З развіццём інтэрнэта ўсё таемнае, усё тое, што камусьці хацелася б скрыць, схаваць ад чужых вушэй і вачэй, становіцца яўным. І выпаўзае вонкі подленькая сутнасць чалавека, яго мярзотнае нутро. Асабліва прыкра назіраць за гэтым, калі гаворка пра настаўніка. Сёння настаўнік не проста настаўнік, ён – ідэолаг, які вымушаны дрэсіраваць падначаленых яму дзяцей у рэчышчы патрабаванняў паноўнай ідэалогіі. А тыя “неразумныя” супраціўляюцца. І робяць аўдыё-відэазапісы, і выкладваюць іх у інтэрнэце.
Вось слухаю на адным такім запісе, як адміністратарка адной з сталічных гімназій (назавем яе Інэсай Гаўрылаўнай) заганяе навучэнцаў у БРСМ. Навучэнцы не хочуць, супраціўляюцца, патлумачваюць, што бацькі супраць.
– Ды што гэта такое! – абураецца Інэса Гаўрылаўна. – Гэта антысаветчына нейкая!..
Потым спахапілася, што слова “антысаветчына” дзеці ХХІ стагоддзя не зразумеюць (гэта для яе, дачкі СССР, антысаветчына – найвялікшы грэх), і паправілася:
– Гэта антыбеларушчына нейкая! Вы, што, не патрыёты? Вы павінны разумець, што калі сказала радзіма, камсамол адказаў “Ёсць!” Вы павінны гэта зрабіць! Вы не даражыце гонарам гімназіі.
Адчуваеце характэрныя ідэалагічыя штампы?
– Ды не будзем мы ўступаць, – пратэстуюць вучні. – Каму гэта трэба на сходах навыцяжку сядзець?
– Як “каму трэба”? – гневаецца начальніца на “неразумных” дзяцей. – Радзіме трэба! Вы ж грамадзяне Рэспублікі Беларусь і павінны выканаць свой патрыятычны доўг!
Але патрыятычныя заклікі не дзейнічаюць. І яна выдае праўдзівы аргумент:
– Наша гімназія лепшая ў горадзе. І калі будзе не сто працэнтаў уступлення ў БРСМ, нам скажуць: ды што гэта за выхаваўчая праца ў гімназіі. Пачнуцца розныя праверкі. Мне гэта трэба? Так што, хочаце вы ці не хочаце, вазьміце ў зубы гэты білет, пакладзіце дома на палічку і ўсё! Гэта я ўжо з вамі, як з дарослымі, размаўляю. Вы, што, не падтрымліваеце палітыку прэзідэнта?
– Не падтрымліваем.
– Ганьба для гімназіі. На алімпіядах, на розных конкурсах першыя месцы. А тут нейкі задрыпаны БРСМ зрабіць не можам.
Далей яна ўгаворвае, што і заявы сама напіша і складкі за іх сплочваць будзе з сваёй кішэні, ім трэба толькі падпісаць заяву і здаць фотаздымак. Пужае, што без членскага білета БРСМ іх не прымуць у іншыя навучальныя ўстановы.
– Вы, што, не разумееце, што вы ўсе даўно ўжо там? І ўсё ўжо заплочана! Давайце фатаграфавацца.
Называе прозвішча дзяўчыны. Тая адмаўляецца. Яе моўчкі ці рэплікамі падтрымліваюць. Клас не хоча ўступаць у “задрыпаны БРСМ”. І яна зноў выбухае:
– Вы не разумееце! Гэтая лічба гімназіі патрэбна. Вы можаце нават не браць гэты білет, калі не хочаце. Нам трэба сто працэнтаў! А калі нехта пачне свае фінцеля паказваць, у нас не будзе гэтых сто працэнтаў! Цяпер кожная школа змагаецца нават за паўпрацэнта! – тут у яе вылузваюцца жаласлівыя ноткі. – І нам трэба дапамагчы. Разумееце гэтае слова: да-па-маг-чы. Вось калі вам мама кажа: трэба выкапаць бульбу. Вы сабраліся і пашлі капаць.
– А ў БРСМ мама кажа: не трэба, – устаўляе хтосьці з вучняў.
Тут уключаецца мужчынскі голас. Гэта, хутчэй, голас класнага кіраўніка.
