Пётра Садоўскі: З дзеткамі па-беларуску

З дзеткамі па-беларуску

 

1. Сямейная родная мова ў Беларусі як феномен нацыянальнага самаўсведамлення

Гэтыя нататкі я напісаў перш за ўсё для тых бацькоў, хто, нават вырасшы ў рускамоўнай беларускай сям’і, з пэўнага імпульсу адчуў этычную і эстэтычную патрэбу ў штодзённым побыце карыстацца нашай роднай мовай не толькі публічна, але і ў сям’і,  з сваімі блізкімі і роднымі. З пункту гледжання “сінхраністычнай сацыялінгвістыкі” ў дапасаванні да сённяшняга беларускага “дзвюхмоўя”   беларускую мову такога чалавека можна было б назваць “адроджанай роднай мовай як мовай нацыянальнай ідэнтыфікацыі”. Пры перапісе насельніцтва варта было б у анкеце ўвесці ў графе “Родная мова” для такіх выпадкаў спецыяльную рубрыку, якая б сведчыла пра дынаміку развіцця нацыянальнага самаўсведамлення ў падразглядны тэрмін. Гэтая зява адраджэння беларускай мовы ў дзяцей рускамоўных бацькоў – асабліва ў гарадскім асяродку – назіраецца ўжо апошніх гадоў сорак. Такіх асобаў – ужо тысячы.

Без уліку пад’ёмаў і падзеннняў гэтага працэсу можна нават было б умоўна акрэсліць гэты перыяд паводле знакавых падзеяў: ад узнікнення “Беларускай майстроўні” да апошняй расійска-украінскай вайны  2014 г. Захоп Крыму стаў своеасаблівым маркерам усплеску ўвагі да роднай мовы, як выратавальніцы ад тэрытарыяльных прэтэнзій “рускага міру”. У якасці знакавай падзеі, што дала імпульс адраджэнню беларускай мовы ў сям’і, я называю менавіта “Майстроўню”. Менавіта з ейнага гарадзкога асяродку выйшлі бацькі, якія самі, народжаныя ў рускамоўных сем’ях, пачалі прыносіць у сям’ю нацыянальны досвед, набыты ў хаўрусе сваіх аднадумцаў на святах, сяброўскіх зборках, літаратурных чытаннях, сустрэчах з ветэранамі нацыянальнага руху мінулых гадоў, гістарычных лекцыях, канцэртах. Яны ўжо ўсвядомілі, што без “сямейнай роднай мовы” не можа скласціся нацыянальная грамадзянская супольнасць. Яна часам патрабуе ахвяраў. Нацыянальны ахвярадаўца мусіць мець і нацыянальнае этычнае пачуццё блізкай роднасці, якое глыбока выхоўваецца толькі ў сям’і.

Пётра Садоўскі падчас запісу перадачы пра нацыянальную ідэнтычнасць, 2020 г. 

2. З уласнага досведу

Разважаць пра дзіцячую мову я буду ў асноўным зыходзячы з сваіх успамінаў, бо народжаны за два гады да вайны з Германіяй (люты 1939 г.), я меў шчасце слухаць калыханкі маці і большай сястры: “Люлі-люлі-люлі,/ ўсе птушачкі паснулі/ адзін Пецечка не спіць/, не спіць-не гуляіць,/ усім дакучаіць ...”

