Чаму ў Беларусі «буксуе» лічбавізацыя адукацыі?

08.04.2019

Па даных даследавання ЕС, у найбліжэйшы час лічбавыя навыкі спатрэбяцца на 9 з 10 працоўных месцаў, але 169 мільёнаў еўрапейцаў ва ўзросце ад 16 да 74 гадоў (або 44 % ад агульнай колькасці) не маюць базавых лічбавых навыкаў.

 

Чаму ў Беларусі «буксуе» лічбавізацыя адукацыі? Якой павінна быць школа ў лічбавую эпоху? Пра што трэба клапаціцца найперш — пра наяўнасць у навучальнай установе інтэрнэту на высокіх хуткасцях або пра гатоўнасць педагогаў працаваць з новымі тэхналогіямі? Якімі лічбавымі кампетэнцыямі павінны валодаць вучні і іх настаўнікі? Пра ўсё гэта разважалі ўдзельнікі ІІ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Лічбавая трансфармацыя адукацыі DTЕ 2019». Мерапрыемства ўяўляе сабой міжнародную інтэлектуальную пляцоўку для свабоднага абмену ідэямі і вопытам у галіне адукацыі і сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

 

Без даведак і справаздач

Андрэс АРЭМАА: "99 % усіх сэрвісаў даступныя ў Эстоніі анлайн".

— У нашай краіне дзейнічае правіла: нельга пытацца пра штосьці двойчы, — падкрэслівае начальнік аддзела электронных паслуг Міністэрства адукацыі і навукі Эстонскай Рэспублікі Андрэс АРЭМАА. — Гэта значыць, што калі нейкі сектар ужо валодае інфармацыяй, то іншаму сектару запытваць тую ж самую інфармацыю забаронена.

Трэба растлумачыць, што Эстонія лічыцца адной з самых «прасунутых» у лічбавых тэхналогіях краін свету. Яе яшчэ называюць «тэхналагічнай Меккай». У 2000 годзе эстонскі парламент прыняў закон аб прызнанні доступу да інтэрнэту неад'емным правам чалавека. Рэформы па лічбавізацыі ахапілі абсалютна ўсе сферы грамадства: адукацыю, ахову здароўя, падатковую сістэму, рынак працы і іншыя.

— 99 % усіх сэрвісаў даступныя ў нас анлайн. Ёсць толькі тры сэрвісы, якія такім чынам не дзейнічаюць: нельга заключыць, скасаваць шлюб і набыць жыллё анлайн, — кажа Андрэс. — Выкарыстоўваць усе сэрвісы анлайн грамадзянам дапамагае ІD-карта, якая ёсць у кожнага. А з дапамогай мабільнага тэлефона мы можам пакінуць свой лічбавы подпіс.

У Еўрасаюзе падлічылі, што толькі за кошт укаранення лічбавага подпісу Эстонія сэканоміла 10 % ВУП. 99 % банкаўскіх транзакцый тут адбываюцца анлайн, і ўсе даўно забыліся, як выглядаюць банкаўскія чэкі...

Эстонская адукацыйная дзяржаўная ІТ-сістэма (ЕHІS) уяўляе сабой базу, у якой прадстаўлены даныя ўсіх устаноў адукацыі (ад дзіцячых садкоў да ВНУ), усіх педагогаў і навучэнцаў, а таксама інфармацыя пра іх паспяховасць, вынікі здадзеных экзаменаў і тэстаў, атрыманыя сертыфікаты, пасведчанні, узнагароды і гэтак далей. У Эстоніі няма ніводнай навучальнай установы, якая не прысутнічае ў ЕHІS. Уся дзяржаўная статыстыка, фінансаванне, друкаванне пасведчанняў аб заканчэнні школы і іншае, што датычыцца кіравання, ажыццяўляецца на падставе даных гэтай сістэмы. Інфармацыя існуе толькі ў электронным выглядзе. Даныя ў ЕHІS уводзяць праз інтэрнэт непасрэдна самі навучальныя ўстановы. Яны ж адказваюць за іх якасць і праўдзівасць. Калі з'яўляецца нейкая новая інфармацыя, яна павінна быць унесена ў агульную базу на працягу 24 гадзін.

Таксама ў Эстоніі створана вэб-асяроддзе для камунікацыі ў сферы адукацыі — сістэма «электронная школа» (е-Sсhооl ).

