Аднойчы на настаўніцкіх курсах калега паказвала нам фотаздымак аб’явы ў настаўніцкай. У гэтай школе на суботнія школьныя забаўкі прыйшло няшмат дзяцей, і завуч па выхаваўчай рабоце з ранку ў панядзелак павесіла на дошку аб’яў вялікі каляровы ліст, на якім гіганцкімі літарамі з трыма клічнікамі было напісана: «Класныя кіраўнікі! У суботу ў школе было мала дзяцей! Рыхтуйцеся да дэпрэміявання!!!»
Калега паказвала нам здымак, глядзела на нас стомленымі вачыма і спакойна, без эмоцыяў пыталася: «Ну вось як гэта — рыхтавацца да дэпрэміявання? Што я павінна рабіць? Які пералік мерапрыемстваў?»
Пералік мерапрыемстваў у межах падрыхтоўкі да дэпрэміявання — гэта мы ўмеем. Прычым узаемасувязь паміж падрыхтоўкай да дэпрэміявання і нагодай для яго ж можа быць зусім невыразнай. Напрыклад, забойства ў Стоўбцах.
Зразумела, што ў нашай сістэме адукацыі абавязкова трэба знайсці нейкіх вінаватых пры пасадзе і як мінімум дэпрэміяваць. Што ім зрабіць у чаканні пакарання? Правільна, забараніць мабільныя тэлефоны. Лагічна ж, не?
- Як зрабіць адукацыю якаснай? Правільна, адмяніць адбор наймацнейшых і ліквідаваць установы, што даюць якасную адукацыю.
- Як зрабіць добрыя падручнікі? Вы здагадаліся, неадкладна выкінуць старыя і за паўгода напісаць, выпрабаваць і выдаць новыя.
- Як падвысіць узровень ведаў выпускнікоў? Памяняць сістэму падліку на ЦТ.
- Як зрабіць жыцьцё настаўніка лягчэйшым? Нагрузіць працай па суботах.
- Як зрабіць жыцьцё дзяцей весялейшым? Загнаць на «Снежны снайпер» і дэпрэміяваць класных кіраўнікоў за тое, што дзеці ў суботу сядзяць з мамкамі па дамах, а не шлэндаюцца па школе.
Калі ты працуеш у сістэме, ты пачынаеш думаць, як сістэма. Прэзыдэнт сказаў: «У школах бардак, тэрмінова навядзіце парадак!» Сталі навадзіць парадак — мыць і чысціць школы. Мятуць двары, фарбуюць парэнчы.
Прэзыдэнт сказаў: «У Стоўбцах вінаваты старшыня райвыканкама!» Назаўтра старшыні выканкамаў паехалі па школах гутарыць з дзецьмі, прасіць, каб тыя не кідаліся з нажамі на людзей. Ну, і тэлефоны. Забараніць тэлефоны і ўсім набыць смарт-гадзіннікі. Цяпер ніякіх трагедый. У чыстых школах, пасля гутаркі з мэрам, са смарт-гадзіннікам на руцэ — ніхто нікога не кране. Лагічна ж.
Колькі робіцца ў школах у чаканні дэпрэміявання! Дзеці падпісваюць сшыткі то па цэнтры, то злева, а калі заблытаўся, нясі новы. Паміж работамі прапускаюцца два радкі, і каб не тры, барані Божа.
Адпаведныя людзі гадзінамі правяраюць школьныя журналы, каб там напрыканцы тэмы ўроку не стаяла кропка. Спецыяльныя гадзіны адводзяцца, каб настаўнікі расказвалі дзецям пра навагодні бал у прэзідэнта. Не раскажаш — рыхтуйся да... Ну, вы зразумелі.
Гэта смешна, але смяяцца не атрымліваецца. У кожнага з нас — толькі адно жыцьцё. Як так складваецца, што мы павінны праводзіць яго ў вар’ятні, дзе кожны дзень хто-небудзь з вялікай чыноўнай стараннасцю чакае дэпрэміявання?
Ганна Севярынец
Арыгінал артыкула па спасылцы