Пасля вайны, ужо без бацькі, да 13 гадоў я рос без радыё, тэлебачання, з беларускімі і расійскімі кніжкамі, бачыў, як “жанілі Цярэшку”,завязвалі бараду” на ячменным полі, спявалі вясельныя (“Ехалі сваточкі да двара ...”), купальскія (“Перад Пятром пятым днём ...”) ды веснавыя песні  (“Вясна прывяла сонца ясна ...).  Мы гулялі “у клёк”, “у пікара”(“з выручкай” і без) “у чыжыка”, “у куту”, “у свінню”, “у ножык”, “у хавАнкі”, “у нашых і немцаў” ... Адпаведна мы “гадзІліся” (націск на 2-м складзе), “мАіліся”, “пікарЫлі”, “клекацІлі”, “убівАліся”( “жмурЫліся”), “замазвалі” суперніка, лічылі “страты”, “заганялі свінню ў масла” ...  Цяпер, думаючы пра беларускую ідэнтычнасць, заўважаю, што “камандных гульняў” (акрамя хіба гульні “у нашых і немцаў”) у нас амаль не было. Усе гульні выхоўвалі індывідуалізм: будзь спрытнейшы, хітрэйшы, стукні сціху і балюча, хаўрусуйся з адным-двума, каб не “пікарыць” часта ... Цяпер у нашых слоўніках гэтых словаў няма. Цяпер іншы час. Дзеткі гуляюць у танкі.

Лёс падараваў мне шчаслівае моўнае дзяцінства. А я падараваў сабе беларускамоўную дачку і двух беларускамоўных унукаў, а  працуючы ў Акадэміі навук, вярнуўся ў дзяцінства і напісаў моўныя дзіцячыя ўспаміны  “Гаворыць мая Будзькаўшчына” (надрукаваныя ў “Навуцы і тэхніцы”), чатыры гады вучыў роднай мове дзяўчатак на дашкольным факультэце педінстытуту (хлопцаў было толькі два), разам з Вінцуком Вячоркам складаў “Чытанку для дзіцячага садка”. І ў паважаным сталым узросце, як у нас на Полаччыне сказалі б, я “зьдзяцініўся” і вырашыў напісаць нешта  пра “дзіцячую мову” для цяперашніх маладых бацькоў. “Дзяцініхай” у нас называлі курыцу-квактуху з “пісклятамі”.

 

3. Дзіцячая мова, -- якая яна?

Варта гаварыць пра мову дзетак, якім ужо годзіка паўтара. Да пяці дзіця ўжо цалкам у стыхіі роднай мовы.

Уявіце сабе сцэнку: маці завіхаецца ля печы, бацька нешта майструе ў сенцах. Малое ў ложачку (ужо не ў люльцы) патрабавальна слібізуе: “Тата, мама, га-га- тпр –аа ...” , потым ужо раве, аж “заходзіцца”... Маці: “Татуля, паглядзі. Нешта там наш Пятрок гудзіць, як гудзёлка.”.  Бацька ў адказ: “Нічога, хай пакрычыць ..” Маці: “Вінцусь, ды вазьмі ты мАльца (націск на першым складзе), у мяне во рукі ў маслянцы ...”. Бацька: “А я во пакост пад кіт  разводжу, рукі вунь як у Шмэркі-каламазніка ...”. Маці разнэрвавана выцірае рукі аб прыпол ды падбягае да малога, супакойваецца: Што ты, мой Ясечка-каласок, плачаш? Хочаш есткі? Не ...  Можа сюкацькі Не ... Піткі? Не ... (Маці разгублена глядзіць на бацьку): “Вінцусёк, можа, ты зрабі Петруську сі-та-та?” (Малое ўсміхаецца, радасна пачынае скакаць, паказваючы рукой на тату-Вінцэнта:“Тата, гоп-гоп! Гута-та, сіта-та...! Бацька ставіць сыночка “далоўкі” (на падлогу): “Давай жа топанькі-дыбанькі... Бацька сядае на лаву, -- “нага за нагу”, садзіць малога “ў сядло” (малое “абжыргала” шчыкалатку на назе) і “гушкае-гутатае”: “Гута-та, сіта-та, траля-ля, іга-га ...!”

