Як змагацца з цкаваннем (булінгам) ва ўстановах адукацыі. Памятка

Паводле даследаванняў PISA-2018 ў Беларусі 19 %  падлеткаў заявілі, што адчувалі на сабе цкаванне ў школах на працягу апошнягя месяца да апытання. Адчуваюць на сабе цкаванне і настаўнікі. З'ява, якая па-анлійску мае назву bullying  стала масавай і перакінулася ў віртуальную прастору. 

Юрысты Беларускага Хельсінскага Камітэту распрацавалі памятку для настаўнікаў, бацькоў і дзяцей 

 
Кароткі змест Памяткі
- Прыкметы цкавання
- Як зразумець, што дзіця стала ахвярай булінгу?
- Што рабіць бацькам?
- Куды звярнуцца, калі настаўнікі і адміністрацыя не прымаюць меры?
- За што можна прыцягнуць да адказнасці крыўдзіцеля і яго бацькоў
- Калі звароты ў дзяржаўныя органы не даюць жаданых вынікаў
- Што рабіць бацькам дзіцяці-крыўдзіцеля?
- Што рабіць адміністрацыі ўстановы адукацыі ў выпадку ўстанаўлення факта цкавання:
 
Дадатак 1. Узоры дакументаў (заяваў, скаргаў)
Дадатак 2. Пералік нарматыўных дакументаў
 
 

 

 

Як змагацца з цкаваннем (булінгам)  ва ўстановах адукацыі

ПАМЯТКА

Распрацавана РПГА “Беларускі Хельсінскі камітэт”

Па ацэнках еўрапейскіх даследчыкаў у ролі ахвяры цкавання ў розныя перыяды школьнага жыцця пабывалі 50% дзяцей, 10-15% (паводле даследаванняў PISA-2018 - 19%) школьнікаў знаходзяцца ў гэтай сітуацыі нават цяпер - кожны дзень яны ідуць у школу, як на пакаранне смерцю. Без перабольшання, гэта не беларуская, а агульнасусветная праблема. Яе маштаб і вельмі цяжкія наступствы - ад дэпрэсіўных станаў да суіцыдных спроб - патрабуюць ад бацькоў, адміністрацыі навучальных устаноў і ўсіх задзейнічаных органаў максімальных намаганняў і ўзаемадзеяння.

У заканадаўстве Беларусі няма вызначэння булінгу і пэўнай адказнасці за цкаванне. Аднак у шэрагу законаў адзначаны прыкметы, якія падпадаюць пад вызначэнне булінгу. На падставе гэтых нормаў мы даем рэкамендацыі, як дзейнічаць, калі ваша дзіця стала аб'ектам цкавання з боку аднакласнікаў ці настаўнікаў, а адміністрацыя навучальнай установы ўхілілася ад вырашэння праблемы.

Булінг (мобінг) (анг. bullying, mobbing) - англамоўнае паняцце эмацыйнага і /ці фізічнага  гвалту групы падлеткаў (аднакласнікаў) над абранай ахвярай. Яму адпавядае тэрмін цкаванне. Часам такі ўплыў вызначаюць нават як фізічны і/ці псіхалагічны тэрор.

Прыкметы цкавання:

  1. гвалт у той ці іншай форме, сістэматычнасць, працягласць;
  2. скіраванасць на аднаго і таго ж чалавека;
  3. групавое дзеянне ці дзеянне пры падтрымцы групы.

Фізічны булінг (гвалт) - удары, выспяткі, штуршкі, задушванне, аплявухі, удары якім-небудзь прадметам, спробы прычыніць траўму, рану і г.д.  Нярэдка ахвяры наносіцца матэрыяльная шкода: псаванне маёмасці, яе адабранне, прысваенне, адкрыты крадзеж, вымагальніцтва.

Псіхалагічны (эмацыйны) гвалт - ахвяра падвяргаецца насмешкам, абразам, знявазе, крыўдным выказванням, што тычацца знешнасці, ладу жыцця, паводзін, магчымыя абразы яе родных, пагрозы, аб'ява байкоту і інш.

Кібербулінг (кіберцкаванне)  - абразы і пагрозы па электроннай пошце, мабільным тэлефоне (вусна і шляхам рассылкі тэкставых паведамленняў), у сацсетках, стварэнне паклёпніцкіх вэбсайтаў і да т. п

 

Як зразумець, што дзіця стала ахвярай цкавання?