Праз гэтую платформу настаўнікі адзначаюць наведвальнасць, выстаўляюць ацэнкі і адпраўляюць дамашнія заданні школьнікам. Самі школьнікі могуць выкарыстоўваць платформу для загрузкі выкананага дамашняга задання, а свае найлепшыя работы дадаваць у электроннае партфоліа. Бацькі таксама адсочваюць актыўнасць сваіх дзяцей у школе, праглядаюць іх дамашняе заданне, а пры неабходнасці звяртаюцца да настаўнікаў. У сістэме створаны профілі педагогаў. Гэта як маленькая сацыяльная сетка. Калі настаўнік, дзіця ці бацькі маюць пытанні ці заўвагі, яны пішуць адзін аднаму...

Асобнага прадмета «інфарматыка» ў школьнай праграме ў Эстоніі няма, а лічбавыя кампетэнцыі ў школьнікаў развіваюцца на кожным уроку. Між іншым, з нядаўняга часу для ацэнкі лічбавай кампетэнтнасці навучэнцаў у краіне пачалі ўкараняцца тэсты. Заданні скіраваны на праверку здольнасці навучэнцаў шукаць, упарадкоўваць і апрацоўваць інфармацыю, кантактаваць у лічбавым асяроддзі з захаваннем сеткавага этыкету і чужых правоў на інтэлектуальную уласнасць, уменне ствараць і развіваць уласны лічбавы кантэнт, абараняць персанальныя даныя, вырашаць розныя праблемы, якія ўзнікаюць у лічбавым свеце, разумець прасцейшыя мовы праграмавання...

А сёння ў Эстоніі працуюць ужо над стварэннем прававых рамак для выкарыстання штучнага інтэлекту (этычных і тэхналагічных стандартаў). Рыхтуецца законапраект для вырашэння прававых пытанняў, звязаных са штучным інтэлектам, які павінен унесці юрыдычную яснасць і ўсяліць упэўненасць пры выкарыстанні алгарытмаў у такіх абласцях, як медыцына, адукацыя, транспарт і іншых.

 

«Сакрэтны рэцэпт» поспеху

— Лічбавая трансфармацыя адукацыі сёння актуальная для многіх краін свету. Большасць з іх пакуль знаходзяцца на этапе пераводу папяровых носьбітаў у лічбавыя (дарэчы, як і мы), але трэба рухацца далей, мы павінны выкарыстоўваць новыя тэхналогіі для трансфармацыі адукацыйнага працэсу, — разважае брэнд-дырэктар адзінай платформы электронных сэрвісаў для адукацыі znаj.bу Аляксандр ЦЕПЛЯКОЎ. — Трэба перабудаваць сістэму адукацыі, змяніць цяперашнія ролі настаўніка і вучня. Першы ўжо не можа быць проста «рупарам», а другі — «губкай». Настаўнік павінен пераўвасобіцца ў мадэратара і эксперта, а вучні — адысці ад звычайнага ўзнаўлення пачутай на ўроку інфармацыі і стаць «вырашальнікамі праблем» з развітым крытычным мысленнем.

Аляксандр ЦЕПЛЯКОЎ: "У свеце існуе больш як 50 адукацыйных анлайн-платформ. Ёсць магчымасць, не ўстаючы з канапы, паслухаць вядомых прафесараў..."

«У нас няма праблем з тэхналогіямі. Ёсць праблемы з далучэннем навучэнцаў, — лічыць выканаўчы дырэктар Nеw Mеdіа Соnsоrtіum (ЗША) Ідэн Дальстрэм. — Толькі ад чатырох да сямі працэнтаў навучэнцаў матываваныя да вучобы».

Той кантэнт, што генерыруе інтэрнэт, надзвычай цікавы і разнастайны, і вучэбнаму канкурыраваць з ім вельмі складана. Да 2030 года колькасць навучэнцаў у свеце павінна падвоіцца, і адна з глабальных задач, якія стаяць перад адукацыяй ва ўсім свеце, — забяспечыць уцягнутасць падрастаючага пакалення ў вучобу і ў разы павялічыць колькасць матываваных.

Тэхналогія дапоўненай рэчаіснасці, віртуальная рэчаіснасць, Bіg Dаtа — усё гэта дазваляе зрабіць вучэбны працэс больш эмацыянальным і менш руцінным. Дапоўненая рэчаіснасць (АR) — адна з самых перспектыўных тэхналогій ХХІ стагоддзя. Сфера яе прымянення — ад гульнявой індустрыі да медыцыны. З кожным годам тэхналогія ўсё больш удасканальваецца і становіцца карысным інструментам, а не проста забавай.

