Эла Якубоўская. Інфармацыйны фаст-фуд або як зацікавіць вучняў сваім прадметам?

Цi ўсе глядзелi фантастычны блокбастар «Армагедон»? А цi ведаеце вы, што ў NASA гэты фiльм паказваюць... у навучальных мэтах. Выканаўшым заданне лiчыцца той, хто знойдзе ўсе 168 фiзiчных неадпаведнясцяў. Настаўнiца фiзiкi з жодзiнскай гiмназii № 1 Эла ЯКУБОЎСКАЯ таксама часта прапануе сваiм вучням крытычна прааналiзаваць убачанае ў фантастычных фiльмах (i не толькi ў iх) i вынесцi свой вердыкт: цi магчымае ў рэчаiснасцi прыдуманае рэжысёрамi? Цi не iгнаруюцца там законы фiзiкi i якiя? «Як фармiраваць медыяадукаванасць, не нашкодзiўшы прадметнаму зместу урока» — так гучала назва майстар-класа, якi падчас педагагiчнай неканферэнцыi EdCamp Belarus — 2020 педагог правяла для сваiх калег.

 

«Глядзеў фiльм i плакаў»

— У нас апошнiм часам сталi модныя фiзкультхвiлiнкi, хвiлiнкi чыстапiсання, вуснага лiчэння. I медыяадукаванасць ператвараецца ў такую ж хвiлiнку. А я магу вам даказаць, што медыяадукаванасць можна ўкараняць у змест урока, i яна там будзе выглядаць абсалютна арганiчна, — паабяцала Эла Якубоўская на кiрмашы педагагiчных iдэй i выканала сваё абяцанне, не расчараваўшы тых, хто за яе майстар-клас «прагаласаваў нагамi».

— Медыяадукацыя, уключаная ў школьны курс, нацэлена практычна на той жа вынiк, што i выкладанне многiх прадметаў, — тлумачыць яна. — Ад дзяцей патрабуецца разумець з'явы i падзеi, якiя адбываюцца ў навакольным свеце, мець неабходныя веды, каб растлумачыць iх, i ўмець выкарыстоўваць веды на практыцы. Уменне крытычна аналiзаваць iнфармацыю, якая сустракаецца ў медыякрынiцах, можна адпрацоўваць на звычайных школьных уроках: фiзiкi, хiмii, бiялогii, гiсторыi, замежных моў... I калi медыйныя крынiцы iнфармацыi будуць iнтэграваныя ў ваш урок, вучнi змогуць разам з прадметнымi кампетэнцыямi набываць i медыйныя.

Для прыкладу, фiзiчныя памылкi сустракаюцца ў мастацкай, навукова-фантастычнай i вучэбнай лiтаратуры, шмат iх у кiнафiльмах. Узяць тую ж «Гравiтацыю» цi «Iнтэрстэлар». Ёсць жарт на гэту тэму: «Глядзеў фiльм i плакаў. — А чаму плакаў? — Таму што фiзiк!»

«Армагедон» у NASA паказваюць... у навучальных мэтах. Задача — знайсці ўсе 168 фізічных неадпаведнасцяў.

 

«Армагедон» у NASA паказваюць... у навучальных мэтах. Задача — знайсці ўсе 168 фізічных неадпаведнасцяў.

 

Адзiн з вiдаў медыяадукаванасцi — вiдэаадукаванасць. Усе мы памятаем, як герой кiнастужкi «Iндыяна Джонс i Каралеўства хрустальнага чэрапа» хаваўся ад ядзернага выбуху ў халадзiльнiку. Але цi могуць нават самыя тоўстыя сценкi гэтага бытавога прыбора выратаваць чалавека ад гама-выпрамянення? А ў фiльме «Пiк Дантэ» кiслата здольная раз'есцi металiчны корпус лодкi, але не раз'ядае арганiку: рыбу, руку героя, ногi i штаны. Дарэчы, калi кiслотны раствор насычаны гэтак, што праядае грабны вiнт, можна меркаваць, што героi проста задыхнулiся б ад пароў гэтай кiслаты яшчэ задоўга да прыбыцця на бераг.

