Медыяадукацыя. Еўрапейскія практыкі і беларуская рэчаіснасць
Аналітычная запіска
Анатацыя
Імклівае развіццё і ўплыў ІКТ тэхналогій і мас-медыя на ўсе слаі насельніцтва, хуткі распаўсюд і наступствы пандэміі COVID-19, якая не столькі змяняе асноўны кірунак сусветнай гісторыі, колькі паскарае перамены - усе гэта патрабуе мэтанакіраванай падрыхтоўкі асобы да ўмелага і бяспечнага карыстання медыя, умення крытычна асэнсоўваць і ацэньваць інфармацыю для таго, каб адрозніваць факты ад маніпуляцыі ды прапаганды.
Дадзены дакумент змяшчае аналіз стану і прапановы развіцця медыяадукацыі ў Беларусі з улікам міжнароднай палітыкі і еўрапейскага досведу яе рэалізацыі.
Уводзіны
Сутыкнуўшыся з велізарным уплывам COVID-19 на наша жыццё, эканоміку, палітыку, медыцыну і адукацыю, цяжка ўявіць, што грамадства зноў вернецца да “нармальнага жыцця”. У гэтых умовах дзяржаўныя, грамадскія арганізацыі, прадстаўнікі дзелавых і бізнес колаў аб’ядноўваюць намаганні для аптымальнай арганізацыі адукацыйнага працэсу пры дапамозе ўсіх даступных сродкаў, спрабуючы падняць узровень медыя інфармацыйных кампетэнцый і знізіць лічбавую няроўнасць педагогаў, вучняў і іх бацькоў. Спецыялісты ЮНЕСКА ў гэтай сувязі прапанавалі шэраг інструментаў арганізацыі дыстанцыйнага навучання.[1]
Аднак, найбольшай складанасцю з’яўляецца не столькі адсутнасць тэхнічных магчымасцей, інфраструктуры або негатоўнасць педагогаў да засваення тых ці іншых тэхналогій лічбавага навучання, колькі недастаткова развітае крытычнае мысленне, адсутнасць навыкаў праверкі дакладнасці інфармацыі, няўменне аддзяліць факты ад меркаванняў (пра што сведчыць аналіз PISA 2018[2]), вызначыць надзейнасць крыніцы інфармацыі, стварэння і распаўсюджвання якасных медыя прадуктаў. Гэтыя навыкі ляжаць у аснове медыя інфармацыйных кампетэнцый.
Амерыканскі псіхолаг Д. Халперн адзначыла, што адукацыя, разлічаная на перспектыву, павінна будавацца на аснове двух прынцыпаў: умення хутка арыентавацца ў імклівым патоку інфармацыі і знаходзіць патрэбнае, а таксама ўмення асэнсаваць і скарыстаць атрыманую інфармацыю.[3]
Імклівая медыятызацыя грамадства, актыўнае ўкараненне мультымедыя ва ўсе сферы дзейнасці чалавека, пандэмія каронавіруса і часовая ізаляцыя змянілі звыклыя спосабы атрымання інфармацыі. Тэма каронавіруса «робіць трафік» усім вытворцам кантэнту.[4] Рост тлумачыцца толькі адной тэмай - COVID-19. Людзі сядзяць дома і чытаюць навіны. Калі прайсціся па галоўных старонках абсалютна ўсіх інфармацыйных агенцтваў свету, то наўрад ці можна знайсці хоць адну навіну, не звязаную з пандэміяй. Дэзінфармацыя, чуткі, здагадкі, плёткі, ажыятаж, фэйкі распаўсюджваюцца хутчэй самога віруса. Гэтай з’яве далі назву: “інфадэмія”. Гэтыя аспекты актуалізуюць важнасць медыяадукацыі для грамадзян усіх узростаў і сацыяльных групаў.
Патрэба ў медыяадукацыі і шырокае распаўсюджанне яе ў свеце выкліканыя:
- па-першае, велізарным уплывам медыя на грамадства, культуру. Медыяпаведамленні (рэклама, навіны, фільмы, музыка і г.д.) фармуюць нашыя ўяўленні аб рэальнасці, моцна ўплываюць на нашы думкі, жыццёвыя ўстаноўкі і дзеянні. Мы жывём у свеце, у якім якасць атрыманай інфармацыі ў значнай ступені вызначае выбар і наступныя дзеянні, уключаючы здольнасць карыстацца фундаментальнымі свабодамі і правам на самавызначэнне і развіццё;
- па-другое, невычарпальнымі магчымасцямі медыясродкаў для адукацыі чалавека. Існуе паняцце «паралельная школа», якое азначае, што сучасны чалавек можа многаму навучыцца праз сродкі масавай камунікацыі, асабліва праз інтэрнэт;
- па-трэцяе, усё большым выкарыстаннем сродкаў масавай камунікацыі з мэтамі прапаганды. Стваральнікі медыяпрадукцыі часта маніпулююць грамадскай думкай, навязваюць свой пункт гледжання, інтэрпрэтуюць падзеі так, як выгадна тым, хто «замаўляе музыку», чым уплываюць на каштоўнасную парадыгму і на самаідэнтыфікацыю аб'ектаў уплыву. Часта медыяпаведамленні скіраваныя на тое, каб пераканаць нас паверыць у нешта ці зрабіць так, як жадаюць іх аўтары. Сёння лёгка аказацца падманутым. Для дасягнення мэты выкарыстоўваюцца спецыяльныя сродкі маніпуляцыі, распазнаць і абараніць сябе ад якіх здольны толькі медыйна пісьменны чалавек;
- па-чацвёртае, надзвычай моцным засмечаннем медыйнай прасторы, асабліва інтэрнэту, матэрыяламі, якія ў вонкава прывабных формах схіляюць маладых людзей да гвалту, да рэлігійных экстрэмізмаў, да асуджаных міжнароднай супольнасцю антычалавечых ідэалогіяў і тэрарыстычных практык камунізму, нацызму, фашызму і г.д., апраўдваюць гістарычны і цяперашні таталітарызм, прапаведуюць непавагу да міжнароднага права, этычных нормаў. Мноства інфармацыі ў сетцы прадстаўлена ў гіпертрафаванай форме;
- па-пятае, той новай з'явай, калі карыстальнікі інтэрнэту, асабліва моладзь, становяцца па сутнасці журналістамі, бо павялічваецца ступень іх удзелу ў медыяпрасторы ў якасці аўтараў медыяпасланняў: у асабістых блогах, сацыяльных сетках, на сайтах, у чатах і г.д. Мы часта бачым у тэкстах неправераныя звесткі, адсутнасць логікі і аргументацыі, правакацыйныя выказванні, нецярпімасць, што сведчыць аб нізкім узроўні як агульнай культуры, так і ўласна медыяпісьменнасці аўтараў[5].
У адказ на гэтыя выклікі часу як у адукацыі з’явіўся новы кірунак – медыяадукацыя (media education).
Медыяадукацыя – частка адукацыйнага працэсу, накіраваная на фармаванне ў грамадстве медыя-культуры, падрыхтоўку асобы да бяспечнага і эфектыўнага ўзаемадзеяння з сучаснай сістэмай мас-медыя, уключаючы як традыцыйныя, так і новыя медыя з улікам развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.
