Тэст адукацыі на каронавірус

15.04.2020
Ніхто не ведае наступстваў пандэміі каронавіруса: колькі яна працягнецца, колькі людзей памрэ, а колькі перахварэе, як гэта паўплывае на эканоміку, медыя, свядомасць і каштоўнасныя ўстаноўкі людзей. Можна сказаць, што каронавірусны тэст на дзеяздольнасць і трываласць праходзяць усе структуры.
Не заглыбляючыся ў медыцынскі і эканамічны аспекты, давайце разбярэмся, што каронавірус значыць для адукацыі. Што мы змаглі зразумець і якія высновы зрабіць?
І тут — добрыя навіны. Нарэшце мы дакладна ўбачылі, якія крокі мы павінны рабіць у адукацыі.
 
Школьныя праграмы трэба тэрмінова мяняць
 
Стала відавочна, што праблемы пандэміі — гэта і праблемы нізкага ўзроўню школьнай адукацыі, у тым ліку і медыяадукацыі. Аказалася, школа дае настолькі кепскія веды, што людзі не могуць самастойна разабрацца, што такое вірус, зразумець яго прыроду, шляхі распаўсюду. Натуральная рэакцыя перад невядомым — страх. Менавіта з-за хібаў сваёй адукацыі людзі не могуць крытычна ацаніць інфармацыю і паддаюцца паніцы. Інфадэмія ўзнікла і таму, што людзі самі распаўсюджваюць фэйкі: канспіралагічныя тэорыі, страшылкі, панічныя чуткі пра вірус і яго наступствы. Ці наадварот — недаацэньваюць рызыкі і вядуць сябе безадказна.
 
Здавалася б, цяпер — не савецкія часы, мы жывем у адкрытай інфармацыйнай прасторы. Але чамусьці небяспека, звязаная з COVID-19, не выклікала імкнення да самаадукацыі ці хаця б масавага звароту да навуковых крыніц: замест вірусолагаў, эпідэміёлагаў і іншых экспертаў людзі гатовыя былі слухаць каго заўгодна, каб толькі пацвердзіць сваю ўстаноўку ў адносінах да праблемы. У інфармацыйнай прасторы пануюць панікёры і пафігісты. Людзі з абгрунтаванай узважанай пазіцыяй вымушаныя маўчаць, каб іх не зацкавалі і тыя, і іншыя.
 
Столькі разоў мы чулі ад бацькоў, настаўнікаў ды і з высокіх трыбун, што адукацыя павінна адпавядаць патрэбам людзей: для працы, для самарэалізацыі, для актыўнага грамадзянства, для захавання здароўя, урэшце. Можа хоць пасля гэтай пандэміі пачнём пераглядаць школьныя праграмы, якія ў нас амаль не змяніліся з савецкіх часоў. Ну і, нарэшце, зразумеем важнасць медыяадукацыі: уменне шукаць надзейныя крыніцы, іх крытычна ацэньваць — гэта абавязковы навык, які павінна фарміраваць школа. Мне здаецца, што пасля гэтай вясны быць задаволеным якасцю беларускай адукацыі і разважаць пра непатрэбнасць яе рэформы стане проста непрыстойным.
 
Настаўнікі і бацькі выраслі з кароткіх штонікаў патэрналізму
 
Нашае грамадства мае дзіцячую свядомасць. Інфантыльным грамадствам лягчэй кіраваць, таму ўсе гэтыя празмерныя кантролі, шматлікія інструкцыі, пазбаўленне бацькоў адказнасці за выхаванне дзяцей, абяцанне адносна прымальнага ўзроўню жыцця ў абмен на лаяльнасць і канфармізм узведзеныя ў ранг дзяржаўнай ідэалогіі. Але цяпер усё гэта, што па-навуковаму называецца палітыкай патэрналізму, паляцела ў тартарары.
 
Сёлетняя вясна паказала, што людзі для дзяржавы — не каштоўнасць. Самы яскравы прыклад — тлумачэнне, чаму каранцін у навучальных установах не патрэбны. Аказваецца, моладзь і дзеці каронавірусам не хварэюць! А педагогі (з якіх каля пятай часткі — пенсіянеры) — не людзі? А прафесарска-выкладчыцкі склад ВНУ — не ў групе рызыкі? Яны разглядаюцца дзяржавай як расходны матэрыял пры абслугоўванні дзяржаўных установаў адукацыі, што даўно ператварыліся ў камеры захоўвання і ідэалагічнай апрацоўкі дзяцей. Ну, паставіць дзяржава замест іх новых, якія яшчэ лепш будуць кантраляваць і сачыць за думкамі моладзі. Вучыць жа моладзь ніхто не прымушае! Галоўнае — захаваць сваю ўладу.
 