— Трэба мець на ўвазе, што сучасныя дзецi — гэта пакаленне вiзуалаў, яны лепш успрымаюць вобразы, малюнкi, дыяграмы, графiчныя выявы, чым словы. Але трэба навучыць iх крытычна ўспрымаць убачанае, — падкрэслiвае педагог. — Напрыклад, пэўны час таму вiрусную папулярнасць у iнтэрнэце набыў ролiк, у якiм вiдэаблогер падпалiў плiтку шакаладу адной вядомай гандлёвай маркi: тая загарэлася, а ён зрабiў выснову пра шкоднасць гэтага прадукту. Маўляў, калi шакалад не плавiцца, а гарыць, значыць, там няма нiчога карыснага, адна «хiмiя» i яго нельга ўжываць у ежу. У блогера знайшлiся шматлiкiя паслядоўнiкi, якiя пачалi аналагiчным чынам выпрабоўваць прадукцыю iншых вытворцаў. I, уявiце сабе, шакалад гарэў!!! Якi ж быў выбух эмоцый! «Што нам прадаюць? Толькi што падпалiла плiтку «Бабаеўскага», цукерку «Белачка» i плiтку дарагога шакаладу, прывезенага з Iталii. Не гараць, проста плавяцца. А «Кiндэр» гарыць адкрытым полымем», — пiсалi абураныя людзi. Насамрэч, ненармальна, калi шакалад не гарыць, але для гэтага трэба ведаць элементарныя асновы хiмii i працэсу гарэння. Прадукт павiнен гарэць, калi ён утрымлiвае шмат вугляводаў, шмат тлушчаў i не ўтрымлiвае вады.

Эла ЯКУ­БОЎ­СКАЯ: «Трэ­ба на­ву­чыць кры­тыч­на ўспры­маць уба­ча­нае...»

Эла ЯКУ­БОЎ­СКАЯ: «Трэ­ба на­ву­чыць кры­тыч­на ўспры­маць уба­ча­нае...»

 

З воблацi фантастыкi?

Вывучаючы тэму «Сiла Архімеда. Плаванне цел. Паветраплаванне», можна прапанаваць дзецям паглядзець дома мультфiльм «Уверх». Па сюжэце галоўны герой прывязаў да свайго дома мноства паветраных шарыкаў i паляцеў у падарожжа. На ўроку разам шукаем адказ на пытанне: убачанае — фантастыка цi ўсё ж такi магчыма ўзняць дом на паветраных шарах? Для гэтага трэба зрабiць адпаведныя разлiкi: знайсцi пад'ёмную сiлу, створаную адным шарам, напоўненым гелiем, а пасля разлiчыць максiмальную масу дома з пасажырамi, пры якой будынак можа ўзляцець.

— Для вучняў аказваецца адкрыццём, што гэта сiтуацыя магчымая, — падкрэслiвае Эла Якубоўская. — Прычым яны самi прыходзяць да такой высновы. Толькi потым я расказваю iм, што ў сакавiку 2011 года дом быў падняты ў паветра пры дапамозе паветраных шароў. Такi эксперымент прайшоў пад кiраўнiцтвам каманды вучоных i iнжынераў, пры падтрымцы тэлеканала National Geographic. Для таго каб падняць будынак у паветра, спатрэбiлася 300 шароў вышынёй 90 метраў. Дом быў пабудаваны з больш лёгкiх матэрыялаў, i падчас палёту ў iм знаходзiлiся два чалавекi, якiя накiроўвалi яго ў патрэбны бок. Такое падарожжа доўжылася каля гадзiны, пасля чаго будынак паспяхова прызямлiўся ў запланаваным месцы. Для прадзюсара гэтага праекта было важна паказаць людзям: многае з таго, што здаецца немагчымым, насамрэч рэальнае. Але калi я прапаноўваю адказаць на гэта пытанне дарослым, то абсалютная большасць думае, што лятаючы дом на паветраных шарах — нешта з вобласцi фантастыкi…

Заданне з айсбергам на візуальную пісьменнасць. Калі ў медыя выкарыстоўваюць гэту карцінку і якія можна правесці паралелі?

 

Заданне з айсбергам на візуальную пісьменнасць. Калі ў медыя выкарыстоўваюць гэту карцінку і якія можна правесці паралелі?

 

Вiдэафрагменты, якiя прапануюцца на ўроку, папярэджвае настаўнiца, не павiнны доўжыцца больш за 5—7 хвiлiн. Iх можна выкарыстоўваць, напрыклад, у якасцi ключавога пытання (своесаблiвага кручка), на якое трэба будзе знайсцi адказ да канца ўрока. Сюжэт павiнен не толькi iлюстраваць тэму, але i «чапляць» увагу вучняў.

