Прачытаць кнігу, каб зразумець фільм

Прачытаць кнігу, каб зразумець фільм:

да пытання інтэрпрэтацыі літаратурнага твора сродкамі кінамастацтва

(на прыкладзе аповесці У.Караткевіча“Дзікае паляванне караля Стаха”)

                   

Вучэбна-даследчую работу выканала Ганна Валянцінаўна Зямлянік , вучаніца 11 класа.

Работа даслана на конкурс для падлеткаў і школьных медыя "Лаві фэйк!"

 

Змест

УВОДЗІНЫ

ГЛАВА   1 Літаратура і кіно: прачытаць кнігу, каб зразумець фільм

ГЛАВА 2 Асаблівасці інтэрпрэтацыі аповесці У.Караткевіча “Дзікае палявання караля Стаха” ў кінастужцы В. Рубінчыка “Дзікае палявання караля Стаха”

2.1 Адметнасці аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха” і аднайменнага фільма

2.2 Месца і час у творах

2.3 Героі ў аповесці і на экране

2.4 Нацыянальная ідэя, яе ўвасабленне У.Караткевічам і В.Рубінчыкам

ЗАКЛЮЧЭННЕ

СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ

ДАДАТКІ

 

УВОДЗІНЫ

Сёння сцвярджаць, што ўсе вучні вельмі любяць чытаць літаратурныя творы, не падаецца магчымым. Да што там гаварыць, нават дарослага не вельмі часта застанеш з кнігай у руках. Чаму так? Напэўна, таму, што чытанне – гэта справа нялёгкая, патрабуе інтэлектуальных і душэўных намаганняў. Вось і звяртаюцца патэнцыяльныя чытачы ўсяго толькі да кароткага зместу (на прасторах інтэрнэту такога шмат) з якасцю невысокага ўзроўню. Да таго ж, існуе шмат магчымасцей атрымаць уяўленне пра твор, не адкрываючы кнігу. Інтэрпрэтацыю яе сэнсавага зместу можна атрымаць у гатовым выглядзе ў форме крытычнага артыкула, рэцэнзіі, абмеркавання ў блогах і на форумах, у выглядзе аўдыятэксту або экранізацыі. Сёння наогул можна пачуць выснову, што “галоўны шлях выратавання кнігі – гэта пераклад яе на мову кіно”. Візуалізацыя літаратурнага матэрыялу, героі з плоці і крыві – усё гэта, безумоўна, робіць матэрыял больш даступным і прывабным, і любая экранізацыя аперыруе рэсурсамі зыходнага тэксту.

Твораў беларускай літаратуры, пакладзеных на мову кіно, даволі многа. І асаблівае месца ў гэтым спісе займае экранізацыя спадчыны У. Караткевіча. Сам Уладзімір Сямёнавіч казаў, што “раман прачытаюць дзясяткі тысяч – стужку паглядзяць мільёны”. На сёння, згодна праведзенаму намі апытванню (ДАДАТАК Б), У. Караткевіч – самы папулярны нацыянальны класік, якога чытаюць дзеля задавальнення, а не толькі ў межах школьнай праграмы, а любімы твор у большасці рэспандэнтаў – аповесць “Дзікае палявання караля Стаха” (ДАДАТАК В), па матывах якой рэжысёрам В.Рубінчыкам быў зняты фільм.

Гістарычная аповесць з дэтэктыўным сюжэтам, у якую ўплецены рамантычныя перажывынні і містычныя легенды, настолькі незвычайная, дзіўная і не падобна на ўсё, што было ў беларускай літаратуры, што яе чыталі ўсе. Упершыню яе надрукавалі ў часопісе “Маладосць” у 1964 годзе (№№ 9-12), у 1980 годзе пераклалі на рускую мову, пазней – на англійскую і ўкраінскую.

