На канферэнцыі для настаўнікаў Edcamp Belarus-2019 сваім вопытам з беларускімі калегамі падзяліўся даследчык Кембрыджскага універсітэта, вядомы педагог і блогер, у мінулым намеснік дырэктара адной з самых складаных школ Лондана Рос Морысан Макгіл.
Яго блог TeacherToolkit з вынікамі даследаванняў, ідэямі, новымі методыкамі і карыснымі для настаўнікаў матэрыяламі ўваходзіць у топ-100 найбольш карысных рэсурсаў для настаўнікаў, а колькасць чытачоў больш, чым насельніцтва Беларусі.
Па словах англійскага педагога, некаторыя праблемы настаўнікаў з Вялікабрытаніі падобныя на тыя, з якімі сутыкаюцца іх беларускія калегі: празмерная нагрузка і не адпаведныя ёй зарплаты, ціск з боку ўрада і бацькоў, хуткае выгаранне. У брытанскіх школах працуе 443 тысячы настаўнікаў, яшчэ 350 тысяч кваліфікаваных педагогаў не працуюць у школах. Кожны год суадносіны змяняюцца на карысць тых спецыялістаў, якія сыходзяць са школы.
- Праца настаўніка становіцца ўсё больш цяжкай, ускладняюцца праграма і экзамены, настаўнікаў застаецца ўсё менш, а нагрузка расце, скарачаецца фінансаванне школ. Але нягледзячы на гэта, вынікі экзаменаў увесь час паляпшаюцца. Палітыкі мяркуюць, што можна і далей менш сродкаў выдаткоўваць на школы і губляць педагогаў. Але гэта значыць, што на тых настаўнікаў, якія засталіся аказваецца ўсё большы ціск і працаваць ім становіцца ўсё складаней, - падзяліўся Рос Морысан Макгіл назіраннямі падчас выступу на Edcamp Belarus-2019.
- У Беларусі актуальная праблема выгарання настаўнікаў і іх сыходу з прафесіі. Якія ёсць эфектыўныя спосабы іх утрымаць?
- Так, у нас таксама ёсць праблема ўцечкі кадраў. Статыстыка паказвае, што ў сярэднім настаўнік працуе ў школе 13 гадоў. Да 40% маладых настаўнікаў сыходзяць у першыя пяць гадоў. Але я ўважліва вывучыў даследаванні і заўважыў, што большая частка сыходзіць у першыя два гады працы.
Выкладанне - адна з самых складаных прафесій, у якой шмат папяровай працы, справаздач, праверак работ школьнікаў, плюс сам працэс навучання і псіхалагічная праца з кожным вучнем. Настаўнікі працуюць 45-50 гадзін у тыдзень, а адміністрацыя школы - 60-80 гадзін.
Маладыя людзі паступаюць ва ўніверсітэт ва ўзросце 18-20 гадоў і вучацца 2-4 гады. Яны не да канца разумеюць прафесію, і не ведаюць ці гатовыя яны да яе на самой справе. Каб інтэнсіфікаваць працэс навучання будучых настаўнікаў, брытанскі ўрад прыдумаў такую стратэгію - у лепшых студэнтаў з'явілася шмат практыкі, падчас якой яны могуць асвойваць новыя педагагічныя методыкі. Гэта праграма “Вучы першым”, якая прыйшла з ЗША. Сутнасць яе ў тым, каб студэнты як мага раней пачалі выкладаць у школе, каб яны маглі зразумець, ці створаны для гэтай прафесіі. Калі студэнт разумее, што выкладанне ў школе яму не падыходзіць, ён можа сысці працаваць у адукацыйныя цэнтры і бізнес-супольнасць.
Ёсць асаблівасць і ў аплаце працы. Маладыя прафесіяналы атрымліваюць больш высокую зарплату, плюс кожны дзень за тую ці іншую дзейнасць яны атрымліваюць надбаўкі.
Зараз у Вялікабрытаніі шмат гаворыцца аб псіхічным стане педагогаў. Пытанне ў тым, як дапамагчы настаўнікам, асабліва маладым, выпрацаваць супраціў да эмацыйнага выгарання і даўжэй заставацца ў прафесіі.
Яшчэ адзін бок праблемы ў тым, што больш сталыя настаўнікі часта менш ініцыятыўныя і больш лянівыя. Ўтрымліваць школы з вопытнымі настаўнікамі дорага, але ў той жа час кожнай школе патрэбныя настаўнікі з вялікім багажом, якія будуць дзяліцца з маладымі сваім вопытам. Адзін з варыянтаў - стварыць сістэму, пры якой вопытныя настаўнікі нават пасля таго, як сыходзяць са школы, маглі б арганізоўваць майстар-класы і неяк інакш падтрымліваць настаўнікаў, якія выкладаюць. Гэта значыць ствараць супольнасці педагогаў, якія б мелі ўплыў у адпаведных колах.