Не менш цiкавая дзецям i работа з лайфхакамi. Lifehack складаецца з англiйских слоў «life» i «hack». Першае азначае «жыццё», другое — «узлом». Iншымi словамi, лайфхак перакладаецца як «узлом жыцця». Гэта арыгiнальны, нестандартны погляд на праблему, якi можа сэканомiць час, грошы i вашы намаганнi. Яго галоўны плюс — у прастаце выкарыстання

— Прывяду прыклад, — кажа Эла Якубоўская. — Аўтары аднаго з лайфхакаў прапануюць адкрыць шчыльна закручаны слоiк пры дапамозе скотча. Можна паспрабаваць зрабiць так самому i раскласцi па палiчках усе фiзiчныя працэсы, якiя дзейнiчаюць. Вельмi папулярны лайфхак з выкарыстаннем кока-колы, якая раз'ядае налёт на ўнiтазе або ракавiне i выдаляе iржу. Але гэтаксама ўздзейнiчаюць i любыя кiслыя вадкасцi: газiраваны напiтак, сок цi раствор лiмоннай кiслаты. Аднак выкарыстоўваць iх для мыцця занадта дорага, танней мыць растворам воцатнай цi салянай кiслаты. Гэтым лайфхакам можна скарыстацца на ўроках хiмii пры вучэннi кiслот.

Увогуле можна даць дзецям дамашняе заданне — знайсцi ў iнтэрнэце лайфхак на пэўную тэму. Яны робяць гэта з вялiкiм задавальненнем. Але трэба не проста знайсцi, але i праверыць праўдзiвасць рэсурсу, з якога была ўзятая iнфармацыя (гэтаму мы таксама вучымся). Затым неабходна пракансультавацца з настаўнiкам або бацькамi, цi бяспечна праводзiць эксперымент. Паверце, гэта вельмi важна, бо ў сецiве чаго толькi не знойдзеш... Затым вучнi ставяць эксперымент, здымаюць яго на вiдэа або робяць фатаграфii. Рыхтуюць прамову перад аднакласнiкамi i тлумачаць, на падставе якiх фiзiчных, хiмiчных, бiялагiчных з'яў i законаў лайфхак працуе, робяць выснову аб яго мэтазгоднасцi.

Фота з гiсторыяй

— На сваiх уроках для фармiравання вiзуальнай адукаванасцi я часта выкарыстоўваю фотаздымкi без подпiсаў, — расказвае настаўнiца. — На малюнку цi фотаздымку можа быць зафiксаваны гiстарычны факт, але можа быць i памылка. Напрыклад, добра падыходзiць для ўрока фiзiкi рэдкi гiстарычны кадр «Крушэнне дырыжабля «Гiндэнбург». Клас разбiраецца ў тым, для чаго прызначана такая канструкцыя, на якiм законе фiзiкi заснаваны прынцып яе работы? Сённяшнiя вучнi слаба ўяўляюць, што такое дырыжабль. Некаторыя прыгадваюць, што бачылi iх на фотаздымках ваенных часоў. Блытаюць з аэрастатамi, якiя выкарыстоўвалiся для абароны гарадоў ад бамбардзiровак. Разбiраемся, што прынцып дзейнасцi дырыжабля заснаваны на законе Архiмеда. Вучнi даведваюцца яшчэ i гiстарычныя факты пра тое, якая падзея адлюстравана на здымку i чаму яна ўвайшла ў гiсторыю. Так склалася, што самая знакамiтая катастрофа паветранага плавання засталася не толькi ў памяцi сведак, але i на рэдкiм, каштоўным сёння фотаздымку. Крушэнне адбылося 6 мая 1937 года ў штаце Нью-Джэрсi. Дырыжабль раптоўна ўспыхнуў, рухнуў i згарэў лiтаральна за 34 секунды. У вынiку трагедыi загiнулi 36 чалавек, пасля чаго для перавозкi людзей перасталi выкарыстоўваць такi вiд паветранага транспарту. Такiм чынам з фотаздымка можна «выцягнуць» максiмум iнфармацыi, якая датычыцца як непасрэдна фiзiкi, так i агульнага развiцця.

Рэд­кi гiс­та­рыч­ны кадр  кру­шэн­ня ды­ры­жаб­ля «Гiн­дэн­бург».

Рэд­кi гiс­та­рыч­ны кадр кру­шэн­ня ды­ры­жаб­ля «Гiн­дэн­бург».

