«Кожны дзень мы адкрывалі адно аднаго і самі сябе, змяняліся, развіваліся... Мы навучыліся працаваць у камандзе, набылі велізарную колькасць карысных ведаў... Па адчуваннях, за чатыры тыдні нам далі больш, чым за чатыры-пяць гадоў ва ўніверсітэце. Нашы арганізатары Таццяна Квяцінская, Сяргей Бародзіч, Алена Мельчанка і Зміцер Макарчук — сапраўдныя прафесіяналы! Гледзячы на іх, хочацца расці і заваёўваць вяршыні! У недалёкай будучыні сістэму адукацыі чакаюць каласальныя перамены, і яны пачаліся. Мы сталі часткай новай гісторыі, а якой яна будзе, залежыць толькі ад нас...», — напісала на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы адна з удзельніц праграмы «Настаўнік для Беларусі», псіхолаг Ксенія ГАРШКОВА.
Гэта сумесны праект БПС-Ашчадбанка і Міністэрства адукацыі нацэлены на прыцягненне ў школы ў невялікіх гарадах і населеных пунктах крэатыўных і неабыякавых настаўнікаў, якія могуць і хочуць прыўнесці ў прафесію педагога новыя цікавыя ідэі, умеюць спраўляцца з цяжкасцямі, захоўваючы аптымізм, імкнуцца да самаразвіцця, гатовы да змен (у тым ліку і да пераезду на новае месца) і вераць у свае сілы.
Маладосць і вопыт
Афіцыйны старт быў дадзены праекту ў чэрвені, але падрыхтоўка да яго вялася цэлы год. Штуршком стаў візіт у Беларусь старшыні праўлення Ашчадбанка Расіі Германа Грэфа. Ашчадбанк з'яўляецца галоўным донарам праграмы «Настаўнік для Расіі» і на справе дэманструе сацыяльную адказнасць бізнесу. Было вырашана пашырыць праект і на тэрыторыю Беларусі, дзе знаходзіцца даччыны БПС-Ашчадбанк. Тым больш што ўжо былі энтузіясты, якія даўно шукалі магчымасць, каб увасобіць гэту ідэю.
Да ўдзелу ў праекце «Настаўнік для Беларусі» запрашаліся як сёлетнія выпускнікі педагагічных спецыяльнасцяў, так і вопытныя настаўнікі. Першым крокам было запаўненне анкеты, затым кандыдатаў чакала скайп-інтэрв'ю, а на апошнім этапе — субяседаванне ў Мінску, падчас якога трэба было таксама правесці сяміхвілінны ўрок. Ключавымі крытэрыямі для адбору сталі камунікатыўныя навыкі кандыдатаў, іх гатоўнасць працаваць у камандзе і свядомая матывацыя (удзельнік павінен быў падзяляць каштоўнасці праекта). Усяго паступіла 60 заявак ад ахвотных змяняць школу і сябе. Для ўдзелу ў летнім інтэнсіве былі запрошаны 12 педагогаў. Сярод іх аказалася і вопытная настаўніца беларускай мовы і літаратуры з аршанскай сярэдняй школы № 20 Алена ПАНКРАТАВА. Па яе словах, яна прачытала артыкул аб праекце ў «Звяздзе» і паспела ўскочыць у апошні вагон. Яе заяўка прыйшла пасля ўсіх дэдлайнаў...
«Свежае адукацыйнае паветра мне было проста жыццёва неабходнае. Сваіх медыягеніяў — беларускі профільны клас — я выпусціла і думала, што мне няма чаго больш даць дзецям, раздала ўсё, адчувала, што трэба «напоўніцца», — кажа настаўніца. — Маладых, творчых, разумных, крэатыўных настаўнікаў у нашай краіне шмат. Але разбірацца са сваім крэатывам і творчасцю, час ад часу перажываючы памылкі, можна доўга і цяжка. І толькі вопытны педагог, азіраючыся на пачатак свайго прафесійнага шляху, разумее, наколькі важная на гэтым этапе прафесійнага росту дапамога і падтрымка старэйшых калег, здольных накіраваць жаданне моладзі працаваць па-новаму ў канструктыўны бок».