Медыякультуру вызначаюць як сукупнасць інфармацыйна-камунікацыйных сродкаў, выпрацаваных чалавецтвам у працэсе культурна-гістарычнага развіцця матэрыяльных і інтэлектуальных каштоўнасцяў, якія спрыяюць фармаванню грамадскай свядомасці і сацыялізацыі асобы. Медыякультура ўключае ў сябе культуру перадачы інфармацыі, культуру яе ўспрымання і можа выступаць як сістэма ўзроўняў развіцця асобы, здольнай успрымаць, аналізаваць, ацэньваць медыятэкст, займацца медыятворчасцю, засвойваць новыя веды ў галіне медыя.[6]
У медыяадукацыі можна вылучыць два аспекты:
• першы звязаны з уменнямі крытычнага ўспрымання, ацэнкі і выкарыстання інфармацыі, якая паступае з розных крыніц. Гэтыя ўменні спрыяюць развіццю асобы і дапамагаюць чалавеку ў прыняцці адпаведных стратэгій паводзін і дзейнасці;
• другі — прадугледжвае наяўнасць у індывіда ўменняў быць паспяховым, адказным аўтарам звычайных, аўдыя- і відэатэкстаў, якія ён размяшчае на сайтах, у блогах, на YouTube, на форумах, абнародуе падчас інтэрнэт-канферэнцый, вэбінараў і г.д.
У дакументах ЮНЭСКА прапануецца аб’ядноўваць паняцці медыйнай і інфармацыйнай пісьменнасці ў адно: «медыя-інфармацыйная пісьменнасць» азначае валоданне кампетэнцыямі (ведамі, уменнямі і каштоўнаснымі ўстаноўкамі), якія дазваляюць грамадзянам эфектыўна ўзаемадзейнічаць з медыя і іншымі інфармацыйнымі службамі, развіваць крытычнае мысленне і навыкі навучання на працягу ўсяго жыцця для дачыненняў і рэалізацыі актыўнай грамадзянскай пазіцыі.
Медыяпісьменнасць – гэта актыўнае або пасіўнае ўспрыманне і выкарыстанне матэрыялаў медыя, уключаючы іх крытычнае ўспрыманне і ўсвядомленую ацэнку, разуменне метадаў, якія выкарыстоўваюць медыя і іх ўплыў. Тэрмін азначае здольнасць чытаць, аналізаваць, ацэньваць і ажыццяўляць камунікацыю з выкарыстаннем розных формаў медыя (напрыклад, тэлебачання, друку, радыё, камп’ютараў і інш.). Ёсць і іншае разуменне гэтага тэрміна: здольнасць расшыфроўваць, аналізаваць, ацэньваць і ажыццяўляць камунікацыю ў разнастайных формах.
Іншымі словамі, медыяпісьменнасць — сукупнасць кампетэнцый, якія дазваляюць людзям атрымліваць доступ, аналізаваць, ацэньваць і ствараць паведамленні ў розных відах медыя, жанрах і формах для асабістага самавыяўлення, і рэалізацыі сваіх грамадзянскіх правоў, а тым самым забеспячэння фундаментальных свабодаў грамадства.
Менавіта ў такім кантэксце варта разглядаць патрэбы ў медыйнай і інфармацыйнай пісьменнасці, якая пашырае маштабы руху за грамадзянскую адукацыю. Медыйная пісьменнасць пашырае рамкі традыцыйнай пісьменнасці і грамадзянскай адукацыі і вызначае ролю педагогаў як галоўных суб'ектаў пераўтварэнняў.
Такім чынам, медыяадукацыя і медыяпісьменнасць суадносяцца як працэс і вынік адпаведнай адукацыйнай практыкі.
Дакументы ЮНЭСКА сведчаць, што медыяадукацыя функцыянуе як сістэма, якая стала неад'емнай часткай, з аднаго боку, агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі моладзі, з другога – масавых інфармацыйных працэсаў. Яна з'яўляецца атрыбутам глабалізацыйных пераўтварэнняў, фактарам канкурэнтаздольнасці эканомікі, непарыўна звязаная з развіццём дэмакратыі ва ўмовах інфармацыйнага грамадства. Таталітарныя рэжымы тармозяць развіццё медыяадукацыі або скажаюць яе мэты.
Падсумаванне:
- адбылося медыяпранікненне практычна ва ўсе сферы жыцця асобы і грамадства, што патрабуе адпаведных кампетэнцый ацэнкі інфармацыі і выкарыстання медыя.
- узрасла роля сродкаў масавай камунікацыі для адукацыі: сёння немагчыма ўявіць бесперапынную пажыццёвую адукацыю без адпаведнай грунтоўнай падрыхтоўкі (у першую чаргу педагогаў).
Прававыя асновы і асаблівасці медыйнай прасторы Беларусі
Прававую аснову дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі складаюць Канстытуцыя і Закон "Аб сродках масавай інфармацыі" (новы закон прыняты ў 2008 годзе, папраўкі ўнесеныя ў 2014 годзе). Хаця Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе свабоду меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне, забараняе манапалізацыю сродкаў масавай інфармацыі і цэнзуру, у пытанні свабоды слова Беларусь прызнаная адной з найгоршых краінаў.
Паводле Індэксу свабоды прэсы-2020, які публікуюць “Рэпарцёры без межаў”, Беларусь знаходіцца на 153 месцы[7]. У раздзеле, прысвечаным Беларусі, гаворыцца, што перасьлед беларускіх СМІ, вымушаных працаваць за межамі Беларусі, “дасягнула беспрэцэндэнтных маштабаў”. У прыватнасці за працу без акрэдытацыі журналісты заплацілі больш за 100 штрафаў. Арышты журналістаў і блогераў, блакаваньне сайтаў даведачнай інфармацыі, яшчэ больш “драконаўская” рэформа закона аб СМІ.
У Беларусі сёння дзейнічаюць друкаваныя і электронныя СМІ розных формаў уласнасці і тэматыкі. Таксама ў медыйнай прасторы краіны прадстаўленыя замежныя СМІ, абсалютная большасць з якіх – расійскія.
На 1 мая 2020 года ў Беларусі выдаваліся 721 газета і 863 часопіса[8]. Больш за дзве трэці з іх з'яўляюцца прыватнымі. Найбольш тыражныя - газеты “СБ.Беларусь сегодня” і “Рэспубліка”. Таксама ў Беларусі папулярныя мясцовыя выпускі буйных расійскіх газет “Комсомольская правда” і “Аргументы і факты”.
Усяго ж у Беларусі распаўсюджваецца больш за 4 тысячы замежных друкаваных СМІ, у тым ліку з Расіі, Украіны, Казахстана, ЗША, Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Францыі, Нідэрландаў, Польшчы, Літвы, Латвіі.
9 інфармацыйных агенцтваў, 7 з іх – прыватныя.
Па стане на 1 мая 2020 года Беларусі ажыццяўлялі вяшчанне 164 радыёпраграмы і 98 тэлепраграм. З іх 27 радыёпраграм і 54 тэлепраграмы - прыватныя.
Высокая доля грамадскіх радыёпраграм тлумачыцца тым, што большая іх частка - гэта рэгіянальнае радыё, у якасці заснавальнікаў выступаюць мясцовыя органы ўлады.
У Беларусі дзейнічаюць агульнанацыянальныя тэлеканалы “Беларусь 1”, “Беларусь 2” (моладзевы), “Беларусь 3” (сацыякультурны), “Беларусь 5” (спартыўны), “Агульнанацыянальнае тэлебачанне” (АНТ), “Сталічнае тэлебачанне” (СТВ).
З верасня 2015 года пачаў працу рэгіянальны тэлеканал "Беларусь 4", які выступае платформай для ўсіх абласцей краіны. У кожнай з іх асноўная сетка вяшчання запаўняецца арыгінальным телепродукт і выходзіць на адной кнопцы з указаннем свайго рэгіёну: "Беларусь 4. Магілёў", "Беларусь 4. Гомель" ...
