Настаўнік-вучань-школа: што на вяршыні гэтага трохкутніка?

Шмат гаворыцца, што нешта трэба змяніць, каб пажаданае ў адукацыі стала рэальнасцю. Але гаварыць, не змяняючы і не спрабуючы, не так проста. Давайце прааналузуем, на чым грунтуецца працэс узаемадзеяння “настаўнік-вучань-школа”. Калі разглядаць гэта як адрэзак, то не зразумела, што павінна стаяць наперадзе, калі аналізаваць у форме трохкутніка, то зноў жа ўзнікае пытанне, што павінна стаць вяршыняй? А Вы б што ўзнялі вышэй? Што ж, для мяне – гэта, бясспрэчна, вучань. 
 
 
 
 
Мой вучань стаў паспяховым ў жыцці, ён знайшоў сваё месца ў соцыуме, працуе на карысць сваёй Радзімы (а не з’ехаў у замежжа), стварыў сям’ю, мае магчымасць яе забяспечыць, выхоўвае дзяцей – вось яна МАЯ НАСТАЎНІЦКАЯ МЭТА. Я спадзяюся, што яна супадае з меркаваннямі бацькоў маіх вучняў. Калі гэта так – значыць сістэма спрацавала правільна.
 
А зараз некалькі разважанняў пра тое, як ёсць. Прааналізаваўшы план сваёй, школьнай выхаваўчай і прадметнай работы (адпаведна з праграмай) я высвятліла, што мы працуем на … алімпіяды, навукова-практычныя канферэнцыі, лепшы вучань, класс, класны кабінет, настаўнік, настаўнік года… складваецца такое ўражанне, што ўсё пабудавана на спаборніцтве: вучань з вучнем, настаўнік з настаўнікам, школа са школай, раён – з раёнам… Ну паспаборнічалі, ну перамаглі… І што? Што засталося пасля гэтага марафона? Задавальненне? Хіба толькі ад таго, што ўся гэта гонка скончылася. У гэта паверу. Магчыма, яшчэ прэміі… Але якія эмацыйныя і псіхалагічныя выдаткі ў гэтым спаборніцтве? Колькі недапрацаваных урокаў засталося ў таго настаўніка, які прыняў удзел хаця б ў раённым этапе конкурса? Мяркую, што вы ведаеце адказ на гэта пытанне. Альбо колькі недавучаных тэм па іншых прадметах застаецца ў вучня-алімпіядніка. Так, быў дыплом, але дзе статыстыка, якая гаворыць аб тым, што гэты дыплом спрацаваў на карысць дзіцяці. У мяне адной застаецца ўражанне незакончанасці? Атрымліваецца так, што вяршыня трохкутніка паварочваецца ў бок школы. Бо гэта перамога робіць статус школе, павышае яе месца ў раёне, горадзе… 
 
 
 
 
Але гэта не СПОРТ! Гэта – АДУКАЦЫЯ!
Я не прымаю ўсе мерапрыемствы, звязаныя з адукацыяй, якія носяць характар спаборніцтва. Гэта супярэчыць прыродзе адукацыі, яе натуральнаму існаванню, робіць яе штучнай, падагнанай пад пэўныя крытэрыі. Мне не раз даводзілася пісаць “ліпававыя” маніторынгі, аналізы, анкеты, як і многім настаўнікам. Мы СВЯДОМА хлусім, “прыфарбоўваем” інфармацыю, змяняючы дадзеныя. І ўсё гэта звязана з нашым СПАБОРНІЦТВАМ: не быць горш за іншых! не аказацца ў хвасце! І таму ў нас “быццам бы ўсё добра”, бо дрэннага мы не паказваем. Тут жа спаборніцтва - спорт тых, хто вучыць лепш! І нават тыя школы, у якіх вельмі дрэнна, не прызнаюцца ў гэтым ніколі. А ведаеце чаму? Таму што ІХ зробяць вінавытымі! Дапамогі не будзе! Няма такога “настаўніцкага спецназа”, які прыйдзе ў такую школу і за некалькі месяцаў створыць умовы для яе развіцця, знойдзе накірункі росту, створыць стратэгію, згодна з умовамі і магчымасцямі гэтай навучальнай установы без абвінавачванняў і звальненняў. І вось дзіўна – спаборніцтвы ёсць, а “спецназа”няма?! І не будзе. Не будзе да таго часу, пакуль усё пабудавана на спаборніцтве. Пакуль не з’явіцца СУПРАЦОЎНІЦТВА, мы будзем таўчыся ў сваім “балоце” і ніхто не дапаможа. Настаўнік і будзе працаваць па прынцыпе “напішу, што хочаце, абы не чапалі ні мяне, ні школу”.  Прыгадайце вашу апошнюю праверку. Ці стала лепш вучням ад яе? Ці дапамаглі вам правяраючыя структуры пасля таго, як былі выяўлены недахопы ў вашай рабоце? І зноў жа трохкутнік не з той вяршыняй. 
 
 
 
 
 
Што рабіць? Неабходна ствараць умовы, каб настаўнікі ахвотна дзяліліся сваімі ведамі эфектыўнай работы з іншымі настаўнікамі. Рэалізаваць ідэю супрацоўніцтва па ўсёй краіне, закласці выдаткі ў бюджэт, стварыць супольнасць, якая зможа дапамгчы школам, што маюць у гэтым патрэбу. І першачаргова, трэба даваць аб’ектыўныю інфармацыю. Неабходна дакладна разумець праблемы, каб сфарміраваць праграму падтрымкі і дапамогі падчас супрацоўніцтва. Шукаць эфектыўныя метады дапамогі і падтрымкі настаўнікаў, якія дапамогуць перакуліць трохкутнік вяршыняй “вучань” ўгору. Пакуль мы не навучымся дзяліцца, узаемадзейнічаць, дапамагаць і падтрымліваць, мы не зможам нічога змяніць. Вучань так і застанецца для школы, можа, для настаўніка, але не наадварот. 
 
Калі я запыталася ў свайго пяцігадовага сына, навошта школа, то ён адказаў, каб там вучыліся дзеці. Вось і ўсё! Гэта проста: школа праз настаўніка для вучня. Калі дзіця-шасцігодка ідзе ў гэты будынак пад назвай “школа”, яно верыць ў тое, што школа для яго. Праз некалькі месяцаў яно ўжо разумее, што гэта не так. І дзіця не хоча ісці туды… Бо трохкутнік не з той вяршыняй!
Юлія Некраш