Супрацоўніцтва дзеля будучыні. Або «дай, калі можаш, вазьмі — калі хочаш».

Некалі Уладзімір Караткевіч пісаў, што беларусам бог даў усяго добрага зашмат, але ў кампенсацыю мы атрымалі «найгоршае ўва ўсім свеце начальства». Мы гэта добра ведаем. І беларусы з Беларусі, і беларусы з Падляшша маюць не надта спрыяльную для развіцця нацыі ўладу, не кажучы ўжо пра тых, хто паехаў на чужыну шукаць лепшай долі. Але ці не зашмат увагі і энергіі мы марнуем на тое найгоршае начальства? Можа давайце арганізуемся і выкарыстаем тое добрае, што нам даў бог!

У гэтай нататцы хачу напісаць, што могуць зрабіць і што робяць беларусы ў адукацыі. Бо людзі яны таленавітыя – сцвярджае бог вуснамі Караткевіча. 

 

Што робіць ТБШ для настаўнікаў апошнія 20 год

Ужо больш за 20 год вакол Таварыства беларускай школы гуртуюцца таленавітыя настаўнікі. Пачыналі з семінараў па актыўных метадах навучання. Гады тры-чатыры ездзілі па школах, рабілі семінары ў кавярнях, і іншых непрыстасаваных месцах, калі ў школы не пускалі. Пачыналі гэтую працу разам з трэнерамі: Дзмітрыем Губарэвічам, Сяргеем Кручыніным, Юляй Скрыган і іншымі. Нехта не вытрымліваў і сыходзіў, але часам да адукацыйных валачобнікаў далучаліся замежныя педагогі і тыя, хто ўжо нечаму сам навучыўся. Так і сабралася першая група настаўнікаў-энтузіястаў, якія ўжо самі маглі праводзіць трэнінгі, далучаць калег, якім было няўтульна ў састарэлай савецкай сістэме адукацыі. 

Потым дзякуючы аднадумцам і навуковым крыніцам сталі ўкараняць тыя метады больш сістэмна. У 2009 годзе ўзнікла праграма «Актыўная ацэнка» (formative assessment (анг.), Ocenianie kształtujące ( пол.)). І хоць прыйшла яна да нас з Вялікабрытаніі і Польшчы, ад Дануты Стэрны, у аснову яе пакладзены ідэі нашага Льва Выгоцкага, які, працуючы ў пачатку 2-га стагоддзя з беларускімі дзецьмі і настаўнікамі ў Гомлі, і сфармуляваў сваю тэорыю «зоны найбліжэйшага развіцця». Гэтая тэорыя цяпер ляжыць у падмурку сучаснай педагогікі развіцця. А ўсе самыя інавацыйныя навучальныя тэхналогіі толькі знаходзяць розныя шляхі «намацаць» гэтую зону, каб выбудаваць індывідуальную траекторыю навучання для кожнага вучня. 

Актыўная ацэнка адразу прыжылася ў Беларусі, хоць яе начальства спачатку ўспрыняло ў штыкі. Ну на тое ж яно і «найгоршае»! Але вельмі хутка хвост стаў віхляць сабакам і праз якіх 5-7 год нашы настаўнікі не ўяўляюць, што можна здаць іспыт “на катэгорыю” у дзяржаўнай установе, не прапісаўшы, як вучні на іх уроку вызначаюць мэты, крытэрыі іх дасягнення і якую зваротную інфармацыю яны маюць ад настаўніка, каб ісці наперад у навучанні. Тое самае адбылося і з праграмай ТБШ «Медыяадукацыя ў школе» – праграмай укаранення медыяпісьменнасці і медыясродкаў у навучальны працэс. 

Так праграмы Таварыства беларускай школы паступова становяцца часткай навучальнага працэсу ў школе. Бо час патрабуе зменаў. У Беларусь пачалі прыязджаць вучыцца расейцы, пераклалі нашу кнігу “Актыўная ацэнка ў дзеянні: вопыт настаўнікаў Беларусі” на сваю мову. Украінцы таксама запрашаюць нашых настаўнікаў падзяліцца досведам. Пасля рэвалюцыі гонару яны робяць рэформу адукацыі. Там ведаюць, што трэба мяняць, і ў законах гэта прапісалі. А мы ведаем, як гэта зрабіць. Бо мы даўно гэта робім. На жаль, без рэформы і заканадаўства. Цяпер беларускіх настаўнікаў запрашаюць у міжнародныя праекты, дзе трэба менавіта практыка. 

 

Што такое эдкэмп і як ён дапамагае настаўнікам

 

Ідэя далучыцца да сусветнага руху і зрабіць першы EdCamp Belarus узнікла якраз у 2017 годзе. Мы хацелі сабраць гэтых практыкаў разам, даць ім прастору для дыскусій і ўзаеманавучання. Беларускі эдкэмп праходзіць пад дэвізам “Лепшыя практыкі ў кожным класе краіны!”

