтоўка была доўгай, чаканне хвалюючым, але мы атрымалі велізарнае задавальненне, выступаючы перад калегамі. Канцэрт стаў для нас магчымасцю выказаць словы падзякі за тое, што мы так неверагодна прадуктыўна і натхнёна правялі гэты тыдзень. На канцэрце мы выканалі песню, словы якой прыдумалі самі:
Добрыя словы.
Добрыя людзі.
Наш першы летнік
мы не забудзем.
Гэта так проста.
Гэта так добра.
Як з галавою
залезці пад коўдру.
Прыцемкам сінім,
зімовай парою
Летнік альхоўскі
успомнім з табою.
Як ад дажджу мы
спяшалі схавацца
— Хто у намёце,
хто ў інтэрнаце.
Усё так актыўна.
Усё так грунтоўна.
Што тут дадаць?
Хіба што нічога.
З калегамі рушым.
Далей год новы.
Бывайце, паненкі!
Бывайце, панове!
Добрыя словы.
Добрыя людзі.
Першагодкі-2018
Цікава было стаць сведкамі запаўнення кнігі рэкордаў «Альхоўкі-2018». Сяргей Цімашук на працягу тыдня назіраў за жыццём у летніку і адзначыў факты, якія сапраўды з’яўляюцца рэкордамі. Напрыклад, Сяргей Яшчанка ў якасці кіраўніка каманды першагодкаў з 18 чалавек, двое з якіх непаўналетнія, прывёў яе да перамогі падчас начнога арыентавання ў лесе.
Апошні круг на паляне — апошняе мерапрыемства летніка. Прагучала шмат слоў падзякі адзін аднаму, аўтару і арганізатару праекта, а таксама дырэктарам Альхоўскай і Міхалішкаўскай школ; выдавецтвам «Адукацыя і выхаванне», «Сэр-Віт», БА «Конкурс», Таварыству беларускай школы за кнігі, якія атрымалі ўдзельнікі. Я стаяла на паляне сярод калег і думала: як выдатна, што я трапіла сюды. Людзі, з якімі я пазнаёмілася тут, неверагодныя, захопленыя сваёй справай, таленавітыя. Альхоўскі курсы — гэта курсы, якія натхняюць, зараджаюць энергіяй, дазваляюць зразумець, хто такі настаўнік і для чаго мы патрэбныя грамадству; курсы, якія падымаюць самаацэнку і прэстыж прафесіі.
Т. М. Афанасік /tan_k@tut.by/, часопіс Фізіка.