 

  1. Не хоча ісці ў школу, прагульвае заняткі, рэзка знізіліся адзнакі.
  2. Звярніце ўвагу на паставу: уцягнутая ў плечы галава, гарбаватая спіна, апушчаны падбародак. Калі раней дзіця не прымала такой паставы, варта пацікавіцца справамі ў школе.
  3. Скаргі на мігрэні і болі ў жываце. Боль можа быць выкліканы стрэсам і страхам сутыкнуцца з крыўдзіцелем.
  4. Часта дзіця вяртаецца дахаты з сінякамі, ранамі, у брудным ці сапсаваным адзенні, магчыма, што яго б’юць аднагодкі.
  5. Замкнёнасць. Калісьці гаманкое дзіця рэзка стала нетаварыскім, маўчыць, паглыбляецца ў сябе.
  6. Страта асабістых рэчаў - сшыткаў, падручнікаў, адзення, грошай. Не выключана, што дзіця трапіла пад уздзеянне хуліганаў.
  7. Выдаленыя акаўнты ў сацыяльных сетках. Магчыма, такім чынам дзіця спрабуе абараніцца ад кібербулінгу.

 

Прадметам для кепікаў і здзекаў могуць стаць асаблівасці знешнягя выгляду: адзенне, лішняя вага, прышчы, акуляры, брэкеты, колер скуры і інш.

 

Падрабязней па спасылцы:   https://miridei.com/idei-dlya-doma/semya-i-deti/bulling-9-priznakov-togo-chto-vashego-rebenka-obizhayut-v-shkole/

 

Што рабіць бацькам?

 

ВАЖНА! Часцяком бацькі адны з апошніх даведваюцца аб праблемах дзіцяці ў школе.

 Не спадзявайцеся, што сітуацыя зменіцца сама сабой. Дзейнічайце!

 

Паспрабуйце вырашыць праблему ў рамках навучальнай установы:

 

1. Пагаварыце з дзіцём, высветліце дэталі булінгу (хто здзяйсняе гвалт, які, дзе, калі, пры кім, дзе ў інтэрнэце размешчаны абразлівыя допісы г.д).

2. Звярніцеся да класнага кіраўніка, у сацыяльна-педагагічную псіхалагічную службу, адміністрацыю навучальнай установы.

3. Пагаварыце з крыўдзіцелем і яго бацькамі. Ад іх паводзін (прызнанне / непрызнанне віны, жадання прынесці выбачэнні, пакрыць прычыненую шкоду) залежаць вашы далейшыя дзеянні.

Гэтым можна абмежавацца, калі педагогі і адміністрацыя навучальнай установы разумеюць праблему, праводзяць працу як з парушальнікам, так і з класам, а бацькі крыўдніка імкнуцца палагодзіць наступствы, калі яны для вашага дзіцяці не былі цяжкімі (ці нават незваротнымі).

 

Куды звярнуцца, калі настаўнікі і адміністрацыя не прымаюць меры:

 

1. Ва ўпраўленне (аддзел) адукацыі мясцовага выканкама ці адміністрацыі раёна ў горадзе, у якім знаходзіцца ўстанова адукацыі, – калі адміністрацыя навучальнай установы не распачынае ніяк мер ці гэтыя меры з'яўляюцца неэфектыўнымі.

2. Да ўчастковага міліцыянера – у выпадку, калі ў дачыненні вашага дзіцяці здзейснена адміністрацыйнае правапарушэнне:

Вы маеце права падаць заяву аб прыцягненні непаўналетняга да адміністрацыйнай ці крымінальнай адказнасці. 

Звярнуцца можа пацярпелы падлетак ці яго законны прадстаўнік (бацькі ці апякун).

У міліцыі павінны скласці пратакол і апытаць удзельнікаў канфлікту, потым справу накіруюць у камісію па справах непаўналетніх.

У выпадку, калі будзе складзены адміністрацыйны пратакол справа аб адміністрацыйным правапарушэнні будзе разглядаць камісія па справах непаўналетніх пры мясцовых выканкамах. Яна таксама разглядае справы пра невыкананне бацькамі абавязкаў па выхаванні дзяцей (арт. 9.4. КаАП) ці пра ўцягненне іх у антыграмадскія паводзіны (арт. 17.4. КаАП).

На яе пасяджэнні заслухоўваюцца прадстаўнікі дзяржаўных органаў, устаноў і інш. арганізацый, што ажыццяўляюць прафілактыку бездагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх, грамадзяне, пракурор, сам непаўналетні, яго законныя прадстаўнікі.

Заява ў міліцыю і прававыя наступствы ў сувязі з гэтым могуць суцішыць запал агрэсіўнага падлетка!

УВАГА! Рашэнне (пастанова) камісіі можа быць абскарджана ў адміністрацыі (выканкаме) раёна, або ў раённай пракуратуры. Далей - у суд. Рашэнне можна абскардзіць на пацягу месяца з дня атрымання адказу з адміністрацыі раёна ці пракуратуры.

 

3. У пракуратуру, напрыклад, у выпадку прычынення дзіцяці пашкоджанняў цела. Пракурор мае права пачаць адміністрацыйны працэс ці ўзбудзіць крымінальную справу па шэрагу злачынстваў і пры адсутнасці заявы пацярпелага, калі яны закранаюць істотныя інтарэсы грамадства ці здзейснены ў дачыненні залежнага ад абвінавачанай асобы або не здольнай самастойна абараняць свае правы і законныя інтарэсы. Узбуджаная справа накіроўваецца для папярэдняга расследвання, а потым у суд.

