Г.А. Сухава , настаўнік-метадыст
ДУА “Гімназія №5 г.Віцебска
Настаўніку, перш чым ставіць і вырашаць метадычныя пытанні аб тым, як вучыць дыстанцыйна, неабходна зразумець, што ж ён павінен вывучаць са школьнікамі на ўроках літаратуры і галоўнае — навошта. Няцяжка заўважыць: асноўныя праблемы сучаснага настаўніка літаратуры часцей за ўсё звязаны з няздольнасцю выразна выявіць і ўсвядоміць каштоўнасныя арыенціры ўласнай прафесійнай дзейнасці; усур'ёз адрэфлексіраваць наяўныя на сённяшні дзень тэарэтычныя ўяўленні аб літаратурнай адукацыі; разабрацца ў разнастайнасці шляхоў аналізу і інтэрпрэтацыі мастацкага твора, прапанаваных сучаснай гуманітарнай навукай; самастойна развязаць вузел камунікатыўных пытанняў, з якімі даводзіцца сутыкацца штодня, а тым больш пры арганізацыі дыстанцыйнага навучання.
Такое становішча, бясспрэчна, прыводзіць да фармалізацыі методыкі правядзення канкрэтных урокаў літаратуры, да «нулявой ступені» навучальнасці школьнікаў і да частковага ці поўнага расчаравання ва ўласнай дзейнасці настаўніка-філолага.
На жаль, традыцыйная літаратурная адукацыя не толькі не пераадольвае інэрцыю «мазаічнай» культуры, а наадварот, натуральным чынам убудоўваецца ў яе і становіцца адной з крыніц выпадковай інфармацыі.
“Мазаічная” культура. У дадзеным выпадку гаворка ідзе пра адну са здольнасцяў сучасных чытачоў засвойваць і перапрацоўваць мастацкую інфармацыю. Мэтай «беглага» чытання становіцца атрыманне максімуму звестак і эмацыйных уражанняў за мінімальны прамежак часу. У памяці чытача асядаюць і змешваюцца ўрыўкі думак, асобныя эпізоды, фрагменты ўспамінаў аб уласных перажываннях прачытанага, агульнае спрошчанае ўяўленне пра ідэю аўтара.
Хаця б, здавалася, школьная літаратурная адукацыя з яе «стройнымі радамі» кірункаў, пісьменнікаў і твораў павінна ўпарадкаваць уяўленне юных чытачоў пра літаратуру, дапамагчы ім эстэтычна зарыентавацца ў свеце мастацкай традыцыі, выпрацаваць ахоўны рэфлекс супраць ціску «мазаічнай» культуры і даць арыенціры ў складаных лабірынтах медыяпісьменнасці.
Практыка звычайнага ўрока літаратуры не заўсёды можа прыняць такі выклік часу, а арганізацыя дыстанцыйнага навучання яшчэ больш ускладніла задачу настаўніка-філолага. Якое ёсць выйсце з такога становішча? Паспрабуем шукаць разам.
У цяперашні час адна з найбольш плённых ідэй у сферы гуманітарнай адукацыі — ідэя ўзаемаразумення і зносін, прадметам якіх з'яўляецца мастацкі тэкст. Мяркуецца, што сучасны чытач, далучаючыся да культурных каштоўнасцяў розных пакаленняў, зафіксаваных у творах, здабывае сваё непаўторнае месца «ў зоне кантакту» з «чужымі» маральна-этычнымі і эстэтычнымі сэнсамі.
Такім чынам, каб чытач-школьнік ператварыўся з выпадковага спажыўца «мазаічнай» культуры ў адказнага суразмоўцу, ён зусім не павінен механічна запамінаць набор гісторыка-літаратурных фактаў і бяздумна пераказваць сюжэт. Галоўная задача сучаснага філолага-педагога — дапамагчы школьніку навучыцца ўступаць у дыялог з рознымі героямі твораў і аўтарамі гэтых твораў, фіксуючы ў свядомасці разнастайнасць мастацкіх прынцыпаў і формаў адлюстравання свету і чалавека.
Першая спроба рэалізаваць гэтую ідэю была зроблена аўтарам артыкула ў трох відэаўроках па вывучэнні аповесці І.Шамякіна “Непаўторная вясна”.
Пры мадэляванні першых урокаў беларускай літаратуры для дыстанцыйнага навучання звярнулася да лекцый В. Набокава «Аб добрых чытачах і добрых пісьменніках», якая дае ключ да разумення метадаў і прынцыпаў, якія выкарыстала пры аналізе вышэй названай аповесці.
На думку Набокава, пры першым чытанні твора, так званым «першачытанні» чалавек не ў стане эстэтычна ўспрыняць твор. Гэта толькі прасторава-часовае «падарожжа» чытача па тэксце, пры якім ён не паспявае ўлавіць драбнюткія дэталі. Таму першы ўрок-ролік па вывучэнні літаратурнага твора абавязкова павінен быць матывацыйным. Настаўніку вельмі важна “спакусіць” вучня на чытанне. І тут прымус як асноўны сродак маніпуляцыі немагчыма прымяніць. Толькі інтрыга, загадка, якая патрабуе абавяковай разгадкі.
Прыклад матывацыйнага роліка да вывучэння аповесці І.Шамякіна “Непаўторная вясна”.
«Перачытванне» ж ставіць перад сабой крыху іншыя мэты. Тут важна дамагчыся ад чытання зрокавага эфекту, убачыць вобразы, разгледзець дэталі. Набокаў сцвярджае, што твор не можа быць прачытаны адзін раз. Толькі пры паўторным звароце да кнігі магчыма дэталёвае ўспрыманне ўсіх момантаў. Па словах Набокава, пісьменніка, мастака, можна ацэньваць з трох аспектаў праявы творчай асобы: як апавядальніка, як настаўніка, як чараўніка.
І вось на этапе перачытвання прафесійныя ўменні настаўніка становяцца вельмі важнымі.
Да пісьменніка-апавядальніка настаўнік дапамагае звярнуцца вучню, каб знайсці нейкае задавальненне ад атрыманай інфармацыі, іншымі словамі, засвоіць сюжэт твора. Прычым важна настаўніку не пераказаць твор, а менавіта засвоіць: праз выкананне пэўных заданняў сфарміраваць уяўленне аб будове тэксту, асноўных падзеяй, героях твора.
Да пісьменніка-настаўніка можна звярнуцца, каб здабыць веды і звесткі пра культурныя каштоўнасці розных пакаленняў, сацыяльных груп.
І, нарэшце, да пісьменніка-чараўніка далучае настаўнік вучня, калі пачынаецца самае захапляльнае на ўроку, калі адбываецца спроба зразумець індывідуальную магію пісьменніка: разгадаць схаваныя сэнсы, пасыл, вывучыць стыль, вобразнасць, структуру яго раманаў або вершаў. Асноўны элемент настаўніцкага майстэрства — стварэнне прэцэдэнту для розуму, да развагі, для прысваення каштоўнасных сэнсаў.