Існуюць дзяржаўны спадарожнікавы тэлеканал – "Беларусь 24", і спадарожнікавы канал “Бeл/сaт”, які не можа атрымаць ад уладаў акрэдытацыі і перадае з-за мяжы.
Медыяэксперт БАЖ Паўлюк Быкоўскі адзначае, што медыйная прастора хутка змяняецца. З аднаго боку, гэтыя метамарфозы ствараюць ўсё больш магчымасцяў, а з другога – ставяць новыя выклікі для вытворцаў і спажыўцоў інфармацыі. Новыя пакаленні абіраюць не СМІ, а фільтры, якія дапамагаюць змагацца з лавінай інфармацыі. Эксперты БАЖ адзначаюць і тое, што, што дзяржаўныя СМІ фінансуе і падтрымлівае адміністрацыйнымі захадамі дзяржава, а незалежныя СМІ карыстаюцца вонкавымі крыніцамі фінансавання, церпяць ад нераўнапраўя і адміністрацыйнага пераследу. Ёсць лічаныя медыя ў Беларусі, якія з'яўляюцца недзяржаўнымі і функцыянуюць як паўнавартасныя СМІ.
Навіны беларусам дастаўляюць:
- 84,9% – тэлебачанне,
- 64,5% – інтэрнэт (гэтая лічба расце),
- 41% – газеты,
- 34,3% – радыё.
Такім чынам, у пошуках навін усё часцей беларусы штодзённа звяртаюцца да тэлебачання і інтэрнэту, а радзей – да газет і радыё.
Хатнім інтэрнэтам для прагляду навінаў карыстаюцца 15,6% беларусаў, старэйшых за 61 год. 47,9% – сярод тых, каму ад 45 да 60 год. 80,8% – сярод тых, каму ад 30 да 44 год. 93,5% – сярод тых, чый узрост – ад 18 да 29 год. Вынікае, што амаль уся моладзь атрымлівае навіны з інтэрнэту.
Пастаноўка праблемы
З выклікамі інфармацыйнага грамадства, звязаным з імклівым развіццём камп’ютарных тэхналогій і ўплывам мас-медыя на людзей, сутыкаюцца ўсе краіны свету. У перыяд катаклізмаў і пандэміі каранавирусу лакальныя навіны і сацыяльныя медыя становяцца самымі запатрабаванымі каналамі атрымання інфармацыі. У пагоні за трафікам у ход ідуць маніпуляцыі фактамі і нават адкрытыя фэйкі. Часта мэтай дэзінфармацыі з’яўляецца распальванне панікі, страху (інфадэмія) і блакаванне актуальнай сацыяльнай, палітычнай і эканамічнай інфармацыі на фоне пандэміі каронавіруса.
Ва ўмовах перанасычанасці медыйнай прасторы якасць і крытычнае асэнсаванне атрыманай інфармацыі ў значнай ступені вызначае выбар і наступныя дзеянні асобы, уключаючы здольнасць карыстацца фундаментальнымі свабодамі і правам на самавызначэнне і развіццё.
Грамадствы сутыкнуліся з наступнымі праблемамі:
- Медыя магутна і супярэчліва ўплываюць на адукацыю маладога пакалення, часта ператвараючыся ў вядучы фактар яго сацыялізацыі, стыхійнага сацыяльнага навучання.
- Уседазволенасць інфармацыйнага рынку, засілле нізкапробнай медыя-прадукцыі, пазбаўленых маралі ідэалагемаў і каштоўнасцяў выклікае зніжэнне ў грамадстве імунітэту да сацыяльна шкодных інфармацыйных уздзеянняў.
- У дадатак грамадствы цэлых краінаў знаходзяцца ў стане аб'екту інфармацыйных войнаў, што вядуць на іхнай медыяпрасторы дзяржавы, улада якіх не падзяляе дэмакратычныя каштоўнасці.
Таму ў свеце ўзнікла вострая патрэба ў развіцці медыяадукацыі, адной з галоўных задач якой з’яўляецца прадухіленне ўразлівасці чалавека, абарона яго ад медыя-гвалту і медыя-маніпуляцый, уцёкаў ад рэальнасці ў лабірынты віртуальнага свету, прафілактыка медыя-залежнасцяў.
Існуюць і асаблівасці, звязаныя з рэчаіснасцю сучаснай Беларусі:
- Штучна запаволены працэс фармавання беларускай нацыі пазбаўляе многіх беларусаў імунітэту супраць палітычнай прапаганды і маніпулявання масавай свядомасцю.
- Несвабодная, пазбаўленая канкурэнцыі і дэмакратычных механізмаў рэгулявання інфармацыйная прастора Беларусі вызначаецца тым, што дзяржаўныя медыя служаць інструментамі апалагетычнай для ўлады прапаганды, да таго ж нізкаякаснай. Нізкі рэйтынг афіцыйных беларускіх СМІ, засілле і агрэсіўная прапаганда расійскіх інфармацыйных каналаў, абмежаванасць альтэрнатыўных крыніц інфармацыі фармуюць у беларусаў скажоную каціну свету, што можа прывесці да сур’ёзных наступстваў, у тым ліку да расколу грамадства і пагрозы страты незалежнасці.
- Адукацыйная сістэма не зазнала сапраўднай посткамуністычнай рэформы, школа выхоўвае людзей паслухмяных, а не тых, хто можа крытычна мысліць і самастойна арыентавацца ў медыяпрасторы.
- Пры адноснай свабодзе інтэрнэту абмежаваныя моўныя кампетэнцыі большасці беларусаў не дазваляюць ім атрымліваць альтэрнатыўную інфармацыю з аўтарытэтных міжнародных крыніц.
- Большасць беларускіх педагогаў не разумеюць сутнасці медыяадукацыі, успрымаюць яе толькі як засваенне і тэхнічнае выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіяў. Міністэрства адукацыі не спяшаецца разупэўніваць іх у гэтым.
Міжнародныя стандарты медыяадукацыі і еўрапейскія практыкі іх рэалізацыі
Пачынаючы з 60-х гадоў ХХ стагоддзя, у педагагічнай навуцы вядучых краінаў свету сфармаваўся кірунак «Медыяадукацыя», закліканы дапамагчы школьнікам лепш адаптавацца ў інфармацыйным свеце, асвоіць мову сродкаў масавай інфармацыі, умець аналізаваць медыятэксты. Медыяадукацыя з'яўляецца важным інавацыйным складнікам педагогікі і методыкі навучання і адлюстраваннем сучасных працэсаў развіцця інфармацыйнага грамадства ва ўсіх развітых краінах свету.
У рэзалюцыях ЮНЭСКА неаднаразова падкрэслівалася важнасць і падтрымка масавай медыяадукацыі (канферэнцыi ЮНЭСКА ў Грунвальдзе, 1982 г.; у Тулузе, 1990 г.; у Парыжы, 1997 г.; у Вене, 1999 г.; у Сэвільі, 2002 г.; у Парыжы, 2007 і інш.) У рэкамендацыях ЮНЭСКА 2002 г. адзначаецца, што медыяадукацыя звязаная з усімі відамі медыя (друкаванымі, графічнымі, гукавымі, экраннымі і г.д.) і рознымі тэхналогіямі; яна дае магчымасць людзям зразумець, як масавая камунікацыя выкарыстоўваецца ў іх соцыуме, авалодаць здольнасцямі выкарыстоўваць медыя ў камунікацыі з іншымі людзьмі. Медыяадукацыя – частка асноўнага права кожнага грамадзяніна ўсякай краіны на свабоду самавыяўлення і атрыманне інфармацыі, яна спрыяе дэмакратыі. Прызнаючы адрозненні ў падыходах і развіцці медыяадукацыі ў розных краінах, рэкамендуюць, каб яна была ўведзена ўсюды, дзе магчыма, у межах нацыянальных навучальных планаў, у дадатковай, нефармальнай адукацыі і самаадукацыі на працягу ўсяго жыцця чалавека[9].