4. У Нацыянальную камісію па правах дзіцяці - кантралюе і аналізуе дзейнасць па пытаннях абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей, дзярж. органаў і арганізацый, разглядае звароты непаўналетніх, іх законных прадстаўнікоў, грамадскіх аб'яднанняў. Камісія падсправаздачная  прэзідэнту Беларусі.

5. Іншыя дзяржорганы. Прафілактычную работу з непаўналетнімі і бацькамі, якія не выконваюць ці неналежным чынам выконваюць абавязкі па выхаванні і ўтрыманні падлеткаў, таксама праводзяць: 

 

  • органы апекі і апякунства;
  • міністэрствы: адукацыі, аховы здароўя, працы і сацыяльнай абароны і іх структурныя падраздзяленні.

 

ПАМЯТАЙЦЕ! Паслядоўныя звароты па інстанцыях зэканомяць час, сродкі і будуць спрыяць хутчэйшаму вырашэнню сітуацыі, пры гэтым не міне тэрмін прыцягнення парушальніка да адміністрацыйнай адказнасці (2 месяцы з моманту адміністрацыйнага правапарушэння). Зварот у больш высокую інстанцыю ці “адразу прэзідэнту”, мінуючы нізавыя, прывядзе да таго, што вашы звароты пакінуць без разгляду па сутнасці і скіруюць у тую інстанцыю, якая непасрэдна павінна іх разглядаць.

 

6. У суд – калі супраць дзіцяці учынілі злачынства. Суд разглядае крымінальныя справы прыватнага абвінавачвання:

  • аб наўмысным прычыненні лёгкага целавага пашкоджання (ст. 153 КК);
  • паклёпу (арт. 188 КК);
  • абразе (арт. 189 КК).

Папярэдняе расследванне па такіх справах не вядзецца.

 

Што п              Што павінна ўтрымліваць заява ў суд:

  • назва суда, у які яна падаецца;
  • выклад абставінаў злачынства, звесткі пра правапарушальніка і доказы яго віны;
  • пералік сведкаў, якія падлягаюць выкліку ў судовае пасяджэнне;
  • звесткі пра эксперта, спецыяліста і іншых асоб, якіх лічыце патрэбным выклікаць у суд.

 

Заява прадстаўляецца суду ў копіях па ліку асоб, у дачыненні якіх узбуджаецца справа прыватнага абвінавачвання (гл. арт. 426 КПК).

 

Збор доказаў 

 

ВАЖНА! Пры звароце ў суд па справах прыватнага абвінавачвання менавіта вам трэба абгрунтаваць свае патрабаванні, сабраць і прадставіць доказы. Доказы могуць знікнуць, таму іх трэба своечасова фіксаваць. Ацэнку доказам дае суд.

 

Што можа з'яўляцца доказам:

  • любыя фактычныя дадзеныя: тлумачэнні бакоў, сведчанні сведкаў (указаць імя, прозвішча, імя па бацьку, адрасы, прасіць аб допыце такіх асоб);
  • медыцынскія дакументы, калі нанесены целавыя пашкоджанні (заключэнне судмедэкспертызы, дакументы з медустаноў);
  • дадзеныя пра панесеныя выдаткі (квіткі і чэкі на медыкаменты, набыццё рэчаў замест сапсаваных);
  • фота сапсаваных рэчаў і г.д.;
  • засведчаны ў натарыуса скрыншот інтэрнэт-старонкі (пры кібербулінгу); гука- ці відэазапісы, запісы на носьбітах інфармацыі (паказаць тэхнічныя дадзеныя пра сістэмы запісу і прайгравання).

 

 

За што можна прыцягнуць да адказнасці крыўдзіцеля  і яго бацькоў

ВАЖНА! У залежнасці ад разнавіданасці гвалту, яго наступстваў, узросту парушальніка алгарытм дзеянняў і адказнасць будуць рознымі.

 

Часцяком падлеткі (ды і дарослыя) не ўяўляюць, наколькі сур'ёзную адказнасць могуць пацягнуць іх дзеянні. Таму задача бацькоў, педагогаў і органаў прафілактыкі правапарушэнняў сярод непаўналетніх тлумачыць падлеткам недапушчальнасць цкавання ў дачыненні да аднагодкаў.

  1. За адміністрацыйныя правапарушэнні накладаецца штраф ці папярэджанне. Пры паўторных дзеяннях на прцягу года прадугледжана адказнасць у павышаным памеры.

