Першы раз за шмат год настаўнікі і бацькі атрымалі права выбару

04.05.2020
Перамога альбо безуладдзе? Тое, што зараз адбываецца ў галіне адукацыі больш нагадвае перманентнае змаганне паміж нармальнай логікай і спробай “ламаць праз калена”, чым тую “стабільнасць”, пра якую нам гавораць ужо амаль трыццаць гадоў. Сваімі думкамі на гэты конт  газета "Свободные новости плюс" папрасіла падзяліцца намесніцу старшыні Таварыства беларускай школы Тамару Мацкевіч.
 

- Спачатку адзін з намеснікаў міністра адукацыі казаў -- суму адзнак за чвэрці трэба дзяліць на чатыры, што многіх вельмі абурыла, бо максімальная адзнака за год тады не можа быць больш за сем з паловай. Потым яны пачалі гаварыць пра тры, аднак нябачна афіцыйнага дакумента. Што адбываецца? Не скажуць потым такое знаёмае “вы не так зразумелі”?

- Адбываецца тое, што грамадства ўбачыла, што Міністэрства адукацыі, як і іншыя ўладныя структуры, у нестандартных умовах недзеяздольныя і толькі перашкаджаюць жывым і здаровым ініцыятывам. Ну і міністэрства пачало вайнушку, каб загнаць рабоў назад у стойла.

Дзеянні Міністэрства адукацыі не паддаюцца ніякай логіцы. Спачатку міністэрскія чыноўнікі адмянілі рашэнне мясцовых уладаў пра ранейшы пачатак канікулаў, потым самі двойчы іх працягнулі, пры гэтым адмаўляючы небяспеку каронавіруса.
Калі працягнулі канікулы, указанняў настаўнікам рыхтавацца да дыстанцыйнага навучання ніхто не даў, замест гэтага яны шылі маскі і падмяталі вуліцы. Аднак, калі стала зразумела, што бацькі аб’явілі “народны каранцін”, і большасць дзяцей пасля канікул не вернуцца ў класы, настаўнікі самаарганізаваліся і сталі рыхтавацца да таго, што іх трэба будзе неяк вучыць. І нават пачалі вучыць ды абменьвацца досведам, як у каго атрымліваецца, кааперавацца, каб не рабіць адно і тое ж. Для гэтага нават суполку ў фэйсбуку стварылі.

Міністэрству гэта моцна не спадабалася. Усё што яно можа – кантраляваць і караць. А як пракантралюеш дыстанцыйнае навучанне, калі яго няма ў міністэрскіх састарэлых дакументах. Таму спачатку, каб загнаць дзяцей назад у школы, абвесцілі пра неатэстацыю на 4-ю чвэрць. Пры гэтым гадавая адзнака ў тых, хто не вернецца ў клас будзе такой, нібыта вучань атрымаў за 4-ю чвэрць нуль. Выпускнікоў, у якіх бал атэстату адразу ўпаў бы пры такім падліку на 3 балы мінімум, міністэрства паставіла перад выбарам: ці страціць магчымасць паступіць у добрую ВНУ ці рызыкаваць здароўем. Хіба гэта маральна?

Тут за дзяцей пачалі заступацца настаўнікі. Пад адкрытым лістом, які ініцыявала Ганна Севярынец, падпісаліся сотні калегаў, і ўдалося адваяваць гэтыя балы. Мінстэрства пайшло на саступку: вынікі 4-й чвэрці ўлічвацца не будуць, а гадавую адзнаку выведуць як сярэдняе арыфметычнае за тры чвэрці.

Гэта грамадскасць не задаволіла, і якраз сёння міністэрства зноў крыху адступіла: цяпер тых, хто вучыцца дыстанцыйна, дазволена атэставаць, калі тыя прыйдуць у суботу і здадуць залікі. Для атэстацыі за чвэрць трэба мець не менш за 3 такія адзнакі.

Аднак і гэта малая саступка.

 

- Што адбываецца з дыстанцыйнай адукацыяй? Чаму чыноўнікі паставілі на ёй крыж?

- Як толькі стала зразумела, што шмат дзяцей не прыйдзе ў школу пасля канікулаў, настаўнікі за лічаныя тыдні стварылі, апрабавалі і палепшылі сістэму дыстанцыйнага навучання, але чыноўнікі сталі мэтанакіравана перашкаджаць гэтаму працэсу. Ну як жа можна кіраваць тымі, хто без іхных інструкцый стварае відэаўрокі, асвойвае новыя методыкі і інструменты і, самае страшнае, – укараняе гэта ўсё ў адукацыйны працэс ды яшчэ атрымлівае асалоду ад вынікаў!

