Навучанне + творчасць = настаўнік

Так файна разам з сябрам ствараць коміксы, слухаць сучасную музыку, дзяліцца творчымі задумамі. А ці магчыма рабіць такое з настаўнікам роднае мовы?! У гэта можна лёгка паверыць, даведаўшыся пра Юлію Іванаўну Некраш, якая працуе ў 54-й школе Мінска. Яшчэ гэтая спадарыня вельмі любіць дзіцячую энцыклапедыю "Ажыўшая гісторыя" (тую, што пра "беларускіх" бонсцікаў) і не аднойчы чытала яе на ўроках з вучнямі.
 
А пасля яны ўсе разам пераклалі гэтую кнігу на родную мову і яна выйшла накладам ажно 10 тысяч асобнікаў. Давайце і мы пасябруем з Юліяй Іванаўнай! 
 
Раскажыце, калі ласка, чаму Вы сталі настаўнікам роднае мовы?
 
- Я абрала такую прафесію дзякуючы Уладзіміру Грому. Ён быў кіраўніком нашага фальклорнага ансамбля, дзяліўся з усімі вялікай любоўю да роднай мовы і культуры. А яшчэ на прыкладзе Уладзіміра Мікалаевіча я зразумела, наколькі важна, каб побач з дзецьмі быў такі чалавек, што заўсёды размаўляе па-беларуску, і як гэта крута. Такім жа чынам стараюся і я паводзіць сябе з вучнямі.
 
- Пасля такіх слоў падаецца, што Вашы ўрокі павінны праходзіць неяк незвычайна.
 
- Сапраўды. Я імкнуся даць вучням не толькі веды, але і права выбару, і свабоду. На нашых уроках не бывае цішы, ёсць рух, гукі, паходы па кабінеце. Вучань можа ўстаць, падысці да іншага і спытаць, што трэба. Але разам з тым усе дзеці разумеюць, і што такое дысцыпліна.
 
- Якімі яшчэ цікавымі праектамі займаецеся з вучнямі, акрамя перакладу "Ажыўшай гісторыі"?
 
- Летась зрабілі з 11-класніцай серыю коміксаў, прысвечаных роднай мове. Прыемна, што пасля гэтага Паліна стала з усімі людзьмі стасавацца па-беларуску!
Цяпер у мяне ёсць вучань з беларуска-турэцкай сям'і. У яго пакуль цяжкасці з беларускай мовай, але ён вельмі старанны і таленавіты. Арас хоча яе ведаць і класна лепіць з пластыліну. Таму мы вырашылі стварыць з ім беларускамоўны "пластылінавы" задачнік: я прыдумваю задачы з хітрынкай, а Арас іх вылеплівае і фатаграфуе. Падчас гэтай працы мы дамовіліся размаўляюць толькі па-беларуску.
Яшчэ з адным вучнем, які добра малюе, хочам выявіць на малюнках нашы прымаўкі і прыказкі.
- І напрыканцы гутаркі не забудземся пра Дзень роднай мовы, які штогод адзначаецца ва ўсім свеце 21-га лютага. Дайце нашым чытачам некалькі парадаў, як правесці гэта свята цікава і запамінальна?
 
- Па-першае, абавязкова крэатывіць! За тыя гады, што мы з калегамі праводзім Дзень роднай мовы ў нашай школе, ні разу не было паўтораў яго арганізацыі. Можна падрыхтаваць флэшмобы, разнастайныя гульні, відэаролікі з удзелам вядомых людзей.
Па-другое, зрабіце святочныя падарункі ўдзельнікам: цукеркі за пераклад слоў, эмблемкі свята, шарыкі і г.д. Нават простыя і танныя сувеніры паднімуць настрой і пакінуць прыемныя ўражанні пра вашу імпрэзу.
- Па-трэцяе, важна, каб мерапрыемства было масавым. Калі на справу працуюць усе класы з 1-га па 11-ы, то атрымліваецца сапраўднае агульнае свята.
Волька Жарнасек,
для Nastaunika.info
Фота: газета Звязда