 

Адказнасць настае

 

 з 14 гадоў (арт. 4.3. КаАП) за:

 

наўмыснае нанясенне целавага пашкоджання (арт. 9.1. КААП) і іншыя гвалтоўныя дзеянні (без кароткачасовага пашкоджання здароўя, напрыклад, удары, шчыпанне, штуршкі і г.д.); дробны крадзёж (арт. 10.5. КаАП) - таемны крадзеж, махлярства (г. зн. шляхам падману), прысваенне і замах на крадзёж (асоба спрабавала, але не завалодала маёмасцю) на суму да 2 базавых велічынь (базавая велічыня - 25,5 руб.) або крадзёж, здзейснены групай, або  шляхам  крадзяжу з адзення ці ручной паклажы, якая знаходзілася пры пацярпелым;

 

 УВАГА! За крадзёж прадугледжана адміністрацыйная і крымінальная адказнасць.  Розніца — у суме. Калі ж прымяняецца гвалт ці яго пагроза, то памер сумы для прыцягнення да крымінальнай адказнасці значэння не мае.

 

наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці (арт. 10.9. КаАП), калі шкода да 40 базавых велічынь (арт. 1.3. КаАП), калі звыш гэтай сумы, настае крымінальная адказнасць (часткі 2, 3 арт. 218 КК);

дробнае хуліганства (арт. 17.1. КаАП) - агрэсар абразлівым чапляннем і іншымі дзеяннямі парушаў грамадскі парадак, спакой грамадзянаў, напрыклад, у школе;

няпраўныя дзеянні ў дачыненні газавай, пнеўматычнай ці кідальнай зброі (арт. 23.46. КаАП).

 

з 16 гадоў:

 

паклёп - распаўсюд свядома ілжывых, ганебных для іншай асобы выдумак (арт. 9.2. КаАП);

абраза - наўмыснае зневажэнне гонару і годнасці, выяўленае ў непрыстойнай форме (арт. 9.3. КаАП).

 

ВАЖНА! За паўторныя на працягу года пасля адміністрацыйнага спагнання паклёп  (арт. 188 КК) ці абразу (арт.189); за паклёп ці абразу ў публічным выступе, у друкаваным ці публічна дэманстраваным творы, у СМІ або ў інтэрнэце (прыкметы кібербулінгу), або аб’яднаная з абвінавачваннем у здзяйсненні цяжкага ці надзвычай цяжкага злачынства настае крымінальная адказнасць.

Падлеткі, якія не дасягнулі на момант адміністрацыйнага правапарушэння ўзросту прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці, ставяцца на ўлік у інспекцыю па справах непаўналетніх. З імі праводзяцца індывідуальныя прафілактычныя гутаркі на працягу не менш за 6 месяцаў. Калі бацькі ці асобы, якія іх замяняюць, не выконваюць абавязкаў па выхаванні, што прывяло да здзяйснення дзецьмі да 14 гадоў правапарушэнняў або злачынстваў, ім выносіцца папярэджанне або накладаецца штраф да 10, а пры паўторным на працягу года - да 20 базавых велічынь.

 

Пакрыццё шкоды

Асоба, якая здзейсніла адміністрацыйнае  правапарушэнне і прызнаная вінаватай, абавязана пакрыць нанесеную маёмасную і маральную шкоду. Адказнасць за не маючага даходаў падлетка нясуць бацькі ці законныя прадстаўнікі.

 

2. За крымінальныя злачынствы прадугледжана пакаранне аж да пазбаўлення волі. Адказнасць настае -

з 14 гадоў:

 

крадзёж (арт. 205 КК) - таемнае выкраданне маёмасці;

рабаванне (арт. 206 КК) - адкрытае выкраданне маёмасці, нярэдка з гвалтам, не небяспечным для жыцця ці пагрозай гвалту (адказнасць больш строгая);

разбой (арт. 207 КК) - крадзёж з ужываннем гвалту, небяспечнага для жыцця ці здароўя пацярпелага, або з пагрозай прымянення гвалту;

вымагальніцтва (арт. 208 КК) - патрабаванне перадачы маёмасці суправаджаецца пагрозай гвалту да пацярпелага, яго блізкіх, распаўсюду паклёпніцкіх ці абвяшчэння іншых звестак, якія яны жадаюць захаваць у таямніцы;

хуліганства (арт. 339).

 

з 16 гадоў:

давядзенне да самагубства (арт. 145 КК) ці замахі на яго шляхам пагрозы гвалту да падлетка ці яго блізкіх, знішчэння, пашкоджання ці вынятку іх маёмасці, распаўсюду паклёпніцкіх ці агалошванне звестак, якія яны жадаюць захаваць у таямніцы, жорсткага абыходжання з пацярпелым ці сістэматычнай знявагай яго асабістай годнасці.

