Калі ўлады могуць часова загнаць беларускую адукацыю ў падполле, а людзей у эміграцыю, то з каштоўнасцямі яны нічога зрабіць не могуць. Сёлета ў Вільні падчас перапахавання паўстанцаў 1863–64 гадоў сабраліся людзі з каштоўнасцямі. Не дамаўляючыся, сустрэліся людзі розных пакаленняў, для якіх справа адукацыі стала пакліканнем, а пароль Каліноўскага "Каго любіш? - Люблю Беларусь!" быў заўсёды дэвізам уласнага жыцця.
На фота (справа налева) Тамара Мацкевіч, Вінцук Вячорка, Валер Дворнік, Ала Орса-Рамана, Валянціна Быстрык, Сяргей Мацкевіч, Аляксандр Быстрык. Вільня, 22.11.2019.
Прыехала ў Вільню Ала Орса-Рамана з Нью-Ёрку.
Яна некалі сказала: "Нікому не верце, што незалежнасць звалілася беларусам як снег на галаву. Мы дзеля яе працавалі шмат год." Ала патрапіла ў Амерыку малой дзяўчынкай, калі яе бацькі - настаўнікі Аляксандр і Наталля Орсы ратаваліся ад рэпрэсій за тое, што адраджалі беларускую школу на Наваградчыне. Ала атрымала адукацыю і стала прафесарам неарганічнай хіміі Нью-Ёркскага універсітэту. І ўсё жыццё займалася беларускай справай. Пакуль мы жылі за жалезнай заслонай, беларусы замежжа рабілі ўсё магчымае, каб у свеце ведалі, што ёсць такая краіна Беларусь, і яна павінна быць незалежнай. Ала, напрыклад, стварыла фальклорны ансамбль "Васілёк". Там танцавалі настаўнікі, стаматолагі, навукоўцы - усе, каго лёс закінуў далёка ад Радзімы (гэта былі прадстаўнікі палітычнай, а не эканамічнай, як цяпер, эміграцыі - людзі высокаадукаваныя і каштоўнасныя). Яны за свае грошы ездзілі на ўсе фестывалі, каб толькі слова Беларусь гучала.
Аляксандр Орса - настаўнік, дырэктар, прафесар біялогіі, адраджаў беларускую школу на Наваградчыне. На фота стаіць каля дзвярэй. Барыс Кіт - каля дошкі.
На фота Вячка Станкевіч, Ала Орса-Рамана і Гэнік Лойка.
Вячка Станкевіч - таксама знаны дзяяч беларускай эміграцыі з лёсам, падобным на лёс Алы Орсы. Ягоны бацька Янка Станкевіч быў у прэзідыюме Цэнтральнай беларускай школьнай Рады, а дзядзька - Адам Станкевіч - кіраваў ТБШ у 20-х гадах мінулага стагоддзя.
Гэнік Лойка- не толькі выдатны скульптар, аўтар помнікаў Тадэушу Касцюшку і Алесю Адамовічу, але і сябра ТБШ, што ў наш час быў асуджаны і адседзеў "на сутках" за пікет у абарону беларускай мовы ў школе.
Дарэчы, у гэты ж дзень у Вільні атрымаў медаль БНР з рук старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы яшчэ адзін сябра ТБШ - Вінцук Вячорка за сваю грамадскую і асветную дзейнасць на карысць Беларусі.
Сучаснае Таварыства беларускай школы было створана ў 1996 г., але адлічвае сваю гісторыю з 1921 года, калі па рашэнні Цэнтральнай беларускай школьнай рады ў Вільні быў зацверджаны першы статут ТБШ.
Яднае ўсіх гэтых людзей адна мэта - дапамагаць беларускай школе і беларускай асвеце наогул. Вось як мэта дзейнасці ТБШ была абвешчана ў першым Статуце: «пашыраць і памагаць асвеце ў беларускім нацыянальным, людскім і хрысціянскім духу». Таварыства тых часоў адкрывала і ўтрымлівала народныя школы і дамы, курсы, настаўніцкія семінары, чытальні-бібліятэкі, сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы, выдавала часопісы, падручнікі і іншую літаратуру, займалася канцэртнай дзейнасцю. ТБШ выступала супраць паланізацыі, сацыяльнага прыгнёту, павышала агульнаадукацыйны і культурны ўзровень насельніцтва, яго нацыянальную свядомасць. Тое самае робіць і сучаснае ТБШ, толькі слова "паланізацыя" змянілася на "русіфікацыю", ды курсы-чытэльні-бібліятэкі ТБШ цяпер жывуць у інтэрнэце.
Падрыхтавала Тамара Мацкевіч