Некалькі гадоў таму, рыхтуючыся да канферэнцыі ў Акадэміі ўсходнееўрапейскіх даследаванняў у Берліне, прысвечанай медыяадукацыі ў кантэксце глабалізацыі інфармацыйнай прасторы, я перагледзеў загалоўкі самых тыражных і папулярных нямецкіх выданняў Die Zeit, Der Spiegel, Frankfurter Allgemeine Zeitung, Die Welt, Süddeutsche Zeitung, Cicero, Focus і беларускіх рускамоўных, беларускамоўных і дзьвюхмоўных выданняў Звязда, Народная воля, Літаратура і мастацтва, СБ-Беларусь сегодня, Вечерний Минск, Беларуская думка, Экономическая газета, Белорусы и рынок, Народная газета, Настаўніцкая газета. Назіранне працягвалася тры гады.
Мяне цікавіла, наколькі ў загалоўках, рубрыках, подпісах пад фатаграфіямі і карыкатурамі утрымліваюцца схаваныя цытаты ды алюзіі з нацыянальных культурна-антрапалагічных крыніц. Начытаны шмат пра амерыканізацыю сучаснага еўрапейскага грамадства, я быў прыемна ўражаны, наколькі глыбока захаваўся “германскі дух” у нямецкіх калюмністаў і рэдактараў/аўтараў, якія, як правіла, абсалютна свабодна валодаюць англійскай мовай. Тут цешыць тое, што аўтары не маюць татальных комплексаў перад англа-амерыканскай культурнай экспансіяй.
Падаю толькі некаторыя выпадкі, якія будуць зразумелыя беларускаму чытачу з універсітэцкай адукацыяй.
Нямецкамоўныя прыклады
Im Osten was Neues: Новае з Усходу (пра зьмены ў новых федэральных землях; перагукаецца з назвай вядомага рамана Рэмарка im Westen nichts Neues, вядомага нам з расейскага перакладу як “На Заходнім фронце ўсё бязь зьменаў”.
Kinder, Küche, Karriere: Каламбур-алітэрацыя Дзеці, кухня, кар‘ера (праблемы працоўных жанчын з дзецьмі; заменена апошняе слова з вядомай германскай „філістэрскай трыяды“ Kinder, Küche, Kirche – дзеці, кухня, царква).
Das alte Werk und das Meer: Стары завод і мора (подпіс пад здымкам закінутай велізарнай ржавай металаспаруды на беразе Балтыцкага мора ў былой ГДР; лёгка ўгадваецца Эрнэст Хэмінўвэй і ягонае The OldMan and the Sea – “Стары і мора”).
Merkels neue Kleider: Новыя строі Мэркэль (подпіс пад фотаздымкам кардыдаткі ў канцлеры Ангелы Мэркель ва ўрачыстым строі з мужам пры ўваходзе ў канцэртную залю; перафраз назвы вядомай казкі братоў Грым Kaisers neue Kleider – “Новыя уборы караля” ).
Am Anfang war das Vergessen: На пачатку было забываньне (загаловак да эсэ пра часовыя зьмены адносінаў габрэйскіх тэолягаў да Танаху, Старога Запавету, асобныя месцы з якога перыядычна замоўчваліся перад маладымі вернікамі. Напрыклад, пасьля 1945 г. пры чытаньні апускаліся месцы пра татальнае вынішчэнне габрэямі сваіх суседзяў; паралель с старазапаветным Am Anfang war das Wort – На пачатку было Слова).
Über allen Gipfeln ist Unruh: Над усімі вяршынямі неспакой (кандыдат у канцлеры баварскі прэм‘ер Штойбэр у задуменьні сярод баварскага горнага ландшафту; алюзія на гётэўскае Über allen Gipfeln ist Ruh – Зь вяршынь адхонамі сплывае ціш (у перакладзе Алега Лойкі).
Lang soll er lesen!: Няхай яму доўга чытаецца! (ляўдацыя ў гонар 80-годзьдзя універсітэцкага прафэсара; пераробленае старое застольнае нямецкае зычэньне доўгіх гадоў юбіляру Hoch (Lang’) soll er leben!, што сёньня паступова выцясьняецца happy birthday’ем.
Das Amt, wo die Zitronen blühen: Установа, дзе цьвітуць цытрыны (нарыс пра досьледы ў батанічным садзе; выкарыстоўваецца зьменены першы радок з гётэўскай элегіі “Міньён” Kennst du das Land, wo die Zitronen blühen?– Ты знаеш край у квецені цытрын? (у перакладзе Лявона Баршчэўскага).