Тыя ж дзеянні ў дачыненні да таго, хто знаходзіўся ў матэрыяльнай ці іншай  залежнасці ад вінаватага, або ў дачыненні непаўналетняга  прадугледжвае павышаную адказнасць. Гэтыя дзеянні могуць быць здзейснены як навучэнцамі, так і настаўнікамі;

наўмыснае прычыненне лёгкага целавага пашкоджання (арт. 153 КК) без кароткачасовага пашкоджання здароўя або з нязначнай устойлівай стратай працаздольнасці;

катаванне (арт. 154 КК) - наўмыснае прычыненне працяглага болю ці пакут спосабамі, што выклікаюць асаблівыя фізічныя і псіхічныя пакуты, або сістэматычнае (два і больш разоў) збіццё. Калі катуюць непаўналетняга або таго, хто знаходзіцца ў бездапаможным ці залежным становішчы, то адказнасць больш суровая;

парушэнне раўнапраўя грамадзян (арт. 190 КК) - наўмыснае прамое ці ўскоснае парушэнне, абмежаванне правоў і свабод, усталяванне прамых ці ўскосных пераваг грамадзян у залежнасці ад пола, расы, нацыянальнасці, мовы, паходжання, маёмаснага становішча, месца жыхарства, дачынення да рэлігіі, перакананняў, прыналежнасць да грамадскіх абяднанняў, што нанеслі істотную шкоду правам, свабодам і законным інтарэсам грамадзяніна;

нанясенне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу, здзейсненае групай асоб або ў буйным памеры ( ч. 2 арт. 216).

 

УВАГА! За дзеянні, здзейсненыя групай (дзве і больш) асоб, - адказнасць больш суровая.

 

Цяжкія злачынствы: забойствы, прычыненне найменш цяжкіх і цяжкіх целавых пашкоджанняў, - мы не разглядаем, бо пры булінгу яны практычна не сустракаюцца.

 

Калі зварот у дзяржорганы не дае чаканых вынікаў

 

Шукайце прыхільнікаў, прыцягвайце ўвагу грамадскасці, стварайце ці ўступайце ў суполкі бацькоў, форумы, якія могуць даць дадатковыя веды, як дзейнічаць. Паведаміце пра сітуацыю ў СМІ. Гэта прастымулюе адказных асоб прымаць у тэрмін законныя і абгрунтаваныя рашэнні.

 

 Калі няма магчымасці змагацца з булінгам, можна перавесці дзіця ў  іншую школу.

 

ВАЖНА! Бацькам пацярпелага ад гвалту дзіцяці трэба ўтрымлівацца ад расправы над вінаватым. З абвінавальніка вы рызыкуеце ператварыцца ў абвінавачанага і панесці пакаранне.

 

Што рабіць бацькам дзіцяці-крыўдзіцеля?

Калі вы прызналі, што ваша дзіця - удзельнік цкавання іншага дзіцяці, прыміце меры:

  • прынясіце выбачэнні пацярпеламу і яго бацькам;
  • пагаварыце са сваім дзіцём, растлумачце яму амаральнасць і наступствы яго дзеянняў;
  • пакрыйце матэрыяльную і, калі трэба, маральную шкоду пацярпелым;
  • прапануйце пацярпелым урэгуляваць канфлікт да прымянення ў дачыненні да вашага дзіцяці мераў адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці.

 

ВАЖНА! Па многіх справах дапускаецца замірэнне бакоў і пакаранне не прызначаецца. Калі замірэння не наступіла, пакаранне з улікам пакрыцця шкоды і каяння можа быць больш мяккім.

Калі вы не згодны з патрабаваннямі пацярпелых, можна прадстаўляць свае доказы, аспрэчваць абвінавачванне (часткова ці цалкам), далучаць да справы матэрыялы (даведкі пра стан здароўя, якія змяшчаюць дадзеныя пра асобу дзіцяці і г.д.), што можа зменшыць памер санкцый у выпадку прызнання булінгу ў дзеяннях вашага дзіцяці.

 

Што рабіць адміністрацыі ўстановы адукацыі ў выпадку ўсталявання факта булінгу:

а) з боку навучэнца (-аў):

  • правесці гутаркі з пацярпелым, удзельнікамі канфлікту, іх бацькамі;
  • прыняць меры выхаваўчага характару ў дачыненні навучэнцаў тых класаў, груп, дзе праходзяць навучанне парушальнікі;
  • прыняць рашэнне аб выхаваўчых і дысцыплінарных мерах ў дачыненні да крыўдзіцеля;
  • інфармаваць упраўленне па адукацыі, міліцыю пра гвалт з прыкметамі адміністрацыйнага або крымінальнага правапарушэння.

 

Факты гвалту і цкавання адміністрацыя навучальнай установы і настаўнікі могуць выявіць самастойна ці даведацца ад бацькоў пацярпелага.

 У навучальнай установе трэба мець план дзеянняў і замацаванае пісьмова размеркаванне абавязкаў паміж класным кіраўніком, псіхолагам, сацыяльным педагогам, медпрацаўніком, дырэктарам (іншымі прадстаўнікамі адміністрацыі). Гэтыя абавязкі павінны быць даведзены да ведама названых асоб пад подспіс.

