Дыстанцыйнае навучане: першы досвед працы настаўніка і мамы дзевяцікласніка

Гэты ліст - першы водгук, які прыйшоў з Украіны як рэакцыя на створаную беларускімі настаўнікамі суполку "Перакулены клас. Матэрыялы для ўрокаў", дзе нашы педагогі збіраюць напрацоўкі для дыстанцыйнага навучання школьнікаў.  Ліст даслала Ганна Коршунава з г. Сумаў, - настаўніца геаграфіі і мама дзевяцікласніка, дзе апісала першыя крокі і першыя праблемы, з якімі сутыкнуліся украінцы пры арганізацыі дыстанцыйнага навучання школьнікаў. 
Наша сістэма адукацыі, як і чакалася, не была гатовая да дыстанцыйнага навучання і зараз, як заўсёды, усё на сабе «выцягваюць» настаўнікі. Пытанне: Што зрабілі незлічоныя чыноўнікі ад адукацыі і метадысты, гэта ж не першы каранцін і не апошні - мае рытарычны характар. Таму ў арганізацыі працэсу найважнейшым і надалей застаецца абмен вопытам з калегамі, самаадукацыя, пошук аптымальных рэсурсаў і здольнасць адміністрацыі арганізаваць адукацыйны працэс.
 
Такім чынам, распавяду пра мой досвед працы настаўніка і мамы дзевяцікласніка.
Пачну з апошняга пункта, таму што гэта, мабыць, самае галоўнае. Я вельмі ўдзячна адміністрацыі сярэдняй школы, у якой я працую - дырэктару, намеснікам, настаўніку інфарматыкі, які ў адпачынку (!) знайшоў аптымальны варыянт навучання, за тры дні разам з педагагічным калектывам стварыў гэты механізм і такім чынам вырашыў самыя вострыя праблемы, з якімі сутыкаюцца іншыя школы. 
 
Мы працуем у Google Classroom. Каардынуе нашы дзеянні і кіруе ім настаўнік інфарматыкі. Толькі адміністратар можа выдаляць задачы, адзнакі і г.д. Кожны настаўнік размяшчае заданне толькі тады, калі ідзе ўрок у рэальным школьным раскладзе. Дадаваць матэрыялы па-за графікам забаронена, калі хто пажадае, адміністратар усё роўна іх выдаліць. Тут вы можаце дадаць відэа спасылкі, ствараць і загружаць прэзентацыі, дакументы і каментары. Вучні выконваюць заданні і дасылаюць настаўніку электроннае паведамленне. Кожны вучань ведае, што графік не змяніўся, што заданні і матэрыялы з'явяцца своечасова, можа ўбачыць сваю ацэнку і каментары да праведзенай работы. У той час, калі ідзе ўрок па раскладзе, вучні могуць мне патэлефанаваць і папрасіць тлумачэнні, калі яны не разумеюць. У іншы час – толькі напісаць.
 
Чаму Google Classroom? Па-першае, дагэтуль няма нарматыўных дакументаў, якія тлумачаць, як запісваць дыстанцыйнае навучанне ў папяровы журнал. Google Classroom - надзейны і доказны спосаб фіксацыі рэальнай работы і вучэбных дасягненняў вучняў. Праз яго мы вядзем нават выхаваўчую і гуртковую работу. Таму, калі прыйдзе час справаздачыцца - усё будзе зафіксавана.
 
Акрамя Google Classroom, мы можам мець зносіны з вучнямі ў мэсэнджары і ў вайберы, праводзіць канферэнцыі ў Zoom, карыстацца Skype... Вядома, усё гэта вельмі дапамагае. АЛЕ ёсць вялікая праблема са спецыфікай нашай установы: гэта школа-інтэрнат для таленавітых і творча адораных дзяцей, якія звычайна жывуць і вучацца тут. Зараз на каранціне яны знаходзяцца дома, а гэта гарады і часта аддаленыя вёскі ў рэгіёнах, у некаторых дзяцей дома няма камп’ютара, а часам нават інтэрнэт-пакрыцця. Такім чынам, тэхнічна немагчыма сабраць УВЕСЬ клас для зносінаў у Zoom, хоць гэта магчыма і для выкладчыкаў, і для ўстановы. Але Google Classroom адкрываецца са смартфона, і вучань можа даслаць настаўніку фотаздымак з заданнямі. Так мы вырашылі праблему роўнага доступу - выбаралі лепшы варыянт для ўстановы.
 
З 6 красавіка Україна пачне трансляваць тэлеўрокі па тэлебачанні. Паглядзім, як гэта будзе працаваць, у дыстанцыйным навучанні мы на самой справе зараз ідзем навобмацак, спрабуючы розныя спосабы. Як быць у гэтым выпадку з рознымі тэмпамі навучання? З рознымі праграмамі? Спецкурсамі? Таму тэлеўрокі - гэта ніяк не панацэя, а дапаўненне, яны крыху спросцяць работу настаўніка, але яе не адменяць.
 