Weisser Mann, was nun?: Белы чалавек, што далей ? (нарыс аб этнічных праблемах Эўропы; лёгка ўгадваецца назва рамана Ганса Фалады Kleiner Mann, was nun? – Што далей, маленькі чалавек?, у якім ідзецца пра злыбеды маладой сям’і у час эканамічнай дэпрэсіі 20-х гадоў.
У мяне ёсьць мара (іранічны здымак думнага і заклапочанага дарадцы канцлера, спадара Гарца; стасуецца паводле тэмы з выслоўем-рэфрэнам у вядомай прамове Марціна Лютэра Кінга I have a dream. Чорны сьвятар быў застрэлены расістамі падчас мітынгу);
Vorbei, verweht, nie wieder: Зьнёс вецер назаўжды (назва злога нарыса пра дзёньнікі сучаснага знакавага аўтара Марціна Вальзэра, якому крытык Райх-Раніцкі закідае спаўзаньне ў антысемітызм; выкарыстоўваецца рэфрэн-цытата з верша Курта Тухольскага, што стаў кабарэтнай клясыкай у песеннай інтэрпрэтацыі славутай сьпявачкай Гізэляй Май).
Zum Schutz und Trutze bereit – Гатовыя да супраціву (Групавое фота нацыянальнай зборнай па футболе. Скрытая цытата з поўнага тэксту „Германскай песні“ Фон Фалерслебэна, што стала нацыянальным гімнам. Зараз страфа з гэтым радком не спяваецца, як “нацыяналістычная”).
Stolz und Vorurteil: Гордасьць і перадсуды (адэкватны пераклад з англійскай мовы рамана Джэйн Остын Proud and Prejudice. Аўтар нарыса спрачаецца з французскімі нацыянальнымі мітамі велічы і гераізму.
У дыскурсе так званага беларуска-рускага дзвюхмоўя карціна была іншая.
Беларускія прыклады
У расійскамоўных беларускіх выданнях фактычна перамагае прынцып: якой мовай карыстаюся – так і успрымаю свет. Цалкам арыентацыя на расійскія рэаліі. Усё тыя ж: Широка страна моя родная, Дым Отечества, А ларчик просто открывался, Из дальних странствий возвратясь, О подвигах, о доблести, о славе, Девчонки стоят в сторонке, На тебе сошелся клином белый свет, Остановись, мгновенье, ты прекрасно і да т. п.
Не назіралася спробы укараніць у свядомасць чытача беларускія культуралагічныя каштоўнасці. Арыентацыя на антычнасць, Біблію і далёкія замежныя, так бы мовіць, культуралагічныя шлягеры сустракаецца прыблізна ў той жа меры, як у расійскіх выданнях.
За тры гады у беларускамоўных беларускіх загалоўках і подпісах удалося знайсці ўсяго некалькі чыста беларускіх згадак: Няма таго, што раньш было (ды і то толькі іранічна) -- Багдановіч, Мой родны кут (Колас), Трэба дома бываць часцей (Барадулін), Дзве душы (Гарэцкі), Беларусь – мая шыпшына (Дубоўка), Лісток ветрам гнаны (Куляшоў, Сцяг брыгады), Нёманаў дар (Колас).
Надзвычай прыкра было назіраць грувасткія нягегла перакручаныя ўсё тыя расійска-савецкія шлягерныя асацыяцыі, сярод іх нават раней узгаданыя і перапёртыя на мову родных асінаў: Шырокая краіна мая родная, З далёкіх вандровак вярнуўшыся, Аб подзвігах, аб доблесці, аб славе, Спыніся імгненне ты прыгожае…Мала таго, што тут згублены такі элемент прыгажосці як рытм ды праглядае чыстае калькаванне, тут яшчэ паўтараюцца памылкі расійскіх журналістаў ды эсэістаў, што абсалютна забыліся на сэнс першакрыніцаў. Радок з крылоўскага вершу “Ілгун” (пачынаецца словамі “Из дальних странствий возвратясь”) мае дачыненне сапраўды да ілгуна, а не проста да апавядальніка. Верш Блока, што пачынаецца словамі «О подвигах, о доблестях, о славе» не мае ніякага дачынення да вайны – ён прысвечаны тэме нераздзеленага кахання. Фаўст ніколі не гаварыў рашуча: Остановись мгновенье ты прекрасно. Інтанацыі ўжо невідушчага, нямоглага, падманутага Мефістофелем Фаўста маглі быць толькі мадальныя. У арыгінале ён гаворыць: “Калі б..., я сказаў бы “Спыніся імгненне ...”. Таму “Фауст” і аднесены самім аўтарам да жанру трагедыі.