Кіраўніцтва навучальных устаноў павінна распачынаць меры па прафілактыцы школьнага цкавання. Адмысловыя заняткі з навучэнцамі, ананімнае анкетаванне, цвёрдая пазіцыя ў дачыненні гвалтаўнікоў і выразная рэакцыя на кожны ўсталяваны выпадак цкавання і г.д. могуць істотна зменшыць узровень гвалту.

Гэтыя мерапрыемствы важна фіксаваць дакументальна (дакладныя, журналы ўліку выпадкаў гвалту, справаздачы кожнай службы пра прынятыя меры). Фармальны падыход пры цкаванні і гвалце недапушчальны!

Звароты (вусныя, пісьмовыя, электронныя) бацькоў падлягаюць абавязковаму прыёму і рэгістрацыі ў журнале зваротаў. Адказ на іх павінен быць дадзены ў пісьмовай форме ў вызначаны законам тэрмін: не пазней за 15 дзён або месяц, калі зварот патрабуе дадатковага вывучэння і праверкі.

 

б) з боку педагога:

Вядомы выпадкі цкавання вучняў іх жа настаўнікамі: абразы на ўроках пры іншых непаўналетніх, наўмыснае заніжэнне адзнак, фізічны гвалт.

Для такіх педагогаў прадугледжана дысцыплінарная адказнасць аж да звальнення, а таксама іншыя віды адказнасці, у залежнасці ад формы цкавання і наступстваў.

 

в) у дачыненні да педагога:

Такія выпадкі сустракаюцца значна радзей. Алгарытм дзеянняў тут той жа: высвятленне і фіксацыя парушэнняў навучэнца, прыцягненне яго да адказнасці.

 

 

ДАДАТАК

 

Дадатак 1. Узоры дакументаў (заяў, скаргаў)

Прыкладны зварот у любы орган:

 

У ... (поўная назва органа і адрас органа звароту)

ПІБ заяўніка, адрас, тэлефоны для сувязі

ЗАЯВА

(скарга, прапанова)

Выкладаецца сутнасць звароту, просьба.

Дадатак: указваецца пералік дакументаў (якія пацвярджаюць выкладзенае, копіі адказаў і г.д.).

Дата                                                           Подпіс /расшыфроўка подпісу/

 

Як указвалася раней, спачатку па факце цкавання дзіцяці мэтанакіравана звярнуцца са скаргай (вы можаце назваць гэты дакумент таксама як «Зварот, «Заява») на імя дырэктара Дзяржаўнай ўстановы адукацыі (ДУА)  Сярэдняя школа № » (або гімназія….).

 

  1. Узор скаргі на імя дырэктара:

 

Дырэктару ДУА “Сярэдняя школа №”, ПІБ

Заяўнік: ПІБ,

адрас, месца жыхарства, тэлефоны для сувязі,

прадстаўніка непаўналетняга ПІБ,

навучэнца …..класа

 

СКАРГА

Паведамленне пра факты цкавання сына (дачкі) з указаннем часу, месца, дадзеных пра асобу правапарушальніка.

Далей выкладаецца просьба (прашу):

правесці праверку, прыняць меры па абароне правоў і законных інтарэсаў  непаўналетняга ПІБ.

Дадатак: калі ёсць дакументы, пералічваюцца.

 

Дата                                                          Подпіс  /расшыфроўка подпісу/

 

  1. Узор скаргі на бяздзейнасць (недастатковую работу) школы па скарзе:

 

Упраўленне (Аддзел) па адукацыі адміністрацыі ….р-на г. N

Заяўнік: ПІБ, адрас месца жыхарства., тэлефоны для сувязі,-

прадстаўніка непаўналетняга ПІБ навучэнца ДУА… ,  класа

 

СКАРГА

Выкладаецца сутнасць таго, што адбылося, факт звароту ў адміністрацыю школы, аналіз прынятых мер, довады пра іх недастатковасць, пра бяздзейнасць службовых асоб. У абгрунтаванні прэтэнзій магчымы спасылкі на заканадаўчыя акты, устаў установы адукацыі.

Далей выкладаецца просьба (абавязаць прыняць, прыцягнуць да адказнасці службовых асоб).

Дадатак: копія звароту (заявы, скаргі ва ўстанову адукацыі), копія адказу, іншыя дакументы па звароце.

 

Дата                                                          Подпіс  /расшыфроўка подпісу/

 

  1. Узор заявы ў камісію па справах непаўналетніх:

 

Камісіі па справах непаўналетніх

адміністрацыі   р-на  г. N

Заяўнік: ПІБ,адрас месца жыхарства,

тэлефоны,- прадстаўніка

непаўналетняга ПІБ, навучэнца (ДУА…

класа)

ЗАЯВА

Выкладаецца сутнасць таго, што адбылося (у тым ліку час, месца, дадзеныя асобы, якая здзейсніла правапарушэнне). Указваецца пра негатыўныя наступствы для пацярпелага, пра прычыненую дзіцяці шкоду, яе памер, пра маральную шкоду (у чым яна выяўлялася: пагаршэнне стану здароўя, нежаданне ісці ў школу, змена ў паводзінах — замкнёнасць, прыгнечанасць і інш.). Калі ставіцца пытанне пра пакрыццё маральнай шкоды, то трэба ўказаць, у якую суму вы яе ацэньваеце.

