Як эфектыўна арганізаваць ва ўстанове адукацыі работу па фарміраванні медыяпісьменнасці вучняў?

Як эфектыўна арганізаваць ва ўстанове адукацыі работу па фарміраванні медыяпісьменнасці вучняў? 

Ларыса Валынец, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 5 г.Смаргоні, настаўніца гісторыі

 

 

Настаўнік – адна з самых важных у свеце прафесій. Толькі дзякуючы добраму настаўніку мы маем добрага лекара, інжэнера, праграміста, палітыка, а значыць – маем добрае і здаровае грамадства краіны, у якой жывём. Актуаліі сённяшняга дня патрабуюць ад настаўніка ісці наперад кожны дзень і быць на крок наперадзе сваіх вучняў. Асабліва гэта важна ў медыясферы, дзе аб’ём інфармацыйнага патоку настолькі вялікі, што не толькі дзіцячы, але і дарослы мозг не ў стане ўспрыняць усё крытычна і адэкватна. Сучаснай беларускай школе неабходны  медыякампетэнтны настаўнік.

Як настаўніку паспець за часам, як быць у трэндзе медыяадукацыі? Ёсць два шляхі: 1) няспынная самаадукацыя і 2) дапамога метадычнай службы ўстановы адукацыі, у якой працуе настаўнік. Ідэальны варыянт – калі гэтыя два шляхі спалучаюцца. Аб медыякампетэнтнасці неабходна гаварыць пастаянна і ўслых. І найперш неабходна адукоўваць настаўнікаў. Са свайго педагагічнага стажу ў 24 гады я 21 год адпарцавала настаўнікам гісторыі і добра ведаю, што эфектыўнасць працы залежыць і ад таго, наколькі твае ўласныя ініцыятывы падтрымлівае кіраўніцтва ўстановы. Таму як намеснік дырэктара разумею важнасць падтрымкі настаўніка ў тых ці іншых ініцыятывах.

Кіраўніцтва сярэдняй школы  №5 г. Смаргоні надае вялікае значэнне фарміраванню і развіццю ў вучняў медыякампетэнцый. Але каб вучань навучыўся добра арыентавацца ў медыяпрасторы неабходна ўдасканаліць медыякампетэнтнасць настаўніка. Рэаліі сённяшняй беларускай школы сведчаць аб тым, што найлепшы варыянт – гэта папулярызацыя медыяадукацыі і медыяпісьменнасці на ўзроўні асобна ўзятай школы ўласнымі намаганнямі ініцыятыўных настаўнікаў пры падтрымцы адэкватнага школьнага кіраўніцтва.  Гэты варыянт даволі складаны і павольны, ён патрабуе ўпартасці кіраўніцтва і саміх настаўнікаў. Чаму ўпартасці? 

Таму што сённяшнія вучэбныя праграмы па многім вучэбным прадметам не прадугледжавюць шырокага развіцця медыякампетэнцый вучняў. А гэта значыць, што ў абавязках настаўніка дакладна гэтага няма. Рабіць тое, што я не абавязаны рабіць – гэта для сярэднестатыстычнага настаўніка (і нават маладога, які на “ты” з дэвайсамі), складана. 

Вось тут і патрэбна смеласць кіраўніцтва школы і ўпартасць ініцыятыўных настаўнікаў на тое, каб распачаць гэтую справу сярод калектыва. Як працуем мы?