Чыноўнікі ўзгадалі, што ў састарэлым Кодэксе аб адукацыі няма і згадкі пра дыстанцыйнае навучанне, і, кіруючыся гэтай зачэпкай, Міністэрства адукацыі фактычна дэлегітымізавала дыстанцыйнае навучанне. Я ўжо не кажу пра матэрыяльную кампенсацыю працы настаўнікам, якія пасля асноўнай працы вучаць дзяцей дыстанцыйна, ствараюць для іх новыя матэрыялы, засвойваюць платформы. А гэта нават не двайная, а можа трайная нагрузка па часе. Настаўнікам фактычна дазволілі не вучыць большасць дзяцей.

І тут, нягледзячы на ўсё, з’явіліся галасы педагогаў, што адкрыта заявілі: мы не кінем дзяцей – будзем працягваць вучыць іх дыстанцыйна, хай без аплаты і без адзнак.

 

- Што азначае для вучняў і бацькоў адсутнасць атэстацыі за чвэрць?

- Для асноўнай большасці, можа акрамя выпускнікоў, якім патрэбны бал атэстату для паступлення, – нічога страшнага. Тут я бачу больш пазітыўных момантаў.

Першы раз за шмат год настаўнікам далі права выбару. Фактычна, настаўнікі цяпер самі выбіраюць, пакінуць большасць дзяцей без ведаў, і працаваць па інструкцыях з тымі, хто прыйдзе, ці заняць грамадзянскую пазіцыю і выконваць сваю прафесійную місію. Ёсць яшчэ адзін выбар – я ведаю школы, дзе шмат настаўнікаў сыйшлі ў адпачынак за свой кошт, некаторыя з іх вучаць дзяцей толькі дыстанцыйна, а тыя адзінкавыя вучні, што прыходзяць у школу, не маюць ні фізікі, ні матэматыкі, ні хіміі.

Робяць выбар і бацькі, і вучні. Бацькі выбіраюць паміж адказнасцю за здароўе  дзяцей і асабістай паслухмянасцю. Дзеці – паміж ведамі дзеля адзнак і ведамі для сябе, дзеля сваёй будучыні. Хочаце – не вучыцеся. Гэта ваша адказнасць.

Пра гэта можна было толькі марыць. Мы атрымалі ўнікальную магчымасць навучыць грамадства на практыцы асноўнай кампетэнцыі дэмакратыі – уменню рабіць ўсвядомлены і адказны выбар. Самастойна прымаць рашэнні аказалася нялёгка. А хто казаў, што вучыцца – лёгкая справа?

 

- Наколькі гэта паўплывае на працэс паступлення?

- Пакуль пра гэта мы нічога не ведаем. Ходзяць толькі чуткі. Думаю, чыноўнікі яшчэ самі не ведаюць. Яны не могуць самастойна прыняць нават самага дробнага рашэння, бо з аднаго боку на іх ціснуць зверху, з другога -- яны адчулі, што інгнараваць волю грамадства, настаўнікаў стала небяспечна.

 

- На Ваш погляд, што трэба рабіць зараз?

- Тут хочацца працытаваць наказ Кастуся Каліноўскага: захоўвайце спакой ды вастрыце косы, спадары. Я бачу, што так і робіцца. Настаўнікі нават пасля дазволу не вучыць дыстанцыйна, працягваюць вучыць, ствараць відэаўрокі, засвойваць патрэбныя методыкі. Прыемна, што з’явіліся энтузіясты, якія ствараюць свае ўрокі адразу па-беларуску, хаця большасць школ у нас – рускамоўныя. Настаўнікі – адукаваныя людзі, яны разумеюць, што наша будучыня – нацыянальная школа са сваімі мэтамі і сваёй мовай. Без гэтага незалежнай дзяржавы не пабудуеш.
Паміж справай – пішуць лісты з прапановамі, падпісваюць петыцыі. Ім у меру магчымасцяў пачалі дапамагаць грамадскія арганізацыі. Хто курсы арганізуе, хто дапаможа змест навучання крыху паднавіць, хто тэхнічныя праблемы вырашыць. Шмат дапамагаюць бацькі вучняў.

Сітуацыя такая, што цяпер адукацыя ў стане безуладдзя. Дзяржаўныя органы ўхіліліся ад вырашэння праблем, пусціўшы ўсё на самацёк. Мінстэрства адукацыі і кіраўнік дзяржавы размаўляюць са школай праз журналістаў, іх рашэнні мяняюцца, як сакавіцкі вецер. На гэтыя рухі настаўнікі і бацькі перасталі зважаць.

Грамадства, найперш настаўнікі, самаарганізуюцца і знаходзяць рашэнні праблем самастойна. І толькі хочацца аднаго, каб дзяржава не перашкаджала гэтаму працэсу. Хаця б у галіне адукацыі.

Свободные новости плюс