Важным этапам стала публікацыя ЮНЭСКА Праграмы навучання педагогаў медыйнай і інфармацыйнай пісьменнасці (2012 г.)[10], найважнейшага практычнага дакументу для дзяржаў-чальцоў, закліканага садзейнічаць дасягненню мэтаў медыйнай і інфармацыйнай пісьменнасці. Праграма абапіраецца на сучасныя тэндэнцыі канвергенцыі радыё, тэлебачання, Інтэрнэту, газет, кніг, электронных архіваў і бібліятэк на адну агульную платформу і створана з улікам патрэбаў педагогаў для інтэграцыі ў афіцыйную сістэму іх падрыхтоўкі.
У Рэкамендацыях Еурапарламента і Савета Еўропы аб ключавых кампетэнцыях навучання на працягу жыцця[11] сфармуляваны 8 груп базавых кампетэнцый, сярод якіх ёсць і інфармацыйная, якая ўключае свядомае і крытычнае карыстанне тэхналогіямі інфармацыйнага грамадства для працы, вольнага часу, зносінаў; камунікацыю і ўдзел у карпарацыйных сетках праз інтэрнэт:
Веды уключаюць разуменне і веданне прыроды, ролі і магчымасцяў тэхналогій інфармацыйнага грамадства (ТІГ) у паўсядзённым кантэксце: у асабістым і грамадскім жыцці ды на працы, разуменне магчымасцяў і патэнцыйных рызыкаў інтэрнэту і электронных камунікацый (электронная пошта, сацыяльныя сеткі) для працы, вольнага часу, абмену інфармацыяй і супрацоўніцтва, навучання і даследаванняў. Індывіды павінны разумець, як ТІГ могуць падтрымліваць творчасць і наватарства, быць дасведчанымі ў пытаннях надзейнасці даступнай інфармацыі, а таксама мець уяўленне наконт прававых і этычных прынцыпаў інтэрактыўнага карыстання ТІГ.
Неабходныя навыкі ўключаюць здольнасць пошуку, збору і апрацоўкі інфармацыі і выкарыстанне яе крытычным і сістэматычным чынам, з ацэнкай рэлевантнасці і адрозніваннем рэальнага ад віртуальнага пры карыстанні спасылкамі. Індывіды мусяць мець навыкі карыстання інструментамі для вытворчасці, прэзентацыі ды разумення складанай інфармацыі, а таксама здольнасць атрымліваць доступ, шукаць і карыстацца паслугамі інтэрнэту. Індывіды павінны таксама быць здольныя выкарыстаць ТІГ для падтрымкі крытычнага мыслення, творчасці і наватарства.
Каштоўнасная пазіцыя: Крытычнае і рэфлексіўнае стаўленне да даступнай інфармацыі і адказнае выкарыстанне інтэрактыўных сродкаў інфармацыі. Цікавасць і далучэнне да справаў супольнасцяў ды сетак з культурнымі, сацыяльнымі і/ці прафесійнымі мэтамі.
У апошняе дзесяцігоддзе ХХ стагоддзя ў такіх краінах, як Вялікабрытанія, ЗША, Францыя, Германія, Нарвегія, Данія прынятыя дзяржаўныя стандарты медыяадукацыі. Апошняя пераважна з'яўляецца часткаю школьных праграм, асобным прадметам або інтэгруецца ў прадметы, якія прадугледжваюць вывучэнне роднай мовы і культуры, грамадскіх навук. У Фінляндыі ў сярэдняй школе ёсць спецыяльны прадмет «Медыядыплом», які ўключае некалькі курсаў па медыя і з'яўляецца абавязковай дысцыплінай.
Інстытут сацыяльнай і палітычнай псіхалогіі Нацыянальнай акадэміі педагагічных навук Украіны распрацаваў Канцэпцыю ўкаранення медыяадукацыі ва Украіне. Акадэмія ўкраінскай прэсы ў партнёрстве з Інстытутам інавацыйных тэхналогій і зместу адукацыі Міністэрства адукацыі і навукі распрацавалі навучальную праграму для настаўнікаў, і з 2011 года пачаўся ўсеўкраінскі эксперымент па ўкараненні медыяадукацыі ў навучальна-выхаваўчы працэс агульнаадукацыйных установаў Украіны[12].
У Польшчы, як і ў іншых посткамуністычных краінах, вялікую ролю ў медыяадукацыі адыгрываюць адукацыйныя грамадскія арганізацыі. Прыкладам, грамадская арганізацыя Fundacja Nowoczesna Polska стварыла Каталог медыйных і інфармацыйных кампетэнцый[13], які перакладзены на шмат моваў і выкарыстоўваецца ў тым ліку і беларускімі настаўнікамі. Каталог змяшчае спіс медыя-інфармацыйных кампетэнцый для ўсіх узростаў – ад дашкольнага да навучання цягам усяго жыцця. Ён ахоплівае шырокі спектр тэмаў – такіх, як мова сродкаў масавай інфармацыі, здольнасць выкарыстоўваць інфармацыю, этыка і каштоўнасці пры карыстанні медыя, свабода слова і самавыяўлення.
Асаблівай увагі заслугоўвае досвед Швецыі, дзе медыяадукацыя афіцыйна інтэграваная ў нацыянальны навучальны план з 2000 года. Шведскія педагогі даўно пераарыентаваліся з «пратэкцыянісцкай» (абарона ад шкоднага ўздзеяння медыя) медыяадукацыйнай канцэпцыі на культуралагічную, у якую ўваходзіць развіццё крытычнага мыслення аўдыторыі.
Створаны з ініцыятывы Асацыяцыі газетных выдаўцоў Швецыі нацыянальны партал «Медыякомпас» займаецца пытаннямі медыяадукацыі грамадзян. Асаблівая ўвага надаецца настаўнікам і вучням. Раз на тыдзень у 11000 школ Швецыі прыходзіць рассылка з метадычнымі рэкамендацыямі да арганізацыі ўрокаў і пазаўрочных мерапрыемстваў. Звычайна прапануюць 2 відэасюжэты і некалькі актуальных падзеяў, якія абмяркоўваюцца ў краіне. Ёсць рубрыка “Медыя ў свеце”, якая тычыцца актуальных міжнародных падзеяў, распрацаваныя прыкладныя сцэнары заняткаў для розных класаў. Асновы журналістыкі вучні спасцігаюць у працэсе вырабу медыяпрадукту. Акрамя таго, для настаўнікаў і вучняў газеты ладзяць спецыяльныя дні адчыненых дзвярэй, экскурсіі, праводзяць заняткі ў рэдакцыі. І ўсё для таго, каб свядомыя педагогі і навучэнцы ўважліва і крытычна ставіліся да апублікаванай у розных медыя інфармацыі. “Медыякомпас” – прыклад добра распрацаванага метадычнага інструмента для павышэння ўзроўню медыяпісьменнасці настаўнікаў і вучняў. Да моманту заканчэння школы ўсе выпускнікі шведскіх устаноў адукацыі павінны авалодаць, апроч іншага, ведамі пра медыя ды іх ролю ў грамадстве, навыкамі і ўменнямі выкарыстоўваць сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі для пошуку інфармацыі і свайго далейшага развіцця.