Як сведчанне праяваў поўнай маргіналізацыі ды арнаментызацыі аўтахтоннай культуры ў межах беларуска-расійскага мультыкультуралізму з’яўляюцца вывескі ды брэнды: баня “Лазня”, ярмарка “Белорусский кирмаш”, магазін “Крама”, празднік песні “Фэст”. Самую дзівосную мультыкультурную каракаціцу ў Мінску я напаткаў ля кінатэатра “Вільнюс” на вуліцы Кастуся Каліноўскага. Там у масіўным блоку будынкаў ёсць памяшканне, у якім прадаюцца кнігі. На ім надпіс “Кнігарня Вільно”. Тут змяшалася ўсё: мовы, эпохі, гісторыя. Пытаюся ў прадавачкі: вы за цара, ці за Польшчу, ці вы нагадваеце, што Каліноўскага павесілі ў Вільно? Чую ў адказ: Нет, -- это просто звучит красиво. Вось такія мультыкультуральныя ідэалы прыгажосці і гармоніі селяцца ў нашых галовах.
Пра нацыянальнае ўспрыманне прыгожага
Калі б я бачыў у сваім жыцці толькі адну праваслаўную царкву Марыі-Магдалены, цыбуліны якой я назіраю штодня, едучы трамваем ад Камсамольскага возера па былой Даўгабродскай, я б падсвядома загнаў у сябе ідэал царкоўнай архітэктуры – узорнай (“образцовай”) мураўёўкі, якія пасля задушэння паўстання 1861 года Маскоўская ПЦ пачала штампаваць на беларускіх узгорках. Але ж я бачыў беларускія храмы, пабудаваныя да мураўёвак. Кожны з іх меў нешта адметнае ў сваім абліччы. Я не магу ўлезці ў скуру расійскага патрыёта. Відавочна яму, якога на царкоўнай службе заклікаюць “возрадоваться да в единомыслии” гэта грэе сэрца. Калі я бачу такія ж цыбуліны ля Драздоўскага водасховішча, у Чыжоўцы, ля плошчы Прытыцкага і шмат дзе яшчэ, мяне ахоплівая ціхая меланхолія, як герояў Максіма Гарэцкага.
Пра нацыянальныя густы цяжка спрачацца. Вытанчаны расіянін-патрыёт Нікіта Міхалкоў, аднойчы гаворачы пра нешта ўзнёслае сказаў: Величественно как на архирейской службе! Але вось як успрымаў архірэйскую службу ды імшу Маскоўскай праваслаўнай царквы Тарас Шаўчэнка, які меў добры мастацкі густ ад прыроды ды на працягу сямі гадоў вучыўся ў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў у майстэрні Карла Брулава і пасля ссылкі за год да смерці быў уганараваны тытулам акадэміка. Вось ягоны дзённікавы запіс па-расійску за 16 лютага 1858 года: “В архирейской службе с её обстановкою и вообще в декорации мне показалось что-то тибетское или японское, и при этой кукольной комедии читается Евангелие! Пра Вялікодную ранішнюю імшу у Маскоўскім крамлі (запіс 22 сакавіка) Шаўчэнка пісаў так: «Свету мало, звону много, крестный ход, точно вяземский прянік, движется в толпе. Отсутствие малейшей гармонии, ни тени изящного.»
Кожнаму падабаецца сваё, роднае, калі прыйшло з маленства… Сям’я ды школа робяць нацыю.
P.S. Учора быў сведкам, як па 1-й праграме БТ у 18:26 ("зона Х") аўтар натхнёна смактаў расійскія паэтычныя рэмінісцэнцыі, расказваючы пра беларускага злодзея, які краў лес. Сам сюжэт у Зоне Х меў назву "Наломал немало дров ..." Пра семантыку я ўжо маўчу. Радок з вядомай расійскай песні пра любосныя жарсці. І адразу потым: "Откуда дровишки, мужчина не мог объяснить милиции ...". Гэта з Някрасава "Мужичок с ноготок".
02.04.2020