- Настаўнікі сёння рыхтуюць дзяцей да хутка зменлівага свету, пра які мы нічога не ведаем, дзе моцна змяняецца грамадства, эканоміка, з'яўляюцца зусім новыя тэхналогіі, прафесіі і магчымасці. Якія базавыя веды застаюцца актуальнымі на ўсе часы?
- Вядома, у школе павінен быць пэўны набор базавых прадметаў. Гэта чытанне, пісьмо і арыфметыка. Акрамя гэтага абавязкова расказаць дзецям гісторыю сваёй краіны і гісторыю ўсяго свету. Але важна, каб у школе быў не толькі блок, які адказвае за веды, але і блок, які развівае пэўныя якасці, ўменні, кампетэнцыі.
Многія неэксперты ў выкладанні, напрыклад, палітыкі і бацькі, лічаць, што ўменне лічыць з'яўляецца базавым, але пры гэтым не разумеюць, як важна ўмець прымяняць веды на практыцы.
Сёння вельмі важна фарміраванне скразных кампетэнцый, крытычнага мыслення, якому вельмі складана навучыць, умення прымаць рашэнні. Напрыклад, кожны чалавек хоць раз у жыцці сутыкнецца са звальненнем. Гэта было і са мной. Я думаў, што гэта канец - мне было ўсяго 35 гадоў, і трэба было зарабляць грошы. Як падрыхтаваць чалавека да такой сітуацыі, як навучыць яго не здавацца? Вельмі карысна навучыць дзяцей супраціўляцца абставінам. Але гэта не толькі задача школы, дзе дзеці праводзяць ўсяго траціну дня, а ў першую чаргу - роля сям'і.
Мэта навучання не ў тым, каб школьнік ідэальна ведаў нейкі прадмет, а ў тым, каб ён умеў выкарыстаць гэтыя веды. Цяпер дзеці многае могуць даведацца, проста спытаўшыся ў гугла. І ў сувязі з гэтым мы бачым яшчэ адзін актуальны навык - умець распазнаваць фэйкавую інфармацыю, знаходзіць надзейныя крыніцы ведаў, працаваць з самастойна знойдзенымі адказамі, крытычна ставіцца да навін, умець адбіраць інфармацыю, выкарыстоўваючы ўсе «за» і «супраць».
У Вялікабрытаніі зараз ідзе дыскусія пра важнасць навучання дзяцей талерантнасці. Дзеці з аднаго класа могуць мець рознае веравызнанне, нацыянальнасць, расу, гендэрнае самавызначэнне, яны могуць мець зусім розныя сям'і, у тым ліку якія належаць да ЛГБТ-супольнасці. У падручніках пачатковай школы ёсць вялікая разнастайнасць малюнкаў і прыкладаў, напрыклад, сям'і, дзе ёсць не толькі тата і мама, а таксама два таты ці дзве мамы. Гэта вучыць дзяцей ўсведамляць разнастайнасць свету, разумець, што адбываецца вакол і прымаць гэта.
У цэлым настаўнікі Вялікабрытаніі вучаць дзяцей кампетэнцыям, дапамагаюць ім развіваць адпаведныя навыкі і ўменні, і самае галоўнае - здольнасць вучыцца самастойна і рабіць гэта на працягу ўсяго жыцця. Гэта больш важна, чым калі дзіця проста будзе ведаць матэматыку.
- Настаўнікі, а разам з імі і бацькі, часта негатыўна ўспрымаюць змены ў сістэме адукацыі. Як пераканаць іх прымаць інавацыі?
- Гэта пытанне даверу да ўрада, да тых хто складае новыя падручнікі. У настаўніка, у адрозненне ад лекара, які перад тым як працаваць з пацыентам шмат разоў папрактыкуецца на мёртвых людзях, у класе сядзяць жывыя дзеці, на якіх не паставіш эксперымент. І ў адрозненне ад медыцыны, дзе людзі больш прыслухоўваюцца да ўрача, у грамадстве ўсё лічаць, што ведаюць, як правільна вучыць дзяцей.
На справе лепш за ўсё гэта ведаюць настаўнікі. Ім вядома, як уладкована памяць дзяцей, як выбудоўваць невербальную камунікацыю, як працаваць з некалькімі дзясяткамі школьнікаў адначасова, як матываваць кожнае дзіця, як ствараць матывацыю. Яны ведаюць, якую вялікую ролю ў навучанні мае псіхалогія.
Важна, каб грамадства чула меркаванне настаўнікаў. Калі атрымаецца стварыць сістэму адукацыі, у якой будзе прымацца пад увагу праца і вопыт кожнага педагога, то ў палітыкаў і бацькоў будзе магчымасць выказаць сваю пазіцыю, але яны будуць больш давяраць настаўнікам і прыслухоўвацца да іх. І ў цэлым узровень даверу стане вышэй.
Арыгінал артыкула https://zautra.by
Фота з сайта TeacherToolkit