Родны край — унікальная чытанка 1921 года выдання, яе ўклала легендарная беларуская настаўніца Леаніла Гарэцкая, жонка пісьменніка Максіма Гарэцкага, якая выкладала беларускую мову ў Віленскай беларускай гімназіі ў 1919—1923 гадах.
Спампаваць адсканаваную кнігу можна тут.
Да нашых дзён не страціла свайго выхаваўчага значэння чытанка «Родны край» Леанілы Гарэцкай, выдадзеная Таварыствам «Беларуская школа» ў 1921-м годзе ў друкарні «Віленскага выдавецтва» пад рэдакцыяй Яна Станкевіча.
Аснову чытанкі складаюць творы Якуба Коласа, Змітрака Бядулі, Алеся Гаруна, Цішкі Гартнага, Максіма Багдановіча, Максіма Гарэцкага, самой Леанілы Гарэцкай. Паказальна, што шмат увагі ў сваёй хрэстаматыі аўтарка надае матэрыялам, прысвечаным Беларусі, пазнавальныя артыкулы Аркадзя Смоліча «Народы Беларусі», «Віцебск», «Смаленск» і іншыя; раздзелы з кнігі Паўла Шпілеўскага «Падарожжа па Палессі і Беларускім краі»; старонкі гісторыі Беларусі (навелы Вацлава Ластоўскага «Бітва пад Оршай», «Абарона Крычава»).
Аснову раздзела «Жыццё слаўных беларусаў» складалі матэрыялы, напісаныя А. Навіной («Паўлюк Багрым», «Францішак Скарына», «Прадслава», «Цётка»), у раздзеле былі нават змешчаны матэрыялы з жыцця беларускай дыяспары (артыкул С. Бубешкі «Жыццё беларусаў у Амерыцы») і іншыя. Для маленькага беларускага чытача Л. Чарняўская перакладала творы А. Чэхава, I. Тургенева, Э. Ажэшкі і іншых аўтараў.
Падручнікі, створаныя Леанілай Гарэцкай, да нашых дзён не страцілі сваёй актуальнасці. Калі б не было беспадстаўных абвінавачванняў, арыштаў, высылак і расстрэлаў, а потым шматгадовага замоўчвання, школы Беларусі атрымалі б ад сям’і Гарэцкіх высакаякасныя нацыянальныя вучэбна-метадычныя комплексы па беларускай літаратуры, гісторыі і культуры.