Вы, магчыма, зьдзівіліся: свайго сыночка Петруська маці называе “Ясечка”. Пэўна, падумалі, што маці агаварылася, што ў яе ёсць яшчэ адзін сынок, якога клічуць Яськам. Не! Было ў нас, як па ўсім нашым краі, для дзетак яшчэ адно ласкавае слова – мая ясачка ...( Маё светлае, маё ясненькае, мая радасць, маё сонейка). Яно і праўда: узгадайце, якія ясныя, светлыя, адданыя вочы ў дзіцяці, калі яно толькі прачнулася, устала на ножкі, ухапілася ручкамі за спінку свайго ложачка, падскоквае і ўсміхаецца ўсім целам, як анёлак. ”Яська” ў звароце да малога ў нас успрымалася як “ясачка”. Толькі для адной такой хвілінкі шчасця варта мець дзяцей!

Калі сапраўднаму Яську было гадоў13-14, ён ужо хацеў, каб яго называлі Ясь: “Якая я табе Яська! Я ўжо вунь, стоячы на парозе, галавой да верху вушака дастаю!”. І далей – моўнае дзіва: памяншальны суфікс ператавараўся ў паказчык даросласці. Жанатага дарослага Яся і свае пляменнікі і чужыя маладзейшыя дзеці называлі “Дзядзька Яська”. Дарэчы, і пры звароце: “Дзядзька Яська, заставайцеся ў нас начаваць ...” (дзяўчынка бацькаваму брату). Цяпер і  па-беларуску на расейскі манер пры зваротку гавораць”дзядзя Пеця”. Я тут адчуваю моўную няўтульнасць, як і пры “добрай раніцы”. ( Мы свой дзень пачыналі, як французы, без вітальнай раніцы: “Дзень добры!”). Звяртаючыся да незнаёмага мужчыны ці жанчыны, маладзейшыя называлі іх проста “дзядзька” і “цётка”: “Дзядзька, скажыце, як тут прасцей дайсці да Рудні?”.  “Прасцей” тут значыла, якая дарога карацейшая. Адказ: “Во йдзі як той дуб, а там на крыжавых дарогах бяры ўправа ...” Дзядзька паказваў пальцам ў напрамку ўдалечыні бачнага адзінокага дуба.             

Іншая сцэнка: малое цягнецца да агня ў грубцы. Дарослыя: “Не чапай жыжу. Будзе боля... Глянь, во ляля плача. Пажалей яе...

Або такое. Бабуля расказвае ўнучку бываліцу: “Было гэта не сягоннека, а даўна-даўна. Дзедава Рыгорава хата стаяла ля самюсенькага лесу. А лес быў цёмны-гушчэзны.  Заснуў быў дзед Рыгор на сене ў пуні, а тут нехта шавыр! са страхі ды брык дагары ! ля дзвярэй...І як бы памірае: ”Ой, моташна мне... Усхапіўся дзед Рыгор. Ажно гэта чорт ...”

                    Вось дзеці гуляюць “у кутУ”. Спачатку “гадзЯцца” (лічацца), каму “убівацца” (“жмурЫцца”): Эны-бэны, тры каморы, цукар-махар, памідоры, эс-бэз, кіслы квас, каму трэба фунт кілбас... Тут гуляе шмат дзяцей, таму лічылка доўгая. Калі мала, бяруць кароткую: Баран-Лявон-выйдзі–вон.

                    Як ужо бачна з гэтых кароткіх ілюстрацыяў, моўны зварот да дзетак пачынаецца з ласкавай інтанацыі. Можна нават сцвярджаць, што ніякай такой спецыфічнай дзіцячай мовы няма. Тыя ж традыцыйна метафарычна халодныя, нават нядобрыя словы кшталту “смоўж, жаба, бадзяка” могуць імгненна стаць цёплымі, ласкавымі: “Дзе ж ты, мой бадзяка, швэндаўся, вымак, як смоўж, рукі халадзюсенькія, як жабіны лапкі, -- дай пахукаю, пакладзі во маме ў кішэнь, пагрэй.”  Ласкі, калі яна шчырая, ніколі не бывае занадта.