Сітуацыя з медыяадукацыяй ў Беларусі
Як можна трансфармаваць замежны досвед для беларускай сістэмы адукацыі і стварыць канкурэнтаздольнае медыяадукацыйнае асяроддзе, каб не адстаць ад сусветных тэндэнцый развіцця медыяадукацыйных практык? Што мы ўжо зрабілі ў гэтым кірунку?
На падставе пункта 3 артыкула 154 Кодэкса Рэспублікі Беларусь Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь прыняла пастанову (26 снежня 2018 г. № 125) аб зацвярджэнні адукацыйных стандартаў агульнай сярэдняй адукацыі.[14] Стандарт тычыцца пачатковай, базавай і сярэдняй адукацыі. Метадалагічнай асновай стандрту з’яўляецца кампетэнтнасгны падыход, вылучаны прадметныя і метапрадметіныя вынікі засваення адукацыйнай праграмы, дзе закладзены пэўныя медыяадукацыйныя аспекты. Разгледзім некалькі прыкладаў.
Адным чаканых вынікаў пачатковай адукацыі з’яўляецца валоданне вучнмі асновамі ўмення вучыцца; гатоўнасць і здольнасць да супрацоўніцтва; уменне карыстацца рознымі крыніцамі інфармацыі пры арганізацыі самастойнай вучэбнай дзейнасці. Метапрадметныя вынікі засваення зместу адукацыйнай праграмы пачатковай адукацыі выяўляюцца ў тым, што навучэнец ажыццяўляе разумовую дзейнасць на адпаведным узроўні (аналіз, сінтэз, параўнанне, класіфікацыя, ўстанаўленне прычынна-следчых сувязяў, выяўленне заканамернасцей); прыслухоўваецца да чужога меркавання, выказвае сваё; ўмее фармаваць уласныя меркаванні; разумее пункт гледжання суразмоўцы, узгадняе свае дзеянні з улікам пазіцыі іншага; валодае ўменнямі і навыкамі зносін у вуснай і пісьмовай форме; у супрацоўніцтве з настаўнікам і самастойна выкарыстоўвае даведачную літаратуру, электронныя сродкі навучання, інструменты і прыборы для вырашэння навучальных і пазнавальных задач; разумее і супастаўляе інфармацыю, прадстаўленую ў выглядзе тэксту, малюнка, схемы, табліцы.
Як бачым, ужо на ўзроўні пачатковага навучання актуалізуюцца навыкі крытычнага мыслення і асновы медыяграматнасці.
Адукацыйны стандарт базавай адукацыі вызначае наступныя чаканыя вынікі адносна медыяграматнасці: навучэнец ўмее атрымліваць інфармацыю, у тым ліку з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, крытычна ўспрымае інфармацыю, атрыманую з розных крыніц.
Пры ажыццяўленні адукацыйнага працэсу найбольш дзейснымі з’яўляюцца адукацыйныя і інфармацыйныя тэхналогіі, якія ўключаюць значную для навучэнцаў дзейнасць, звязаную з выбарам навучальных дзеянняў, самастойным выкананнем розных відаў работ на аснове як зададзеных алгарытмаў, так і ўласна спраектаваных спосабаў выканання вучэбных і практыкаарыентаваных заданняў, калектыўных і індывідуальных праектаў.
Менавіта гэтыя прынцыпы леглі ў аснову новага падручніка «Грамадазнаўства» у IX класе[15], які быў падрыхтаваны ў адпаведнасці з вучэбнай праграмай для 9 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, зацверджанай Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь у 2019 годзе. Ён складаецца з чатырох раздзелаў: “Чалавек”, “Дзейнасць, зносіны, узаемадзеянне”, “Асоба, грамадства, дзяржава”, “Чалавек у свеце культуры”. Ёсць слоўнік асноўных паняццяў, памяткі для работы з інфармацыяй і медыятэкстамі. Вывучэнне гэтага прадмета садзейнічае падрыхтоўцы вучняў да выканання асноўных сацыяльных роляў, ўзаемадзеянні з іншымі людзьмі і сацыяльнымі інстытутамі сучаснага грамадства, вызначэнню шляхоў канструктыўнай самарэалізацыі
Новы падручнік інтэрактыўны, кампетэнтнасна арыентаваны, створаны на нацыянальным матэрыяле, з прывабнай яркай вокладкай, зручным і зразумелым “інтэрфейсам”, медыяадукацыйнымі заданнямі.
Кожны параграф пачынаецца з уступнай інфаграфікі, якая выразна і кампактна рэпрэзентуе змест тэмы і ключавое пытанне для абмеркавання на вучэбных занятках. “Інфаграфіка з’яўляецца сродкам візуалізацыі інфармацыі і выкарыстоўваецца там, дзе аб’ёмную і складаную інфармацыю трэба прадставіць кампактна. Рубрыка “Пошук” арыентуе на самастойную работу з інфармацыяй, яе пошук і праверку, “Абмяркоўваем і дыскутуем” прапануе праблемныя пытанні і актуальныя тэмы для абмеркавання, а ў рубрыцы “Вырашаем задачу, разбіраем сітуацыю” прадстаўлены вучэбныя і практычныя задачы, жыццёвыя сітуацыі. Па кожнай тэме, што вывучаецца, прапануюцца ідэі для міні-праектаў, якія можна выконваць як у групах, так і індывідуальна.
Пры планаванні працы з медыяадукацыйным зместам рэкамендуецца выкарыстоўваць метады, якія дазваляюць звязаць навучальны матэрыял з асабістым сацыяльным вопытам (дыскусія, дзелавая гульня, метад праектаў, кейс-метад і іншыя), практыкумы, на якіх замацоўваюцца тэарэтычныя веды і развіваюцца ўменні прымяняць іх пры рашэнні пазнавальных і практычных задач, навучальныя даследаванні, працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі, публічна прадстаўляць вынікі даследчай і творчай дзейнасці[16].
У патрабаваннях да вынікаў засваення зместу адукацыйнай праграмы сярэдняй адукацыі вызначаны наступныя медыя інфармацыйныя кампетэнцыі: вучань валодае тэхналогіямі пошуку, адбору, апрацоўкі, захоўвання, перадачы інфармацыі, у тым ліку выкарыстоўвае інфармацыйныя камунікацыйныя тэхналогіі ў адпаведнасці з вучэбнымі і камунікацыйнымі задачамі; самастойна арыентуецца ў розных крыніцах інфармацыі; крытычна ўспрымае інфармацыю, атрыманую з розных крыніц, пісьменна інтэрпрэтуе і выкарыстоўвае яе ў адукацыйных і агульнакультурных мэтах.
Як бачым, адукацыйны стандарт, які вызначае змест праграмы пачатковай, базавай і сярэдняй адукацыі з улікам дасягненняў сучаснай навукі, прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі, грунтуецца на сістэмным падыходзе да асэнсавання актуальнасці медыя і інфармацыйнай пісьменнасці падрастаючага пакалення. Адпаведна вызначаным прыярытэтам паступова абнаўляецца змест праграм і падручнікаў.
Але, перадусім нельга не адзначыць адсутнасць самога паняцця “медыяадукацыя”, “медыяпісьменнасць” у афіцыйных дакументах.