Эдкэмп – гэта грамадская ініцыятыва. Яго арганізатарамі выступілі Таварыства Беларускай школы разам з маладымі бізнесоўцамі з The Global Shapers Minsk hub, да якіх далучыліся больш за 70 валянтэраў. 

Сёлета эдкэмп праходзіў ужо трэці раз. У свае выхадныя дні настаўнікі з усёй краіны прыехалі ў Менск, каб падзяліцца адно з адным самымі сучаснымі педагагічнымі практыкамі або проста прайсці майстар-класы ад «гуру» педагогікі ці калег. Галоўны прынцып форуму — добраахвотнасць: «дай, калі можаш, вазьмі — калі хочаш». 

Усе тут могуць быць як спікерамі, так і слухачамі. Кожны ўдзельнік падчас Эдкэмпу мае 60 секунд, каб прапанаваць сваю педагагічную ідэю, агучыць праблему і шляхі яе вырашэння, запрасіць на свой майстар-клас. Гэта частка называецца «кірмаш ідэй». Пасля яго, падчас кава-перапынку, адбываецца галасаванне, і тыя ідэі, што набіраюць большасць галасоў, атрымліваюць месца ў праграме. 

Такім чынам, праграму складаюць самі ўдзельнікі. А далей працуе правіла «дзьвух ног». Майстар-класы, прэзентацыі, лекцыі адбываюцца адразу ў 5-ці розных месцах, а ўдзельнікі «галасуюць нагамі» – ідуць туды, дзе найбольш цікава. 

Сёлета Эдкэмп сабраў больш за 200 настаўнікаў, яны заявілі 81 прэзентацыю, а атрымаць месца ў праграме змаглі толькі 20 з іх. Каб не згубіць ідэі, была арганізавана постэрная сесія. Усе ідэі можна было аформіць у якасці плакатаў і вывесіць у холе. Так навязваліся кантакты, планавалася далейшая супраца. 

Хтосьці трапна параўнаў ЕdСаmр з наркотыкам, ад якога немагчыма адмовіцца. Хтосьці назваў яго настаўніцкім кіслародам, які дапамагае выжываць. Многія з удзельнікаў педагагічнай (не)канферэнцыі лічаць сябе белымі варонамі ў школах, а ЕdСаmр дае ім магчымасць трапіць у чараду такіх жа, як ты сам. А настаўніца пачатковых класаў Святлана Локіс упэўнена, што за белымі варонамі – будучыня, і што найлепшы спосаб павялічыць колькасць белых варон – перафарбаваць чорных!
Эфект нефармальнай сустрэчы актыўных настаўнікаў у тым, што яна натхняе, пасля яе хочацца працаваць па-новаму, творча, актыўна, плённа і ў сучасным фармаце. «Супрацоўніцтва — для будучыні» — менавіта так была сфармуляваная агульная ідэя для ЕdСаmр Bеlаrus — 2019.

Што карыснага для настаўнікаў было на ЕdСаmр Bеlаrus — 2019

Так як удзельнікі самі вызначаюць тэмы, па якіх адбываюцца майстар-класы і прэзентацыі, то заўсёды гэтыя тэмы паказваюць, “што баліць” у адукацыі і што патрабуе калектыўнай дапамогі. А таксама ідэі, як гэта “вылечыць”. 

Настаўнікі прапанавалі шмат “лайфхакаў”, як можна проста вырашыць складаную педагагічную задачу: метадычную ці выхаваўчую. Напрыклад, Наталля Катчанка з Нясвіжу паказала, як дзецям дапамагчы ўсвядоміць сябе беларусамі – прапануйце ім скласці экскурсію для гасцей: палякаў ці расейцаў, і паказаць, чым мы адрозніваемся. 

Карысна тое, што ўсе гэтыя майстар-класы запісваліся на відэа і іх (а таксама майстар-класы замежных зорак з сінхронным перакладам на беларускую мову) можна будзе праглядзець на канале Настаўніка.інфо: https://www.youtube.com/user/NastaunikInfo

Рос Морысан МакГіл (яго атрыткул з уражаннямі пра Беларусть тут: https://www.teachertoolkit.co.uk/2019/10/17/teaching-in-belarus/?fbclid=IwAR0lyv5xdfDvMG1Um-qGPivYQ_O1TnWPM7WuogYmSC5L_kvk22uIVeAtlsY )
 

Сёлета сярод абраных майстар-класаў настаўнікаў былі наступныя тэмы: 

Інэса Зубрыліна “Парады настаўнікам замежнай мовы: эфектыўна і проста”

Тамара Качкан “Прыёмы візуалізацыі вучэбнага матэрыялу на ўроках беларускай літаратуры, або як пазбегнуць эфекту скразняку”

Алена Лемантовіч, Юры Сенкевіч “Тэорыя талерантнасці. Актуалізацыя інклюзіўных працэсаў”

