Не так даўно падчас круглага стала па праблемах адукацыі начальнік упраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі міністэрства адукацыі Святлана Уклейка сказала, што ў сістэме Міністэрства Адукацыі больш за 45% школ - беларускамоўныя. Гэта заява здзівіла многіх спецыялістаў у адукацыі. Бо паводле дадзеных таго ж міністэрства, толькі 11,1% дзяцей у школах Беларусі навучалася на беларускай мове.
Самае цікавае, што абедзве гэтыя лічбы ... правільныя. Але быў выкарыстаны хітры прыём з падменай значэнняў, які можна праілюстраваць наступным прыкладам.
Дапусцім, у вас ёсць два дамы. Адзін - двухпавярховы, з двума пад'ездамі па 4 кватэры на паверсе. А другі дом - шеснаццаціпавярховы з пяццю пад'ездамі. На паперы ў вас 2 дамы, толькі ў першым доме ў вас 16 кватэр, а ў другім - 320 кватэр. Як вы думаеце, у якім доме будзе жыць больш людзей? Адказ відавочны. Роўна такі ж прыём быў скарыстаны і ў гэтым выпадку.
У 2018 годзе ў Беларусі было 2 813 школ, з якіх 1 220 школ было ў гарадской мясцовасці і 1593 школы - у сельскай мясцовасці.
Толькі вось ў 1220 гарадскіх школах навучалася 823,6 тыс. Вучняў або 675 вучняў у адной школе, а ў 1593 сельскіх школах - 172,5 тыс. вучняў, або 108 вучняў у адной школе. Гэта значыць, адна сярэдняя гарадская школа - гэта 6,25 сярэдніх сельскіх школ.
Калі ўважліва паглядзець на дадзеныя, то высветліцца, што з 1282 школ з беларускай мовай навучання 1207 школ размешчаны ў сельскай мясцовасці і толькі 75 школ - у гарадах.
Больш наглядна карціну апісваюць наступныя дадзеныя.
У сярэднім па краіне ў адной школе з беларускай мовай навучання ў 2018 годзе вучылася 87 вучняў, у адной школе з беларускай мовай навучання - 579 вучняў або ў 6,7 раза больш.
Гэта вядомы прыём маніпулявання дадзенымі, калі чыноўнікам трэба паказаць прыгожую карцінку.
Але гэта толькі частка карцінкі, а яе трэба глядзець у дынаміцы.
У 2012 годзе ўдзельная вага школ з навучаннем на беларускай мове была 51,5%, і гэтая доля скарачалася бесперапынна ўсе гэтыя гады.
Звесткі за перыяд з 2012 па 2018 год паказваюць, што ідзе непрыкметнае, але няўмольнае знішчэнне беларускай мовы ў школах. На лічбах гэта выглядае наступным чынам.
У 2012 годзе ў Беларусі было 3 428 школ, да 2018 года іх засталося 2 813.
Школ з беларускай мовай навучання ў 2012 годзе было 1 660 засталося - 1527. Скарачэнне на 133 школы, пры гэтым 133 школы былі скарочаныя ў 2013 годзе. З тых часоў былі толькі ваганні год ад года, колькасць школ у 2013 і 2018 годзе супадае.
Школ з беларускай мовай навучання ў 2012 годзе было 1764, да 2018 года іх засталося 1282. Мінус 482 школы. Фактычна з 2013 года зачыняліся толькі беларускамоўныя школы, калі браць у цэлым за ўвесь перыяд.
А што ж у нас з вучнямі?
Пачынаючы з 2012 года ў нас назіраецца бесперапынны рост колькасці школьнікаў. Усе ж выдатна ведаюць, якая сітуацыя склалася з перапоўненасцю ў класах. Дык вось, чыноўнікі Минобра бачаць рост колькасці навучэнцаў i ... працягваюць зачыняць школы. Ну правільна, навошта вучыцца па 20-25 чалавек у класе, давайце мы зробім класы па 30-35 чалавек.
Пры росце агульнай колькасці навучэнцаў у нас ідзе ... штогадовае скарачэнне колькасці навучэнцаў, якія вучацца на беларускай мове. У 2012 годзе на беларускай мове вучыліся 150,6 тыс. чалавек, да 2018 года іх засталося 111 тыс. Разам мінус 26% за такі кароткі тэрмін.
У некаторых рэгіёнах беларуская мова практычна знішчана ў гарадскіх школах.
Прычым канчатковае знішчэнне беларускай мовы ў Віцебскай вобласці адбылося пры дзеючым міністры адукацыі. На пачатак 2017/2018 навучальнага года ў Віцебскай вобласці было 2 гарадскія школы з беларускай мовай і колькасцю 1 158 вучняў. На пачатак 2018/2019 навучальнага года засталася толькі 1 гарадская школа, у якой навучалася 96 вучняў. Падобная сітуацыя ў Гомельскай вобласці, дзе на пачатак 2018/2019 навучальнага года засталося 3 гарадскія школы з сумарнай колькасцю навучэнцаў - 115 чалавек.
Давайце паглядзім на сельскую мясцовасць, якая з'яўляецца па сутнасці апошнім прытулкам беларускай мовы ў школах. Мы бачым парадаксальную рэч - пры агульным зніжэнні колькасці школ і вучняў у сельскай мясцовасці, што тлумачыцца дэмаграфічнымі прычынамі, назіраецца штогадовы ўстойлівы рост колькасці дзяцей, якія навучаюцца на рускай мове. Агульная колькасць вучняў у сельскіх школах знізілася з 199,6 тыс. у 2012 годзе да 172,5 тыс. у 2018 годзе. Пры гэтым колькасць дзяцей, якія навучаюцца на рускай мове вырасла за той жа перыяд з 63,2 тыс. да 71,9 тыс. Мяккая беларусізацыя? Не, не думаю. Хутчэй, жорсткая русіфікацыя.
І гэта не выпадковасць, а ўстойлівая заканамернасць.
Таму дарагія чыноўнікі ад адукацыі і не толькі! Не трэба пудрыць грамадзянам Беларусі мазгі нейкім ростам беларусізацыі ў школах. Лічбы кажуць аб адным. Беларуская мова выцясняецца са школ бесперапынна ўсе гэтыя гады. І асобныя лакальныя ўсплёскі ў выглядзе росту колькасці навучэнцаў ў Мінску не моцна змяняюць карціну. За межамі Мінскай кальцавой дарогі школы на беларускай мове таксама павінны адчыняцца. Калі ў нас 2 дзяржаўныя мовы, то чаму ў іх такое рознае становішча ў школах?
Тэкст і графікі для тэлеграм-канала "Злой минобр" падрыхтаваў аналітык Дзмітрый Івановіч.
Больш аналітыкі тут: