Аўтар практыкавання: Ала Лобач
Тэма: Класная гадзіна “Незразумелая Вікіпедыя альбо Колькі моў, столькі і меркаванняў?”
Мэтавая група: Падлеткі (ІХ-ХІ классы)
Назва практыкавання: "Будзьце ў курсе: крытычны погляд на крыніцы і спосабы зносін" .
Неабходнае абсталяванне для правядзення: Мультымедыя, наяўнасць выхада ў інтэрнэт, раздатка, “кошык ідэй”, папера А4, маркеры, сцікеры.
Кароткае апісанне практыкавання:
1. Інтэрнэт-энцыклапедыя Вікіпедыя - папулярная ў моладзевым асяроддзі крыніца інфармацыі - існуе з 2001 года ў 294 розных моўных версіях. Дадзенае практыкаванне дае вучням магчымасць даведацца, як выбар мовы ўплывае на паўнату, структуру, змест прадстаўленай інфармацыі, і можа паслужыць асновай для дзейнасці па вывучэнні энцыклапедыі.
Практыкаванне будзе садзейнічаць развіццю ў вучняў уменняў аналізаваць, крытычна ацэньваць атрыманую інфармацыю з улікам моўнага і культурнага кантэксту, рабіць самастойныя і аргументаваныя высновы па прачытанным артыкуле.
2. Практыкаванне накіравана на развіццё камунікацыйнай, інфармацыйнай кампетэнцый.
3. Вучні змогуць усвядоміць, што выбар мовы ў Інтэрнэт-энцыклапедыі Вікіпедыя ўплывае на структуру і змест інфармацыі, што змяшчаюць яе артыкулы; зрабіць параўнальны аналіз зместу рускамоўных і беларускамоўных артыкулаў, выказаць уласныя меркаванні аб якасці прадстаўленых медыяпрадуктаў і магчымых спосабах іх удасканалення.
Працягласць па часе: 45 хвілін
Метад (форма правядзення): Групавая работа, Індывідуальная работа, Дыскусія
Кампетэнцыі:
Доступ і надзейнасць крыніц
Доступ і надзейнасць крыніц
Крыніцы інфармацыі і іх надзейнасць
Пошук інфармацыі
Мова медыя
Уплыў медыя на асобу і грамадства
Стварэнне, апрацоўка, прэзентацыя
Тэкст практыкавання
Праца можа быць арганізавана па наступным плане:
Для ўключэння вучняў у тэму напачатку ўрока неабходна паказаць партрэты беларускага пісьменніка Аркадзя Куляшова і прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага і задаць вучням пытанне: Ці ведаеце вы гэтых людзей? Хто гэта?
Верагодна, што дзеці пазнаюць Зяленскага, але наўрад ці назавуць Куляшова, таму пры неабходнасці трэба назваць абодвух і задаць дадатковае пытанне: Чаму так адбываецца: мы ведаем палітычных дзеячаў іншых краін і не маем аніякага прадстаўлення пра нашых таленавітых суайчыннікаў? Сярод верагодных прычын будуць абаназваны наяўнасць (ці адсутнасць) інфармацыі ў СМІ ці штосьці падобнае.
Каб прадэманстраваць ролю інфармацыі ў сучасным свеце вучняў трэба спытаць: А што, на вашу думку, агульнага паміж Уладзімірам Зяленскім і Аркадзем Куляшовым? (дадатак 1, малюнак 1).
Дайце вучням магчымасць выказаць свае здагадкі, а зпотым праінфармуйце, што на самай справе гэтых людзей звязвае Вікіпедыя (дадатак 1, малюнак 2): па статыстыцы за 2019 год гэта самыя частыя запыты на рускамоўнай і беларускамоўнай версіях сайта. Прывядзіце статыстычныя дадзеныя (дадатак 2) і запытайце вучняў: Чаму, на вашу думку, такая значная розніца ў лічбах паміж самымі папулярнымі артыкуламі рознамоўных версій Вікіпедыі? Дайце вучням магчымасць выказацца. Тут верагодны розныя пункты гледжання (колькасць чытачоў, актуальнасць інфармацыі, мова і г.д.).