— «Сакрэтны рэцэпт» укаранення сучасных тэхналогій даволі просты. Спачатку трэба стварыць вобраз (разабрацца, навошта вам тэхналогіі, чаго вы хочаце дабіцца і якую ставіце мэту?). Затым падрыхтаваць педагогаў. Забяспечыць камфортнае існаванне ў лічбавым асяроддзі будзе, напэўна, самым складаным, — канстатуе Аляксандр Цеплякоў. — І толькі затым трэба думаць пра інфраструктуру (інтэрнэт, праграмнае забеспячэнне і «жалеза»). Поспех будзе, калі дзіця зможа навучацца на новым, больш якасным узроўні. Адміністрацыя прэзідэнта Абамы не здолела вырашыць калісьці гэту задачу, проста аблічбаваўшы носьбіты...

Аляксандр Цеплякоў заўважыў, што сёння назіраецца крытычны разрыў паміж тым, як рыхтуюць у ВНУ, і тым, каго чакаюць у індустрыі і бізнесе. Між іншым, 15 кампаній-гігантаў, сярод якіх Gооglе, Аррlе, ІBM, Еrnst@Yоung, Hіltоn і іншыя, ужо не патрабуюць ад саіскальнікаў прад'яўлення дыплома аб вышэйшай адукацыі. Пад увагу бяруцца толькі іх кампетэнцыі.

У свеце існуе больш як 50 адукацыйных анлайн-платформ, многія з якіх даюць магчымасць навучацца бясплатна. Цяпер доступ да якасных ведаў можна атрымаць з любога пункта на планеце. З'явілася магчымасць, не ўстаючы з канапы, паслухаць вядомых прафесараў і паўдзельнічаць у абмеркаваннях на форумах курсаў. Змяняецца сам фармат навучання. Замест таго, каб атрымліваць тое ж, што і іншыя, можна атрымаць адаптаваны менавіта пад цябе досвед, стварыць персанальную траекторыю навучання.

 

...І персанальны «целаахоўнік»

Дырэктар галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі Павел ЛІС падкрэслівае: «Пытанне хуткасці ва ўкараненні лічбавых рашэнняў — адно з самых надзённых. Лічбавізацыя — гэта магчымасць кіравання сістэмай адукацыі на аснове аналізу вялікіх даных, індывідуальная адукацыйная траекторыя, выбудаваная нейроннай сеткай, праверка дамашніх заданняў штучным інтэлектам і гэтак далей. Зараз я кажу пра нашы чаканні. Але ў рэчаіснасці мы сутыкаемся з неразуменнем неабходнасці лічбавай трансфармацыі, жаданнем скінуць усё на ІТ-сектар, непрыняццем інавацый. Мы не ўмеем працаваць з негатыўным вопытам, памылкамі і рабіць з іх правільныя высновы...

Павел ЛІС: "Пытанне хуткасці ва ўкараненні лічбавых рашэнняў — адно з самых надзённых..."

Даводзіцца канстатаваць і няўзгодненасць дзеянняў паміж рознымі галінамі. Лічбавая трансфармацыя — не мода і не часовая з'ява, як хтосьці памылкова думае, а працэс, у які трэба паглыбіцца як мага хутчэй».

Ёсць і такая праблема, як жаданне аблічбоўваць пры адсутнасці адпаведных навыкаў і кампетэнцый. Сёлета пры ГІАЦ Мінадукацыі плануецца адкрыць адукацыйны цэнтр па павышэнні ІT-кампетэнцый выкладчыкаў, адміністратараў і менеджараў па такіх адукацыйных праграмах, як асновы вэб-распрацоўкі, рэляцыйныя базы даных у інфармацыйных працэсах, бяспека інфармацыйных тэхналогій, бяспечная работа ў інтэрнэце. Навучанне будзе накіравана на прасоўванне ІT-тэхналогій і ўключэнне ў гэтыя працэсы педагогаў. Акрамя таго, асаблівая ўвага будзе аддадзена стасункам педагогаў і кіраўнікоў устаноў адукацыі з вучнямі і іх бацькамі ў сацыяльных сетках і месенджарах.