Медыяадукацыйны кірунак у Беларусі быў запачаткаваны дзякуючы ініцыятыве грамадскіх арганізацый і з нефармальнай паступова распаўсюджваецца на фармальную сістэму адукацыі. У дакуменце прапановаў у галіне адукацыйнай палітыкі Асамблеі НДА вылучаны цэлы раздзел, прысвечаны медыяадукацыі, як прыярытэтным кірунку і сфармуляваны рэкамендацыі грамадскаму сектару[17]. Лідэрамі медыяадукацыйнага кірунку з’яўляюцца агульнанацыянальныя грамадскія аб’яднанні – Таварыства беларускай школы і Беларуская асацыяцыя журналістаў. Іх адукацыйная дзейнасць найперш скіраваная на дзве мэтавыя групы: педагогаў і журналістаў.
У 2013—2019 гг. па ініцыятыве Таварыства беларускай школы сумесна з Медыя-інстытутам FOJO (Швецыя) і іншымі адукацыйнымі арганізацыямі быў праведзены шэраг семінараў і летніх школ для соцень педагогаў. Больш за 30 педагогаў і метадыстаў прынялі ўдзел у адукацыйных стажах у Швецыі, Украіне, Чэхіі, Славаччыне. Мэтай гэтых сумесных мерапрыемстваў было пазнаёміць настаўнікаў з еўрапейскім досведам медыяадукацыі, навучыць уменням дэкадаваць медыяпаведамленні, адаптаваць замежны досвед для беларускай сістэмы адукацыі.
Беларускія настаўнікі пазнаёміліся з сістэмай медыяадукацыі розных краінаў, наведалі школы і гімназіі, сустрэліся з тамтэйшымі педагогамі і паўдзельнічалі у медыяадукацыйных занятках разам са старшакласнікамі. У выніку яны выступілі ініцыятарамі стварэння беларускіх медыяадукацыйных асяродкаў, запачаткавалі інавацыйныя праекты ў сваіх школах, адаптавалі замежныя матэрыялы і стварылі ўласныя, якія выкарыстоўваюцца для эфектыўнай працы ва ўстановах адукацыі Беларусі. Настаўнікі стварылі некалькі інтэрнэт-пляцовак для абмену досведам у медыяадукацыі і актыўна ўключыліся ў працу па абнаўленні зместа праграм і падручнікаў.
Так, сёння працуе пастаянна дзейны семінар на базе Цэнтра праблем развіцця адукацыі БДУ; у АПА праводзяцца семінары на тэмы “Медыяадукацыя” і “Медыякультура”; некалькі педагогаў-лідараў выбралі тэму медыяадукацыі для сваіх дысертацыйных працаў; у 2018 годзе завяршыўся інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фармавання медыякультуры вучняў ва ўмовах сучаснага інфармацыйна-камунікацыйнага асяроддзя” над якім тры гады працавалі 27 устаноў адукацыі.
Педагогі і метадысты карыстаюцца падручнікам-навігатарам для настаўнікаў “Медыяадукацыя ў школе”, напісаным групай педагогаў і метадыстаў у 2016 годзе. Таварыствам беларускай школы быў ініцыяваны праект па стварэнню інтэрактыўных метадычных рэсурсаў для арганізацыі медыяадукацыйных заняткаў у школе і інтэграцыі медыя ў сістэму ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці Media Toolkit, размешчаны на адукацыйным партале nastaunik.eu. Спецыяльныя фільтр і тэгі дазваляюць падабраць тыя, ці іншыя практыкаванні для розных узроставых груп і развіцця пэўных медыя кампетэгнцый. Рэсурс папаўняецца новымі практыкаваннямі.
Тэма медыяадукацыі актыўна абмяркоўваецца падчас не канферэнцый у фармаце EdCamp - нефармальнай дыскусiйнай пляцоўкі для абмену вопытам сярод беларускіх настаўнікаў. Педагогі прапануюць майстар-класы, урокі для дарослых, трэнінгі па фарміраванні ключавых кампетэнцый, сярод якіх медыяпісьменнасць і крытычнае мысленне.
Штогод па ініцыятыве Таварыства беларускай школы праводзіцца конкурс для творчых падлеткаў і школьных медыя “Лаві фэйк”. Конкурс узнік у адказ на патрэбу моладзі ў творчым самавыражэнні праз медыя, павышэнні ўласнай медыя-інфармацыйнай каметэнтнасці і крытычнага мыслення. Школьнікі прысылаюць шмат цікавых медыйных праектаў у намінацыях: “мультымедыя”, “графічныя медыя”, “тэкставыя медыя”, “інтэрактыўныя медыя”.
Такім чынам, дзякуючы ініцыятывам “знізу” пашыраецца абазнанасць беларускіх педагогаў у медыяадукацыі і медыякультуры.
Разам з пашырэннем медыяадукацыйнай практыкі развіваецца і тэарэтычная база. Найперш варта адзначыць групу навукоўцаў Цэнтра развіцця адукацыі БДУ пад кіраўніцтвам Аляксандра Палоннікава. Навукоўцы вызначаюць шляхі далейшага развіцця медыяадукацыі ва ўмовах інерцыйнасці і крызісу традыцыйнай дыдактыкі. Перашкодаю для творчага ўдзелу адукацыі ў фармаванні і пераўтварэнні культурна-цывілізацыйнага ландшафту сучаснай Беларусі ім бачыцца хранічна запозненая рэакцыя на медыятрансфармацыі адукацыйных інстытуцыяў, якія да таго ж імкнуцца закранаць толькі тэхнічныя аспекты медыйных зменаў, падмяняюць паняцце медыяпісьменнасці як арыентацыі асобы ў семантычным свеце і медыяпрактыках сучаснай культуры[18]
У 2018 годзе прайшоў фестываль педагагічных ідэй «Медыяадукацыя ў сучаснай школе: вопыт, праблемы, перспектывы», арганізаваны Таварыствам беларскай школы. Асноўнай мэтай фестываля было выяўленне і распаўсюджванне інавацыйных ідэй у сферы развіцця медыяпісьменнасці як ключавой кампетэнцыі навучэнцаў; абмен педагагічным вопытам выкарыстання эфектыўных медыяадукацыйных практык і пашырэнне прасторы прафесійных зносін. У фестывалі прынялі ўдзел больш за 90 прадстаўнікоў педагагічнай грамадскасці з розных регіенаў рэспублікі, сярод якіх былі прадстаўнікі белрускага дзяржаўнага ўніверсітэту, удзельнікі інавацыйных пляцовак, прадстаўнікі рэгіянальных метадычных служб і сістэмы дадатковай адукацыі дарослых. У межах фестывалю прайшоў шэраг прэзентацый, майстар-класаў, ўрокаў для дарослых, правядзенне якіх дало магчымасць настаўнікам прадэманстраваць свае педагагічнае майстэрства і запазычыць у сваіх калег новыя формы і прыемы працы, якія можна выкарыстаць на ўроках.
14 лістапада 2019 года адбылася анлайн трансляцыя міжнароднай інтэрнэт-канферэнцыі «МEDIA адукацыя: міжнародны вопыт, практыка, перспектывы». Па выніках канферэнцыі быў публікаваны зборнік навукова-метадычных артыкулаў. Мерапрыемства праводзілася дзяржаўнай установай адукацыі «Акадэмія паслядыпломнай адукацыі» сумесна з «Харкаўскай акадэміяй непрырыўнай адукацыі» і «Таварыствам беларускай школы». Для ўдзелу ў канферэнцыі зарэгістравалася 232 прадстаўнікі педагагічнай супольнасці Беларусі, Украіны, Расіі і Кыргызстана, што сведчыць пра актуальнасць медыяадукацыі ў сучаснай адукацыйнай прасторы. Удзел у міжнароднай інтэрнэт-канферэнцыі дазволіў педагогам падзяліцца сваім вопытам у галіне фарміравання медыяпісьменнасці навучэнцаў і абмеркаваць навукова-метадычныя напрамкі і тэндэнцыі ў сферы медыяадукацыі.