Тое-сёе з граматыкі ды лексікі

                        Аднак усё ж-такі пэўныя прыкметы “дзіцячай” марфалогіі ды сінтаксісу ёсць. Сказы кароткія. Тлумачальныя (даданыя сказы) ідуць без злучнікаў, як бы праз кропку, каб не згубіць сказанае перад гэтым. У дзіцяці памяць рытмічная. Важна, каб у фразе быў выразны лагічны націск, адценены адпаведнымі рытмічнымі танальнымі і дынамічнымі пераходамі: “Каровы,/ коні, /авечкі // ядуць траву заўсёды/// а каты / – рэдка /// Толькі як лекавыя зёлкі ///. Яны ведаюць//, якой травой лячыцца”.

                    Памяншальна-ласкальныя суфіксы могуць далучацца амаль да любой часціны мовы, хіба акрамя злучнікаў ды лічэбнікаў: татулечка (двайная суфіксацыя), есткі (есцькі, есцікі, есцейкі, ...), чарнюткі, самюсенькі, далоўкі (дзіця ссаджваюць на падлогу), сягоннейкабабаханькі! Апошняе – гэта аддзеяслоўны выклічнік: дзіця звалілася. Або ўпала нешта не вельмі мяккае. У нас часта ўжывалі слова “вонкі”, якое абазначала “пайсці на вуліцу” і “схадзіць на гаршчок” па-сур’ёзнаму, для “сікаць” ужывалі варыянт “сюкаць”. Сыночкаву пісюльку называлі “стручок”, калі-небудзь “піпюлька”. У дзяўчынак гэта была “сюкаўка”, ласкальна – “сюкавачка”. З націскам на першым складзе. Разам з тым маці магла тэатральна-ласкава назваць дачушку ці сына, “ты маё сюкала” (націск на першым складзе), калі дзіця ладна змачыла полкі (у нас не гаварылі “пялюшкі”). Аналагічна маці ці бацька маглі з замілаваннем утвараць па форме не вельмі далікатныя назоўнікі дзеяння з суфіксам “ла, ло”, аздабляючы іх ласкавай прасодыяй: Ты маё (гэтае) гопала, гракала, стукала, пукала, пляцкала (есць, пляцкаючы), сёрбала, жарло, трубло (есць як не ўсябе), зяпло (моцна крычыць). “Калі ўжо гэтае гопала сёння ўціхамірыцца?”. Малое скача ў ложку і не хоча класціся спаць. Попку называлі срачкай без усялякіх стылёвых аглядкаў. Але не ўжывалі аднакаранёвага дзеяслова, а гаварылі па-эўрапейску “какаць”. Для немаўляці ў гэтым выпадку бацькі ці старэйшыя браты і сёстры маглі ужываць у якасці заменніка дзеяслова мімічна выразны выклічнік “А-а!”. Паміж іншым, гэтае слова, пэўна, другое ў беларускай мове побач з “не-а!”, дзе, як у нямецкай, галосныя на пачатку марфемы і слова вымаўляюцца з так званым цвёрдым прыступам (рэзкім размыканнем галасавых звязак).

                              Для бацькоў, якія недастаткова валодаюць граматыкай, варта звярнуць увагу на правільнае ўтварэнне прыналежных прыметнікаў, якія надзвычай часта будуць гучаць у размове з дзеткамі: маміна хустка, мамчын мабільнік (і мамчын сынок, не “маменькін”!),  мамулін пярсцёначак, сястрыччына кніжка, сестрына запіска,  Верына шапачка, Вераччына сукенка, Верчына флэшка (Верка , як і дзеўка не гучыць у нас абразьліва), Веранічына сяброўка, Пецеў брат (Пецяў – родны склон мн. ліку: не хапала нам яшчэ гэтых двух Пецяў!), Пецечкава свісцюлька, Пецькава шапка, дзядулевы акуляры, дзедавы боты, бабіны шкарпэткі, Вікціны карункі (Вікця – памяншальнае ад Вікторыя, не Віка!) і г. д.