Калі вы можаце кваліфікаваць дзеянні гвалтаўніка па якім-небудзь арт. КаАП, укажыце яго. Гэта неабавязкова, досыць спасылкі, што  агрэсар парушае дзейнаснае заканадаўства.

Выкладаецца просьба пра прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці, пастаноўку на ўлік, спагнанне матэрыяльнай шкоды і матэрыяльнага пакрыцця маральнай шкоды або ўказаць агульную фармулёўку: прыняць прадугледжаныя законам меры ўплыву ў дачыненні правапарушальніка, яго бацькоў.

Дадатак: дакументы па факце парушэння, дакументы, што пацвярджаюць матэрыяльную і маральную шкоду (чэкі, ацэнка шкоды і інш.)

 

Дата                                                          Подпіс  /расшыфроўка подпісу/

 

  1. Узор заявы ў органы ўнутраных спраў (АУС).

 

Агульныя палажэнні: заявы і паведамленні пра злачынствы, адміністрацыйныя правапарушэнні і інфармацыя пра здарэнні прымаюцца бесперапынна на працягу сутак ў аператыўна-дзяжурных службах АУС старшымі інспектарамі-дзяжурнымі, інспектарамі-дзяжурнымі, іх памагатымі ці супрацоўнікамі, прызначанымі на дзяжурства ва ўсталяваным парадку ў складзе штатнага і суткавага нарада, іншымі супрацоўнікамі па ўказанні начальніка органа ўнутраных спраў, а ў аддзяленнях унутраных спраў на транспарце і лінейных пунктах – па рашэнні начальніка адпаведнага аддзела ўнутраных спраў на транспарце. Па-за будынкамі АУС, а таксама ў АУС, у якіх няма аператыўна-дзяжурных службаў, заявы і паведамленні пра злачынствы, адміністрацыйныя правапарушэнні, інфармацыю пра здарэнні прымаюць службовыя асобы, якія знаходзяцца пры выкананні службовых абавязкаў супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, да якіх звярнуліся грамадзяне ці службовыя асобы дзяржаўных органаў і іншых арганізацый. У адпаведнасці з арт. 168 КПК заявы грамадзянаў пра злачынства, адміністрацыйнае правапарушэнне могуць быць вуснымі і пісьмовымі.

Пісьмовая заява павінна быць падпісана асобай, ад якой яна сыходзіць. Вусная заява заносіцца ў пратакол, які падпісваецца заяўніком і службовай асобай органа дазнання, дазнаўцам, следчым ці пракурорам, якія прынялі заяву. Пратакол павінен утрымваць звесткі пра заяўніка. Заяўнік папярэджваецца пра крымінальную адказнасць (па арт. 400 КК Рэспублікі Беларусь) за свядома ілжывы данос або пра адміністрацыйную адказнасць за свядома ілжывую заяву (ч. 3 арт. 9.2. ПІКаАП), пра што ў заяве ці пратаколе робіцца адзнака, якая ўпэўніваецца подпісам заяўніка.

 

Ананімныя заявы не з'яўляюцца нагодай да ўзбуджэння справы.

 

У выпадку, калі ёсць падставы меркаваць, што заяўніку, членам яго сям'і, блізкім сваякам і іншым асобам, якіх ён абгрунтавана лічыць блізкімі, могуць пагражаць забойствам, прымяненнем гвалту, знішчэннем ці пашкоджаннем маёмасці і ўжываннем іншых супрацьпраўных дзеянняў, у заяве не ўказваюцца анкетныя дадзеныя заяўніка і не ставіцца яго подпіс.

Орган крымінальнага праследвання абавязаны прыняць, зарэгістраваць і разгледзець заяву або паведамленне пра любое злачынства, якое здзейсненае ці рыхтуецца, адміністрацыйную правіну. Заяўніку выдаецца дакумент (талон) пра рэгістрацыю прынятай заявы ці паведамлення з указаннем службовай асобы, якая іх прыняла, і часу іх рэгістрацыі. Неабгрунтаваная адмова ў прыёме заявы ці паведамлення пра злачынства можа быць абскарджана пракурору ў парадку, усталяваным артыкуламі 139, 141, 143 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (арт. 172 КПК).

 

Узор заявы:

 

Начальніку АУС г. N

Заяўнік: ПІБ,

адрас месца жыхарства і (ці)

месцы працы/вучобы,

тэлефоны для сувязі

 

ЗАЯВА

 

Указваюцца пэўныя акалічнасці, якія вымусілі грамадзяніна звярнуцца ў упраўленне ўнутраных спраў.