Асноўным правадніком лічбавай трансфармацыі з'яўляецца педагог — гэта ўсе разумеюць, але чым сёння даводзіцца займацца ў школах? Вось толькі невялікі пералік папер, якія рыхтуюцца ва ўстановах адукацыі: штомесячна здаюцца справаздачы па арганізацыі харчавання, па занятасці навучэнцаў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, наведванні сацыякультурных устаноў. Штоквартальна — аб выкананні плана мерапрыемстваў у рамках Дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека», па прафілактыцы суіцыдальных паводзінаў і спажывання наркатычных і псіхатропных рэчываў, па тэматыцы і часе правядзення бацькоўскіх сходаў.

Сацыяльны пашпарт установы адукацыі рыхтуецца раз у паўгоддзе. Падаецца інфармацыя па аздараўленні навучэнцаў у летні перыяд, па дзейнасці дзённых лагераў у канікулярны час, інфармацыя аб правядзенні выпускных вечароў і апошніх званкоў. Рыхтуюцца справаздачы па месячніку здаровага ладу жыцця, прававога выхавання, прафілактыцы гвалту ў сям'і, бяспечнай жыццядзейнасці, інфармацыя аб вакцынацыі дзяцей і шмат іншай. Электронныя дзённікі і журналы ў абавязковым парадку дублююцца на папяровых носьбітах...

Ці спросціць жыццё школам Рэспубліканскае інфармацыйна-адукацыйнае асяроддзе, якое зараз ствараецца? Мяркуецца, што адзіная платформа ахопіць усе ўзроўні адукацыі, стане часткай электроннага ўрада, адпаведна, закрые ўсе патрэбы ў зборы і апрацоўцы даных.

Рэгістр навучэнцаў ужо напаўняецца інфармацыяй. У ідэале неабходна, каб даныя туды паступалі адразу з рэгістра насельніцтва, — гэта дасць магчымасць зняць з настаўнікаў велізарны пласт работ, вырашыцца і праблема ўсенавуча. Па сутнасці, з'явіцца лічбавы партрэт навучэнца, які аб'яднае інфармацыю пра ўстановы адукацыі, у якіх ён навучаўся, у тым ліку і дадатковай адукацыі, яго паспяховасць, медыцынскі складнік, спартыўныя дасягненні, атрыманыя на конкурсах і алімпіядах дыпломы. Маючы звесткі пра паспяховасць навучэнцаў у засваенні тых ці іншых прадметаў па ўсёй краіне, можна будзе прымаць кропкавыя кіраўніцкія рашэнні па карэкціроўцы, напрыклад навучальных праграм, па дапамозе пэўным рэгіёнам і пэўным навучальным установам, прагназаваць размеркаванне патокаў па розных установах адукацыі пасля заканчэння школы. На платформе будуць прадстаўлены таксама рэгістр устаноў адукацыі (ён мадэрнізуецца) і рэгістр педагагічных работнікаў (знаходзіцца ў працэсе стварэння).

Павел ЛІС: "Вось з такімі папяровымі артэфактамі пакуль даводзіцца мець справу..."

Кансультант па бяспецы асабістага профілю, куратар інфармацыйнай бяспекі і кіберследчы — вось тры самыя перспектыўныя прафесіі найбліжэйшай будучыні.

На думку начальніка аддзела інфармацыйных тэхналогій і абароны інфармацыі ГІАЦ Мінадукацыі Максіма БАГАТКІ, асабліва будуць запатрабаваныя кансультанты па бяспецы асабістага профілю. Гэта будуць персанальныя «целаахоўнікі» вашых персанальных даных: яны будуць сачыць і за вашым іміджавым складнікам, каб вы не выстаўлялі ў сеціве непажаданы кантэнт, які зможа вам нашкодзіць ці скампраметаваць.

— Кожны чалавек хоча адчуваць сябе абароненым. Але калі раней людзі закрывалі аканіцы і вешалі вялікія замкі, то сёння ўсіх хвалюе інфармацыйная бяспека і пагрозы, з ёй звязаныя, — падкрэслівае спецыяліст. — Між іншым, толькі за чацвёрты квартал 2018 года ад хакерскіх атак у свеце пацярпелі 765 мільёнаў чалавек, было страчана 50 мільёнаў долараў. І 53 % усіх пагроз былі накіраваныя на атрыманне доступу да персанальных даных.

 

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота прадастаўлена ГІАЦ Мінадукацыі, арыгінал артыкула па спасылцы