                    Не трэба баяцца мянушак, - ні ў сям’і, ні па-за сям’ёй. Мянушкі развіваюць ў дзетак метафарычны погляд на свет, вучаць назіральнасці, уменню параўноўваць. Яны не павінны быць зьдзеклівыя паводле абставінаў ды інтанацыі. У нас у сям’і ва ўсіх чатырох дзяцей былі мянушкі: самая большая сястра (у нас не казалі “старэйшая”) мела мянушку Лісіца, бо была Лісавета, большы брат Зьмітрок быў Шыцік (бо аднойчы чуць не захліпнуўся ў рацэ, калі, ішоўшы “на рыбу”,  лавіў шыцікаў). Сярэдняга брата Толіка мы дражнілі дома (не на людзях!) Склют, бо ён быў худы і плоскі, як сякера-склют. Мяне, як не па ўзросту хітрага і з языком, як памяло, звалі Масіяш. Так, праўда, гаварылі дарослыя, у тым ліку і суседзі. Пазней, ужо дарослым, я сустракаў прозвішчы Склют (вядомы беларускі прафесар-оталарынголаг), Масіяш, Шыцік ... Так яно і йдзе: спачатку параўнанне, потым мянушка, потым прозвішча.       

                                                         Аддзеяслоўныя выклічнікі, гукі наваколля

                    Калі лічылкі, напрыклад, даюць дзіцяці першае адчуванне рытму ды рыфмы, як бы выгукнутае ім самім, бо шмат словаў не абазначаюць нешта пэўнае, то слоўцы кшталту “шавыр, дыб-дыб, кох-кох, валюх” і да т. п. гукапераймальна фіксуюць ўвагу дзіцяці на акустычных эфектах наваколлля. У розных мовах, мясцовасцях, суполках і нават сем’ях яны могуць адрознівацца. Аднак пэўнае агульнае падабенства заўважаецца. Нашыя ластаўкі шчабечуць. Нямецкія – “цвічэрн” (zwitschern). “ШЧБЧ”-“ЦВЧ” – клубок падобных шыпячых гукаў. Ангельскія – “твітраюць” (twitter) – ТВТР... Адсюль  інтэрнэтаўкі твітэр: ён узнік напачатку як праграма “кароткага шчабятання” на вялікіх нарадах і канферэнцыях, калі ўзнікала патрэба камунікацыі ў разьдзеленых недалёкіх памяшканнях. Наш певень кукарэкае, нямецкі  спявае “кі-ке-рэкі”, а спеў ангельскага больш падобны на “прозу” нашага індыка: кок-э-дудл-ду (cock-a-doodle-doo)!

   Ад нашага Ветрына ці Вушачаў Купалава Вязынка няблізка, аднак у “Соне на кургане” я з радасцю прачытаў, што купалаўскія русалкі, як і ў нас, гушкаюцца на суках: “Гута-та, сіта-та, траля-ля ...”. Жывучы ў 50-х гадах мінулага стагодзьдзя ў інтэрнаце Лінгвістычнага універсітэту разам з хлопцамі з-пад Стоўбцаў я пачуў: “плітка (электрычная) пэнкнула (пэнк!), шнурок (на чаравіку) “пукш!” і парваўся ... Акурат як у нас. Радасна. Вось невялічкі спіс гукавых уражанняў ад наваколля, якое чулася нам, полацка-ветранскім дзецям гадоў 70 таму:

  • хамыль-хамыль (мядзведзь бяжыць, куляючыся “галопам” па лесе, пераскокваючы праз кусты);
  • скапыты-скапыты (конь галопам па любой дарозе);
  • цок-цок (конь рыссю па цвёрдай дарозе – брук, асфальт, бітая дарога-бальшак); у Сокалава-Воюша вершнікі на конях “робяць цок-цок”;
  • дзынк (шыба трэснула, каменьчык папаў у шкло);
  • шаў-шаў (ляціць чарада “простых” гусей, варон, буслоў); “простыя” гусі – свойскія гусі, якія могуць лётаць на значныя адлегласці, -- нятлустыя, “падхартаныя”;
  • шАмша-шАмша (людзі “шэмруць”, разносячы нядобрыя плёткі, чынячы зло); такога нядобрага чалавека звалі “шамшура”, ён мог і забіць;
  • валюх (нехта  няўклюдны, тоўсты ці тоўста апрануты зваліўся з высокага “далоў” або перакуліўся цераз нейкую агароджу; можа быць і мядзведзь);
  • таўхель, штурхель (некага штурхнулі локцем ці плечуком, знарок або і не);
  • шась-шась (труцца-калышацца павязаныя паркамі венікі ў пастуха на плячы, які гоніць кароў з паствы);
  • гіз-гіз-талалай (пастух пад’юджвае статак, калі пачынаецца “авад”, каб каровы баржджэй беглі ў абед ад спёкі ў цень; тут “гіз” ад “гізаваць” з выбухным “Г”, а “талалай”, відаць, для рыфмы: часта дадавалі “вышэй хвост падымай”; талалай-талалах – пустыя калёсы па няроўнай дарозе);
  • квяк-квяк (чалавек ідзе па гразі);

Спіс такіх слоўцаў можна доўжыць і доўжыць. Дзеці эмацыйна рэагуюць на гукаперайманне і лёгка пашыраюць свае ўяўленні пра навакольны свет.

Адна цяжкая дзеяслоўная форма

У сям’і, дзе больш як адно дзіця, або ў дзіцячым садку бацькам ці выхавальнікам прыходзіцца часта ўжываць дзеясловы ў форме 2-й асобы мн. ліку: “Дзеці, калі ласка, размаўляйце цішэй!”. Тут з дзеясловам няма праблемаў. А вось сказаць “Вера і Алеся, вы ясце (ясцё)  занадта хутка, - не спяшайцеся!” не так ужо й проста. Перашкаджае расейскае “едите”. І дарослыя, гаворачы па-беларуску часта могуць сказаць “едзіцё”. Ёсць дзесяткі тры часта ўжывальных дзеясловаў (яны звычайна абазначаюць жыццёва важныя працэсы: есці, стаяць, піць, ляжаць, бегчы, несці, везьці, класці, спаць ды інш), спражэнне якіх лягчэй за ўсё запамінаць паводле месца націску ў 2-й асобе адзіночнага ліку. Мы гаворым бяз цяжкасцяў: ты жывеш, ясі, стаіш, п’еш, ляжыш, бяжыш, нясеш, вязеш, кладзеш, спіш ... Тут націск усюды на апошніс складзе. У мн. ліку павінна быць так сама: вы жывяце, ясце, стаіце (“і” ды “ы”не мяняюцца ў залежнасці ад націску), п’яце, лежыце, бежыце, несяце, везяце, кладзяце, спіце ....  Як бачым, у першым складзе перад націскам захоўваецца “я”, у другім – “е”. У дзеясловах, дзе ў 2-й асобе адз. ліку націск не на канчатку (ты чытаеш, пішаш, едзеш ...), у мн. ліку ніякіх зьменаў галосных не адбываецца: вы чытаеце, пішаце, едзеце ...

Працуючы на факультэце дашкольнага выхавання, для замацавання формы дзеяслова 2-й асобы мн. ліку, я практыкаваў так званыя “трансфармацыйна-камунікатыўныя” практыкаванні: “Антон, запытай ў Мікіты і Стася, чаму яны ня йдуць на абед (чаму яны не вядуць поні ў бокс, куды яны нясуць надутую жырафу і г. д.). Перад гэтым даць узор пытання і адказу. Пасля гэтага Антон зможа лягчэй запытаць: “ (Мікіта і Стась) Куды вы несяце жырафу”   

 

Як “размаўляюць” жывёлы? Як размаўляць з імі?