 

Квантавая медыцына i чырвонае святло

Вельмi карысная для фармiравання крытычнага мыслення i работа з рэкламай. Дзецi, як правiла, цытуюць яе даслоўна, але абсалютна механiчна. Дзякуючы частаму паўтарэнню змест рэкламы перастае ўспрымацца крытычна.

— Для прыкладу, у нас вельмi любяць рэкламаваць розныя цудадзейныя прыстасаваннi, — заўважае педагог. — Пасыл зразумелы — калi ў цябе няма часу, каб хадзiць па ўрачах, ты купiў такi цуда-прыбор, i будзе табе шчасце. Разбiраемся разам з вучнямi: хто прасоўвае гэту рэкламу i з якой мэтай? Цi выклiкае давер «эксперт»? Чым можна пацвердзiць правiльнасць назвы «апарат квантавай тэрапii»? Што могуць азначаць тэрмiны, якiмi аперыруюць рэкламадаўцы: «квантавая медыцына», «палiфактарнае ўздзеянне», «бактэрыцыднае сiняе святло», «экалагiчна бяспечныя выпрамяненнi»? Як чырвонае святло можа спраўляцца з хранiчнымi захворваннямi? Цi можа сiняе святло аказваць заспакаяльнае i абязбольвальнае ўздзеянне? А вось яшчэ адзiн унiкальны прыбор, якi рэкламуецца, — «для ачысткi азонам прадуктаў, вады i паветра ад гармонаў росту, антыбiётыкаў, пестыцыдаў, гербiцыдаў, таксiнаў i дыяксiнаў». Нi больш, нi менш. Што трэба ведаць, каб не «павесцiся» на такую рэкламу? Выкрываць псеўданавуку цiкава, а паралельна мы выкрываем яшчэ i сродкi манiпуляцыi.

Многiя дзяўчаты-падлеткi традыцыйна худзеюць, адмаўляюцца ад карысных прадуктаў, але пры гэтым працягваюць спажываць салодкiя газiраваныя напiткi. Прапануйце iм знайсцi на этыкетцы звесткi пра наяўнасць у гэтых прадуктах цукроў i iншых падсаладжальнiкаў. Пры аналiзе варта звяртаць увагу на парадак, у якiм падсаладжальнiкi пералiчаныя ў складзе прадукту: звычайна iх прыводзяць у парадку змяншэння ўтрымання. Якiх падсаладжальнiкаў утрымлiваецца больш: натуральных цi сiнтэтычных? Можна параўнаць газiраваныя напiткi па каларыйнасцi i магчымай небяспецы ў выпадку iх празмернага спажывання.

Надпiс на алеi «без халестэрыну» бачылi ўсе? Але халестэрын — рэчыва, якое ўтрымлiваецца толькi ў прадуктах жывёльнага паходжання. Нi раслiны, нi прадукты iх перапрацоўкi апрыёры не могуць яго ўтрымлiваць. Таму пiсаць на ўпакоўках алею «без халестэрыну» тое ж самае, што пiсаць на бутэльцы мiнералкi «без спiрту». Гэта толькi маркетынгавы прыём,
разлiчаны на недасведчанага спажыўца, якi спрабуе такiм чынам клапацiцца пра сваё здароўе. Такая ж бязглуздзiца — пiсаць на бутэльцы з пiтной вадой, што яна ўзбагачаная кiслародам.

Дарэчы, падчас мiжнароднага даследавання РISА-2018, у якiм упершыню прыняла ўдзел i наша краiна, правяралася як чытацкая, так i медыяадукаванасць. Сярод чытацкiх уменняў на першым месцы стаiць уменне знайсцi iнфармацыю, крытычна яе ацанiць i — самае важнае — скласцi сваё меркаванне. На жаль, але толькi каля чатырох працэнтаў беларускiх падлеткаў маюць высокiя паказчыкi ў чытаннi — гэта значыць, што яны дасягнулi пятага i шостага ўзроўняў у тэсце па чытацкай адукаванасцi РISА. На гэтых узроўнях вучнi могуць засвойваць вялiкiя тэксты, аперыраваць абстрактнымi паняццямi, знаходзiць парушэннi ў логiцы, адрознiваць факты ад здагадак, iдэнтыфiкаваць крынiцы iнфармацыi. Таму ў нашых настаўнiкаў — шырокае поле для дзейнасцi...

Надзея НIКАЛАЕВА
Звязда