Сігнал з космасу?
Летні інтэнсіў быў абавязковай умовай удзелу ў праекце. Цягам трох тыдняў на загараднай базе адпачынку БПС-Ашчадбанка як учарашнія выпускнікі, так і настаўнікі з салідным стажам навучаліся сучасным падыходам у педагогіцы і выкладанні, загартоўвалі свае лідарскія якасці, атрымлівалі веды ў галіне праектнага менеджменту і тайм-менеджменту. Кожны дзень быў напоўнены выязнымі мерапрыемствамі і сустрэчамі з цікавымі спікерамі.
— Заняткі распачыналіся раніцай і заканчваліся толькі бліжэй да ночы. Але ж трэба было яшчэ шмат чаго выканаць і паспець. Тэмп жыцця ў нас быў проста шалёны, — канстатуе ўдзельніца праекта Алена АЛЕХНА.
Дзяўчына хоць і мела педагагічны досвед (працавала педагогам-арганізатарам ва ўстановах адукацыі ў Салігорску і Бабруйску), вышэйшую педагагічную адукацыю атрымала толькі сёлета. Скончыла завочна філфак БДУ. «Са мной нешта адбывалася, я разумела, што трэба ў жыцці штосьці змяняць — чарговы этап завяршыўся. Падумала, а ці не паехаць мне працаваць у вясковую школу? — кажа яна. — І вось, рыхтуючыся да чарговага экзамену, зайшла на старонку ў сацыяльнай сетцы да свайго выкладчыка і ўбачыла там абвестку аб наборы ў праграму «Настаўнік для Беларусі». Падумала, што, напэўна, гэта лёс, сігнал, які мне дасылаюць, тым больш што можна не толькі паспрабаваць сябе ў новай якасці, а яшчэ і чамусьці навучыцца. Вось толькі інфармацыя пра тое, што адбяруць усяго дванаццаць удзельнікаў, засталася спачатку без маёй увагі. Спужалася я ўжо пазней, калі адправіла на праект анкету...»
Захапляйся дзецьмі!
Удзельніцамі «Настаўніка для Беларусі» сталі і дзве Наталлі ЦЕЦЯРУК! Настаўніцы працуюць у школе ў аграгарадку Павіцце ў Кобрынскім раёне.
— Мы замужам за роднымі братамі. Я выкладаю ў пачатковай школе, а сваячка — беларускую мову і літаратуру, — тлумачыць Наталля. — Мой педстаж складае 23 гады, таму для мяне самым складаным падчас летняга інтэнсіву было перагледзець свае погляды і падыходы ў прафесіі. Давялося нават крышачку сябе ламаць. Калі аналізавала свае дзеянні праз прызму гуманнай педагогікі, для мяне гэта было вялікае самапазнанне і самаразвіццё. Я атрымала інструменты, якія змагу прымяняць у далейшай рабоце. Увогуле дэвіз гуманнай педагогікі — «Прыйшоў у клас — захапляйся сваімі дзецьмі» — стане цяпер і маім дэвізам.
Дзве Наталлі застануцца працаваць у сваёй школе, якая падала заяўку на ўдзел у праграме «Настаўнік для Беларусі», толькі будуць мець цягам двух гадоў пастаянную метадычную і фінансавую падтрымку. Увогуле далучыцца да праекта пажадала каля 20 школ, іх геаграфія ахоплівае ўсе рэгіёны Беларусі, але прыняць апантаных настаўнікаў пашчасціла з іх толькі пяці: Лядзенскаму дзіцячаму саду — сярэдняй школе, Негарэльскай сярэдняй школе № 1, Дзяржынскай гімназіі № 1, Паплаўскаму дзіцячаму саду — сярэдняй школе (усе яны размешчаны на тэрыторыі Мінскай вобласці) і школе ў аграгарадку Павіцце на Брэстчыне.
Кожнаму настаўніку — удзельніку праграмы — акрамя зарплаты будзе два гады налічвацца стыпендыя ў памеры 250 рублёў. Іх таксама забяспечаць ноўтбукамі і кампенсуюць выдаткі на жыллё пры неабходнасці пераезду.