Усё радзей дзеткі чуюць і бачаць жывёлаў. Яны – персанажы казак. Чытаючы ці распавядаючы дзеткам казкі, варта часцей агучваць галасы жывёлаў. Малыя тут ж падхопліваюць “му-у, іга-га, ко-ко-ко ...”, не чакаючы нават канца сказу. Дзеці ахвотна адказваюць на пытанні “А як жа гаворыць конік? Іга-га ... Конік іржэ. Скажы “і-га-га”! Дзіця радасна паўтарае.  Кароўка мычыць: му-у! А авечка? Бляе: м-бэ-э! Індык (вымаўляецца “йіндык”) – балбоча (або гялдэча): гулды-гулды!  (Гялдэчылі і немцы, якія стаялі ў вёсцы падчас акупацыі). Голас курыцы залежыць ад ейнага стану. Сакоча – ходзіць з яйцом (так!). Калі курыца зняслася, ў гнязьдзе ляжыць яйка, не яйцо. Курыца кудахча, калі спужалася або знесла яйка.  Клохае, калі адчувае патрэбу выседжваць куранят (у яе падымаецца тэмпература) або ўжо водзіць куранятак.  Калі квактуха (дзяцініха) бачыць каршуна, яна працяжна гучна “каркае” амаль як варона: к-р-р-р! І лётам-подбегам разам з пісклятамі шукае які-небудзь схоў. Бык раве (бушуе), сабакі брэшуць “гаў-гаў” (калі выюць, - быць бядзе), ваўкі выюць “ву-у—у”, лісы брэшуць таксама (толькі кароценька і “чыста”), мышы пішчаць “пісь-пісь”, камар прыблізна таксама, чаму і завецца “піскун”, свіння рохкае, пчолы гудуць, вераб’і ціўкаюць, кот “пяе курню”, калі яму прыемна. Можна доўжыць.

Падзывалі, прынаджваючы свойскіх жывёл (не “хатніх”!), адкідаючы канчатак з суфіксам (або пачатак) ад назвы жывёлы ці слібізуючы нешта гукаперамальнае: цёл–цёл-цёл, кось-кось-кось (і соў-соў-соў , ідзі, дам аўсу), пылі-пылі-пылюткіціп-ціп-ціпы; не цып-цып-цып!), кызя-кызя, вечка-вечка, вуль-вуль-вуль (качак), зюль-зюль-зюль (гусянят-зюлянят), кыці-кыці. Карову, сабаку, каня звалі па імені: Красуля (Красулька), Цыган, Вогір. Інтанацыйна размаўлялі як з людзьмі. “Кызя-кызя” яшчэ звярталіся да конікаў, калі, злавіўшы іх у траве, садзілі на дзіч (на назе ці на пальцы) прыціскалі дзюкай-носікам да дзіча і гаварылі: “Кызя-кызя, дай мазі, а то зарэжу на гразі!”. Лічылася, што “кызева мазь” дапаможа звесці дзіч. Слова “бародаўка” ў нас не ўжывалася.   

    Адганялі жывёл ад шкоды ці заганялі ў хлеў кароткім воклічам “апсік (ката), ашкыр (авечак), аюсь(свіней),  апыль (курэй і куранят), агыля (гусей), авуць(качак), акызя,  пайшлі ў хлеў, пайшла ў поле, аюсь куды(калі трэба “забегчы” ды завярнуць ў іншы бок).

Лічылкі, вершыкі, прыбабунькі, прымаўкі можна ўзяць з інтэрнэту і чытанак, якія можна знайсці ў кнігарнях ці па аб’явах у тым жа інтэрнэце.

                                       