Разам з тым было б перабольшаннем сказаць, што медыяадукацыя стала агульнапрынятай практыкай у нашай краіне. Мы ўсё яшчэ маем справу з ініцыятывамі і досведам энтузіястаў – як асобных спецыялістаў, так і арганізацый, найперш недзяржаўных, грамадскіх – але не з масавай з'явай, а пагатоў не з рэалізацыяй агульнанацыянальнай праграмы навучання навыкам жыцця ў свеце інфармацыі. Акрамя таго, сітуацыя ў свеце, звязаная з распаўсюджваннем каронавіруса, “інфадэміяй”, вымушанай ізаляцыяй і няроўным доступам да якаснай адукацыі некаторых вучняў, патрабуе ўсведамлення шэрагу медыяадукацыйных праблем:
- адсутнасць цэласнай канцэпцыі медыяадукацыі на дзяржаўным узроўні;
- адсутнасць адзінага падыходу да разумення сутнасці медыяадукацыі, прыярытэт тэхнакратычнага аспекту: арыентацыя пераважна на ліквідацыю камп’ютарнай непісьменнасці, ўкаранеее ІКТ, тэхнічных сродкаў, ухіл у галіну IT тэхналогій;
- розны ўзровень і розная ступень развітасці інфраструктуры інфармацыйнай падрыхтоўкі і забеспячэння тэхнічнымі сродкамі ў розных рэгіёнах Беларусі. Спроба арганізаваць роўны доступ да атрымання вучэбнай інфармацыі праз дыстанцыйнае, анлайн навучанне не ва ўсіх педагогаў атрымалася з-за адсутнасці добрага доступу да інтэрнэту і тэхнічных магчымасцей сем’яў;
- стыхійнасць, факультатыўнасць (толькі пачатковая школа), неабавязковасць медыяадукацыі ў адукацыйных ўстановах;
- невялікая колькасць кваліфікаваных педагагічных кадраў (мультыплікатараў), медыяпедагогаў закліканых забяспечваць медыя інфармацыйную падрыхтоўку як педагогаў, так і вучняў;
Зважаючы на беларускія рэаліі, мы разглядаем медыяадукацыю як працэс з наступнымі мэтамі і прынцыпамі:
- стымуляваць у асобы фармаванне трывалай каштоўнаснай парадыгмы, якая ўключае ў сябе асноўныя правы і свабоды, беларускую нацыянальна-моўную і еўраатлантычную цывілізацыйную ідэнтычнасць – найбольш эфектыўны фільтр для нейтралізацыі шкодных маніпуляцыйных уздзеянняў;
- вучыць здабываць патрэбную інфармацыю, пры гэтым не абмяжоўвацца рамкамі засваення новых інфармацыйных тэхналогій;
- вучыць аналізаваць інфармацыю, крытычна ставіцца да яе, усталёўваць самыя дасканалыя фільтры, аднак не разглядаць медыя як праблему ці пагрозу, не абмяжоўваць доступу да інфармацыі;
- вучыць разумець небяспеку, якую нясуць медыятэхналогіі, аднак не абмяжоўвацца абаронай ад шкоднага ўздзеяння медыя і рэкламы;
- вучыць уменню распазнаваць вонкавыя маніпуляцыйныя ўплывы на асобу і грамадства ў фармаце інфармацыйнай вайны, у тым ліку скіраваныя на змену нацыянальнай і цывілізацыйнай ідэнтычнасці;
- вучыць выкарыстоўваць усю моц новых мэдыятэхналогій для актыўнага ўдзелу ў стварэнні медыяпрасторы, данясення сваёй пазіцыі, аднак патрабаваць этычнага і адказнага стаўлення, каб выкарыстоўваць тэхналогіі добра і разумна;
- прыцягваць больш шырокі і сучасны кантэнт у звыклыя сродкі навучання, падыходы і педагагічныя практыкі, каб развіваць крытычнае мысленне;
- не супрацьпастаўляць звычайныя друкаваныя медыя лічбавым, не разглядаць іх з пазіцыі канкурэнцыі.
- праводзіць шырокую інфармацыйна-тлумачальную працу: арганізоўваць канферэнцыі, семінары, трэнінгі, якія аб'ядноўваюць спецыялістаў у галіне медыяадукацыі.
Варыянты палітыкі і перспектывы ў галіне медыяадукацыі
Трэба зазначыць, што сістэматычнае і паслядоўнае ўключэнне медыяадукацыі ва ўсе ўзроўні сістэмы адукацыі немагчыма пры адсутнасці адпаведнай агульнанацыянальнай палітыкі. Стартавым пунктам для гэтага павінна быць вызначаная нацыянальная палітыка ў галіне адукацыі, скіраваная ў тым ліку на ўзгадаванне свядомага і свабоднага грамадзяніна незалежнай беларускай дзяржавы. Палітыка ў галіне медыйнай і інфармацыйнай пісьменнасці павінна быць узаемазвязаная з рэальна дзейснымі канстытуцыйнымі гарантыямі правоў і свабодаў асобы, адпаведнымі законамі аб свабодзе інфармацыі, з безумоўным выкананьнем міжнародных актаў у пытаннях свабодаў і правоў чалавека.
Аднак палітыка Рэспублікі Беларусі ў галіне медыйнай і інфармацыйнай пісьменнасці дакладна не сфармуляваная, няма канцэпцыі ўкаранення медыяадукацыі ў Беларусі, не вызначаны на афіцыйным узроўні медыйныя і інфармацыйныя кампетэнцыі як арыенцір для адукатараў. Больш за тое, адсутнасць дэмакратычных свабодаў у спалучэнні з фактычным прызнаннем недэмакратычнага рэжыму еўрапейскімі структурамі пазбаўляе беларусаў надзеі, што такая палітыка будзе сфармулявана ў бліжэйшы час пад уплывам вонкавых чыннікаў.
Таму менавіта грамадскія арганізацыі, журналісты і педагогі як асобы ў бліжэйшы час будуть адыгрываць асноўную ролю ў прапагандзе і падтрымцы медыйнай ды інфармацыйнай пісьменнасці грамадзян.
Ключавым момантам для фармавання праграмы навучання медыйнай і інфармацыйнай пісьменнасці становіцца дыскусія на тэму «Палітыка і перспектывы ў галіне медыйнай і інфармацыйнай пісьменнасці, ўздзеянне на адукацыйную сістэму і падрыхтоўку педагогаў", аналіз наяўнай сітуацыі з гледзішча магчымасцяў рыхтаваць медыйна і інфармацыйна пісьменных грамадзян. І, нарэшце, дыскусія мае прыцягнуць увагу да ролі педагогаў у фармаванні медыйна і інфармацыйна пісьменнага грамадства ў цэлым.
Наступныя прапановы кірункаў адукацыйнай палітыкі, якія даўно наспелі, сфармуляваныя ў форме пажаданняў, бо залежаць не столькі ад адукатараў і адукацыйных арганізацый, колькі ад агульнапалітычных зменаў у Беларусі ў бок дэмакратыі.
