Ангеліна Себік,
вучаніца 10 класа гімназіі № 10 г Гомеля
Мэта лонгрыду – зьвярнуць увагу карыстальнікаў сеціва на важнасьць крытычнага ўспрыманьня інфармацыі, яе праверкі і ўласнай адказнасьці за яе распаўсюд. Варта памятаць, што ў моманты надзвычайных сытуацый, калі збольшага ўвага грамадзтва засяроджана на адной тэме, рацыянальнае спажываньне інфармацыі дапаможа больш эфектыўна разьвязаць праблему.
Прыкметы інфармацыі, якую абавязкова варта спраўдзіць:
1) “Too good to be true” (“Надта добра, каб быць праўдай”) – прынцып, якім часта карыстаюцца журналісты. Калі пасьля прыняцьця інфармацыі чалавеку адразу хочацца падзяліцца ёй, перадаць яе знаёмым максымальна хутка, калі здаецца, што вось яно, тое “сапраўднае” — гэта добрая нагода перачакаць першыя эмоцыі ў першую хвіліну і праверыць атрыманыя факты ў іншых крыніцах, прааналізаваць яе самому.
2) Неправераная крыніца інфармацыі.
Заўсёды правярайце крыніцу, адкуль вы бярэце інфармацыю. Добра, калі гэта афіцыйныя сайты, правераныя смі, журналісты, якія маюць адказнасьць за артыкулы, якія яны публікуюць. Зрэшты гэта не адмяняе важнасьці праверкі кожнае навіны.
3) Навіна зьмяшчае афіцыйныя дакумэнты / навіна не зьмяшчае афіцыйных дакумэнтаў.
Як гэта ні парадаксальна, але ў абодвух выпадках трэба правяраць інфармацыю. З другім усё зразумела: калі няма афіцыйных дакумэнтаў, то гэта лёгка можна аказацца нечыя прыдумка; але ж што ня так з навінамі, якія маюць падобныя пацьвярджэньні?
На самой рэчы гэта тлумачыцца проста. Сёньня кожны чалавек можа лёгка адрэдагаваць любы відарыс, таму ня варта купляцца на пераконлівы выгляд навіны: заўсёды правярайце інфармацыю!
4) Ёсьць фотаздымак/відэа.
У пэрыяд надзвычайных сытуацый часта публікуюцца і масава распаўсюджваюцца фотаздымкі-“зьлівы”. Прыкладам, у момант пандэміі гэта можа быць фота “патаемнай дэзынфекцыі з гелікоптэра”. У любым разе гэта тое, што імкненна прыцягне ўвагу. Часта такія фотаздымкі бяруцца з іншых трагедый і з зусім іншых мясьцінаў. Найпрасьцейшае, што можна зрабіць – зрабіць пошук па відарысу ў Google.
5) Шмат фактаў у адным паведамленьні.
Прыкладам, навуковец расказавае на дыктафон сытуацыю з каранавірусам у Беларусі і пералічвае сымптомы, масштаб рапаўсюду, колькасьць сьмерцяў – і ўсё гэта ў адным запісу, які потым будзе распаўсюджвацца праз Viber ці WhatsApp. Часта ў падобных “зьлівах” частка фактаў агульна вядомая і пацьверджаная, таму большасьць слухачоў даверыцца і астатнім. Але так рабіць ня варта: мікс пацьверджаных фактаў і прыдумкі — адзін з асноўных мэтадаў прапаганды. Спраўджвайце інфармацыю кавалкамі.
Гэтыя парады могуць абараніць людзей ад фэйкавай інфармацыі, а значыць, дапамагчы грамадству больш эфектыўна змагацца з распаўсюдам каранавірусу.
Невялікая адказнасьць кожнага грамадзяніна будзе мець вялікі плён для ўсяго грамадзтва.
Тэкст дасланы для конкурсу для падлеткаў і школьных медыя "Лаві фэйк!"