Урфін Джус і яго драўляныя салдаты

26.09.2020

Ужо і не помню сюжэт гэтай фантастычнай казкі, якую чытаў у далёкім дзяцінстве. Помню толькі, што нейкі помслівы злодзей, прагнучы ўлады, з бярвенняў вырабляў салдат, ажыўляў іх нейкім чароўным парашком, і яны былі гатовыя выканаць любы яго загад.

Назіраючы падзеі апошніх тыдняў, не перастаю здзіўляцца. Адкуль у нашай ціхай і рахманай Беларусі раптам з’явіліся гэтыя салдаты, якія не проста выконваюць загады ката, а яшчэ і з асалодай. Такіх зверстваў не рабілі нават беларускія паліцаі падчас фашысцкай акупацыі, а карныя аперацыі даручаліся украінскім і літоўскім аддзелам, як, напрыклад, у Хатыні. Як за кароткі час незалежнасці Беларусь узгадавала тысячы нелюдзяў, якія катавалі мірных грамадзян, зневажалі, ператваралі ў адбітае мяса? Хаваючы пад маскай твары, без апазнавальных знакаў, у машынах без нумароў яны гвалтоўна затрымліваюць і збіваюць мірных людзей на вуліцах, у тралейбусах, у кавярнях…, пры гэтым адчуваючы сваю поўную беспакараннасць. Улады выйшлі цалкам за прававое поле. Гэта проста бандыты, драўляныя салдаты Урфіна Джуса. Гэта людзі, якія жывуць у іншай сістэме каштоўнасцяў, людзі, якія перасягнулі рысу дабра і зла.

   Такую сістэму, адпавядаючую свайму духоўнаму развіццю, стварыў у краіне сам Лукашэнка. Сістэму, якая грунтуецца на застрашванні, гвалце, хлусне, подласці, помслівасці, цынізме. Нездарма сумленне нацыі Васіль Быкаў, які адразу разгадаў д’ябальскую прыроду “новаабранага”, адмовіўся прымаць з яго рук узнагароду. За гэта мусіў правесці гады за мяжой, як і тысячы сумленых, таленавітых людзей, якія з’ехалі з краіны ў 90-я і 2000-я. Маральнасць і створаная Лукашэнкам дзяржава рэчы несумяшчальныя. 

   Помню ў дзяцінстве, укладваючы мяне спаць, бацька пытаўся, а што я добрага зрабіў за дзень. Прычым добрай справай лічылася тое, што я зрабіў не для сябе, а для іншых. За кожную добрую справу ён клаў каменьчык у палатняны мяшэчак. Як аднаго вечара я, 6-ці гадовы хлопчык, быў горды, калі бацька зняў са спінкі майго дзіцячага ложка палатняны мяшэчак, поўны каменьчыкаў і сказаў: ”Паглядзі, ты зрабіў цэлы мяшок добрых спраў”. 

   Многія мае равеснікі прайшлі праз мяшэчак добрых спраў, а значыць з маленства зразумелі, што ў жыцці трэба рабіць дабро. Думаю, што ў Лукашэнка і яго атачэнне выхоўваліся інакш, таму яны і не разумеюць дзе палагае тая рыса, што аддзяляе дабро ад зла. Як яму ўдалося зацягнуць у гэтую цёмную прастору тысячы людзей: членаў выбарчых камісій, якія падпісваюць фальшывыя пратаколы, суддзяў, якія ў адсутнасці адвакатаў штампуюць прысуды невінаватым на падставе ілжывых сведчанняў міліцыянтаў, АМАПаўцаў, якія захопліваюць карэту хуткай дапамогі, каб апынуцца па другі бок барыкад, затрымліваюць і б’юць мірных людзей …. Чаму ўсе гэта робіцца ў масках, на машынах без нумароў? Каб не даведаліся родныя, блізкія, сябры? Значыць ёсць разуменне, што робіцца зло, сорамна ці страшна, што прыйдзецца адказваць?

   Тут мы маем ужо старую праблему маральнага ачышчэння грамадства, якая не была нажаль вырашана ў пачатку 90-х. Справа ў тым, што тэрор 30-40-х гадоў, калі расстрэльныя спісы невінаватых людей падпісваліся “тройкамі” без суда, калі былі каты, якія расстрэльваць і катаваць людзей хадзілі як на работу, а ўвечары, стомленыя цяжкай працай, дома абдымалі сваіх дзяцей. Цяпер іх дзеці і ўнукі трымаюць пад шклянай вітрынай ўзнагароды гэтых катаў і пражываюць у атрыманых ад іх у спадчыну сталінскіх кватэрах. Калі б тады напачатку 90-х спіс тых, хто пісаў даносы, без суда падпісваў смяротныя выракі, катаваў і расстрэльваў людзей быў надрукаваны, то гэта быў бы важны крок да маральнага ачышчэння грамадства. Злачынства павінна быць асуджана, хай пасмяротна, хай маральна. Ці ганарыліся б тады такімі героямі іх патомкі? 

   Але спісы тых катаў надзейна ахоўваецца ў мурах КДБ як індульгенцыя для іх сённяшніх калег. Галоўнае надзейна схаваць твар пад маскай, і твой удзел у злачынствах над людзьмі застанецца беспакараным, тайным для сяброў і сваякоў. 

   Але час зараз іншы, лічбавы, і іх спісы, вельмі спадзяюся, будуць хутка апублікаваны і без дазволу ўсемагутнага наймальніка. І першы спіс ужо ёсць, гэта 300 АМАПаўцаў, узнагароджаных за катаванне мірных людзей 9-12 жніўня, калі людзей збівалі ў катлету на вуліцах, у аўтазаках, у міліцыі і ў турме. Гестапа вярнулася. Нездарма Лукашэнка і не хаваў свайго захаплення Гітлерам. У лепшых традыцыях гестапа і выхаваў сваіх псоў.

   Застрашыць людзей жорсткімі затрыманнямі, суткамі, штрафамі, спыніць хвалю пратэстаў – адзінае, што ён можа зараз прапанаваць Беларусі. Толькі так любоў народную не вернеш. Эпоха Лукашэнкі заканчваецца ганебна, які б лёс яго не напаткаў. Хутчэй за ўсё яму з сям’ёй дажываць у Расіі. А тут ён назаўсёды застанецца ў памяці людзей крывавым, хлуслівым і подлым псіхапатам. Можа гэта такое выпрабаванне для Беларусі, каб народ, нарэшце сфарміраваўся ў нацыю, горда падняў голаў і адстаяў сваю свабоду. А адстаяўшы волю народ верне і сваю гісторыю, і нацыянальныя сімвалы, і нацыянальных герояў, і родную мову. Дачакаемся. 

   Жыве Беларусь! Жыве вечна!

 

Аляксандр Сядзяка, настаўнік, 

намеснік старшыні Таварыства беларускай школы