У мінскіх школах настаўнікі просяць у шматдзетных бацькоў даслаць копію пашпарта дзяцей, запытваюць іх ідэнтыфікацыйныя нумары. У Міністэрстве адукацыі тлумачаць, што гэта законна - фармуецца база шматдзетных сем'яў у Беларусі. У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны дапаўняюць, што дадзеныя патрэбныя, каб адсачыць, ці атрымлівала сям'я сацыяльную падтрымку ад дзяржавы, а калі не атрымлівала, спецыялісты прапануюць бацькам звярнуцца за паслугай.
- Мне хапае з лішкам «клопату і ўвагі» да дзяцей з боку дзяржавы, якая ёсць. Я не хачу, каб дадзеныя маіх дзяцей фігуравалі ў нейкіх асаблівых базах. Спачатку на дзяржузроўні заклікалі ратаваць дэмаграфію, а зараз дзяцей са шматдзетных сем'яў спрабуюць узяць пад каўпак? - напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку шматдзетны бацька Анатоль Шырвель.
У Міністэрстве адукацыі пацвярджаюць, што ў школах сапраўды збіраюць дадзеныя аб дзецях са шматдзетных сем'яў для напаўнення спецыяльнай базы, якая ствараецца па ўказе прэзідэнта № 264 ад 9 лiпеня 2019 года.
- Прасцей за ўсё сабраць дадзеныя па месцы вучобы дзяцей, таму настаўнікі гэтым цяпер займаюцца. Не ўся інфармацыя ёсць у МУС, бо ў дзяцей да 14 гадоў звычайна яшчэ няма пашпартоў, а мы збіраем дадзеныя пра тое, дзе пражывае дзіця, з кім - усю інфармацыю, якая звычайна ёсць у пашпартах. Дадзеныя збіраюцца для таго, каб усе шматдзетныя сем'і былі ахоплены матэрыяльнай дапамогай, каб атрымалі сямейны капітал. Гэта пойдзе на карысць, - падкрэслілі ў прэс-службе ведамства ў каментары rebenok.by.
Згодна з указам, да 1 студзеня 2020 года ў Беларусі павінна быць створана сістэма ўліку шматдзетных сем'яў. За яе фарміраванне адказвае Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва, мясцовыя органы ўлады. На канец 2019 года ў базе было 106 тысяч сем'яў. У Мінпрацы TUT.BY растлумачылі, што база дазволіць адсачыць, ці атрымліваюць сям'і дапамогу - дзяржаўныя дапамогі, сацыяльныя паслугі, матэрыяльную дапамогу, сямейны капітал і гэтак далей.
- База дадзеных будзе пастаянна абнаўляцца, - растлумачылі ў прэс-службе ведамства. - Пачынаючы з 2020 года прадугледжана ўключэнне іншай інфармацыі аб шматдзетных сем'ях - аб выдачы пасведчання шматдзетнай сям'і; аб прызначэнні сямейнага капіталу і выкарыстанні яго сродкаў, у тым ліку датэрмінова; аб выплаце дзяржаўных дапамог у сувязі з нараджэннем і выхаваннем дзяцей; прадастаўленні дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі і матэрыяльнай дапамогі да пачатку навучальнага года; узнагароджанні Ордэнам маці. Сістэма ўліку шматдзетных сем'яў дасць магчымасць забяспечыць пераход ад заяўнага да выяўляльнага прынцыпу, каб шматдзетныя сем'і атрымлівалі поўны аб'ём дапамогі, які ім належыць па заканадаўстве.
У базе дадзеных змяшчаецца інфармацыя аб персанальных дадзеных ўсіх членаў шматдзетнай сям'і (прозвішча, імя, імя па бацьку, звесткі аб нараджэнні (смерці), грамадзянстве, месцы жыхарства, аб інваліднасці, месцы навучання і іншыя персанальныя дадзеныя), якая паступае з інфармацыйных сістэм Міністэрства ўнутраных спраў , Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства адукацыі.
Ці абавязаныя бацькі перадаваць дадзеныя пра сваіх дзяцей для стварэння базы шматдзетных сем'яў? Ні ва ўказе, ні ў пастанове гэтае пытанне не ўрэгуляванае. З аднаго боку, дзяржорганы не павінны атрымаць ад бацькоў згоду на перадачу дадзеных аб дзецях. З іншага боку, названыя нарматыўна-прававыя акты не абавязваюць бацькоў такія дадзеныя прадастаўляць, у тым ліку класным кіраўнікам у школе.
Арыгінал артыкула па спасылцы