Ларыса Валынец. Праваднік сучасных тэхналогій навучання.

Ідэйны натхняльнік, лакаматыў свежых педагагічных ідэй, праваднік сучасных тэхналогій навучання, актыўная і вельмі мабільная Ларыса Валынец увесь час ідзе насустрач новаму. Ларыса Пятроўна — настаўніца гісторыі і грамадазнаўства, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 5 Смаргоні. Яе часта можна ўбачыць на фармальных і нефармальных мерапрыемствах для педагагічнай супольнасці. Прынамсі, я яе бачыла шмат разоў, таму сённяшняя гаворка — лагічны працяг нашых выпадковых, але сістэматычных сустрэч. Забягаючы наперад, хачу адзначыць, што Ларыса Пятроўна — педагог новай фармацыі.

Настаўнічае мая сённяшняя суразмоўніца пасля заканчэння гістарычнага факультэта БДУ з 1996 года, а ў пятай смаргонскай школе — з 1997 года. Гістарычна-грамадазнаўчы напрамак выбрала таму, што любіць навукі, якія з асобы робяць чалавека і грамадзяніна. “Ні адзін з прадметаў прырознаўчага цыкла (няхай не крыўдуюць калегі, я вельмі паважаю гэтыя прадметы) не вучыць нас знахо­дзіць адказ на пытанне “Чаму ў жыцці ці грамадстве адбываецца менавіта так, а не інакш?”. Гэта робяць толькі гуманітарныя прадметы”, — адзначыла Ларыса Пятроўна.

Жыццё дыктуе сваю логіку. Пры­маць і разумець гэта вучыць настаўніца. Матэматыка не навучыць, што добра, а што дрэнна, ды і ва ўзаемаадносінах паміж людзьмі асабліва не дапаможа. Тым часам настаўнікі матэматыкі могуць і запярэчыць, бо іх дысцыпліна вучыць логіцы і сістэмнасці. А гэтыя якасці могуць дапамагчы пазбегнуць канфліктаў і вырашыць праблемнае пытанне. Хаця зноў-такі ўсё залежыць ад чалавека, яго тэмпераменту, адукаванасці і выхавання, таму вяртаемся да гуманітарыяў, прыкладаў з літаратуры, гісторыі і, адпаведна, настаўнікаў, якія іх тлумачаць. 

Ларыса Пятроўна педагогіцы вучылася на практыцы, бо ў БДУ большы ўпор робяць на навуковасць прадметаў, якія выкладаюцца. “Калі ты малады, то ў галаве маеш шмат чаго. Але як гэтае “шмат” данесці да дзяцей, а яшчэ і навучыць? Такое пытанне задаюць сабе і сённяшнія маладыя настаўнікі. Мне ж па жыцці траплялі выдатныя педагогі, і не толькі калегі, але і мае школьныя настаўнікі, якія дэманстравалі вышэйшы метадычны пілатаж. А гэта была звычайная вясковая школа ў вёсцы Солы побач са Смаргонню. Уменне працаваць з дзецьмі заклалі менавіта школьныя настаўнікі.

Пасля атрымання педагагічных ведаў займалася самаадукацый. А вось пераломным момантам у маёй педагагічнай дзейнасці стала засваенне тэхналогіі актыўнай ацэнкі, якая проста перавярнула маю настаўніцкую свядомасць. І гэта выдатна!” — працягвала настаўніца.

 Філасофію АА Ларыса Пятроўна прыняла адразу. А ўсё таму, што заўсёды станановіцца на пазіцыю вучня. Яна добра памятае сваё стаўленне (пачуцці) да настаўнікаў, калі была школьніцай, таму разумее, наколькі важна мець зваротную сувязь з вучнямі. “Задача педагога — пры любых абставінах данесці патрэбныя веды да кожнага дзіцяці. А патрэбы вучня можна зразумець толькі тады, калі глядзіш на сітуацыю яго вачыма. У гэтым вельмі дапамагае актыўная ацэнка. Канечне, каб АА запрацавала напоўніцу, павінна быць сістэма. Пажадана, каб укараненне актыўнай ацэнкі пачыналася з пачатковай школы. У мяне ёсць клас, які працаваў па АА з пачатковай школы. Там педагог сама засвойвае гэтую тэхналогію. Цяпер вучні ўжо васьмікласнікі, і я ўбачыла, наколькі яны змяніліся: не саромеюцца спытаць, калі нечага не ведаюць або не зразумелі. І самае галоўнае — задаюць пытанні. Ды яшчэ якія!

