Прапануем артыкул палітолага Вольгі Харламавай
(Правапіс арыгінала захаваны)
Размовы пра сучасную адукацыю і інфармацыйныя тэхналёгіі досыць часта зводзяцца да ключавой тэзы: "якія новыя падыходы прыймальныя і карысныя ў адукацыйным працэсе". Пры гэтым пад "новымі падыходамі" збольшага разумеецца выкарыстаньне тэхнічных сродкаў навучаньня. На маю думку, працэсы, што адбываюцца ў грамадзтве (ня толькі беларускім), эканоміцы ды тэхналягічнай базе больш грунтоўныя і яны маюць накладаць свой адбітак на працэс навучаньня, перадачы ведаў, адаптацыі маладых людзей да самастойнага жыцьця. У такім разрэзе інфармацыйныя тэхналёгіі, іх пранікненьне, з аднаго боку адлюстроўваюць глябальныя зьмены, з другога - маюць стаць інструмэнтам у адукацыйным працэсе, які ўплывае на абодва бакі, як на выкладчыка, так і на школьніка ці студэнта. Адпаведна, варта разглядаць у комплексе пытаньні адносінаў выкладчык-вучань, зьмену запытаў на веды і адукацыю, зьмену характару ўспрыняцьця інфармацыі, зьмену адносінаў у людзкой супольнасьці.
Новы сьвет
Колькасьць інфармацыі, якую сёньня за суткі спажывае сярэднестатыстычны чалавек у індустрыяльным ці постіндустрыяльным грамадзтве у тысячы разоў перасягае аб'ёмы, даступныя за той жа прамежак часу жыхару, нават 90-х гадоў ХХ стагодзьдзя. Імклівае разьвіцьцё інфармацыйных тэхналёгіяў, стварае дзіўную сытуацыю, калі:
-
з аднаго боку, патрэбныя дадзеныя могуць быць даступнымі ўжо праз некалькі сэкундаў пасьля запыту;
-
з другога боку, вялікі аб'ём інфармацыі, адсутнасьць магчымасьць спраўдзіць яе дакладнасьць пакідае вялікія рызыкі выкарыстаньня некарэктных дадзеных.
Адпаведна, рост колькасьці даступнае інфармацыі ня ёсьць гарантыяй для росту якасьці яе выкарыстаньня - гэта толькі магчымасьць, інструмэнт, які можа быць выкарыстаны, а можа і не.
У той жа час рост колькасьці даступнай чалавеку інфармацыі, спрычыняе глябальныя зьмены ў грамадзкіх адносінах, экакоміцы ды палітыцы як на ўзроўні ўнутраных працэсаў у асобна ўзятай дзяржаве, так і на міжнародным ўзроўні.
Яшчэ у 2011 годзе былі сфармуляваныя прынцыпы Індустрыі 4.0 альбо чацьвёртай прамысловай рэвалюцыі, якая карэнным чынам мае зьмяніць сьвет. Тое, што гэты працэс пачаўся ды актыўна йдзе знайшло адлюстраваньне у тэматыцы Сусьветнага Эканамічнага Форму ў Давосе, які некалькі апошніх год называе прамысловую рэвалюцыю і глябалізацыю ключавымі працэсамі, якія вызначаюць разьвіцьцё чалавецтва на бліжэйшыя гады. Асноўныя рысы гэтага можна вызначыць па наступных групах
-
"Сьцісканьне сьвету" - затраты часу на перамяшчэньне тавараў, людзей і, асабліва інфармацыі істотна зьмяншаюцца. Сьвет стае даступным, "сьціснутым".
-
Як вынік сьцісканьня сьвету, ён становіцца больш "празрыстым" ва ўсіх вымярэньнях: робіцца даступнай інфармацыя рознага ўзроўню, аж да пэрсанальных рэакцый асобна узятага чалавека. На аснове апошняга, дарэчы, працуе сучасная кантэкстная рэкляма, асабліва ў інтэрнэце;
-
У выніку зьмяняюцца сацыяльныя ролі ў грамадзтве. З аднаго боку людзі "віртуальна" бліжэй адно да аднаго, зьмяшчаюцца межы асабістага, прыватнага і агульнадаступнага. З другога боку, зьмяншаецца колькасьць і інтэнсіўнасьць міжасабовых кантактаў у рэальным сьвеце;
-
Эканоміка трансфармуецца з эканомікі рэчаў у эканоміку ведаў, ці, калі быць больш дакладным, тэхналёгій. Менавіта на падмурку барацьбы тэхналягічнае лідэрства будуюцца адносіны як паміж транснацыянальнымі карпарацыямі, так паміж дзяржавамі.