Алена Алехна накіруецца ў Негарэлае, а яшчэ адна ўдзельніца Ала ГАЛУБКОВІЧ (дзяўчына сама родам з Камянца) збіраецца пераехаць у Дзяржынск. Яна не мае пакуль педагагічнага стажу, бо толькі сёлета скончыла гістарычны факультэт у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце. Пра праект даведалася ад выкладчыкаў. Першапачаткова планавала ехаць па размеркаванні ў Лагойск, але цяпер яе жыццёвыя і прафесійныя планы змяніліся. «Для мяне падчас летняга інтэнсіву, напэўна, самым складаным было разабрацца ва ўсіх метадах і методыках і вылучыць з вялікай колькасці найбольш важнае, таму што ўсё хочацца апрабаваць. Але ж я разумею, што трэба выбудаваць нейкую сістэму», — канстатуе ўчарашняя выпускніца.
Людміла АДАМОВІЧ шэсць гадоў таму скончыла Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Машэрава, працавала да апошняга часу ў аграгарадку Будзілава ў Бешанковіцкім раёне, выкладала ў школе матэматыку і інфарматыку. Увесь час займалася валанцёрскай і краязнаўчай работай. Цяпер яна збірае чамаданы, каб накіравацца ў Ляды. Кажа, што муж яе падтрымаў, бо «людзі едуць працаваць нават у іншыя краіны, а яна ўсяго толькі змяняе Віцебскую вобласць на Мінскую». «Кожны дзень летняга інтэнсіву быў для мяне карысны і патрэбны, таму што я атрымлівала ідэі і матывацыю», — кажа настаўніца. Разам з ёй у Лядзенскую школу паедзе Васіль Гембіцкі, настаўнік фізічнай культуры (месца яго ранейшай работы — Пінск). Трэба заўважыць, што ў кожную школу накіроўваюцца па два ўдзельнікі праекта, бо разам з аднадумцам будзе прасцей асвойвацца на новым месцы.
Першы набор праекта «Настаўнік для Беларусі».
Найлепшыя дні ў жыцці
Бадай што самым адказным, самым складаным, але разам з тым самым яркім і запамінальным стаў летнік з дзецьмі на тэму «Навыкі ХХІ стагоддзя», які ўдзельнікі летняга інтэнсіву павінны былі самі спланаваць. Ён разгарнуўся на базе 20-й сярэдняй школы ў Барысаве. Дзеці ставілі хімічныя вопыты, праектавалі рашэнне розных экалагічных праблем, прыбіралі смецце ў лесе, здымалі відэаролікі аб праблемах, да якіх можа прывесці адсутнасць здаровага ладу жыцця, фізічнай актыўнасці і правільнага харчавання, здзяйснялі экскурсіі, выратоўвалі Планету высокіх тэхналогій ад страшнага віруса...
Выхаванцы — 45 дзяцей, у тым ліку са шматдзетных і малазабяспечаных сем'яў — былі падзелены на тры атрады. І з імі па першым часе не заўсёды было проста, але ў апошні дзень усе плакалі: і дзеці, і педагогі. Можна бясконца спрабаваць падбіраць словы, але ўсе яны ўсё роўна будуць не тыя, таму што для кожнага гэты дзень стаў асаблівым па-свойму: са сваімі эмоцыямі і сваімі слязамі. Гэтыя сем дзён змянілі ўсіх. «Найлепшыя ў іх жыцці дні», як сказалі самі дзеці. Яны не хацелі развітвацца з педагогамі і запрашалі тых у свае школы.
Першы этап праграмы «Настаўнік для Беларусі» завяршыўся. Вынікі летняга інтэнсіву падвялі ва ўрачыстай абстаноўцы ў БПС-Ашчадбанку.