Па-першае, абавязковай ўмовай працы метадычных аб’яднанняў і творчых груп настаўнікаў школы з’яўляецца: 1) абранне 2-3 настаўнікамі з кожнага метадычнага аб’яднання тэмы па самаадукацыі ў дадзеным накірунку з абавязковай практыкаарыентаванай справаздачай (распрацоўка практыкаванняў па медыяпісьменнасці, фрагментаў урокаў з элементамі медыя і г.д.; 2) ўключэнне ў планы работы на навучальны год пытанняў медыяадукацыі на ўроках і па за ўрокамі. Напрыклад, творчая група гісторыкаў на 2019/2020 навучальны год працуе над праблемай выкарыстання медыятэкстаў на ўроках гісторыі і грамадазнаўства, далучыўшы сюды і вучэбны прадмет “Мастацтва”. Упэўнена, што напрыканцы навучальнага года зможам падзяліцца сваімі напрацоўкамі ў сферы медыяадукацыі для настаўнікаў гісторыі, грамадазнаўства і мастацтва (айчыннай і сусветнай мастацкай культуры). Вось, напрыклад, адзін з варыянтаў працы – стварэнне кросэнса для актуалізацыі ведаў па мастацтву Беларусі XIX стагоддзя і кросэнс на тэму гісторыі Першай сусветнай вайны на Смаргоншчыне: 

https://drive.google.com/file/d/1hIaOxlx2VOBut1OvuO9_pTtQhaT7ImWd/view?usp=sharing 

Па-другое, ва ўстанове адукацыі ўжо не адзін год рэалізуецца “Дарожная карта па ўкараненню і пашырэнню кампетэнтнастнага падыходу ў адукацыйны працэс”, якая прадугледжвае і мерапрыемствы, накіраваныя на медыяадукацыю настаўнікаў. Так, у гэтым накірунку ў 2019/2020 навучальным годзе ўжо абагульняем вопыт настаўніка пачатковых класаў Таццяны Мускай па выкарыстанню ў працы тэхналогіі перакуленага навучання.

Перакулены ўрок Мускай Т.М. можна паглядзець тут: https://youtu.be/q0EgzgzrGIE

Працэс падрыхтоўкі да перакуленага ўрока можна паглядзець тут: https://schola53v.blogspot.com/?m=0

І апошняе. Лічу, што нічога так не натхняе, як пазітыўны і паспяховы досвід іншага чалавека. У кастрычніку 2019 года, дзякуючы НІА і АПА нашу ўстанову наведаў чэшскі спецыяліст па медыяадукацыі Павел Мартыноўскі. Яго асабістыя прыклады рэалізаціі медыяпрактыкаванняў і фарміравання медыяпісьменнасці ў чэшскай школе сталі добрым стартам для працы настаўнікаў Смаргонскага раёна

 

 

https://content.schools.by/cache/c2/74/c274517625ffbad7ecc3a2230a6fc54d.jpg

 

П. Мартыноўскі з “сябрам” смаргонскім мядзведзем  у школьным этнаграфічным музеі. Больш фота тут: https://5smorgon.schools.by/photoalbum/542270#

На 2019/2020 год у школе запланавалі і правялі шэраг майстар-класаў па медыяадукацыі настаўнікаў з іншых рэгіёнаў Беларусі .  20 лістапада запрасілі да сябе настаўніц гісторыі з Глыбоцкай раённай гімназіі Іну Шымко і Таццяну Шумель з г. Маладзечна, каб засведчылі не толькі перад настаўнікамі нашай школы, але і перад настаўнікамі Смаргонскага раёну аб уласным вопыце пашырэння медыяадукацыі ў школе.

 

Здымак Лариса Волынец   Здымак Лариса Волынец Здымак Лариса ВолынецЗдымак Лариса Волынец
І.Шымко: Камедыя як медыятэкст у навучанні гісторыі   Т.Шумель: Комікс у навучанні гісторыі, выхаванні вучняў і працы з бацькамі

Загадчыца РУМК А. Чайкоўская і настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 6 М. Балыш прэзентуюць створаныя коміксы

Настаўніца гісторыі Н.Кудаш прэзентуе створаную гісторыю

Вельмі спадзяюся, што гэта практыка будзе пашырацца і на наступны год ужо настаўнікі нашай школы змогуць паспрабаваць сябе ў якасці носьбітаў медыяадукацыі ў іншых рэгіёнах Беларусі. 

 

Публікацыі пра майстар-класы можна прачытаць:

clip.gif (1004×319)