-
Адпаведна, у эканоміцы зьяўляюцца новыя бізнэсы, новыя прафесіі, а роля старых істотна пераацэньваецца. Новыя тэхналёгіі, рабатызацыя, інфарматызацыя істотна абясцэньваюць каштоўнасьць нізкакваліфікаванае працы.
-
Гэтыя працэсы правакуюць новы віток расслаеньня як на міждзяржаўным, так і на ўзроўні адносінаў між асобамі. У міжнародных адносінах фармуецца кола тэхналягічных лідэраў - ядро новай сыстэмы, напаўпэрыфэрыі - дзяржаў, якія могуць прэтэндаваць на нішавае лідэрства альбо ролю удзельніка тэхналягічных і інфармацыйных ланцугоў і пэрыферыю - усіх астатніх. І, напрыклад, колькасьць карысных выкапняў, прадуктыўнасьць зямлі неўзабаве будзе мець мізэрнае значэньне - быць крыніцай рэсурсаў як раз і ёсьць функцыяналам пэрыфэрыі. У чалавечым вымярэньні адбываецца тое самае - ёсьць тыя, хто валодае тэхналёгіямі, умее іх выкарыстоўваць, групы, бізнэс (і жыцьцё якіх) павязанае з тэхналягічным ядром і "усе астатнія". Такая сэгрэгацыя пакуль што адбываецца па прыкметах даходаў, але ўжо бачная розьніца сьветапоглядаў, стварэньне ўстойлівых субкультураў;
-
І, нарэшце, патрабаваньні ад чалавека. Асабісты посьпех, не абавязкова выключна фінансавы, хутчэй асабовы, магчымасьць рэалізавацца, ілюзія незалежнасьці ад зьнешняга сьвету, становіцца ключавым KPI атрыманае адукацыі.
Чаму сыстэма адукацыі мае зьмяніцца?
Такім чынам мы фактычна распачалі новы віток пераўтварэньняў, калі эканамічныя працэсы спрычыняюць глябальныя зрухі у соцыюме. Гэта зьмяняе крытэрыі эфэктыўнасьці і, наогул, запатрабаваньня сыстэмы адукацыі.
-
Апошнія 5-10 год побач са словам "веды" усё актыўней выкарыстоўваюць слова "кампэтэнцыі". Спачатку яго ўжывалі як дадатак, пасьля як роўнае паняцьце, а цяпер, часьцяком, як дамінанту. Мала проста мець акадэмічныя веды - трэба бачыць магчымасьць іх выкарыстаць у рэальным жыцьці. Прычым сувязь тэорыі і практыкі стае ўсё больш важнай, калі неабходны масіў базавых ведаў не патрэбна трымаць у галаве - памятаем пра хуткасьць доступу да інфармацыі;
-
Фармальная адукацыя ў сваім клясычным выглядзе перастае быць базай для далейшага кар'ернага росту - траціна з ТОП-20 транснацыянальных карпарацый ужо прыбрала (ці мае намер прыбраць) наяўнасьць дыплёма вышэйшае адукацыі са сьпісу неабходных патрабаваньняў пры прыёме на працу;
-
Пры умове хуткага росту аб'ёмаў даступнай інфармацыі, зьмены структуры эканомікі і адносінаў у грамадзтве, адным з асноўных навыкаў чалавека становіцца адаптыўнасьць - здольнасьць зьмяняцца, здольнасьць прыстасоўвацца да зьмены вонкавых умоваў, патрабаваньняў да асобы;
-
Мяняецца статус настаўніка (выкладчыка) - ён болей ня ёсьць крыніцай ведаў, безапеляцыйным аўтарытэтам. Любы студэнт ці школьнік, выкарыстоўваючы агульнадаступныя крыніцы можа атрымаць (назапасіць) па асобна ўзятай тэме болей дадзеных, інфармацыі, ведаў, чым выкладчык. Адпаведна аўтарытэт чалавека, які выкладае, можа падтрымлівацца якраз за кошт адаптыўнасьці, кампэтэнцый, але голыя акадэмічныя веды ужо не могуць яго гарантаваць;
-
канкурэнцыя на рынку адукацыйных паслуг. Ель, Гарвард, Масачусэцкі тэхналягічны і яшчэ некалькі дзесяткаў агульнавядомых унівэрсытэтаў выкладаюць свае лекцыі ў агульны доступ. Тое самае адбываецца і на ўзроўні школьнае адукацыі. Калі табе даступныя ТОП-выкладчыкі, ТОП-курсы, ты па іншаму глядзіць на выкладчыка, які заходзіць у клясу ці аўдыторыю.