 У маі мы з імі праходзілі падзел Рэчы Паспалітай. Тэма складаная, але пасля яе засваення дзеці задалі пытанне: “Чаму пры такім узроўні (эканамічным, інтэлектуальным) грамадства развалілася такая магутная дзяржава?” І самі на яго адказалі. Я, шчыра кажучы, была ўражана. Звычайна да такіх роздумаў мне самой даводзілася падво­дзіць вучняў. А тут яны ўсё зрабілі самастойна. Як гаворыцца, актыўная ацэнка ў дзеянні, калі працуе зваротная сувязь і ўменне фармуляваць ключавыя пытанні”, — адзначыла настаўніца.

Пры звароце да АА вельмі важна, каб аднадумцамі педагога сталі бацькі. А сучасныя бацькі зацыклены на адзнаках, прычым пераважна “дзявятках” і “дзясятках”, таму патлумачыць ім карысць актыўнай ацэнкі — гэта з боку настаўніка вялікі прафесіяналізм. Баць­кі павінны зразумець і прыняць, чым абгрунтавана прымяненне АА. Ларыса Пятроўна актыўна прапагандуе актыўную ацэнку як у бацькоўскім асяроддзі, так і педагагічным. У гэтым навучальным годзе курсы па АА скончылі 6 настаўнікаў пятай школы Смаргоні.

Акрамя таго, Л.П.Валынец — вельмі адкрытая настаўніца. Калі ў дзяцей ці бацькоў узнікаюць пытанні, то яна даступна як па тэлефоне, так і ў са­цыяльных сетках. На маё пытанне адносна часавага рэсурсу, яна адказала: “Мне не складана. І я вельмі люблю японскую сі­стэму менеджменту, у якой дзве сям’і: звычайная і работа, дзе адказ­­насць такая ж высокая, як і ў адносінах да ўласнай сям’і. І калі ты не паспеў зрабіць усю працу да 18.00, значыць, падчас працоўнага дня нешта прайшло без патрэбнага эфекту, таму давядзецца дапрацоў­ваць увечары”.

У метадычнай скарборцы Ларысы Пятроўны знайшлося месца і для медыяадукацыі, якая ідэальна падыходзіць як для ўрокаў гісторыі, так і грамадазнаўства. Праўда, перашкодай пры звароце да медыяадукацыі з’яўляецца адсутнасць высакахуткаснага інтэрнэту. Але насуперак цяжкасцям вучні Ларысы Пятроўны ведаюць, што такое фэйкі. Будучы намеснікам дырэктара, яна імкнецца вучыць крытычна мысліць і сваіх калег, на ўласным прыкладзе змагаецца з пасіўнасцю і інертнасцю.

“Я вельмі люблю ездзіць па школах краіны з рэспубліканскай творчай групай настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства пад кіраўніцтвам Венеры Міхайлаўны Варановіч. Мне падабаецца прымаць удзе­л у фестывалях, прысвечаных актыўнай ацэнцы. Нядаўна была на рэспубліканскім фестывалі па медыяадукацыі. Такія мера­прыемствы даюць магчымасць убачыць, чым жывуць іншыя педагогі ў краіне, як яны працуюць, што цяпер з’яўляецца актуальным. А колькі розных ідэй можна прывезці з такіх фестываляў і май­стар-класаў! Не менш важнымі стануць і эмоцыі, якія вы там атрымаеце. Звычайна такія форумы аб’ядноўваюць абсалютна не фанабэрыстых і гатовых дзяліцца ўласным вопытам педагогаў. Гэта вельмі натхняе”, — заўважыла Ларыса Пятроўна.

І гэта сапраўды так. Калі вакол аднадумцы, працаваць значна лягчэй, новае засвойваць прасцей. Прымяненне актыўнай ацэнкі і медыяадукацыі дазволіла Ларысе Пятроўне сабраць пэўную колькасць заданняў у сваю метадычную скарбонку. Напрыканцы нашай размовы яна прывяла некалькі прыкладаў заданняў са сваёй практыкі: “Прапаную прыклад працы з рознымі крыніцамі інфармацыі на ўроку грамадазнаўства ў 11 класе па тэме “Сацыяльны партрэт Беларусі”.