Адказы на наступныя пытанні “А ці лічыце вы кампетэнтнай крыніцай інфармацыі Вікіпедыю?” і “Інфармацыя пра адну і ту ю ж падзею, ці пра аднаго і таго ж чалавеказ з якой версіі (рускамоўная, беларускамоўнай, ці можа англійскай…) будзе самай правільнай? Чаму?” неабходна змясціць у “кошык ідэй”.
На дадзеным этапе магчыма рэзкае”расслаенне” пазіцый вучняў: хтосьці давярае Вікіпедыі, хтосьці лічыць яе ненадзейнай крыніцай; для адных колькасць запытаў прама прапарцыянальна якасці медыя, для іншых- наадварот,
3. Для таго, каб падцвердзіць, ці абвергнуць выказыныя меркаванні прапануйце дзецям папрацаваць у группах з матэрыяламі сайта Вікіпедыя (руская і беларуская версіі).
Падзяліце класс на 4 групы і раздайце артыкулы-скрыншоты старонак Вікіпедыі (дадатак 3). Папрасіце прачытаць толькі назвы артыкулаў і спытайцеся, пра што гэтыя артыкулы? Адкуль яны ўзяты? Якая іх галоўная думка?
Выслухайце адказы і нагадайце, што кожнае паведамленне у СМІ робіцца з нейкай мэтай. Прапануйце вучням прачытаць тэксты і вызначыць мэту гэтых медыя паведамленняў (Пазнаёміць інтэрнэтсупольнасць з правіламі стварэння Вікіпедыі і заахвоціць да актыўнага ўзаемадзеяння з сайтам). Выслухайце адказы і прапануйце выканаць заданне 1.
Заданне 1. Вучням неабходна прачытаць артыкул і выдзеліць асноўныя прынцыпы стварэння Вікіпедыі: універсалізм, свабодны абмен ведамі, павага да нейтральнасці пункту гледжання і інш. (групы 1 і 3 працуюць з беларускамоўнай версіяй сайта, групы 2 и 4 – з рускамоўнай). У ходзе абмеркавання вучні сумесна запаўняюць кластар “Пяць слупоў Вікіпедыі” (дадатак 4).
Вікіпедыя — энцыклапедыя
Вікіпедыя трымаецца нейтральнага пункту гледжання
Вікіпедыя складаецца з адкрытага змесціва
Вікіпедыі належыць трымацца правіл паводзінаў
Вікіпедыя не мае цвёрдых правілаў
Неабходна зрабіць выснову, што тэарытычна, і беларускамоўная, і рускамоўная версіі сайта асноўваюцца на агульных прынцыпах стварэння Вікіпедыі: універсалізм, свабодны абмен ведамі, павага да нейтральнасці пункту гледжання.
Раскажыце, што ўсе паведамленні ў медыя – гэта канструкцыі. У іх ёсць два складнікі: медыятэкст (тэкст, гук, фота ці відэа) і пасыл (галоўная ідэя ці мэсыдж). Не заўсёды мэсыдж відавочны, ён можа быць схаваны ці закадаваны. Раскажыце, што зараз будзем вучыцца аналізаваць медыяпаведамленне і паспрабуем дэкадаваць іх . Гэта значыць, вызначаць, які мэсыдж яны нясуць, навошта іх надрукавалі і як адрозніваюцца артыкулы, прысвечаныя адной і той жа тэме, калі змяціць мову пошуку.