Трохі дыдактыкі

На заключэнне адна дыдактычная парада: калі дзіцяці, якому два-тры гады, штосьці забараняеце (не сядай на зэдлік; адыдзі, калі ласка, ад вакна), заўсёды дадайце хаця б адзін тлумачальны сказ: Не сядай на зэдлік: ён мокры. Такім жа чынам на пачатку, калі “займаецеся на роднай мове” дома, можна гуляць з дзіцём у лялькі: “Скажы лялі, каб не сядала на зэдлік. Скажы, чаму нельга! (Перад гэтым можна трошкі наліць на зэдлік вады). Раскласці побач цацачныя ножыкі, відэльцы, талеркі. Гуляючы ў лялькі: “Скажы лялі (або назваць імя), каб не брала ножык за лязо. Бо можа парэзаць руку (далонь, палец).  Так дзіця засвойвае лепш прычынна-выніковыя сувязі падзеяў  і якасці навакольных прадметаў. Можна ўвесці ў такую гульню элементы “дабра і зла”: адна лялька (хлопчык) хоча забіць матылька (чарвяка, павука). Другая кажа, што гэта нядобра рабіць, бо ... (ён жа жывы, яму баліць, у яго дома маленькія дзеткі ...) . Разам з гэтым “добрая” лялька будзе трэніравацца утвараць загадны лад з адмоўем.

Зь пяцігадовым дзіцем можна дома “гуляць у дзіцячы садок”. Дзіця можа выконваць ролю выхавальніцы. Ведаю з уласнага досведу, што і 5-гадовыя робяць гэта ахвотна. Апісваеце, напрыклад, сітуацыю (гэта ўсё на роднай мове) : Група ідзе пасля падвячорка на прагулянку, адзін хлопчык (імя) схаваўся пад раскладушку (пад ложак) і не хоча йсці  на вуліцу. Пры гэтым зашпіліў гузікі на куртцы так, што адно крысо звісае ніжэй за другое. І чаравікі пераблытаў: надзеў правы на левую нагу, а левы – на правую. Пераканаць, што ўсё ж трэба йсці на вуліцу (нянька ўжо пайшла з іншымі дзецьмі) і чаравікі добра апрануць. Не камандаваць. Быць ласкавым.

Родная мова ў дзянінстве закладае  асновы для словаўтварэня, наватвораў, нацыянальных метафар, асацыяцый. Казкі, міты, жыццёвыя гісторыі, пачутыя ад сталых носьбітаў мовы – крыніца натхнення для дзетак. “Пайду ж я пабегаю, як рыбка па берагу// пайду ж я пагуляю, як рыбка па Дунаю...”, -- спявала мая маці. Я пытаўся: “А ты была на Дунаі?”. “Не, - казала маці. – Дунай – гэта вялікая “ўсіхная” рака, як Дон, Днепр, Дзвіна. Яны – таксама ўсіхныя, бо вельмі старыя. -- “Ну а ці ж рыбы бегаюць па берагах? Я бачыў толькі шчук у нераст, як выскоквалі ў трыснік”, - пытаўся я далей. “Не, гэта мне так будзе вольна на берагу, як рыбе ў вадзе. Так проста гаворыцца ...”.  Ці ж гэта не паэзія?

Калгасны стораж Антоля Барманскі, у якога былі дачушкі Вікця, Манюся і Віргуся, штовечар заседжваўся ў нас у хаце да поўначы і расказваў гісторыі і быліцы, пачутыя ім ад дзеда, што служыў у напалеонаўскім і царскім войску: “Было гэта яшчэ да вялікай руіны ...”.  з фінскай вайны ён прывёз мянушку “Антось-сорак клёцак”: заклаўся на зімовую шапку, што зьесць сорак “клёцак з душамі”. І сорак клёцак не зьеў, і шапку прайграў, і сам ледзь не памёр, бо аб’еўся. Узгадваецца  ўсё гэта, як нейкае жыццё на іншай планеце, як сон. У быліцах нараджаіся новыя словы, моўныя фігуры, прыказкі.

У наш час бацькі могуць паспрабаваць знайсці замену жывым носьбітам мовы – кніжкі добрых беларускіх аўтараў. Хаця б раз на тыдзень у сям’і можна ладзіць сямейнае чытанне ўголас. Спачатку чытаць бацькам. Потым няхай дзеці чытаюць самі, трошкі папярэдне падрыхтаваўшыся. Сумеснае чытанне робіць цуд: мацуецца сям’я, прыгажэюць душы, разам з прыгожым прыходзіць дабро і гармонія.  

2015 г.