Прыярытэтнымі кірункамі развіцця ў Беларусі эфектыўнай сістэмы медыяадукацыі павінны быць:
- павышэнне псіхалагічнай устойлівасці грамадзян у кантакце з медыякантэнтам найперш праз фармаванне і ўмацаванне ўласнай сістэмы каштоўнасцяў асобы, якая ўключае ў сябе нацыянальна-моўную і цывілізацыйна-культурную ідэнтычнасць;
- прыцягненне ўвагі да важнасці медыйнай адукацыі праз арганізацыю шырокай дыскусіі, наладжванне паўнавартаснага грамадскага дыялогу – найперш у сродках масавай інфармацыі – пра новую ролю медыя ў інфармацыйным грамадстве, пра небяспекі і магчымасці, якія нясуць новыя медыя, пра ролю СМІ у фармаванні масавай свядомасці, пра выкарыстанне прапаганды і наступствы інфармацыйных войнаў;
- наладжванне супрацы паміж самімі медыя, грамадскімі структурамі, установамі фармальнай адукацыі, педагогамі, псіхолагамі, журналістамі з мэтай аптымізацыі медыя-адукацыйнай дзейнасці;
- у фармальнай адукацыі – стварэнне стандарту медыйнай адукаванасці, які б вызначыў спіс абавязковых для засваення вучнямі кампетэнцый, удакладніў змест кампетэнтнаснай мадэлі выпускніка ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, стаў асновай для планавання працы і абнаўлення праграм развіцця гэтых установаў, дапамог змяніць вучэбныя праграмы, стаў арыенцірам для настаўнікаў пры распрацоўцы вучэбных і пазакласных заняткаў;
- стварэнне сістэмы школьнай медыяадукацыі, якая прадугледжвае распрацоўку навукова і псіхалагічна абгрунтаваных навучальных праграм для агульнаадукацыйных школ, садзейнічанне інтэграцыі медыяадукацыйных элементаў у навучальныя праграмы розных прадметаў, укладанне факультатыўных медыяадукацыйных праграм для падлеткаў, укараненне курсу медыякультуры, актывізацыя гуртковай працы, фота-, відэа-, анімацыйных студый, школьных прэс-цэнтраў, іншых пазакласных формаў вучнёўскай творчасці з медыяадукацыйным кампанентам;
- павышэнне кваліфікацыі кіраўнікоў, настаўнікаў, метадыстаў, выкладчыкаў ВНУ і ІРА ў праблемах медыяадукацыі як праз спецыяльныя курсы, так і праз уключэнне тэмы ў іншыя праграмы павышэння кваліфікацыі;
- улучэнне медыяадукацыі ў стандарты прафесійнай падрыхтоўкі медыя-педагогаў і медыя-псіхолагаў для сістэмы адукацыі, спецыялізаваных навучальных курсаў для падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі спецыялістаў медыя-адукацыйнага профілю на базе вышэйшай педагагічнай і псіхалагічнай адукацыі;
- актывізацыя супрацы ўсіх зацікаўленых структураў грамадзянскай супольнасці з мэтай правядзення міждысцыплінарных даследаванняў па праблемах медыяпісьменнасці і ўплыву медыя на людзей.
- арганізацыя з удзелам грамадскіх аб'яднанняў, медыя-вытворцаў, педагогаў семінараў, курсаў, гурткоў медыяадукацыі, уключаючы курсы для настаўнікаў, дзяцей рознага ўзросту, бацькоў, творчых студый для дзяцей і моладзі, дзіцячыя і моладзевыя фэсты, конкурсы, праекты мясцовага і агульнанацыянальнага ўзроўню;
- наладжванне паўнавартаснага грамадскага дыялогу з мэтай аптымізацыі медыя-адукацыйнай дзейнасці саміх медыя, павышэнне псіхалагічнай і педагагічнай кампетэнтнасці работнікаў моладзевых рэдакцый розных медыя, паляпшэнне якасці дзіцячых і моладзевых праграмаў;
- заахвочванне настаўнікаў і дапамога ім у выкарыстанні інструментаў медыяадукацыі на ўроку і па-за ім; настаўнік павінен уводзіць у выкладанне прадмета актуальныя навіны і на гэтым матэрыяле фармаваць крытычнае мысленне, вучыць арыентавацца ў плыні інфармацыі;
- пры навучанні моладзі медыйнай пісьменнасці фармаваць аўтарскія здольнасці, адказнасць, выпрацоўваць этычныя нормы і правілы паводзін у інфармацыйнай прасторы.
- распрацоўка тэхналогіі ацэнкі (міні-даследванні ў розных рэгіенах Беларусі) і сістэматызацыі сучасных практык развіцця медыяпісьменнасці ў Рэспубліцы Беларусь;
- медыяпісьменнасць павінна быць неад’емным правам ўсіх грамадзян, таму важна ўцягваць у працэс медыядукацыі педагогаў, бацькоў, мясцовую супольнасць, людзей , якія ўплываюць на палітыку ў сферы адукацыі.
Высновы
Такім чынам:
- Існуе феномен медыяадукацыі – складнік як грамадзянскай адукацыі, так і педагагічнай практыкі.
- З’яўленне медыяадукацыі выклікана развіццём медыясродкаў, яго пазітыўнымі і негатыўнымі наступствамі.
- Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, пэўныя захады дзеля фармавання медыяпісьменнасці грамадзян робяцца і ў нашай краіне.
- Медыя і камунікацыі знаходзіцца ў працэсе пастаяннай трансфармацыі, таму падыходы да медыяадукацыі таксама павінны мяняцца.
- Патрэбныя практычныя захады дзеля развіцця медыяадукацыі ўсіх пластоў грамадства, укараненне медыяадукацыі ў дзяржаўную адукацыйную сістэму Рэспулікі Беларусь, у першую чаргу ў сістэму школьнай адукацыі і дадатковай адукацыі педагогаў.
Бібліяграфія
[3] Халперн, Д. Психология критического мышления – СПб.: Издательство «Питер», 2000. – 512 с.
[5] Мікалай ЗАПРУДСКІ, Застацца ў жывых, або інструкцыя па выжыванні ў медыяасяроддзі. Настаўніцкая газета, 02.12.2014
[6] Кириллова, Н. Б. Медиакультура: от модерна к постмодерну/ Н. Б. Кириллова. – М.: Академический проект, 2005
[9] Рэкамендацыі Севільскай канферэнцыі "Медыяадукацыя моладзі"
(ЮНЭСКА, 2002) http://www.unesco.ru/rus/pages/bythemes/stasya26012005152727.php
[10] UNESCO: Media and Information Literacy Curriculum for Teachers, 2011 http://unesdoc.unesco.org/images/0019/001929/192971e.pdf
[11] Рэкамендацыі Еурапарламента і Савета Еўропы аб ключавых кампетэнцыях навучання на працягу жыцця (2006/962/EC) Recommendation on key competences for lifelong learning, (2006/962/EC), 18.12.2006
http://eur-lex.europa.eu/legal-content/EN/TXT/?uri=CELEX%3A32006H0962
[12] Концепції впровадження медіа-освіти в Україні http://www.medialiteracy.org.ua/index.php/19-уpublikatsii/164-kontseptsiya-vprovadzhennya-media-osvity-v-ukrayini.html
[13] „Katalog kompetencji medialnych i informacyjnych” , https://nowoczesnapolska.org.pl/wp-content/uploads/2012/05/Cyfrowa-Przys...
[16] Рекомендации по организации образовательного процесса по учебному предмету «Обществоведение» в 2019/2020 учебном году
[17] Прапановы Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі. Адукацыйная палітыка, http://issuu.com/assembly_of_ngos/docs/adukacyjnaja_palityka
[18] Александр Полонников, Алла Барченок. К вопросу о кризисе современного белорусского образования, Наша адукацыя, зборнік артыкулаў, Мінск, 2012 https://nastaunik.eu/sites/default/files/page/files/nasa-adukacyja.pdf