— Не буду хаваць, што для нас гэты праект стаў своеасаблівым выклікам. Я заўсёды лічыў, што ў свеце ёсць шмат прафесій, якія з'яўляюцца і знікаюць, пра іх забываюць, але педагог — тая прафесія, якая ніколі не знікне, — разважае старшыня Праўлення БПС-Ашчадбанка Ігар МЯРКУЛАЎ. — Мы навучаліся ў школе ў тыя часы, калі настаўнік быў галоўнай крыніцай інфармацыі, тады не было інтэрнэту і сацыяльных сетак, быў толькі падручнік і педагог, і настаўнікам, напэўна, працавалася прасцей, а сёння нават шасцікласнік можа пратэсціраваць свайго педагога, адкрыўшы ў сеціве «Вікіпедыю». Таму роля настаўнікаў у сучасным свеце змяняецца. Яны павінны стаць людзьмі, якія матывуюць атрымліваць веды і навучацца ўсё жыццё. Цяпер за пяць гадоў адбываецца больш перамен, чым раней за стагоддзе. Да таго ж з'явіліся спецыяльнасці, якія адбіваюць жаданне працаваць у школе. «У айцішнікаў такія вялікія заробкі, таму трэба ісці ў ІТ», — прыкладна так думаюць маладыя людзі. Праграма «Настаўнік для Беларусі» — зона нашай сацыяльнай адказнасці, бо менавіта ад педагогаў залежыць будучыня Беларусі. Мы будзем гэты праект тыражаваць і маштабаваць.
Самым яркім і запамінальным стаў летнік з дзецьмі на тэму "Навыкі ХХІ стагоддзя".
Ключавы элемент — каманда
— Хочаш ісці хутка — ідзі адзін, а хочаш ісці далёка і доўга — ідзі разам. Кожны з нас у адзіночку класны і цікавы, але разам мы можам зрабіць намнога больш, — кажа Алена МЕЛЬЧАНКА, менеджар адукацыйных праектаў, адзін з арганізатараў летняга інтэнсіву.
— Праект насамрэч важны, і нам было цікава ўбачыць педагогаў, якія будуць прапагандаваць ідэі сучаснай школы, — прызналася начальнік упраўлення па адукацыі Барысаўскага райвыканкама Марына САВЯНОК. — Хачу пажадаць, каб у новых калектывах вы сталі сапраўднымі батарэйкамі, каб запальвалі сваімі ідэямі іншых, каб школа ўжо не змагла жыць як раней. І спадзяюся, што ў ідэі будзе шмат паслядоўнікаў і партнёраў.
Між іншым, ужо створаны мясцовы адукацыйны фонд «Новая школа». Яго дырэктарам стала настаўніца рускай мовы і літаратуры з мінскай гімназіі № 10 Таццяна КВЯЦІНСКАЯ, а старшынёй Папячыцельскага савета — намеснік старшыні праўлення БПС-Ашчадбанка Лілія АСТАПОВІЧ. Да праекта могуць далучыцца любыя кампаніі-донары, якія жадаюць зрабіць унёсак у развіццё якаснай адукацыі ў рэгіёнах.
Ёсць і першы афіцыйны партнёр праекта «Настаўнік для Беларусі» — анлайн-гіпермаркет 21vek.by. Сузаснавальнік і намеснік дырэктара кампаніі Павел МАТУСЕВІЧ кажа: «Я шчаслівы бачыць столькі зацікаўленых вачэй. Калі ахарактарызаваць ваш праект паняццямі са сферы бізнесу, то гэта стартап. А ў любым стартапе ключавы элемент — яго каманда. Я бачу сёння вочы, якія гараць. У стартапераў — гэта больш за палову поспеху... Адзінае, да чаго заклікаю, — не трэба даваць дзецям веды, самае важнае — гэта навык вучыцца. І да сваёй школы я стаўлюся менавіта як да месца, дзе я атрымаў гэты навык».
І напрыканцы колькі слоў пра тое, што чакае праект наперадзе. За кожным з удзельнікаў замацуюць куратара — вопытнага выкладчыка, да якога заўсёды можна будзе звярнуцца па дапамогу. Арганізатары плануюць, што кожную чвэрць навучальнага года ўсе будуць збірацца і падводзіць разам вынікі работы ў школах, абмяркоўваць праблемы, якія акрэсліліся, атрымліваць новыя веды і метадычную падтрымку. Першая такая сустрэча адбудзецца ўжо падчас асенніх канікул.
Надзея НІКАЛАЕВА, газета ЗВЯЗДА
Фота прадастаўлена арганізатарамі праекта