Што тычыцца работы настаўніка... Яе стала ў два разы больш. Дыстанцыйка - зусім іншая справа! Іншыя метады, формы работы, розны кантроль. Вось прыклад. Мне трэба пракантраляваць, як вучні асвоілі тэму “Лёгкая прамысловасць Украіны і свету” (геаграфія, 9 клас). Падчас самастойнай або практычнай работы настаўнік бачыць, хто спісвае, хто старанна выконвае, каму патрэбна дапамога. Падчас вуснага адказу таксама зразумела, наколькі вучань засвоіў матэрыял. А калі вас папросяць вывучыць верш на памяць, і вучань адказвае вам па тэлефоне - вы ўпэўнены, што ён / яна не чытае з падручніка? Тота ж!
Як мне, настаўніку, правесці самастойную работу дыстанцыйна? Зыходжу з вопыту сына-дзевяцікласніка: пакуль настаўнік фізікі дае заданні для самастойнай у мэсэнджары, клас "перакідваецца" шпаргалкамі ў вайберы.  Як стварыць тэсты, каб вызначыць, наколькі вучні засвоілі матэрыял і выставіць ацэнкі?  Падрыхтоўка да ўрока - амаль дзве гадзіны, вынік - 26 розных, індывідуальных анкет для кожнага вучня класа, прэзентацыя, падборка відэа з каментарамі. Заўтра дэдлайн, я чакаю па пошце 26 паведамленняў (зручней для гэтага завесці асобную паштовую скрыню, дарэчы). Адразу заўважу: правяраць скрыншоты і фота канспектаў - гэта кашмар!
 
Варта падрыхтаваць урок так, каб вучань выдаткаваў 35-45 хвілін на выкананне заданняў, а таксама выкарыстаў магчымасць прагляду розных навукова-папулярных відэа, якасных і змястоўных, такіх як “Нome” (Дом), “Планеты” (серыял BBC), "Таямніцы матэрыі альбо пошук элементаў", рэкамендаваць глядзець гэтыя фільмы сям'ёй. Ёсць цікавыя навукова-папулярныя блогі, з якімі мяне пазнаёмілі вучні. Напрыклад, вывучаючы тэму "Транспарт" у 9 класе, чаму б не дадаць відэа Топлес «Как железный контейнер сделал людей одинаковыми». Ці даць заданне па геаграфіі знайсці і выправіць памылкі ў фільмах “Паслязаўтра” і “Вулкан”, а асабліва – «Земное ядро: Бросок в преисподнюю».:)
 
Чаму я згадваю менавіта гэта? Таму што вы не бачыце перад сабой клас, у вас нерэгламентаваны час і міжволі ўключаецца рэжым "шалёнай настаўніцы", якая намагаецца запіхнуць у галовы дзяцей як мага больш. Кантралюйце сябе, калі ласка, інакш нічога акрамя ступару, злосці, непаразумення па той бок экрану (як добра – вы гэтага не бачыце!) не атрымаеце. Накіруйце сваю энергію на стварэнне творчых заданняў, але жорстка! Трымайце сябе ў руках. Майце на ўвазе, што дзеці на каранціне таксама адчуваюць трывогу, паніку і ў многіх у сям’і, мякка кажучы, не надта спрыяльная псіхалагічная атмасфера для паўнавартаснага навучання. Калі вы класны кіраўнік, выдзеліце пэўны час, калі вучні ці бацькі могуць патэлефанаваць вам. Некаторыя з настаўнікаў нават набываюць асобную сім-карту і падлучаюць яе ў тэлефон толькі на пэўны час. Усё астатняе - мэсэнджар.
 
“Асновы медыяпісьменнасці” ў дыстанцыйнай версіі - таксама зусім іншы падыход. Напрыклад, зараз я рыхтую заданне па тэме "Фатаграфія ў сучасных медыя": я аб'ядноўваю вучняў у пары і прашу ўсіх зрабіць фотарэпартаж (фотапаведамленне). Ім трэба абмяняцца фатаграфіямі і "расшыфраваць" паведамленні (план дададзены). Ацэньваецца змест фота, арыгінальнасць інтэрпрэтацыі, адпаведнасць (крытэрыі ацэнкі таксама даюцца ў заданні).
 
Google Classroom таксама зручны для бацькоў, якія могуць кантраляваць атрыманне і выкананне заданняў дзіцяці, а таксама бачыць адзнакі. Калі вучоба ідзе дакладна па раскладзе, гэта сапраўды палягчае жыццё сям'і, асабліва калі бацькі працуюць дыстанцыйна. Я ведаю шмат бацькоў, якіх настаўнікі проста закідалі заданнямі, якія прыходзяць рознымі шляхамі і ў розны час - хто з настаўнікаў "кідае" на вайбер, хто мэсэнджар, хто ў інстаграм, хто на электронную пошту... Мне здаецца, гэта першачарговая справа адміністрацыі – усталяваць правілы. Вы разумееце, чаму я ўдзячна адміністрацыі маёй установы і цаню іх прафесійную працу? Я таксама дакладна ведаю, калі і як мне трэба працаваць (у якасці настаўніка), і як мама, ведаю што мой сын раніцай павінен сядзець за камп’ютарам, заходзіць у Google Classroom і выконваць заданні па чарзе і пагуляць па балконе падчас вялікага перапынку. Паверце, пры каранціне расклад урокаў і парадак дня, планаванне - гэта найлепшыя ратавальнікі ад дэпрэсіі, расчаравання, панікі, ляноты і ўсіх іншых непрыемных спадарожных з’яваў.
 
Дарэчы, дакладная арганізацыя можа часткова зняць хвалю раздражнення і негатыву ў бацькоў. Хаця... Дыстанцыйнае навучанне адразу паказала, наколькі на самай справе працуе настаўнік. Вельмі дзіўна чуць скаргі ад бацькоў на тое, што яны не ведаюць, што рабіць з дзіцем, як уплываць, як матываваць, як элементарна паразумецца з уласным сынам сынам ці дачкой. Так, гэта складана, але адукацыя - гэта не толькі справа школы, але і ў большай ступені справа сям'і. Менавіта таму вытрымка і цярпенне патрэбныя ўсім - і бацькам, і настаўнікам. Варта супрацоўнічаць, не вінавацячы, не ківаючы адзін на аднаго. І ўсё будзе добра! Вы нават не ўяўляеце, як нашы вучні зараз спяшаюцца ў школу, як яны засумавалі па сапраўднаму навучанні і зносінам!
Ганна Коршунава, 05.04.2020