Есьць і іншы працэс - агульнадаступнасьць інфармацыі, памножаная на натуральнае жаданьне хуткага выніку можа гарантаваць вучню ці студэнту добрую адзнаку паводле хутка завучаных (і пасьпяхова забытых праз дзень) ведаў па асобнае тэме. Але гэта прыводзіць да крытычнага паніжэньня адукацыйнага ўзроўню маладых людзей.
Тое самае адбываецца пры двух супрацьлежных працэсах: спробе насыціць праграму як мага большай колькасьцю ведаў ці, наадварот, выхаласьціць яе ці зрабіць вузкапрафіляванай. Простая спроба накачаць акадэмічнымі ведамі, як і спроба даць "міждысцыплінарнасьць" пры адсутнасьці базы прыводзіць да аднолькавага выкіну - маладыя людзі з крытычна нізкім узроўнем кампэтэнцый, няздатныя да прыняцьця уласных рашэньняў, часьцяком, нават няздатныя да ўласнага мысьленьня.
Некалькі словаў пра магчымасьці і небясьпекі
Ва ўмовах, калі інфармацыя стала агульнадаступнай, функцыі настаўніка ці выкладчыка ў клясычным савецкім клішэ зводзяцца да мінімума. Чалавек не можа быць крыніцай акадэмічных ведаў. Падручнік можа даць тэкставую інфармацыю, але ён саступае інтэрактыўнаму рэсурсу, які паказвае сувязь прычынаў на наступстваў, логіку і механіку любога працэсу. Любы чалавек па вызначэньню ведае меней, чым глябальная база дадзеных.
Гэта вырак сыстэме адукацыі? Не, гэта магчымасьць да трансфармацыі і каб зразумець яе сэнс варта ўзгадаць два словы з папярэдняга блёку - кампэтэнцыі і адаптыўнасьць. Інфармацыя агульнадаступная і "галава выкладчыка" - толькі адзін, далёка ня лепшы сродак для яе атрыманьня. Але, адначасова з тым выкладчык застаецца крыніцай навыкаў, кампэтэнцый па рабоце з інфармацыяй. Кажучы простымі словамі, ягоная функцыя мяняецца да "паказаць дзе знайсьці інфармацыю, як адасобіць ісьціну ад памылкі, як аналізаваць, засвойваць і выкарыстоўваць дадзеныя". Менавіта гэтыя рысы, дарэчы, ёсьць найлепшым засьцерагальнікам ад небясьпекі інфармацыйнай эры. Чалавек, які ўмее аналізаваць, думаць, шукаць прымяненьне дадзеным у меншай ступені можа быць ахвярай інфармацыйных атак ці "белага шуму".
Адпаведна, адукацыйны працэс ад простага завучваньня вяртаецца да таго, што старажытныя філёзафы называлі пазнаньнем:
-
Падручнікі могуць дапаўняцца (альбо калі яны кепскія - замяняцца) альтэрнатыўнымі крыніцамі. Пры гэтым калі вучні атрымліваюць розную інфармацыю, ці розныя акцэнты ў ацэнцы адных і тых жа падзей - гэта да лепшага, з пункту гледжаньня добрага выкладчыка. Бо, функцыя адукацыі тады зьмяшчаецца з простага завучваньня на абмеркаваньне узаемных сувязяў, дэталяў, лёгікі працэсаў. Школьная кляса, аўдыторыя пераўтвараюцца на дыскусійную пляцоўку.
