Як у школах замацоўваюцца гендэрныя стэрэатыпы і нараджаецца сэксізм? Чаму дзяўчатак на ўроках працы вучаць гатаваць і шыць, а хлопчыкаў майстраваць і рамантаваць? Ці варта зрабіць навучаньне гендэрна нэўтральным? Абмяркоўваюць пісьменьніца Тамара Лісіцкая, пэдагог, намесьніца старшыні Таварыства беларускай школы, рэдактарка сайту Nastaunik.info Тамара Мацкевіч, былая настаўніца Алена Шчарбінская і студэнтка Кацярына Яроміч.
Сьцісла:
Тамара Мацкевіч: Пад выглядам інавацый у беларускую школу пранікаюць ідэолягі «русского мира», такія як афтальмоляг Уладзімір Базарны, які кажа дзецям, што гендэр — сусьветная змова.
Тамара Лісіцкая: У школе атрымліваем сытуацыю, калі хлопчыкам і дзяўчаткам трэба прыняць наступную філязофію: яны павінны падпарадкавацца ўладарнай жанчыне.
Алена Шчарбінская: Жорсткія патрабаваньні да настаўніц, каб абавязкова насілі сукенкі і спадніцы. Калі працавала ў школе, мне зрабілі «ціхую вымову» за джынсы.
Кацярына Яроміч: У дзяцей складаецца ўражаньне, быццам прадметы, ды і навука ўвогуле, падзяляецца паводле гендэру: матэматыка, фізыка — для хлопцаў, мовы — для дзяўчат.
«Гендэрная роўнасьць на бессэнсоўнае марнаваньне часу на ўроках працы дасягнутая»
Ганна Соўсь: Шмат пакаленьняў прайшлі праз амаль ідэнтычныя праграмы працоўнага навучаньня ў школе. У часы маёй вучобы падчас курсу ВВК (УПК) хлопцы маглі атрымаць правы кіроўцы, што было зусім не даступна для дзяўчат. Зьмены пэрыядычна адбываюцца, раней «Пачатковая вайсковая падрыхтоўка» была для ўсіх, а цяпер для хлопцаў — дапрызыўная падрыхтоўка, а для дзяўчат — мэдычная. У любым разе застаюцца жорстка замацаваныя гендэрныя ролі. Ці гэта актуальна ў ХХІ стагодзьдзі?
Тамара Мацкевіч: Хачу акрэсьліць тры асноўныя праблемы ў сыстэме адукацыі:
- Загадам міністэрства летась дадалося УПК у старэйшую школу. У сьпісе прафэсій кіроўцы ўжо няма, а ёсьць дэманстратар адзеньня, даяр, апэратар ЭВМ ды іншыя. Кіроўца — адна з самых масавых прафэсій, яна была б сапраўды карысная дзецям. А апэратар ЭВМ — такой прафэсіі зусім няма. У музэі стаіць старая машына «Мінск-32» на тры паверхі з магутнасьцю добрага калькулятара, а каля яго сядзіць апэратарка ЭВМ і выбівае дзірачкі ў пэрфакартах. Такім чынам гендэрная роўнасьць на бессэнсоўнае марнаваньне часу на ўроках працы дасягнутая. У параўнаньні з савецкай школай пытаньні гендэрнай роўнасьці вельмі важныя, але, на жаль, яны адыходзяць на другі плян. Калі няма правоў, то іх няма ні ў кога — ні ў жанчын, ні ў мужчын, ні ў інвалідаў, ні ў самотных маці, нават у бацькоў на выхаваньне сваіх дзяцей. Найперш патрэбна права выбару. Хаця б у бацькоў было права выбару школьнай рады, якая вырашыць, чаму вучыць, а чаму не вучыць дзяцей.
- У школу атрымалі доступ рэлігійныя дзеячы, якія не абмежаваныя праграмамі, іх ніхто не кантралюе. Яны могуць рэтрансьляваць, мякка кажучы, несучасныя, ненавуковыя погляды на гендэрныя пытаньні ды іншыя пытаньні і зьявы.
- Пад выглядам інавацый у сучасную беларускую школу «пранікаюць» розныя ідэолягі, у тым ліку ідэолягі «русского мира». Напрыклад, афтальмоляг Уладзімір Базарны адкрыта ў школах дзецям прапагандуе, што гендэр — гэта сусьветная змова, што хлопец — будучы воін, а дзяўчынка — яго нявеста і маці. Ён нясе ахінею, што ад пісаньня шарыкавай асадкай косьці становяцца вадкімі, а джынсы насіць нельга, бо яны ад слова джын (чараўнік), і гэтая тканіна перашкаджае дзяўчынцы ў будучыні быць прыгожай і нараджаць воінаў. У ягоным разуменьні прыгажосьць — гэта шырокія клубы. Калі наша Міністэрства адукацыі зацьвярджае інавацыйныя (я не магу так сказаць, але яны так называюцца ў міністэрскіх дакумэнтах) пляцоўкі гэтага, так бы мовіць, навукоўца і ягоных тэхналёгій, зьбірае настаўнікаў на яго платныя сэмінары, то я ня ведаю, калі мы дажывём да таго разуменьня гендэрнага навучаньня і гендэрных роляў, якія патрэбны маладому пакаленьню для жыцьця ў інфармацыйным грамадзтве.
Артыкул цалкам па спасылцы