– Рабяты, я нешта не разумею. Перад вамі намесніца дырэктара па выхаваўчай працы. Стаіць, распінаецца перад вамі. У чым ваша праблема? Вы хочаце ўсе разам пайсці да дырэктара? Вам атэстат атрымліваць. І сапсаваць гэта сваімі вось такімі паводзінамі – гэта як два пальцы…(тут ён зрабіў паўзу, каб пракаўтнуць слова, якое ледзь не сарвалася з языка). А вы сядзіце і ржоце!
– Што гэта за пазіцыя грамадзянская такая? – дадае адміністратарка. І звяртаецца да мужчыны. – Фатаграфуйце.
Той называе прозвішча дзяўчыны.
– Я не буду, – адказвае яна.
– Ты мяне пачула ці не? – пагрозліва запытвае мужчына. – Цябе толькі сфатаграфую і ўсё.
– Я не буду, – паўтарае дзяўчына…
Шкада мне гэтую адміністратарку. З аднаго боку, яна разумее (хаця я і не ўпэўнены ў гэтым) абсурднасць сваіх паводзін, з іншага боку, ёй, жанчыне пенсійнага ўзросту, не хочацца губляць больш-менш прыстойны заробак. Да таго ж, яна не ўмее, не навучана супраціўляцца неразумным патрабаванням вышэйпастаўленых. Яна выдрэсіравана на формуле “Партыя сказала: трэба! – камсамол гукнуўся: ёсць!” Партыя не можа памыляцца! І “камсамолу” не варта задумвацца, трэба насамрэч тое каму ці не трэба. “Камсамолу” ўвогуле не варта думаць, за яго думае “партыя”. Але “камсамол” сёння нейкі не такі, ён – бач ты! – думае. І ў гэтым думанні робіць высновы, якія не ўкладваюцца ў паняцці старой жанчыны.
Здавалася б, ну што тут такога: не хочаш уступіць у БРСМ, дык хаця б пагуляй у гэтае ўступленне: падпішы заяву, якую я за цябе напішу, атрымай членскі білет і закінь яго куды далей. Нават складкі я за цябе плаціць буду! Але малады чалавек не хоча гуляць у дурныя гульні. Не хоча настолькі, што паказвае “фінцеля”, рызыкуючы сапсаваць адносіны з дырэктаркай гімназіі і стварыць сабе істотныя праблемы існавання ў гімназіі. І бацькі – якія ў яго неразумныя бацькі! – не асуджаюць яго, а падтрымліваюць. Што за свет стварыўся?! Як жыць у гэтым свеце?
А свет сапраўды змяняецца. Людзі ўжо не жывуць па прынцыпе “партыя сказала – ты рабі!” Сказалі капаць – капай! Сказалі шыхтавацца – шыхтуйся! Сказалі біць – бі! Сказалі страляць – страляй!
Сказалі ўступаць – а ён не ўступае! Пагражаюць выключэннем з гімназіі – а ён не баіцца! Бацьку штраф прысудзілі за тое, што выйшаў на вуліцу, – а ён зноў туды йдзе! Сказалі не крычаць “Жыве Беларусь!”, а ён крычыць. Як гэта?! Чаму?! Як яго прымусіць выконваць? Ну нейкія зусім непатрыятычныя людзі растуць! Радзіме трэба, каб сядзелі на сходах навыцяжку і гнеўна асуджалі тых, на каго адміністратар пальцам пакажа. А яны не хочуць! Ды яшчэ смяюцца. Ды яшчэ запісваюць на свае гаджэты, каб смяяўся ўвесь свет.
Няўтульна жанчыне ў такім свеце. Усё яе камуністычнае нутро пратэстуе. Але што рабіць?
А я скажу, што рабіць. Сыдзі, даражэнькая, на пенсію і паназірай, ці разваліцца гэты няправільны свет, населены “неразумнымі”. А мо, у ім і патрыятызму, і парадку болей стане? Сыдзі, адступіся, не адцягвай гэта надоўга. Бо, калі спознішся, то атрымаеш тое, што атрымала твая калега з іншай гімназіі, якую на цырымоніі апошняга званка адзін з лепшых выпускнікоў назваў подлай. Можна паўшчуваць хлопцу, што зрабіў гэта не адразу, як пабачыў подласць, тады абачліва прамаўчаў, а выгукнуў толькі на выхадзе з гімназіі. Яго можна зразумець. І гэта таксама нехта запісаў і выклаў у інтэрнэце.
Бяда з гэтым інтэрнэтам! Мо, забараніць яго? Толькі ж як?!
Але ж сонца назад не павернеш. Прагрэс пранікае туды, куды не кожнаму чалавеку хочацца яго пускаць. І трэба вучыцца рабіць так, каб потым не сорамна было перад адкрытым светам.