Заданне для вучняў: “Сацыяльны партрэт Беларусі: фэйк і рэальнасць”. Выконваючы дадзенае заданне, навучэнцы павінны скласці інтэрактыўны партрэт Рэспублікі Беларусь.

За два тыдні да ўрока вучні дзеляцца (шляхам жараб’ёўкі) на 2—4 групы. Кожная група атрымлівае заданне стварыць інтэрактыўны плакат па напрамках:

1) сацыяльная сфера жыцця беларускага грамадства;

2) эканамічная сфера жыцця беларускага грамадства.

Прапаную ўмовы стварэння плаката:

1) неабходна выкарыстоўваць (візуалізаваць) інфармацыю з сеткі інтэрнэт, друкаваных СМІ, тэлебачання па атрыманай тэме;

2) крыніцы, якімі карысталіся, важна захаваць для сябе, але не паказваць на плакаце;

3) абавязкова размясціць на плакаце 5 топ-навін рэальных і 2—3 фэйкавыя (але не паказваць, якая з іх какая);

4) добра, калі прапануецца для выкарыстання не толькі беларускамоўны і рускамоўны кантэнт, але і англамоўны сегмент інтэрнэту.

На ўрок навучэнцы прыносяць гатовыя плакаты. Групам прапануецца абмяняцца плакатамі (парадак абмену можа быць любы).

1 этап (15 мінут) кожная група, карыстаючыся інтэрнэтам, павінна знайсці прапанаваныя ў плакатах навіны, вызначыць, якія з іх рэальныя, а якія фэйкавыя, растлумачыць свае адказы. (На працягу 7 мінут шукаем, потым 8 мінут тлумачым.)

2 этап: (15 мінут) клас дзеліцца на дзве групы (любым зручным і хуткім спосабам). Першая група на аснове атрыманых вынікаў працы стварае інтэрактыўны плакат рэальных навін Беларусі, другая — плакат фэйкавых навін. Створаныя плакаты вывешваюцца на дошку і параўноўваюцца.

Такім чынам, можна зрабіць выснову: як выглядае Беларусь рэальна і якой яе можна ўбачыць, калі некрытычна падыходзіць да інфармацыі, якую мы атрымліваем з розных крыніц. 

І яшчэ прыклад працы з медыятэкстамі. Урок гісторыі Беларусі ў 10 класе па тэме “Развіццё адукацыі і навукі ў БССР у 1920—1930 гадах”. Да чаго заклікаюць, напрыклад, гэтыя плакаты? (Як актуалізуючае пытанне да ўрока.)

Выснова навучэнцаў: чалавек павінен быць пісьменным і адукаваным, каб весці барацьбу з кулакамі і іншымі ворагамі народа (плакат № 1). Для ажыццяўлення індустрыялізацыі і калектывізацыі — яшчэ і кваліфікаваным спецыялістам у той ці іншай сферы.

А вось прыклад ключавога пытання.

Гісторыя Беларусі ў 10 класе па тэме “Вызваленне БССР ад германскіх захопнікаў”.

Расказваю: “Узімку 1944 года наступленне Чырвонай арміі на тэрыторыі Беларусі было прыпынена. У сваёй кнізе “Усходні фронт. Выпаленая зямля” Паўль Карэль (нацысцкі прапагандыст Трэцяга рэйха) назваў беларускую наступальную аперацыю “Баграціён” Канамі для групы арміі “Цэнтр”.

Нагадаю вам, што ў 216 годзе да нашай эры каля мястэчка Каны ў Італіі карфагенская армія на чале з Ганібалам заваявала бліскучую перамогу над перавышаючамі сіламі рымскай арміі. Ці мае рацыю Паўль Карэль?” — падзялілася Ларыса Пятроўна.

Упэўнена, нехта з вас, паважаныя настаўнікі, дабавіць гэтыя заданні ў сваю метадычную скарбонку, а Ларыса Пятроўна натхніцца вашым энтузіязмам.

Вольга ДУБОЎСКАЯ Настаўніцкая газета, 25.06.2019