Фармулюецца просьба аб правядзенні пэўных дзеянняў, праверак, разбору (складанні пратакола пра адміністрацыйнае правапарушэнне), прыцягненні да крымінальнай адказнасці.

У выпадку прычынення целавых пашкоджанняў просіць выдаць накіраванне на судмедасведчанне.

Апроч таго, у зваротах (заяве) павінна ўтрымлівацца інфармацыя пра вынікі папярэдняга разгляду звароту іншым органам па дадзеным пытанні з дадаткам (пры наяўнасці), якія пацвярджаюць гэту інфармацыю дакументаў.

Да пісьмовых зваротаў, што падаюцца прадстаўнікамі заяўнікаў, прыкладаюцца дакументы, якія пацвярджаюць іх паўнамоцтвы.

Дата                                                          Подпіс  /расшыфроўка подпісу/

 

  1. Узор заявы ў суд (па справах прыватнага абвінавачвання):

 

У суд .......... раёна горада N.

 Прыватны абвінавальнік: ПІБ, дата нарадж.,месца жыхарства,месца працы

(пры наяўнасці), пасада, дадзеныя дакумента, што пацвярджаюць асобу

(нумар, дата выдачы, назва органа, які выдаў яго)

 тэлефон прадстаўніка непаўналетняга —

ПІБ, пражывае…

Абвінавачаны: ПІБ, год нараджэння, месца жыхарства,

 месца навучання, № тэл.

 

ЗАЯВА

(аб узбуджэнні крымінальнай справы прыватнага абвінавачвання

па арт. .....  КК Рэспублікі Беларусь)

Указаць дату, месца, акалічнасці здзяйснення злачынства ў дачыненні непаўналетняга (малалетняга) сына (дачкі),  прадстаўніком якога вы (як бацькі) з'яўляецеся.

Прывесці спасылкі на доказы факта здзяйснення злачынства  (дадзеныя акалічнасці могуць пацвердзіць сведкі — ПІБ, дакументы, заключэнне экспертыз, пра дадзеныя праведзеных праверак,  іх высновы і г. д.).

На падставе выкладзенага і кіруючыся арт. арт. 425, 426, ч. 2 арт. 26 КПК Рэспублікі Беларусь,

ПРАШУ:

 

Прыцягнуць да крымінальнай адказнасці па арт. ... КК Рэспублікі Беларусь грамадзяніна ........., .... года нараджэння, які пражывае ў г. N. вул.___________,

 д. № ____, кв. № ___.

Выпатрабаваць з ....... матэрыялы праверкі па маёй заяве.

У судовае паседжанне ў якасці сведкаў выклікаць:

1. ПІБ, адрас

2. ..................

Дадатак: копія заявы; копія пастановы пра спыненне праверкі…, іншыя дакументы.

 

Дата                                                             Подпіс /расшыфроўка подпісу/

 

Дадатак 2. Пералік нарматыўных дакументаў

 

1. Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека;

2. Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах (арт.арт. 23,24);

3. Міжнародны пакт аб сацыяльных і эканамічных правах (ч. 3 арт. 10, арт. 13 — права на адукацыю);

4. Канвенцыя аб правах дзіцяці (арт. 16);

5. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь  (арт.арт. 21, 22, 32);

6. Закон «Аб правах дзіцяці»;

7. Закон «Аб асновах сістэмы прафілактыкі бездагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх» ад 31.05.2003 № 200-З (са зменамі, у т. л. унесеных Законам ад 09.01.2017 № -З);

8. Закон «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў»;

9. Дзярж. праграма «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека»  на 2016-2020 гады;

10. Нацыянальны план дзеянняў па паляпшэнні становішча дзяцей і ахове іх правоў на 2017-2021 гады;

11. Кодэкс аб шлюбе і сям'і (арт.арт. 181-184);

12. Кодэкс аб адукацыі (арт.31);

13. Пастанова Міністэрства адукацыі ад 25.07.2011 №116 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службе ўстановы адукацыі (іншай арганізацыі, індывідуальнага прадпрыймальніка, якім у адпаведнасці з заканадаўствам прадстаўлена права ажыццяўляць адукацыйную дзейнасць) і прызнанні страчанымі сілу некаторых пастаноў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь»;

14. Пастанова Савета Міністраў ад 10.12.2003 № 1599 «Аб зацверджанні палажэння аб парадку адукацыі і дзейнасці камісій па справах непаўналетніх»;

15. Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях (арт.арт. 9.4.);

16. Працэсуальна-выканаўчы кодэкс (арт.арт. 3.5.,7.6., 9.2, 9.4);

17. Крымінальны кодэкс (арт.арт. 27, 145, 188, 189, 205-207 і інш.);

18. Крымінальна-працэсуальны кодэкс (арт. 426);

19. Грамадзянскі кодэкс (арт. 153);