Наталля Катчанка “Сапраўдны патрыятызм ці лайфхакі для класнага кіраўніка”

Святлана Іванюшына “З Калабком ад маленькіх даследаванняў да вялікіх адкрыццяў”

Таццяна Размысловіч “Візуальнае мастацтва для абыякавых школьнікаў”

Вольга Счасновіч, Святлана Пузіноўская, Святлана Здаранкова “Пара па парах, або сцежкамі малой радзімы”

Ала Міхеева “У пошуку скарбаў”

Алена Ананчыкава “Практыкі супрацоўніцтва настаўнікаў”

Ала Лазіцкая “Фарміраванне даследчых кампетэнцый сродкамі медыя-адукацыі”

Анатоль Гігола “Сістэма самакіравання ва ўстановах адукацыі“

Наталля Пракаповіч “Выкарыстанне мнеманічных тэхнік як сродак удасканалення лексічных навыкаў”

Вераніка Арлова, Вольга Кецко “У адно вуха ўлятае, у другое… ці сакрэты эйдэтыкі для X, Y, Z”

Вольга Жыткая “Актыўная ацэнка ў дзейнасці класнага кіраўніка”

Вольга Краўчанка “Чым дапамогуць сакрэты Серафіні на сучасным уроку”

Наталля Чаркес “Стварыць сайт? Гэта проста!”

Тамара Храпавіцкая “Арганізацыя даследчай працы ў межах школьнага навуковага таварыства”

Галіна Руціч “Лэпбук”

 

Таксама на эдкэмп запрашаюцца госці:

Сёлета мы запрасілі гасцей з 5-ці краін, у тым ліку і сусветную зорку педагогікі Роса Морысана МакГіла – самага ўплывовага педагога ў Вялікабрытаніі, ягоны настаўніцкі блог tеасhеrtооlkіt.со.uk рэгулярна ўваходзіць у топ-100 самых карысных педагагічных рэсурсаў і мае 10 мільёнаў чытачоў. 

Яго лекцыю і два майстар-класы можна таксама пабачыць з сінхронным перакладам па-беларуску.

Але дэмакратыя – гэта найперш роўнасць. Таму сярод запрошаных гасцей-экспертаў былі і вучні з дзіцячага тэлебачання, якое працу ў школе №2 г. Століна. Яны нашмат лепш разбіраюцца ў новых тэхналогіях і таму далі свой майстар-клас для настаўнікаў. Столінскія дзеці навучылі настаўнікаў асновам тэлежурналістыкі і нават знялі сюжэт, каб настаўнікі ўмелі прэзентаваць свае ідэі шырокаму колу. 

Самае прыемнае, што сярод гасцей мы сёлета мелі беларусаў Беласточчыны. У нас агульная праблема – захаванне тоеснасці і беларускай мовы. У Беларусі Міністэрства адукацыі вядзе мэтанакіраваную палітыку русіфікацыі, на Падляшшы беларускія дзеці таксама жывуць у чужамоўным асяроддзі. Таму на сесіі, якія вялі Аліна і Коля Ваўранюкі сабралася шмат настаўнікаў. Трэба сказаць, што гэтыя сесіі ішлі паралельна з сесіямі Дануты Стэрны (з Цэнтру грамадзянскай адукацыі (CEO, Варшава), чэшскага медыяпедагога Боба Картоўза і Роса Макгіла - сусветнай зоркі. Але Аліна, І Коля вытрымалі канкурэнцыю, бо тэма тоеснасці для беларусаў вельмі актуальная. Значыць з беларусамі не ўсё так кепска! 

Аліна распавяла пра супрацоўніцтва настаўнікаў з бацькамі. Як, аб'яднаўшыся разам, можна рабіць навучальныя і культурніцкія праекты. Беларусам трэба не толькі выжываць у неспрыяльных умовах, а жыць: падтрымліваць, развіваць сваю культуру, адукацыю, мастацтва, мову. А Коля Ваўранюк паказаў свае медыйныя праекты і ўрыўкі з фільмаў пра беларусаў Падляшша. І атрымаў шмат апладысментаў, яго не хацелі адпускаць са сцэны, да яго выбеглі настаўнікі каб падзякаваць за працу, якую ён робіць.

 

Ідэя Эдкэмпу вартая пераймання дзеля свайго фармату. А ідэя супрацоўніцтва вартая для нас усіх – беларусаў, якія жывуць у розных краінах. І найлепш гэта рабіць у адукацыі. Бо адукацыя – гэта магутны інструмент пабудовы будучыні. Калі мы накіруем свае сілы на яе, будзем будаваць яе разам, абменьвацца ідэямі, дапамагаць адно аднаму, а не скардзіцца на лёс, тады кепскае начальства нічога з намі зрабіць не зможа. 

Тамара Мацкевіч, 

Таварыства беларускай школы, Менск

дла альманаха "Беларускі настаўнік", Беласток.