Настаўнікі нарэшце зразумелі, што трэба бараніць сябе самім. Як — іншая справа. Але гэтую ўладу яны больш на выбарах так падтрымліваць не будуць. Здрада — гэта здрада. Яна так лёгка не забываецца.
 
Яшчэ больш карысны досвед атрымалі бацькі. Ім абяцалі, што ваша справа — нарадзіць, а дзяржава паклапоціцца пра дзетак: школа выхавае, бедных накорміць бясплатна, міністэрства вырашыць, у што дзетак апранаць, а БРСМ і піянеры навучаць правільна думаць — толькі не лезьце ў працэс. А тут бац! Калі паўстала небяспека жыццю — ніякага каранціну — бясконцыя канікулы. Бацькі нарэшце пачалі разумець, што дзеці — іх клопат, а не дзяржаўны. Уладам, калі яны не выбіраюцца, а самапрызначаюцца, мякка кажучы, пляваць не толькі на адукацыю, гарантаваную Канстытуцыяй, але і на жыццё школьнікаў. Калі ўсе навакольныя краіны ўзяліся за арганізацыю дыстанцыйнага навучання, вылучылі сродкі на стварэнне курсаў, відэаўрокаў, інструментаў для аддаленай адукацыі, аплату настаўнікам за дадатковыя клопаты, наша дзяржава сваіх грамадзян — кінула.
 
Бацькі нарэшце таксама «выраслі» з кароткіх штонікаў патэрналізму: сталі бараніць дзяцей ад дзяржавы — абвясцілі «народны каранцін» і цяпер самі вымушаны думаць, як іх вучыць-выхоўваць. А яшчэ бацькі зразумелі, што настаўнікі — гэта не маргіналы і не ворагі, такая думка мэтанакіравана навязвалася ім гадамі, каб раз’яднаць грамадства, бо дзяржава баіцца любых аб’яднанняў і салідарных дзеянняў. Настаўнікі — гэта прафесіяналы і паплечнікі.
 
У выніку прыемна глянуць на працэсы, якія адбываюцца. Дарослыя адказныя настаўнікі самі, не чакаючы загаду, сталі збіраць матэрыялы і арганізоўваць навучанне. Хай пакуль толькі для тых дзяцей, што маюць дарослых адказных бацькоў — бо толькі тыя растлумачаць, што бестэрміновыя канікулы — гэта не добра. І трэба вучыцца, а не марнаваць час на прапановы Міністэрства адукацыі. А яно, хто не ведае, вывесіла на сваім сайце заклік да школьнікаў далучыцца да праекту БРСМ: замест вучобы глядзець у сацыяльных сетках на зорак эстрады, якія будуць распавядаць анлайн, як бавіць вольны час, а чэмпіёны-спартоўцы —дэманстраваць у інстаграме сторыз з практыкаваннямі.
 
Гэты фінт з дарослымі бацькамі не пройдзе! А бацькі-недараслі хутка вырастуць таксама. Бо адчулі, што дзеці — гэта іх адказнасць.
 
Грамадзянская адукацыя на практыцы — уладу трэба выбіраць!
 
Усе ўбачылі, што Міністэрства адукацыі не здольнае кіраваць адукацыяй. Яно аказалася настолькі несамастойнай структурай, што не можа прыняць нават самае дробнае рашэнне. Не сказаць, каб мы раней гэтага не ведалі, але цяпер проста смешна глядзець, як надзьмутыя бы індыкі міністэрскія чыноўнікі не могуць вызначыць нават даты канікул. Што ўжо казаць пра рашэнне перавесці школы ці ВНУ на дыстанцыйнае навучанне. Лягчэй кінуць усё на самацёк. У выніку настаўнікі і выкладчыкі ВНУ так і стаяць ураскарачку — вучаць 5 чалавек, астатнім, якія на «народным каранціне», стараюцца даслаць хоць якое заданне, каб тыя зусім не адсталі ад праграмы.
 
Двайное кіраванне школамі з боку выканкамаў і Мінадукацыі прыводзіць да навязвання неўласцівых абавязкаў настаўніку. Але ў выніку сёлетняга крызісу, напрыклад, прыняцця адказнага рашэння пра каранцін, пра арганізацыю дыстанцыйнага навучання для школьнікаў, гэтыя дзве ўлады пачалі паміж сабой спрачацца і канкураваць, нібыта павукі ў шклянцы, і ў выніку ніякага рашэння не прынялі. Маўляў, выжывайце, хто як можа, мы будзем толькі кантраляваць і караць. Гэта што — не крызіс улады?
Гэта цыдулка, дасланая з Віцебшчыны, дэманструе павагу і давер да настаўнікаў з боку ўладаў
 
Людзям стала зразумела: кантраляваць і караць — гэта ўсё, што ўмее ўлада, калі яна не выбіраецца людзьмі. За што мы плоцім падаткі, калі іх праядаюць людзі, якія не маюць ні кампетэнцый, ні кваліфікаваных экспертаў, якія возьмуць на сябе адказнасць выконваць свае абавязкі? Ну хаця б даць навуковую ацэнку заклікам лячыцца трактарамі, гарэлкай, хакеем, козачкамі.
 