Заданне 2. Вучні павінны параўнаць розныя моўныя версіі Вікіпедыі (дадатак 5). Для гэтага група 1 знаёміцца з артыкулам пра Кобрын на рускай мове; група 2 чытае інфармацыю пра гэты горад на беларускай мове; групы 3 і 4 вывучаюць адпаведна рускамоўны і беларускамоўны артыкулы пра Мураўёва-Віленскага. Удзельнікі груп адказваюць на пытанні да прапанавных тэкстаў, а потым адбываецца абмен інфармацыяй паміж группамі 1-2 (Мураўёў) і 3-4 (Кобрын) шляхам абмену “рэпарцёрамі”. Рэпарцёры на працягу 2-3 хвілін расказваюць групе-партнёру аб атрыманай інфармацыі, потым неабходна арганізаваць абмеркаванне момантаў, што не супадалі на розных версіях сайта.
Прыкладныя вывады па першаму пункту задання (усе групы):усе лінгвістычныя версіі энцыклапедыі адпавядаюць аднолькавым прынцыпам і рэдакцыйным правілам, але кожная мае сваю арганізацыю, сваю суполку аўтараў і сваю спецыфіку.
Прыкладныя вывады па другому пункту задання (групы 1-2): Артыкулы, напісаныя на розных мовах не падобныя ні па аб'ёме, ні па змесце. Артыкул на рускай мове засяроджаны на заслугах Мураўёва перад Расійскай дзяржавай, тады як беларускамоўны сайт акцэнтую увагу на тым, што жыхары Беларусі называлі яго «Мураўёў-вешальнік» ці «Мураўёў-людаед». У артыкуле на рускай мове вызваленчае паўстанне 1863-1864 гадоў называецца Польскім і называецца “мецяжом”, а беларускі сайт узгадвае Кастуся Каліноўскага, аднаго з кіраўнікоў гэтага паўстання як нацыянальнага героя Беларусі. Структура абодвух артыкулаў адрозніваецца. Нягледзячы на заяўленае аўтарам жаданне паважаць нейтралітэт пункту гледжання, нельга цалкам пераадолець пэўную колькасць культурных, гістарычных, геапалітычных прадузятасцей і бачанне свету, сфармуляванага на мове, якая выкарыстоўваецца.
Прыкладна да такіх жа высноў прыйдуць і члены груп 3 і 4 пры параўнанні інфармацыі пра горад Кобрын, узятай з рускамоўнай і беларускамоўнай версій Вікіпедыі. Тут таксама аўтары артыкулаў па-рознаму асвятляюць ролю Суворава ў гісторыі Беларусі: беларускі сайт прама называе войскі А.Суворава акупацыйнымі, у той час калі рускамоўная версія проста канстатуе, што Сувораў некалькі гадоў жыў у Кобрыне і меў там памесце “Кобрынскі ключ”.
Вярніцеся да “кошыка ідэй” і праверце, якія меркаванні пацвердзіліся, а якія былі абвергнуты. Прапануйце вучням падумаць над магчыміымі спосабамі ўдасканалення прачытанных артыкулаў, абмяркуйце выказаныя прапановы.
Спасылкі
Заданне 1. Правілы і рэкамендацыі Вікіпедыі на рускай і беларускай мовах: https://ru.wikipedia.org/wiki/%D0%92%D0%B8%D0%BA%D0%B8%D0%BF%D0%B5%D0%B4...
Заданне 2. Артыкулы пра Кобрын на рускай і беларускай мовах:
Артыкулы пра М.М.Мураўёва-Віленскага на рускай і беларускай мовах:
Парады настаўніку: Практыкавнне носіць універсальны характар і можа быць выкарыстана як на інфармацыйнай, так і на класнай гадзіне, а таксама ў рамках урока замежнай мовы. Галоўнае, падабраць для аналізу такія рознамоўныя артыкулы, якія ўтрымлівалі б пэўную спрэчную інфармацыю. Можна прапанаваць вучням дапоўніць артыкул, знайшоўшы новую інфармацыю па тэме, альбо узбагаціць яго на аснове перакладу з мовы першакрыніцы. Таксама можна прапанаваць вучням прааналізаваць артыкулы, адказаўшы на Ключавыя пытанні для аналіза медыя-паведамлення .
Спампаваць файл (doc) з дадаткамі