-
Паколькі на першае месца выходзяць кампэтэнцыі, то акцэнт у адукацыйным працэсе мае быць зьмешчаны на міждысцыплінарныя сувязі. Фізікі з матэматыкай, матэматыкі з біялёгіяй (і, пагатоў, з гісторыяй, эканамічнымі варункамі існаваньня дзяржаваў). Гісторыя - з вывучэньнем моваў, літаратуры. і гэтак далей. У такім фармаце на першае месца як дапаможнік выходзяць менавіта інфармацыйныя тэхналёгіі: магчымасьць зірнуць на аснове фільма, артыкула, інтэрактыўнага рэсурсу на сувязь працэсаў, іх лёгіку, хуткасьць доступу да дадатковых масіваў дадзеных - без гэтага выхаваньне кампэтэнцый бессэнсоўнае.
-
Практычны аспэкт навучаньня з разьвіцьцём тэхналёгій мяняе свой характар. у дадатак да падручніка з цудоўным апісаньнем вопыту, ці гістарычнае падзеі можна паглядзець як адбываюцца працэсы "у рэальнасьці" аж да навучальных фільмаў зьнятых на Вялікім андронным калайдэры ці трансляцыі NASA з касмічных зондаў. Гісторыя, літаратура - рэканструкцыі падзей, фільмы, інтэрактыўная графіка. Функцыі школы і выкладчыка ў такім фармаце мяняюцца з простага пераказу зьместу падручніка на пошук і групаваньне карысных інфармацыйных рэсурсаў, якія можна прапанаваць вучням. Пры гэтым, не забываючы на адаптыўнасьць - усё новае, што школьнікі і студэнты знайшлі па тэме можа быць арганічна выкарыстана ў адукацыйным працэсе
-
Самастойная навуковая праца. Кампэтэнцыі, па за ўсім іншым - гэта навыкі праводзіць уласныя досьледы, рабіць уласныя высновы на падставе атрыманай і апрацаванай інфармацыі, абараняць свае тэзы. У такім фармаце функцыі выкладчыка ці настаўніка зьмяшчаюцца ў бок ментара, кансультанта, навуковага кіраўніка, які дапамагае разабрацца ў складаных пытаньнях, падказвае дзе знайсьці інфармацыю, але не замінае фармуляваньню уласных высноваў вучня. Наступны этап - прэзэнтацыя - ня меней важны, паколькі вучыць маладых людзей абараняць уласную думку, пераконваць. І тут функцыі выкладчыка, з аднаго боку зводзяцца да мадэрата дыскусіі, з другога, да чалавека, які можа зацікавіць аўдыторыю тэмаю свайго вучня. Бо без інтарэсу не будзе дыскусіі.
Сыходзячы са сказанага вышэй, мы можам зрабіць высновы пра зьмены самое філязофіі існаваньня школы і ўнівэрсытэту. Сярэдняя школа з месца простага атрыманьня ведаў пераўтвараецца на дыскусійную пляцоўку, на групу людзей, вучняў, якія сабраліся разам каб выпрацаваць у сябе навыкі працы з інфармацыяй. Функцыі настаўніка - мадэраваць працэс, дапамагчы атрымаць базу (натуральна, і базу ведаў), на якой нарастаюць будучыя навыкі і кампэтэнцыі. Унівэрсытэт, у сваю чаргу, перарастае савецкае клішэ месца, дзе атрымліваюць дыплём ў месца, дзе адбываецца навуковы пошук.
Так, на шчасьце і на жаль, функцыі адукацыі маюць зьмяніцца. Адасобіцца ад новай інфармацыйнай эры немагчыма. А яна вымагае зьменаў. Працэс зьменаў, балючы, некамфортны, падаецца, што можна і па старому. Але, варта памятаць, што каменная эра скончылася не таму што ў сьвеце зьніклі камяні. Тыя, хто не хоча мяняцца скатваюцца на перыфэрыю - і людзі і дзяржавы.
Вольга Харламава, палітолаг
03.01.2020