11 клас. Грамадазнаўства. Тэма “Сацыяльны партрэт Беларусі”

Даслала Ларыса Валынец, г. Смаргонь.
“Прапаную прыклад працы з рознымі крыніцамі інфармацыі на ўроку грамадазнаўства ў 11 класе па тэме “Сацыяльны партрэт Беларусі”.

Заданне для вучняў: “Сацыяльны партрэт Беларусі: фэйк і рэальнасць”. Выконваючы дадзенае заданне, навучэнцы павінны скласці інтэрактыўны партрэт Рэспублікі Беларусь.

За два тыдні да ўрока вучні дзеляцца (шляхам жараб’ёўкі) на 2—4 групы. Кожная група атрымлівае заданне стварыць інтэрактыўны плакат па напрамках:

1) сацыяльная сфера жыцця беларускага грамадства;

2) эканамічная сфера жыцця беларускага грамадства.

Прапаную ўмовы стварэння плаката:

1) неабходна выкарыстоўваць (візуалізаваць) інфармацыю з сеткі інтэрнэт, друкаваных СМІ, тэлебачання па атрыманай тэме;

2) крыніцы, якімі карысталіся, важна захаваць для сябе, але не паказваць на плакаце;

3) абавязкова размясціць на плакаце 5 топ-навін рэальных і 2—3 фэйкавыя (але не паказваць, якая з іх какая);

4) добра, калі прапануецца для выкарыстання не толькі беларускамоўны і рускамоўны кантэнт, але і англамоўны сегмент інтэрнэту.

На ўрок навучэнцы прыносяць гатовыя плакаты. Групам прапануецца абмяняцца плакатамі (парадак абмену можа быць любы).

1 этап (15 мінут) кожная група, карыстаючыся інтэрнэтам, павінна знайсці прапанаваныя ў плакатах навіны, вызначыць, якія з іх рэальныя, а якія фэйкавыя, растлумачыць свае адказы. (На працягу 7 мінут шукаем, потым 8 мінут тлумачым.)

2 этап: (15 мінут) клас дзеліцца на дзве групы (любым зручным і хуткім спосабам). Першая група на аснове атрыманых вынікаў працы стварае інтэрактыўны плакат рэальных навін Беларусі, другая — плакат фэйкавых навін. Створаныя плакаты вывешваюцца на дошку і параўноўваюцца.

Такім чынам, можна зрабіць выснову: як выглядае Беларусь рэальна і якой яе можна ўбачыць, калі некрытычна падыходзіць да інфармацыі, якую мы атрымліваем з розных крыніц. 

Больш пра Ларысу Валынец і метады, якія яна выкарыстоўвае пры навучанні, чытайце ў артыкуле "Праваднік сучасных тэхналогій навучання", надрукаваным у Настаўніцкай газеце 25.06.2019.