Мы ўсе ўбачылі, што ва ўладзе — бардак. Гэтае слова таксама не навіна — нават Лукашэнка пра гэта рэгулярна паведамляе, нібыта не ён сам — крыніца гэтага бардаку. І адзіны спосаб бардаку пазбавіцца — мець магчымасць змяніць уладу праз выбары.
 
Хочацца верыць, што да бліжэйшых выбараў гэты ўрок грамадствам не забудзецца.
 
Мы цяпер даведаемся, хто ёсць хто
 
Мінадукацыі і падпарадкаваныя яму структуры, такія, як Нацыянальны інстытут адукацыі (НІА), першыя павінны былі ўхапіцца за магчымасць стварэння дыстанцыйнага навучання для школ.
Гэта бадай адзінае, што можа хоць часова выратаваць нашу адукацыю. Кваліфікацыя настаўнікаў нізкая, і далей падае. І дыстанцыйныя ўрокі — гэта выратаванне для дзетак на будучыню. Па-добраму, у НІА трэба было б разагнаць «бабушатнік» і набраць працаздольныя каманды пад кожны праект. Будзь тое стварэнне дыстанцыйнага навучання, напісанне якасных праграм па прадметах ці стварэнне сучасных падручнікаў.
 
Настаў час для выпрабавання і грамадскіх структур. Як сапраўдных, так і створаных дзяржавай і бізнесам. Педагагічныя аб’яднанні, такія як клубы «Крыштальны журавель», «Імкненне», «Флагман» і іншыя, маюць найлепшы чалавечы рэсурс і прафесіяналаў, каб хутка ўключыцца ў стварэнне дыстанцыйнага навучання. Вельмі хочацца, каб у іх гэта атрымалася, каб ім дапамаглі, а не перашкаджалі.
 
У нас бы былі і ўзорныя ўрокі, і відэаролікі паводле нашай жа праграмы, рэальнае ўкараненне ІКТ у адукацыю — майстэрства і творчасці ў нашых настаўнікаў хапае. Шмат міжнародных фондаў дае на гэта фінансы — Еўракамісія, напрыклад, прапануе гранты да 60 тысячаў еўра. Ці здолее дзяржава паспрыяць іх атрыманню?
 
Арганізацыі, створаныя пры ПВТ і банках, таксама дэманструюць жаданне далучыцца да справы. Але пакуль робяць акцэнт на навучанне настаўнікаў інструментам дыстанцыйнага навучання, а не на стварэнне зместу. А з інструментамі якраз вялікай праблемы і няма. Іх у інтэрнэце процьма, і для кожнага ёсць зразумелыя пакрокавыя інструкцыі. Любы настаўнік, які асвоіў Word, можа разабрацца з імі і будзе ўдасканальваць авалоданне імі ў працэсе карыстання.
 
Праблема цяпер якраз са зместам для дыстанцыйнага навучання: відэаўрокамі, тэкстамі, тэстамі па кожным прадмеце. Іх трэба ствараць амаль з нуля. І добра, каб мы нешта стварылі разам, а не кожны настаўнік рабіў тое самае паасобку. Тады б мелі агульны банк, а настаўнікі б маглі больш часу пакінуць на кантроль ведаў школьнікаў і якаснае засваенне. Дык вось над зместам пакуль працуюць самі настаўнікі без усякай дапамогі. І час пакажа, хто да іх далучыцца, а хто не.
 
Прыемна бачыць, як кожны дзень на ютуб-канале Міністэрства адукацыі Украіны выкладаюць відэаўрокі па ўсіх прадметах. Аказалася, для настаўніка гэта не цяжка — падрыхтаваць і правесці адзін урок на дзень. І для тэлевізіі не складана запісаць гэты ўрок і выкласці ў сетку. У нас бы тое самае маглі зрабіць шматлікія структуры — абы ім не перашкаджалі. І мы б мелі класныя відэазапісы па ўсіх прадметах як для вучняў, так і прыклады для маладых настаўнікаў.
 
Крызіс у адукацыі, які справакавала пандэмія каронавіруса, можна разглядаць з розных бакоў. Але любы крызіс стварае не толькі праблемы, а яшчэ і магчымасці. Хочацца верыць, што ахвяры, якіх мы не здолелі абараніць ад каронавіруса, не будуць марныя. І мы — і настаўнікі, і бацькі, і ўсё грамадства — зробім высновы і пачнём дзейнічаць больш адказна і рашуча. Прынамсі, у адукацыі.
 
Тамара Мацкевіч. Новы час