Спроба аналізу ўрокаў для ўдаленага навучання
Мікалай ЗАПРУДСКІ, прафесар АПА
Красавік і май сталіся вельмі ўражайнымі месяцамі на відэазапісы ўрокаў, прызначных для прагляду іх вучнямі, якія з-за пандэміі каронавірусу не наведваюць вучэбныя заняткі ў школе. Трэба аддаць даніну павагі настаўнікам, якія ці па сваім жаданні, ці па ўказанні кіраўніцтва выканалі вялікую работу: магчыма, упершыню зрабілі відэазапісы сваіх заняткаў. Многія педагогі адрэагавалі на “выклікі часу” і ў свой асабісты час пісалі сцэраныі, здымалі ролікі, каб нашы вучні мелі магчымасць атрымліваць ад педагогаў неабходныя ім тлумачэнні тэарэтычнага матэрыялу. Гэтыя матэрыялы змешчаны на сайтах шэрагу ўстаноў адукацыі, у суполцы “Перакулены клас. Матэрыялы для ўрокаў”, на сайце nastaunik.eu , на ю-тубе, на сайце Гродзенскага абласнога ІРА, а таксама на іншых платформах.
Сярод змешчаных відэазапісаў сустракаюцца вельмі якасныя адукацыйныя прадукты творчай дзейнасці педагогаў, якія і па змесце, і па мяркуемай арганізацыі працы вучняў з’яўляюцца істотнымі і карыснымі дадаткамі да існуючага вучэбна-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу (падручнікаў, рабочых сшыткаў і інш.).
Разам з тым, паважаныя калегі, вы бачылі ці ўбачылі відэаматэрыялы, якія ўяўляюць сабой толькі тлумачэнні настаўнікамі тэарэтычнага матэрыялу да якіх дададзены шэрагі ілюстрацыйных слайдаў. У такога кшталту відэазапісах няма асаблівай карысці, паколькі адпаведны матэрыял ёсць у падручніках, а нашы вучні валодаюць кампетэнцыяй “чытанне”; навошта расказываць ім тое, што напісана ў падручніку (ёсць параграфы, у якіх вучням па сілах самастойна разабрацца); вядома, што, слухаючы выступленні, мы запамінаем толькі да 20% інфармацыі. Дарэчы, яна так і засталася ў статусе інфармацыі – не стала ведамі, бо, вядома, што інфармацыя пераходзіць у веды, калі вучань працуе з ёй; па-трэццяе, такое навучанне спрыяе выхаванню ў вучняў спажывецкага стаўлення да жыцця – у вучняў выпрацоўваецца стэрэатып, што і далей па жыцці ім нехта будзе бясплатна даваць ім патрэбнае. Прадукт такога навучання -- чалавек не самастойны, з несфармірованым крытычным мысленнем.
Чаму аўтары абмежаваліся толькі тлумачэннем? Тут некалькі прычын: у іх бракавала часу (адчувалася патрэба хутка зрабіць матэрыял); ёсць педагогі, якія і ў рэальным класе прымяняюць выключна тлумачальна-ілюстрацыйны метад навучання; у многіх педагогаў пакуль няма вопыту рабіць відэаўрокі.
Але практыка стварэння відэазапісаў настаўнікамі для вучняў павінна працягвацца, бо яны і далей будуць запатрабаванымі і вучнямі, і іншымі педагогамі (не выключаны ў будучым каранцін у школах; бывае, вучні адсутнічаюць на занятках па прычыне хваробы або ўдзелу ў спартыўных зборах ці спаборніцтвах, з-за падрыхтоўкі да заключнага этапу алімпіяды). Таму, мяркуем, аўтарам карысна будзе звярнуць увагу на лепшыя ўзоры відэаўрокаў, якія прапануюцца на вышэй згаданых крыніцах у інтэрнэце. Чым яны адметныя?
Настаўнікі:
- напачатку стваралі сітуацыю нявызначанасці, праблемнасці, супярэчлівасці, што забяспечыла ўзнікненне ў вучняў зацікаўленасці, матывацыі да пазнаваўчай дзейнасці;
- потым давялі да вучняў мэту, паказаўшы яе на экране. Мэта вызначалася праз пералік тых ведаў і ўменняў, якімі, меркавалася, вучні авалодаюць цягам прагляду відэазапісу і выканання настаўніцкіх заданняў або праз ключавое пытанне (знойдзіце на яго адказ – вы мэты дасягнулі);
- па ходзе тлумачэння тэмы 2-3 разы прапаноўвалі вучням ў прэзентацыі заданні па ўзнаўленні матэрыялу, па прымяненні тэарэтычных ведаў; прасілі іх зрабіць паўзу – спыніць трансляцыю, выканаць заданне, а потым прадоўжыць прагляд і ў наступным слайдзе ўбачыць правільныя адказы і такім чынам праверыць сябе, зрабіць карэкцыю сваіх ведаў;
- разумеючы, што нехта з вучняў можа памыліцца, прапаноўвалі зноў, калі патрэбна, паглядзець тлумачэнне або прачытаць пэўную старонку падручніка;
- на завяршэнні ўрока (пры выканнні прыведзеных тут правілаў – гэта, сапраўды, нагадвае ўрок) прапаноўвалі выканаць кантрольныя заданні, падумаць аб адказе на ключавое пытанне і дэманстравалі слайд з правільнымі адказамі;
- задавалі дамашняе заданне, якое па змесце факусіравалася на выніках выхаднога кантролю. Вучні вызначаліся з тым, што ім патрэбна будзе зрабіць дома (гэта залежыць ад таго, якія заданні яны паспяхова выканалі).
Між тым, выкананне прыведзеных тут рэкамендацый не робіць відэазапіс паўнацэнным урокам, паколькі, па-першае, ён не можа доўжыцца 45 мінут (у вучняў хапае ўвагі на мінут 15-20; ды і Сан-Піны трэба выконваць); па-другое, вы разумееце, што такое навучанне адбываецца без абавязковых на ўроках зваротных сувязяў “настаўнік-вучні”, “вучні-настаўнік”; па-трэццяе, бракуе магчымасці для індывідуальнага падыходу.
Павялічыць выніковасць прымянення відэазапісаў можна калі кіравацца ідэяй тэхналогіі перавернутага навучання аб папярэднім (да ўрока) вывучэнні школьнікамі новага вучэбнага матэрыялу. Тады пад час відэатрансляцыі настаўнік адказвае на пытанні, якія вучні змяшчаюць у чаце (калі яна праводзіцца ў рэжыме вебінара), задаюць пытанні ўголас (калі адбываецца відэаканферэнцыя); далей педагог абагульняе вучэбны матэрыял і арганізацуе выканнне вучнямі адпаведных заданняў.
Цікава і карысна звярнуцца да вынікаў даследавання эфектыўнасці розных варыянтаў вучэбнага відэа. У артыкуле “7 характеристик учебного видео, которые должен знать каждый преподаватель”, які можна знайсці па спасылцы, прыведзены высновы, зробленыя даследчыкамі:
1) узаемадзеянне студэнтаў з вучэбным відэа больш прадуктыўнае, калі дэманструюцца кароткія ролікі;
2) студэнтам больш падабаецца чуць не закадравы голас, а іншы раз бачыць выкладчыка;
3) больш прывабнае вучэбнае відэа ў стылі Хана, калі па ходзе лекцыі выкладчык робіць запісы на лічбавым планшэце;
4) высокі тэмп выкладання не настолькі важны як эмацыянальнасць і энтузіазм настаўніка;
5) у студэнтаў павінна быць магчымасць паўторнага прагляду відэа.