На аповесць звярнулі ўвагу на кінастудыі “Беларусьфільм”. Фільм “Дзікае паляванне караля Стаха” выйшаў на экраны 2 красавіка 1979 года і, па сутнасці, стаў першым містычным трылерам на тэрыторыі ўсяго СССР. За год у кінатэатрах яго паглядзелі 11 мільёнаў 300 тысяч чалавек. Фільм атрымаў узнагароды шасці кінафестываляў, пачынаючы з Парыжа і заканчваючы Лас-Анджэлесам (ДАДАТАК  А)

Нам падалося, што любімае многімі пакаленнямі чытачоў і гледачоў “Дзікае паляванне караля Стаха” падыходзіць для правядзення даследавання, адказаў на пытанні пра стасункі літаратуры і кіно, аўтара і рэжысёра, разумовых і зрокава-слоўных мастацкіх вобразаў. Ці дастаткова паглядзець фільм і не звяртацца да мастацкага твора? Ці адзіная мэта ў аўтара літаратурнага твора і ў рэжысёра фільма? Ці здолее рэжысёр перадаць асноўную ідэю літаратурнай першаасновы, яе галоўную думку, вобразы герояў? Ці можна з поўнай упэўненасцю сказаць, што, паглядзеўшы фільм, удзячны глядач стане ўдумлівым чытачом? Пошукі адказаў на гэтыя пытанні абумовілі актуальнасць маёй работы і сталі асновай для правядзення даследавання.

Тэарэтычную аснову работы склалi работы такіх літаратуразнаўцаў і публіцыстаў, як А. Верабей, А. Грушэцкі, Г. Ішчанка, А. Мальдзіс і інш.

Фактычным матэрыялам для дадзенага даследавання паслужылі творы мастацкай літаратуры (аповесць У. Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха”) і кінамастацтва (аднайменная кінастужка), вынікі анкетавання.

Зыходячы з актуальнасці тэмы і праблемнага поля, мною пастаўлена мэта – выявіць асаблівасці інтэрпрэтацыі аповесці У.Караткевіча “Дзікае палявання караля Стаха” ў аднайменнай кінастужцы В. Рубінчыка і ступень уплываў розных відаў мастацтва на асобу чытача і гледача.

Гэтая мэта дасягаецца пры вырашэннi наступных задач:

  • азнаёміцца з літаратурай па тэме даследавання;
  • выявіць спецыфіку ўзаемаадносін і ўзаемаўплываў літаратуры і кіно як відаў мастацтва;
  • правесці параўнальны аналіз аповесці У.Караткевіча “Дзікае палявання караля Стаха” і аднайменнай кінастужкі В.Рубінчыка і вызначыць супадзенні / несупадзенні ў інтэрпрэтацыі тэмы, ідэі зместу, сістэмы вобразаў, жанравай спецыфікі аповесці і кінастужкі;
  • выявіць ступень актуалізацыі чытацкай цікавасці сродкамі кіно і выхавання ўдумлівага гледача сродкамі літаратуры;
  • правесці апытанне сярод вучняў 10-11 класаў наконт увасаблення твораў літаратуры ў кінамастацтве.

Аб’ект і прадмет даследавання

Аб’ектам даследавання з’яўляюцца аповесць У.Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха” і кінастужка “Дзікае паляванне караля Стаха” В.Рубінчыка. Прадмет даследавання складаюць ідэйны змест, сюжэт, героі, час і месца падзей аповесці і фільма “Дзікае паляванне караля Стаха”.

Метадалогія і метады даследавання

У суаднесенасцi з мэтай i задачамi ў рабоце выкарыстоўваюцца логіка-тэарэтычныя метады (аналіз, індукцыя, абагульненне), а таксама метад эмпірычнага даследавання.

Практычная значнасць

Вучні любяць кіно, і фільмы складаюць значную частку іх медыяспажывання. Але гледача патрэбна выхоўваць: вучыць аналізаваць і ацэньваць, глядзець і бачыць, разумець і адчуваць. Тым больш, калі кіно знята паводле літаратурнага твора. Складзеная намі праграмка-рэкамендацыя да прагляду фільма будзе актуальнай для ўсіх, каму не стае чытацкага вопыту, і дапаможа адрозніць твор мастацкага слова высокага ўзроўню ад успрымання яго як твора масавай культуры. Таксама вынікі нашай работы можна выкарыстоўваць на ўроках беларускай мовы і літаратуры, пры падрыхтоўцы да прадметных алімпіяд і пазакласных мерапрыемстваў.

Спампаваць работу
Спампаваць дадатак